Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 7

Ганна Атрошчанка
Сямейныя ветразі лёгкімі не бываюць!
5

Оглавление

Літаральна на другі дзень адбылося вось што. Нечакана да Аксінні зазірнуў міліцыянер, капітан міліцыі. Ветліва павітаўся, ды строга так ківае ў бок спалоханага кватаранта:

– А гэта хто зараз у вас тут жыве? Пакажыце, калі ласка, дакументы. Можа, кватэру надумаліся здаваць пад жыллё, Аксіння Міхееўна Маставей? Дык самі ж, мусіць, добра ведаеце нашыя законы і пастановы. Трэба заплаціць дзяржаве адпаведны падатак. Толькі тады можна рэалізаваць усе свае задумкі і планы на гэты конт. Ці ж не так, шаноўная Міхееўна?

Міхееўна прамаўчала. Быццам бы і кіўнула галавой у знак згоды. Ды толькі вылупіла вочы. І дугой выпяла высокія грудзі, ваяўніча скрыжавала поўныя рукі на гэтым даволі ўнушальным узгорку…

А капітан, зірнуўшы ў пашпарт, сурова звёў густыя бровы коскай, з каменепадобным выглядам працягваў:

– У вас жа вось тут і жонка значыцца. Марыя Іванаўна Ліркова. І маленькая дачка Аліна, якой хутка будзе ўжо восем месяцаў. Яны таксама тут жывуць? Не, не жывуць? Мусіць, ужо забыліся пра іх? Ай-яй! Як гэта здарылася, што татка – жывы і здаровы, а адцураўся сваёй сям’і. І, здаецца ж, матэрыяльна ўжо не дапамагае! Як кажуць у такіх выпадках: сабакам сена косіць! Па ўсяму бачна, нават і ў вус не дзьме. І забыўся на тое, што ёсць сапраўдная сям’я, дзе яго чакаюць. Мабыць, нават непакояцца. Ці не так? Што вы тут робіце, грамадзянін Ліркоў Антон Фёдаравіч? Скажыце: што забылі ў гэтай самагоншчыцы? Так, зараз жа збірайце свае рэчы. У мяне да вас ёсць яшчэ больш важнае пытанне. Пазней працягнем бяседу, калі пройдзем у адпаведны аддзел…

Пачуўшы такое, раз’юшаная кабета амаль заверашчала, бы свінка, якая зашчамілася ў плоце. Яна, каб змагла, кінулася з кулакамі на гэтага ўпэўненага чалавека ў пагонах, ды й нібы галодная ваўчыха, разарвала на часткі. Альбо з’ела б жыўцом! Ды, як на той грэх, не займела ад прыроды моцных зубоў! У гэты момант зласлівая Аксіння адчувала пагрозу. І яшчэ якую! Бо ў чарговы раз «сямейны» карабель нечакана сеў на мель…

– Грамадзянка Аксіння Міхееўна Маставей! Прашу: супакойцеся. Беражыце свае нервы. Яны вам яшчэ спатрэбяцца. Бо вашая справа пахне ўжо саляркай… І зачыніце свой рот на замок, – строга папярэдзіў сярдзіты капітан. – Калі ласка, не верашчыце. Ужо ад віску ў вушах звініць. Вось якая тут справа. У мяне на руках даведка, якая дазваляе зрабіць яшчэ і дэталёвы вобыск у вашай хаце. Да нас, у аддзел міліцыі, паступілі скаргі наконт таго, што вы гандлюеце самаробнай гарэлкай. Карацей кажучы, самагонам. Прыйшоў час ужо паставіць тлустую кропку ў гэтым брудным камерцыйным самапромысле. Хопіць прадаваць дурман і атруту для людзей!

Са скрыўленым ад лютай злосці тварам, Аксіння, як на кароткай дыстанцыі, мігам прабегла па ўсёй хаце на сваіх дзябёлых ножках. І, як слуп, застыла каля акна. Там і заціхла. Быццам праглынула жабу. Толькі маленькія вочкі бегалі туды – сюды, нешта вышуквалі. І такое падазрэнне нечакана нараджалася: нібыта кабета курэй усю ноч крала ў суседкі… Відаць, адразу змікіціла, чым тут пахне. У такіх выпадках, каб сабе не нашкодзіць, лепей набраць у рот вады. Інакш – справа дрэнь. Жаночы віск вылезе бокам.

Потым пры сведках складаўся адпаведны пратакол, былі пастаўлены акуратныя подпісы. Знайшліся і дакладныя ўлікі: пузатая бочка з брагай, трохлітровы слоік з гарэлкай. Ды й розныя прыстасаванні для вырабу даходнага «самагнёту». Пакуль самагоншчыца пускала слязіну, блудлівы кот нечакана цішком даў драпака. Увечары адразу прытэпаў да знаёмай брамы, дзе жыла яго законная жоначка і маленькая дачушка.

Марыйка тады зрабіла выгляд, быццам нічога асаблівага і не адбылося. Маўляў, усё на свеце здараецца. Затрымаўся. У брыгадзіра-будаўніка шмат абавязкаў. Запрасіла нават ветліва да стала:

– Сядай, даражэнькі мужанёк, вячэраць. Пэўна ж, галодны, стомлены пасля рабочай змены. Вунь бульба на пліце засталася, а катлеты ў халадзільніку. Ды халоднымі не каўтай, спачатку разагрэй!

Прамаўчала тады. Нічым нават не ўпікнула. І не запыталася: дзе ж так доўга бавіў час? З кім? Чаму не папярэдзіў? Зрабіла выгляд, быццам яе гаспадар толькі што вярнуўся з працы. Заціснула крыўду і свой горкі боль у маленькі кулачок. Бо ў хаце дзеці, не адна, не вольная птушка. А маленькім дзеткам яшчэ быў патрэбен бацька, ягоная матэрыяльная і маральная падтрымка. Нікому не сказала, не падзялілася сваёй горкай бядой. Добра ведала: выказанага слова за губы не вернеш! А сямейная праўда – не шкварка, з блінам не з’ясі. Вырашыла: няхай гэтая непрыемная падзея назаўсёды застанецца тайнай.

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх