Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 18

Алена Дашкевіч
Дачушцы аб шчасці

Оглавление

Жнівеньскі цёплы дзень быў дужа прыемным. Паветра напоўнілася пахам квітнеючых сланечнікаў, мяты, мелісы, чабору, зверабою і іншых цудоўных траў. Гаспадыня вырошчвала іх менавіта з лячэбнай мэтай у сваім садзе, каб эканоміць свой час на збор траў і быць упэўненай у тым, што яны экалагічна чыстыя. Гэта вельмі зручна, калі ўсе патрэбныя табе гаючыя травы растуць побач.

Дзянёк парадаваў жанчыну надвор’ем. Як матылёк, яна лётала па сваёй сядзібе, робячы розныя справы, покуль не стамілася. Але ж ці можна ў гэткі дзень проста пасядзець? Дзе табе… Па радыё перадалі, што зноў цэлы тыдзень будзе дождж. Вось добра, што паспела неабходныя травы сабраць, морквачку прапалоць, цыбульку прыбраць: яна так радуе вока, прасыхаючы на сонейку… Засталася яшчэ адна важная справа: трэба фасольку палускаць.

– Вось і адпачну, – падумала жанчына. Села на падворку і лускае.

– Мама! Мама, ты дзе? – пачуўся з хаты голас дачушкі.

– Я тут, Насцюшка, на падворку.

Дзяўчынка выбегла з хаты. Падышла бліжэй і прысела на кукішкі.

– Давай табе дапамагу. Разам хутчэй будзе, – сказала яна маці.

Хвілінку моўчкі так лускалі. Жанчына аб нечым задумалася, а дзесяцігадовая Насценька, заўважыўшы гэта, сказала:

– Мама, а давай з табою пагаворым пра што-небудзь. Мне так хочацца з табою пагаварыць…

Маці лагодна паглядзела ёй у вочкі і пацікавілася, аб чым жа гэтак яе дзіця так хоча пагаварыць.

– Мм… мм… Ну, напрыклад… што такое шчасце? Якое яно?

Пытанне не з лёгкіх. Як тут адказаць дзіцяці на яго? Не скажаш жа ёй пачытаць пра шчасце ў тлумачальным слоўніку Ушакова, ці, увогуле, пашукаць гэтую інфармацыю ў інтэрнэце.

– Шчасце… разумееш, Насцюшка, яно для кожнага чалавека сваё.

Для ўсіх людзей яно ў большасці рознае.

– Як гэта? У кагосьці вялікае, а ў кагосьці маленькае? Ці, можа, яно каляровае?

– Можа, для некаторых людзей яно і так. Але ж я хацела табе сказаць, што шчасце залежыць ад таго, што чалавек цэніць у сваім жыцці, ад таго, што для яго найдаражэй, ад таго, што, ці каго, ён любіць больш за усё…

– Я зразумела! Мы з Лізанькай – тваё шчасце! Так? Ты ж сама кажаш, што любіш нас больш за ўсё на свеце!

– Канешне, вы і ёсць маё самае сапраўднае шчасце. Але для многіх людзей пошук шчасця аказваецца справай усяго жыцця.

– Я не зусім разумею. Як гэта? Вось у мяне сёння добры настрой: ты мне ўсміхаешся, Лізанька бегае задаволеная цацкай, татка з працы хутка вернецца і прывязе мне падарунак – кнігу, аб якой я так марыла, пра Мюнгхаўзэна… Я такая шчаслівая! Навошта шукаць шчасце, калі яно тут побач, разам з намі?

– Яно сапраўды так, але, справа ў тым, што чалавек можа жыць і быць упэўненым тым, што ён нешчаслівы. Пры гэтым, ён яшчэ і вельмі пакутуе ад гэтага, бо пачынае верыць у тое, што сам сабе прыдумаў: у нейкі свой дрэнны лёс, у тое, што яго праследуюць няўдачы, што вакол яго толькі злыя людзі… І ён сапраўды становіцца нешчаслівым. Ён не адчувае прагі да жыцця, радасці ад яе кожнай хвілінкі. І, ведаеш, гэта сапраўдная бяда для такога чалавека.

– І што ж рабіць?

– На жаль, не кожны чалавек знаходзіць выйсце з гэтага становішча самастойна. Хтосьці своечасова пачынае разумець, што так жыць нельга, а каму трэба прайсці часам цяжкі жыццёвы іспыт, каб зразумець, у чым яно тое шчасце, і затрымаць яго ў далоньках. А хтосьці і не паспявае…

– Мама, я не разумею, які іспыт? Раскажы.

– Напрыклад, жыў сабе мужчына, меў жонку і дачку, жыў у сваёй кватэры, меў машыну… Усё было, толькі жыві і будзь задаволены. Але ён не цаніў сям’ю. Здрадзіў ёй: жыў для сябе адзінага, бавіў вольную гадзінку з сябрамі і палюбоўніцамі. Але ў адзін дзень яго дачка трапіла ў лякарню – яна захварэла на рак. Гэта навіна перавярнула яго мысленне цалкам. Ён зразумеў, што шчасце было побач, але ён яго фактычна страціў… Пасля пахавання дачкі жонка надоўга трапіла ў лякарню.

– Жахі якія… Мама, што ты мне расказваеш…

– Гэта жыццё, а не жахі. А вось гісторыя пра жанчыну, якая для многіх здаецца нешчаслівай. Але тут як паглядзець. Маладая дзяўчына была здаровая і вясёлая. Нельга сказаць, што жыццё ўсё ёй на сподачку падносіла, не. Скончыўшы ўніверсітэт, яна паехала працаваць у Амерыку. Праз некалькі гадоў вярнулася на Радзіму з добрымі грашыма, але з часткова страчаным здароўем. Мела тут свой бізнес. Закахалася. Здаецца ўсё добра.

Так яно і было. Дзяўчына ніколі не падала духам, цаніла тое, што мела. Але так здарылася, што ад вялікага кахання нарадзілася дзіця. Татка немаўляткі раптам знік за мяжу. Цяпер ужо мамачка бачыла іншае – большае шчасце – сваю дачушку. Канешне, без дапамогі бацькоў ёй было б вельмі цяжка… Яны таксама склалі яе шчасце… Здаецца, жыццё наладжваецца. З’явіўся новы сэнс.

Калі дачушцы споўнілася два з паловай гады, яе мамка захворвае на дыябет і… жыццё пачынаецца зноў пановай, толькі цяпер яшчэ з неразлучнымі сябрамі інсулінам і шпрыцамі… Гэта не жарт. Дзякуй богу, што ёсць інсулін, і чалавек можа жыць. Дзяўчына вытрымала цяжкі перыяд прыняцця гэтага захворвання, адаптацыі да новага ладу жыцця, дапамагла сваім родным зразумець, як жыць далей і, увогуле, што яна моцная і хоча жыць, яна будзе жыць… Канешне, з’явіліся нечаканыя цяжкасці з працаўладкаваннем. Яна аказалася без грошай, бо бізнес распаўся, аказалася цалкам залежная ў матэрыяльным плане ад бацькоў разам са сваёй маленькай дачушкай… Маладая і ўжо хворая жанчына зноўку пераконваецца ў тым, што шчасце – яно тут, побач, у яе родных.

Але жыццё выпускае свае балючыя стрэлы. Яны трапляюць у сэрца, калі мы іх не чакаем… Маленькая дзяўчынка – яе дачушка – захворвае ветраной воспай і… як наступства захворвання – дыябет! Тры гады дзіцяці. Зараз яна цалкам на інсуліне, як і яе мама. І зноў іспыт – зноў трэба пачынаць жыццё з белага ліста… А як яго пачаць, калі сэрца баліць і душа разрываецца ад болю за самае роднае для цябе, за сваё шчасце? Як гэта прыняць, калі сваю хваробу прымаеш праз неймаверны душэўны боль? А тут дзіця… тваё дзіця… самае дарагое, што маеш… Як ёй растлумачыць, што калоць уколы па пяць разоў на дзень трэба абавязкова, а інакш памрэш. Цяпер жыццё і здароўе дзяўчынкі – асноўны сэнс у жыцці яе маці. Але галоўнае, што ёсць лекі і што мамка любіць і гатовая аддаць сваё жыццё для таго, каб яна была шчаслівая. Вось яно шчасце якое шматграннае.

– Ой, як гэта ўсё цяжка… якое жыццё цяжкое…

– Не жыццё цяжкое, а шчасце далікатнае. Берагчы яго трэба. А галоўнае, разумець, што яно тут – побач з намі. Яно ж ва ўсім: у дзецях, у родных, у вачах маленькага шчанюка, у вуркатанні кацяняткі, у кожнай кроплі дажджу, у праменьчыках сонейка, у кветкавых водарах, у наліўных яблычках – яно ў кожнай хвіліне жыцця… Шчасце тут, і яго шмат. Проста трэба мець жаданне яго бачыць у простым і цаніць яго.

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх