Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 16

Тамара Бунта
І чакана, і гадана…

Оглавление

«…А яшчэ раскажу табе пра адно дзіва: Люська аб’явілася! – паведамляла маці ў апошніх радках свайго пісьма. – Прыслала Ленцы паштоўку да дня нараджэння ажно з Фінляндыі, а потым – грашовы перавод на тысячу долараў! Успомніла мамачка пра дачушку, калі старасць прыйшла. Напэўна, хутка сама заявіцца…»

Я адклала ўбок ліст, спісаны прыгожым настаўніцкім почыркам. Калісьці ў педвучылішчах будучых настаўніц малодшых класаў вучылі каліграфіі, каб умелі прыгожа пісаць на дошцы і ў вучнёўскіх сшытках, і гэта ўменне яны захавалі на ўсё жыццё. Почырк ім не сапсавалі нават шарыкавыя ручкі. Мая мама заўсёды пісала – і лісты, і кароткія запіскі – прыгожа і акуратна. Мама наогул любіла эпісталярны жанр. Нават цяпер, калі лягчэй і хутчэй было б звязацца са мной, хай сабе не па інтэрнэце, а хаця б па тэлефоне, яна штотыдзень пісала мне лісты, дзе падрабязна паведамляла пра ўсе апошнія навіны, якія адбываліся ў нашым райцэнтры. І якая радасць была мне атрымліваць тыя белыя канверцікі!..

Люська аб’явілася – сапраўды дзіва! Мы ўжо і думаць-гадаць пра яе забыліся, жывая ці не, а яна, бач ты, не толькі жывая-здаровая, дык яшчэ і за мяжой, і, мусіць, някепска ўладкавалася!…

Люська з’явілася на нашым завулку дзесьці напрыканцы шасцідзясятых і нарабіла пярэпалаху. Мы, тады яшчэ малыя дзеці, бегалі за ёю, бы за нейкай цыркачкай-камедыянткай. Яшчэ б – дзеўка ў штанах!.. Такога дзікунства насельніцтва завулка раней не бачыла, а тэлевізараў у нашых хатах тады амаль не было. Штаны на ёй былі шырачэзныя ўнізе, «клёшы», так іх называлі, і Люська, ідучы, расстаўляла ногі шырока, бы матрос на палубе, але ўсё роўна заграбала імі пясок на дарозе. Да таго ж на галаве ў Люські былі неверагодна кудлатыя, нібы ў лялькі, светлыя валасы. Я ўпершыню тады пачула новае слова – парык.

Люську прывёз з арміі наш сусед Шурка. Шурка служыў у Рызе, у марфлоце, ажно тры гады. Маці яго, Міроніха, вельмі чакала хлопца з арміі – дзве ж дачкі яшчэ падрасталі. Спадзявалася, што сынок вернецца, пойдзе працаваць і дапаможа сясцёр вывучыць і аддаць замуж. А ён жонку з малым дзіцем прывёз! Ды такую, што ні да чаго не здатная!.. Ні кашулю мужу памыць, ні падлогу падмесці, ні нават кашу свайму дзіцяці зварыць. «Што ты зробіш – не было яе каму навучыць: дзетдомаўская», – перадавалі бабы адна адной ля калонкі, дзе бралі ваду, і скрушліва ківалі галовамі. Ужо ж была ў іх радасць – пагаварыць! Мы, малыя, круціліся побач і чулі: «Маці не пісаў – прызнацца баяўся, што ў арміі жаніўся. А Міроніха ж так на яго спадзявалася, так спадзявалася!..» – «Ды не… Можа, і не збіраўся ён з жонкай вяртацца. Тонька-пашпартыстка гаварыла, што ў іх шлюб за чатыры месяцы да нараджэння дзіцяці аформлены…» – «Ой, малое ляжыць плача, а маладая мамачка спіць! Міроніха цярпіць-цярпіць, а потым бутэльку з малаком сама грэе…» – «Ага, а Шурка сам пялюшкі мые!.. А калі дзіця прачнецца, Люська яго пад пахамі, бы палена, носіць…»

Міроніха гэтыя размовы не падтрымлівала, маўчала. Ці то дзеля спакою сына смецце з сям’і не хацела выносіць, ці то шкадавала нявестку-сірату, а можа, яшчэ спадзявалася па-мацярынску яе ўсяму навучыць. Але не спраўдзіліся надзеі: Люська збегла! Год дзіцяці споўніўся, дэкрэтны водпуск скончыўся, і паехала яна ў Рыгу – з працы звальняцца. Раілі людзі: «Заказным лістом заяву адашлі!» Дык не, маўляў, праехацца хачу, развеяцца ад вашай дзярэўні. Паехала і… след яе развеяўся. Чакалі-чакалі, на працу ў Рыгу напісалі, адтуль адказалі: звольнілася. У міліцыю звярнуліся, а дзе шукаць?.. Люська ж тут, у райцэнтры, была прапісаная. Так і не выпісалася сама, пакуль праз пэўны час, ужо пасля разводу з Шуркам, свякроў яе не выпісала. Хутка пра яе амаль забыліся, нават думаць сталі, мо, сапраўды, дзе загінула, але аднойчы…

Прайшло гадоў дзесяць, як Люська прапала. Аленка, дачка яе, так і расла ў бабы. Шурка яшчэ раз паспрабаваў ажаніцца, нават сын нарадзіўся, але і ў другім шлюбе, у прымах у Мінску, шчасця не знайшоў, зноў вярнуўся дадому. Стаў выпіваць і з часам ператварыўся ў аднаго з тых ціхіх алкаголікаў-развядзёнаў, якія жывуць пры старой жаласлівай матцы. Дачкой Шурка амаль не займаўся, ды гэта і не трэба было. Дзяўчынка, дзякуй богу, пайшла не па маці. Дома – руплівіца, у школе – выдатніца, з сяброўкамі – весялуха, ва ўсіх справах завадатарка, як гавораць сёння, лідар. Міроніха, аддаўшы сваіх дзвюх дачок замуж, расціла ўнучку, як родную, трэцюю, дачку – у любові і строгасці.

Быў перыяд, у гадоў пяць-шэсць, калі Аленка стала прыставаць да родных з пытаннем: «А дзе мая мамка?» Бацька ў адказ толькі крыўдліва соп і сыходзіў з хаты. Міроніха адразу пачынала сварыцца на малую і прымушала збіраць цацкі або кніжкі ці пасылала да суседскіх дзяўчатак гуляць. А адна з родных цётак дзяўчынкі, Галіна, вельмі злая на швагерку-шлёндру і за адзінокага няшчаснага брата, і за маці, якой на старасці гадоў трэба яшчэ гадаваць унучку, і за пляменніцу, што расце паўсіратой, аднойчы не вытрываўшы, сказала дзяўчынцы: «Твая мамка сабакам сена косіць!..» Малая і паверыла. Суседзі не раз дзеля смеху перапытвалі дзяўчо: «Аленка, а дзе твая мамка?» – «Мая мамка сабакам сена косіць!» – старанна тлумачыла ўсім наіўнае дзіця, пакуль Міроніха не пачула гэта і на суседак не насварылася.

Потым, гады праз тры—чатыры, ужо ў школе, стала Аленка перапорваць кардонныя каробкі з фотаздымкамі, што захоўваліся ў бабінай хаце, прыглядаючыся ўважліва да кожнай картачкі. Асабліва да маленькіх – на пашпарт. У Міроніхі сэрца зашчаміла. Зразумела – дзяўчынка матчына фота шукае!.. Вось як: колькі дзіця ні кармі, колькі ні пестуй – усё роўна для яго благая мамка будзе лепей за добрую бабулю.

А калі дзяўчынка перайшла ў пяты клас, якраз падчас канікул, з ёй здарыўся цуд – яна выйграла ў «Спортлато» 10 рублёў! Сама выйграла, на свае грошы – тыя, што ёй падарылі на дзень нараджэння. Вось было радасці!.. А тут якраз цётка Галіна ў турпаездку сабралася – у Рыгу. І дачку сваю, Таньку, крыху меншую за Аленку, вырашыла з сабою ўзяць. Чаму ж не катацца было – паездкі ад прафсаюза тады вельмі танна абыходзіліся. Тая якраз 10 рублёў і каштавала. Аленка, як пачула пра турпаездку, адразу плач учыніла: «І мяне, цётка Галя, вазьмі, і я хачу ў Рыгу з’ездзіць!.. У мяне і грошы на паездку ёсць!..» І паклала на стол свае 10 рублёў, у латарэю выйграныя. Ну, што было рабіць?.. Вырашылі – хай едзе! Стала дзяўчынка ў дарогу збірацца, а ў самой сэрца заходзіцца: яна ўжо ведала, што маці яе шмат гадоў назад з’ехала ў Рыгу і там прапала. Пазней, стаўшы дарослай, Алена прызнавалася мне, што ў ноч перад паездкай спаць не магла – кідалася па гарачай падушцы, уяўляючы сабе адну і тую ж карціну: вось прыедуць яны ў Рыгу, пойдуць па галоўнай вуліцы, падыдуць да галоўнага магазіна, і ім насустрач будзе ісці мама. І яны сустрэнуцца! Кінуцца адна да адной, абдымуцца, пацалуюцца і будуць доўга-доўга стаяць у абдымках… А вакол збяруцца людзі і будуць пытацца: «Што здарылася?.. Што здарылася?..» А цётка Галя, выціраючы слёзы, скажа: «Маці знайшла сваё дзіця!..» І ўсе пачнуць плакаць ад радасці…

Чаму сустрэча ўяўлялася менавіта ля галоўнага магазіна? Таму што ў той час у нашым райцэнтры самым вялікім і прыгожым будынкам быў новы ўнівермаг. І Аленцы здавалася, што ўсе людзі ў горадзе сустракаюцца менавіта там і ўсе важныя гарадскія падзеі адбываюцца таксама там. Так і ў Рызе будзе…

Мы часта паўтараем словы, што Зямля круглая, а свет цесны, і нават не ўяўляем сабе, наколькі, сапраўды, Зямля круглая і свет цесны. Турыстаў з невялікага беларускага гарадка прывезлі ў Рыгу, паказалі ім Ратушную плошчу і Домскі сабор, правезлі па вузкіх, дзіўных, еўрапейскіх вулачках, а потым «па просьбе працоўных» падвезлі да вялікага ўнівермага. У савецкі час, час усеагульнага дэфіцыту, адной з мэтаў турыстычных паездак было купіць у Маскве, Ленінградзе або Рызе штосьці новае, больш моднае, не такое, як шылі на сваёй мясцовай фабрыцы.

І што вы сабе думаеце?!. Усё адбылося, як і марыла дзяўчынка: на адной з галоўных вуліц Рыгі ў дзвярах вялікага ўнівермага яна, як кажуць, нос у нос сутыкнулася з роднай мамачкай. Такое ў кіно пакажы – ніхто не паверыць.

Вядома, яны самі адна адну не пазналі б – дзяўчынка проста не памятала маці, а маці пакінула дачку гадавалым немаўлём. Пра покліч роднай крыві ўспамінаць не будзем – ва ўсялякім разе ў той момант кроў маўчала. Пазналі адна адну сваячкі.

– Галька, ты?..

– Люська? Жывая?!

– А як жа? А вам бы хацелася, каб я памерла? Як кажуць, не дачакаецеся!.. Адкуль вы тут?

– Мы ў турпаездцы ад фабрыкі.

– У турпаездцы?.. Ад гармонікавай фабрыкі?.. Ну, вядома, іншага ж шляху выехаць у Еўропу для вас у вашай «дзірцы» няма…

– А ты дзе?.. Тут, у Рызе?.. Як жывеш, чым займаешся?..

– Жыву, як бачыш, някепска. І праца няцяжкая, – засмяялася Люська. – Дзякуй богу, хутка ўцяміла, што трэба бегчы ад твайго брата як мага хутчэй… А то таксама цяпер гармонікі на вашай фабрыцы збірала б… «Так хутка бегла, што нават пра роднае дзіця забылася», – са злосцю падумала Галіна, але ўслых гэтых слоў швагерцы не паўтарыла. Не схацела ўсчыняць скандал. З-за пляменніцы не схацела.

На працягу ўсёй размовы дзяўчынкі стаялі моўчкі, утаропіўшыся ў незнаёмку. Алёнка з першай хвіліны зразумела, хто гэта. Але… Яна столькі рыхтавалася да гэтай падзеі, столькі разоў уяўляла сабе гэтую сцэну, столькі разоў марыла, што цяпер, калі ўсё спраўдзілася, проста разгубілася.

Ды і зусім не такой яна ўяўляла маці. У сваіх марах і снах бачыла яе маладой, прыгожай, стрункай, бялявай… Гэта ж жанчына была не надта маладая, зусім непрыгожая і вельмі непрыемная – размаляваная, з фіялетавымі валасамі, з прыпухлым тварам, з пахам цыгарэт…

Галіна ж, распытваючы былую швагерку, страляла вачамі то на яе, то на пляменніцу… «Пазнае родную дачку ці не? Падкажа ёй сэрца ці не?» – думала жанчына. Люська і сама стала пераводзіць позірк з адной дзяўчынкі на другую.

– Слухай, а гэта – часам не мая?.. – раптам спытала яна, тыцнуўшы пальцам з аблупленым манікюрам у Аленку.

– Твая, – адказала Галіна, і сэрца яе сціснулася. Яна чакала, што зараз маці кінецца абдымаць, цалаваць дачку, што распачнуцца слёзы, усчыніцца лямант…

– Фу, – абразліва сказала Люська і зморшчылася. – Уся па тым хаме пайшла, не каб па мне!..

Галіна ледзь не самлела. У яе літаральна мову адняло. Жанчына баялася зірнуць на няшчаснае дзіця. Яна не ведала, што рабіць, як згасіць няёмкую сітуацыю. Чамусьці ёй здавалася, што пляменніца зараз заплача.

Аленка ж тузанула яе за рукаво і проста сказала:

– Пойдзем, цётка Галя! Ну яе, гэтую дурную!..

І першая рушыла ва ўнівермаг.

З таго часу дзяўчынка больш ніколі не ўспамінала пра маці, не шукала яе фотаздымкаў, не распытвала ні аб чым родных і знаёмых, а калі распытвалі яе, адмахвалася: «Ат!..» – і ад размовы проста ўхілялася.

Яна ва ўсім слухала сваю бабулю, любіла і шкадавала пітушчага бацьку, амаль поўнасцю вяла хатнюю гаспадарку і да таго ж у школе была лепшай вучаніцай. Алену на нашым завулку ўсе любілі і хвалілі. Пасля школы дзяўчына лёгка паступіла ў педінстытут, потым вярнулася працаваць у родную школу, удала выйшла замуж, нарадзіла сына… Усё ў яе жыцці было прыстойна, разумна, ясна, зразумела.

І вось раптам… Пісьмо ад маці-зязюлі! І паштовы перавод на досыць вялікую суму грошай, мусіць, каб дачка ўсе крыўды даравала. Спакусліва.

Хаця, пры чым тут грошы? Родная кроў усё ж такі… Пакліча? Ці на гэты раз ужо Аленчына прамаўчыць?..

…Прызнаюся, хацела на гэтым і скончыць апавяданне, маўляў, хай чытач сам паразважае: што будзе далей?.. Але, праўду кажучы, што на самай справе адбылося, ведаю.

Не прамаўчала родная кроў. Алена адгукнулася маці адразу ж і з вялікай радасцю, быццам і не было ў яе паўсіратлівага дзяцінства і той крыўднай сустрэчы ў Рызе… Стрымгалоў паляцела яна ў Пецярбург, куды састарэлую, але, як і раней, размаляваную, расфуфыраную Люську прывёз на машыне з Хельсінкі яе муж-фін, былы марак. Нарэшце маці і дачка абняліся… Нарэшце маці знайшла сваё дзіця…

Суседзі на завулку спачатку пачасалі языкі: «Во, за грошы нават здраду роднай маці даравала!.. Добра, што бедная Міроніха да гэтага часу не дажыла!..» На што Алена стрымана адказвала: «Роднай маці і без грошай усё даруеш. Толькі б яна была!»

Суседзі пагаварылі-пагаварылі і супакоіліся. Нават з Люськай, падчас яе прыездаў у райцэнтр, пачалі здароўкацца і размаўляць.

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх