Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 2

Алесь Аляшкевіч
Вядзьмарка

Оглавление

Атрад ліцвінскіх вояў маўкліва скакаў па вузкай лясной дарозе, якая вужакай віляла сярод высокіх стройных соснаў. На чале вершнікаў ехаў у серабрыстых латах статны русавалосы князь Светавар. Па-леткаваму загарэлы мужны твар знатнага ваяра быў, нягледзячы на светлы сонечны дзень, панурым і задуменным. Колькі тыдняў таму ён са сваёй харугвай здзейсніў вылазку з Літвы ў землі Лівонскага ордэна ў адказ на леташні напад крыжакоў на Трокі – радавое гняздо князя. Ліцвіны абклалі крыжацкі бург у Куроніі, але неўзабаве на дапамогу варожаму гарнізону падышоў са сцягамі сам лівонскі магістр. Пасля жорсткага няроўнага бою князь Светавар вымушаны быў адступіць ад сцен варожай цытадэлі. З рэшткамі дружыны ён пятляў па лясных дарогах і сцяжынах. За імі неадступна ішлі па пятах крыжакі. Перакрываючы ліцвінам зваротную дарогу на радзіму, яны прыціскалі дзёрзкіх вояў да неспакойных прахалодных водаў Варажскага мора, маючы намер давяршыць на ягоных стромкіх берагах іх канчатковы разгром.

Сонца ўжо схілілася да заходняга небасхілу, калі спацелыя ад летняй спякоты вершнікі нарэшце вырваліся з лясной засені на шырокі дол і іх зроку раптам адкрылася незвычайнае відовішча: доўгая блакітная паласа мора і перад ім на высокім пакатым пагорку, нібы тая скала, вялікае пасяленне, абгароджанае шчыльным завостраным частаколам. Гэта было паселішча жамойтаў – даўніх хаўруснікаў Літвы, якія, нягледзячы на тое, што на іх землях цяпер уладарылі крыжакі, захоўвалі ўсё ж свае ўласныя звычкі і здабыткі. Дзесьці там за высокай сцяной частаколу і россыпам драўляных жылых забудоваў таіўся велічны паганскі храм багіні Аўштры – ранішняй зары, жонкі наймагутнага Перуна. Само ж капішча нябеснага бога грому знаходзілася зараз у Троках, якімі валадарыў князь Светавар, і жыхары якога яшчэ з’яўляліся напалову хрысціянамі і паганцамі.

Варта, што стаяла пры браме, яшчэ здалёк змеціла ліцвінскіх вершнікаў. Таму пры іх набліжэнні хутка расчыніла тоўстыя дубовыя створцы. І атрад паволі ўехаў ў пасяленне. Дапытлівыя жыхары ад малога да вялікага павалілі з прыземістых хат гурмой на вуліцу, узнёсла віталі гасцей на мясцовай мове:

– Lietuviai! Draugai!.. Sveiki, drąsūs kariai! Sveiki, draugai!..[1]

Вершнікі неўзабаве прыпыніліся ля вялікага драўлянага дома, што стаяў у цэнтры жамойцкага пасялення. З яго да іх выйшаў у светлых строях пажылы сівы старэйшына. Спешыўшыся, князь Светавар зычліва павітаўся з мясцовым правадыром:

– Labas diena![2] Рады вітаць цябе, мудры Кушніс, у тваім прыгожым паселішчы і бачыць цябе ў добрым гуморы і здароўі!

– Su atvykstant![3] І я рады бачыць цябе, слаўны кунігас Трокаў! – гучна мовіў у адказ пажылы жамойцкі ўладар на мове ліцвінаў.– Якія-такія ветры занеслі цябе ў наш далёкі глухі закутак?

– Ды ў паходзе я быў з харугвай у Куроніі, мудры Кушніс, – хутка адказаў Светавар. – Цяжкі бой выдарыўся. Ідуць зараз па нашых слядах крыжакі. Прашу на колькі дзён прытулку для сябе і вояў сваіх верных. Стаміліся мы моцна ў дарозе. Перадыхнуць і падсілкавацца б крыху воям і коням, набрацца сілы.

– Сябрам мы заўжды радыя! – прамовіў ветліва жамойцкі правадыр. – Уладкуем тваіх вояў па дварах. Цябе ж, мужны кунігас, запрашаю прыпыніцца ў маім доме, адвячэраць і выпіць гарачага траўнага напою! Да таго ж у добры дзень завітаў ты да нас. Сёння ўвечары свята ў гонар нашай слаўнай нябеснай заступніцы Аўштры! Будзе высокае вогнішча!

– Абавязкова наведаем капішча і ўскладзём да ног найсвятлейшай багіні свае шчырыя падарункі! – гучна мовіў князь Светавар і, ступіўшы да старэйшыны, шчыра абняўся з ім, бо ведаў Кушніса яшчэ з тых часоў, калі той служыў сотнікам у бацькавай дружыне – адсюль і ягоныя добрыя веды мовы хаўруснікаў.

Ліцвінскіх вершнікаў, якія спешыліся, пачалі разбіраць і разводзіць па дварах жыхары. Князь Светавар жа, даверыўшы баявога каня маладому слузе, прайшоў разам з Кушнісам у ягоны прасторны дом.

Вячэра ў старэйшыны зацягнулася да заходу сонца. Да капішча Аўштры, што знаходзілася непадалёк ад мора на ўскраіне сасновага бору, правадыры рушылі ўжо ў прыцемках – ад пасялення да яго вяла ўтаптаная сярод прыбярэжных скал сцяжына. Гэта была велічная без страхі прамавугольная забудова з тоўстых бярвенняў, мо сто аршынаў у шырыню. Апынуўшыся ў храме, князь Светавар агледзеўся. Мясцовыя жыхары паступова напаўнялі шырокі ягоны ўнутраны двор, пакорна выстройваліся ўздоўж сцен. Пасярэдзіне ж капішча рос магутны разгалісты дуб. Прама перад ім узвышаўся велічны, ростам у тры чалавекі, ідал Аўштры. У руках багіня трымала бліскучую зорку. Перад ідалам месціўся нешырокі алтар, да якога вялі каменныя ступені. На ім ва ўнутраным паглыбленні сцяны палала вечнае непагаснае полымя, якое разам з факеламі на сценах асвятляла капішча. Натоўп па загадзе старэйшыны расступіўся, і неўзабаве на ўзвышшы перад алтаром з’явіліся маладыя жрыцы-вайдэлоткі – у белых палатняных кашулях і з кветкавымі вянкамі на галовах. Яны распачалі павольныя рытмічныя рытуальныя рухі пад нягучны спеў. Старая жрыца ў шэрым доўгім сарафане наблізілася да агню са збанам, падліла ў яго масляную вадкасць. Полымя тут жа заварушылася, сіганула яскравым стаўпом у неба. І раптам у ягоных залацістых промнях паўстала маладая статная вайдэлотка, у белых строях з распушчанымі густымі попельнымі валасамі, якая грацыёзна ўзышла па прыступках да статуя Аўштры. Князь Светавар міжволі пашырыў вочы. Ён упершыню назіраў такую непаўторную дзявочую прыгажосць. Стан маладой жрыцы быў настолькі гнуткі і рухі дасканалымі, ейны ж чысты беласнежны твар з выразнымі светлымі поўнямі праменіў такім непадкупным натхненнем і святлом, што здавалася – гэта сама зорная багіня сышла з нябёс і ўвасобілася ў дзіўную вайдэлотку.

Жрыца, прыпыніўшыся ля ідала, азірнулася на натоўп, які схіліў свае галовы перад нябеснай апякункай ў пакоры. Позірк ейных вялікіх воч на імгненне з цікаўнасцю затрымаўся на знатным госці, што стаяў поруч са старэйшынам. Потым яна павярнулася да статуя, паволі апусцілася на калені і працягнула ўгору свае тонкія рукі.

– Oі, didelis šlovingą deivė ryto Aušra! Mergelė žvaigždžių mūsų! – паляцелі, бы песня, у неба шчырыя дзявочыя словы. – Vietoje šito savo gailestingumą. Ne palikti vaikus tavo ištikimų vienus bėdoje ir vienatvėje. Nu jiems šviesa ir šiluma! Tegul užpildyti savo namuose duona ir meile!..[4]

Пранізлівыя ўзнёслыя прызывы жрыцы суправаджаліся рытмічнымі рухамі белых вайдэлотак і іх працяжнымі воклічамі: «Oі, didžioji ryto Aušra![5]»

– Oі, didžioji ryto Aušra! – гучна азываўся натоўп у капішчы.

Служэнне багіні доўжылася да першых яскравых зорак на пачарнелым нябесным прасцірадле. Па вяртанні ў дом старэйшыны князь Светавар доўга не мог змружыць павекі. Перад ягонымі вачыма стаялі выразныя віры вайдэлоткі, бы тыя празрыстыя веснавыя крыніцы, з якіх піў бы, здавалася, вечна. Яны прымушалі сэрца мужнага ваяра пачашчона біцца…

Раніцой князь з тузінам узброенных вершнікаў скіраваўся ў лясны гушчар на паляванне, каб папоўніць для далёкай зваротнай дарогі дамоў прыпасы. Ім пашанцавала да поўдня адсачыць і забіць чатырох дзікоў. З багатай здабычай ён адаслаў вояў у пасяленне. Сам жа павярнуў каня ў бок капішча, што стаяла на ўскраіне бору. Дзесьці непадалёк ад яго месцілася жыллё вайдэлотак, і ў сэрцы князя варушылася тайная надзея сустрэцца з дзіўнай маладой жрыцай, якая так уразіла яго мінулым вечарам.

Гурт прыземістых драўляных хат, агароджаных частаколам, ён адшукаў сярод маладога густога зарасніку, што прымыкаў да бору. Ля іх бачыўся няспешны гаспадарчы рух прыслугі. Саміх вайдэлотак на падворку не было відаць. Колькі часу паназіраўшы яшчэ па-за частаколам за прыслугай, малады ваяр падаўся да мора, каб крыху асвяжыцца ў ягоных чыстых прахалодных водах ад душнай сонечнай спякоты, што стаяла на двары. Пакінуўшы каня ў зацені прыбярэжных скалаў, князь ступіў да падсвечанага промнямі спакойнага воднага блакіту і, узняўшы вочы, збянтэжыўся, міжволі замёр на месцы, бы той статуй. Крыху збоку ад яго ў моры пляскаліся маладыя жамойткі-вайдэлоткі – голыя, з распушчанымі мокрымі валасамі. Забачыўшы няпрошанага госця, яны з крыкам пужліва выскачылі з вады на жоўтую пляму берага і, ухапіўшы адзенне, пабеглі да недалёкіх скалаў. У вадзе засталася толькі іхняя маладая правадырка-жрыца, якая па шыю адступіла ў водны блакіт і адтуль пазірала на знатнага ваяра сваімі смелымі марскімі бурштынамі.

– Можа, высакародны кунігас нарэшце адвернецца, дазволіць беднай дзяўчыне выйсці на бераг і апрануцца? – раптам з мяккім дакорам у голасе загаварыла да ваяра вайдэлотка на ягонай мове.

Светавар хітком галавы скінуў з сябе аняменне ад надзвычай прыгожага дзявочага цела, што зараз назіраў, і вытанчанасць форм якога празрыстая водная коўдра хутчэй нават падкрэслівала, чым утойвала, віноўна вымавіў:

– Прабач, чароўная вяшчунка. Я не ведаў, што ты тут са сваімі сяброўкамі. Проста хацеў выкупацца.

І адвярнуўся да скалаў. За спінай данесліся лёгкія ўсплёскі вады, і неўзабаве з берага пачуўся спакойны голас вайдэлоткі:

– Усё. Слаўны кунігас можа паказаць мне свой мужны твар! Светавар павярнуўся. Вайдэлотка стаяла перад ім ужо ў лёгкім светла-шэрым сарафане, статная, бы сасна, з распушчанымі валасамі, якія мокрымі іскрыстымі хвалямі спадалі на тонкія плечы. Вялікія дзявочыя віры пазіралі на яго задзірліва і крыху звысоку.

– Бачу, кунігаса крыху здзіўляе, адкуль я так добра ведаю мову яго слаўнага народа? – Бліснулі ў вачах вайдэлоткі задорныя іскрынкі.

У Светавара на нейкі час адняло мову, але тут жа ён згодна хітнуў галавой.

– Ды ўсё проста. Маці мая з радзімы кунігаса. Бацька некалі быў адважным воем. Хадзіў з Літвой у паходы на ворагаў. Бліз Трокаў і сустрэў аднойчы маці і закахаўся, – патлумачыла дзяўчына.

– Зразумела, – нарэшце, набраўшыся сілы, здолеў вымавіць Светавар. – І дзе ж зараз твае бацькі, прыгожая вяшчунка?

– Бацька загінуў у баі з крыжакамі. Маці ж колькі летаў таму памерла, не перанесла страты мужа, – сумна прамовіла вайдэлотка і прапанавала знатнаму ваяру – Пройдземся па бары. Хай падсохнуць крыху валасы, – злёгку паварушыла яна сваімі мокрымі хвалямі.

– Пройдземся, – пагадзіўся Светавар і кіўнуў галавой у бок недалёкіх скал, за якімі схаваліся нядаўна голыя вайдэлоткі.– А як жа сяброўкі?..

– Ды іх так напужаў слаўны кунігас сваім мужным выглядам, што яны даўно ўжо ўсе пахаваліся па сваіх хатніх кутах! – весела ўсміхнулася вайдэлотка.

Яны паволі рушылі да стройных соснаў, якія красаваліся пышнымі зялёнымі шыпулькамі непадалёк ад мора. Услед за імі ціха пасунуўся і верны баявы конь ваяра.

– Мірута, – нягучна назвала сваё імя вайдэлотка, ледзь яны дасягнулі лясных стройных соснаў.

– Светавар, – коратка кінуў у адказ ваяр і пацікавіўся ў чароўнай спадарожніцы – Не цяжка быць служкай пры капішчы Аўштры? Чуў дзесьці, што Аўштра вельмі свавольная і капрызная багіня. З ёй нават часта не можа справіцца сам наймагутны Пярун.

– Так, Аўштра лічыцца жонкай Пяркунаса. І сярод людзей ходзяць гаворкі, што яна як быццам здраджвае яму на нябёсах з Месяцам. Тады і злуе наймагутны Пяркунас і пасылае ў гневе свае страшныя маланкі на гаротную зямлю, – хутка адказала вайдэлотка. – Толькі я лічу наконт здрады Аўштры мужу – гэта не больш чым злыя людскія наветы. Відаць, слаўны кунігас сам не раз бачыў, як устае на золку ранішняя Аўштра! Якая яна светлая і чароўная! І які робіцца навакол яе чысцюткі і бялюткі свет! Ці можа такая нябесная прыгажосць мець злое і свавольнае сэрца? Нават ад нас, верных ёй вайдэлотак, найсвятлейшая Аўштра патрабуе шчырасці, чысціні і цнатлівасці на ўсё зямное жыццё!

– Гэта значыць, вайдэлотка ніколі не выйдзе замуж і не будзе мець сям’і? – страпянуўся знатны ваяр.

– Робячыся служанкамі Аўштры, мы даём перад нябёсамі зарок нявіннасці, бо толькі цнатлівай вайдэлотцы можа адкрыць свае нябесныя таямніцы ранішняя зара! – вымавіла дзяўчына. – У Троках, наколькі я ведаю, дзе палац слаўнага кунігаса, знаходзіцца капішча наймагутнага Пяркунаса. Але я чула, быццам сам мужны ваяр зараз пакланяецца іншаму богу? – Запытальна зірнула яна на Светавара.

– Так, я прыняў веру Хрыстову, – нягучна адказаў той.

– Кунігас пакланяецца цяпер богу крыважэрных крыжакоў? – Бліснуў у светлых вачах дзяўчыны недаўменны агеньчык.

Глухія гукі, якія раптам данесліся з глыбіні бору, прымусілі знатнага ваяра і маладую жрыцу насцярожыцца. Светавар жэстам рукі папрасіў чароўную спадарожніцу заставацца на месцы, сам жа асцярожна рушыў да лясной дарогі, адкуль ужо чуўся выразны конскі тупат. Неўзабаве ён вярнуўся да вайдэлоткі, шэптам мовіў:

– Крыжакі, лёгкія на ўспамін.

– Трэба папярэдзіць усіх у паселішчы, – ціха прапанавала Мірута. Светавар згодна хітнуў галавой і, паклікаўшы каня, узгробся ў сядло.

Працягнуўшы вайдэлотцы руку, ён дапамог ёй сесці за спінай…

Расставіўшы сваіх вояў уздоўж абарончага частаколу, князь Светавар разам са старэйшынай Кушнісам узышоў па лесвіцы на драўляную вежу, што ўзвышалася поруч з брамай. Змяркалася. Сонца на захадзе села, пакідаючы на марскім люстэрку далёкія ружовыя водблескі. На ўсходзе ж перад пасяленнем амаль усю бачную прастору займаў вораг. Крыжакі, акружыўшы свой стан павозкамі, запальвалі побач з шэрымі шатрамі нанач вогнішчы.

– Здаецца, наклікалі мы на ваш гасцінны дом бяду, – вінавата мовіў старэйшыне князь Светавар, пільна аглядаючы з вежы варожы лагер.

– Ды не тужыся аб гэтым моцна, добры кунігас, – вымавіў у роздуме сівы правадыр жамойтаў.– Ты ж адразу па прыездзе да нас папярэдзіў, што за вамі ідуць следам крыжакі. Ноччу, падобна, яны не збіраюцца рабіць на нашыя ўмацаванні напад. Раніцой жа прыкінем, як ад іх адбіцца. – Павярнуўшыся, старэйшына пачаў няспешна спускацца па лесвіцы з вежы.

Светавар яшчэ раз уважліва азірнуў варожы стан. Атрад крыжакоў, які стаяў перад пасяленнем, налічваў больш за тысячу мячоў. Што яны змогуць заўтра ім супрацьпаставіць? Дзве сотні вояў разам з мясцовымі жыхарамі? І нетрывалае ўмацаванне ў выглядзе драўлянага частаколу? Тады чаму твар мудрага мясцовага правадыра колькі імгненняў таму захоўваў спакой? Яго зусім не хвалюе лёс жыхароў свайго пасялення, ці што?..

Ноччу князь спаў неспакойна. Варочаўся. Аніяк не мог пазбавіцца ад змрочных думак.

Раніцой ён у латах прайшоў да сваіх вояў, якія выстройваліся ў ланцуг уздоўж абарончага частаколу. Дзень абяцаў быць пахмурным. З мора дзьмуў прахалодны паўночны вецер. Спацелае шэрае неба зацягвалі вялікія калматыя хмары. Ступіўшы да назіральнага вакенца ў браме, князь бегла агледзеў варожы стан. У ім назіраўся рух нямецкіх крыгераў – тыя выстройваліся ў баявыя дзіды перад шапкамі шатроў. Наперадзе іх бачыліся на конях закаваныя ў браню рыцары.

– Падрыхтавацца да бою! – аддаў кароткі загад князь сваім воям і азірнуўся на натоўп жыхароў, што сабіраўся за ягонай спінай насупроць абарончай вежы – дзе ж старэйшына са сваімі мясцовымі воямі? І ў здзіўленні павёў брывамі.

Уздоўж натоўпу, які расступаўся, велічна ішлі вайдэлоткі з запаленымі факеламі ў руках. Узначальвала шэсце служанак Аўштры Мірута – у доўгай ружовай кашулі з чырвоным кветкавым вянком на галаве. Дасягнуўшы частаколу, жрыца грацыёзна ўзышла па лесвіцы на вежу і працягнула да змрочнага неба свае тонкія рукі. Пачуўся распеўны ўмольны прызыў да нябесных багоў.

Услухваючыся ў чужую мову, князь Светавар зразумеў толькі, што жрыца звяртаецца адначасова да багіні Аўштры і ейнага мужа-волата Перуна. І просіць у іх дапамогі – каб саслалі яны з нябес на галовы лютага ворага свае грымучыя вогненныя стрэлы.

І вось дзіва! Нябеснае прасцірадла раптам пацямнела, яго прашылі страшныя бліскучыя маланкі і гром. Вогненныя нябесныя стрэлы снапамі пранізалі за брамай крыжацкі стан.

– Šlovė ir garbė jums, didieji dievai![6] – Схіліла на вежы галаву перад нябёсамі ў знак удзячнасці маладая жрыца.

– Šlovė ir garbė jums, didieji dievai! – апусціўся ў пакоры на калені ўнізе натоўп.

Збянтэжаныя і перамяшаныя ўдарамі маланак варожыя рады тым часам у паніцы беспарадкава адступалі ад пасялення да выратавальнага лесу.

– Hexe! Hexe!..[7] – чуўся напужаны роў крыжацкіх райтараў.

«Вядзьмарка і толькі!» – ківаючы галавой, падумаў князь Светавар таксама пра маладую жрыцу-жамойтку і, ледзь варта рухава адчыніла па ягонаму знаку браму, уласна загадаў сваім воям:

– Па конях! Ворагу – пагоня!..

Калі ліцвінская сотня выехала з пасялення, ёй у якасці ўзнагароды ў пакінутым варожым стане дасталіся крыжацкія прыпасы і колькі ацалелых ад агню шатроў.

– Ну вось, харчамі на зваротную дарогу дамоў вы, лічы, разжыліся! – весела сустрэў у браме ліцвінскага ваяводу старэйшына Кушніс.

– Заўтра мы пакінем ваш гасцінны дом, каб не наклікаць на яго больш бяды, – хутка мовіў яму князь Светавар і, аддаўшы загад воям падзяліцца здабычай з мясцовымі жыхарамі, павярнуўся, прышпорыў каня да Варажскага мора.

Выкупаўшыся ў прахалодных водах, ён апрануўся, рушыў уздоўж берага да месца, дзе ўчора незнарок натрапіў на вайдэлотак, у тайнай надзеі сустрэць там Міруту, якая сёння адразу пасля паніковых уцёкаў крыжакоў пакінула спешна паселішча. Жрыцу ён адшукаў сярод вострых бурых скалаў. Седзячы на невысокім плоскім камені, дзяўчына задуменна ўзіралася ў бясконцы водны блакіт.

– Гэ, добры кунігас! – ледзь Светавар наблізіўся, усміхнулася вайдэлотка. – Як, задаволены, храбры ваяр, сваёй сёняшняй здабычай у ворага?

– Здавальненне ад здабычы ў мужных вояў бывае толькі тады, калі яны ў баі разгромяць ворага. Сёння ж ён сам кінуўся наўцёкі,– хутка адказаў Светавар.

– Прагуляемся крыху, – устала дзяўчына з каменя. – Люблю глядзець на мора. Калі на сэрцы нуда ці трывога, яно заўсёды заспакойвае.

Яны паволі рушылі ўздоўж залацістай берагавой стужкі. Пры бачанні поруч вытанчанага дзявочага стана знатны ваяр адчуваў нясмеласць і нейкае незразумелае дрыготкае трымценне ў грудзях.

– Не разумею, як у чароўнай вяшчункі атрымалася гэткае дзіва – падпарадкаваць сваёй волі нябесныя маланкі? – абы не маўчаць, спытаўся князь.

– Гэта воля наймагутнага Пяркунаса і дзівоснай Аўштры! – хутка адказала Мірута. – Добры ж кунігас сам, нягледзячы на тое, што пакланяецца цяпер іншаму богу, пакінуў у сваім вялікім паселішчы капішча волата грому.

Светавар хацеў быў запярэчыць сваёй чароўнай спадарожніцы, што Бог на нябёсах адзіны, але стрымаўся. Відаць, не зразумее тое паганская вяшчунка.

– А хто чакае слаўнага ваяра дома ў Троках? – раптам пацікавілася спадарожніца.

– Ды, акрамя служак, ніхто, – нягучна вымавіў Светавар, змоўчыўшы пра сваю маладую княгіню, што летаў з тры таму памерла ад раптоўнай хваробы, не пакінуўшы яму спадчыннікаў. Гэту цяжкую страту валадар Трокаў перажываў доўга. У сваім палацы, дзе ўсе сцены нема сведчылі аб пайшоўшай любай, амаль не затрымліваўся. Шукаў забыцця ў баявых паходах і бітвах з ворагамі. І вось сустрэча з гэтай надзвычай прыгожай маладой жамойткай растапіла лёд у сэрцы знатнага ваяра.

– Ну, мне ўжо час ісці. Патрэбна гатавацца да вечаровага служэння Аўштры. – Прыпынілася дзяўчына ля сцяжыны, якая вяла ад мора да жытла вайдэлотак.

Колькі імгненняў яна задуменна ўзіралася ў пахмурны нябесны блакіт.

– Як я разумею, заўтра знатны кунігас ад’язджае дамоў? – ціха спыталася Мірута.

– Так, нам пара вяртацца на радзіму, – хутка кінуў Светавар. – Загасціліся мы ўжо ў вашым закутку. Ледзь не наклікалі на яго бяду.

– Што ж, жадаю слаўнаму кунігасу гладкай дарогі,– адчуўся ў голасе вайдэлоткі сум. – Як у нас кажуць: Bon voyage![8]

Яна павярнулася і таропка, не азіраючыся, пайшла па сцяжыне. Князь Светавар узрушана праводзіў яе позіркам. Няўжо вось так усё скончыцца – дзяўчына схаваецца ў бары, і ён больш ніколі не пабачыць ейных дзівосных светлых зорак?

У паселішча ён вярнуўся пад вечар і адразу рашуча скіраваўся да дома старэйшыны. Кушніс запрасіў знатнага госця адвячэраць. Уважыўшы сівога правадыра, Светавар адведаў стравы з марской рыбы, папіў гарачага траўнага напою. І звярнуўся да старога з тымі думкамі, якія валодалі ягоным сэрцам.

– Моцна падабаецца мне, мудры Кушніс, адна ваша дзяўчына. Усе думкі і днём і ноччу мае адбірае, – шчыра мовіў ён да мясцовага правадыра. – Аддай за мяне замуж Міруту. Як вярнуся ў свой кут, вышлю табе за яе багатыя дары!

Твар сівога жамойта пашарэў.

– Што ты, слаўны кунігас, – спалохана вымавіў ён. – Мірута ж – вайдэлотка! Яна давала зарок нявіннасці і вернасці нябеснай Аўштры! Калі мы па ўласным жаданні парушым гэты запавет, багі ўгневаюцца і пашлюць на наш гаротны народ свае страшныя нябесныя кары! Таму прабач, добры кунігас, не ў маёй волі дапамагчы тваёй шчырай сардэчнай просьбе, – цяжка ўздыхнуў старэйшына.

Князь Светавар – змрочны і расхваляваны – пайшоў у сваю спачывальню. Ноччу доўга не мог заснуць ад тужлівых думак…

На золку ліцвінская сотня пакідала гасціннае жамойцкае паселішча. Праводзіць хаўруснікаў у дарогу выйшлі амаль усе ягоныя жыхары. Шчыра абняўшыся на развітанне са старэйшынай Кушнісам, які даў на колькі дзён ім прытулак, князь Светавар ускочыў на баявога каня і не стрымаўся, міжволі пашукаў вачыма сярод натоўпу Міруту. Але маладой вайдэлоткі сярод жанчын, што жадалі ліцвінам шчаслівай дарогі, не прыкмеціў.

«Развіталася з табой учора. Таму і не прыйшла», – няпэўна разважыў ваяр і скіраваўся ўслед за сваімі воямі.

Апынуўшыся ўжо за брамай пасялення, ён прыпыніў на імгненне каня, азірнуўся на той кут лесу, дзе знаходзілася жыллё вайдэлотак. Выразныя вочы прыгожай жрыцы раптам паўсталі перад ім, бы тыя далёкія вечаровыя бліскучыя зоркі. Няўжо ён вось так проста ад’едзе і больш ніколі іх не пабачыць? Ад гэтай невыноснай думкі ў сэрца ваяра нібы ўпілася вострая стрэмка.

«Вядзьмарка!» – у адчаі падумаў ён пра вайдэлотку.

І раптам у галаве князя маланкай пранесліся выратавальныя думкі.

«Чакай, як гэта казаў учора старэйшына наконт Міруты? Здаецца так – калі мы па ўласным жаданні парушым ейны зарок, то багі ўгневаюцца на нас. А калі не па сваёй волі?.. Калі ён проста выкрадзе вайдэлотку… Што тады? Паганскія багі разгневаюцца толькі на яго, Светавара!»

– Я хутка! – кінуў князь шыракаплечаму сотніку, які ехаў непадалёк, і таропка завярнуў каня ў бок паганскага капішча.

Жрыцу ён знайшоў непадалёк ад спакойных сіняватых водаў мора. У доўгім светлым сарафане яна стаяла на невысокім пагорку і, працягнуўшы рукі да ранішняй зары, нешта ў суме пранікліва сабе нашэптвала. Ледзь Светавар, асадзіўшы каня, саскочыў поруч з ёй на зямлю, дзяўчына страпянулася, рэзка павярнула галаву.

– Dangiškieji dievai![9] Ты, мужны кунігас? Навошта вярнуўся! Мы ж учора назаўжды развіталіся! – пачуўся ўзрушаны дзявочы голас. – Я толькі што прасіла вялікую Аўштру, каб яна зберагала цябе ў дарозе.

– Я не ведаю, хто ты, – з хваляваннем дакрануўся рукой ваяр да тонкіх плеч вайдэлоткі,– багіня нябесная ці ж зямная дзяўчына? Толькі моцна кранула ты маё сэрца. Дзе б ні быў, куды б ні ехаў, што ні рабіў – усе мае думкі толькі аб табе… Калі ты дзяўчына, будзь маёй жонкай. Я – знатны валадар, але з гэтага моманту буду табе верным слугой і ўскладу да тваіх ног усе кветкі маёй зямлі!

Мірута ціха прыхінула хвалю сваіх бялявых валос да грудзей статнага ваяра.

– Пра што ты, добры кунігас, – усхвалявана шапталі ейныя вусны. – Ці не ведаеш, хто я? Я ж вайдэлотка! Нават калі б жадала быць тваёй абранніцай, усё роўна не змагла б выканаць тваю волю. Бо дала нябесным багам зарок захоўваць нявіннасць і чысціню да скону свайго. Таму сядай на каня, скачы ад мяне да сваіх вояў, слаўны кунігас! – Рашуча адняла ад грудзей ваяра дзяўчына галаву. – І забудзь пра мяне. Назаўжды забудзь!

Павярнуўшыся, Мірута таропка пайшла ў бок жытла вайдэлотак.

«Бог адзіны! І хай даруе мне тое, што зараз учыню!» – узрушана падумаў Светавар і, ускочыўшы на каня, хутка дагнаў на сцяжыне вайдэлотку, падхапіўшы яе, паклаў упоперак сядла…

На адпачынак нанач ліцвінская сотня спынілася пасярод лугу на пакатым пагорку. Былі разбіты захопленыя ў крыжакоў шатры і выстаўлена варта.

Неба на ўсходзе пачынала ўжо прабіваць бляклае перадсвітальнае марыва. Князь Светавар адплюшчыў вочы, ласкава пакасіў позірк на Міруту, якая ляжала поруч на мяккім подсціле, утыркнуўшыся пышнай галавой у ягонае аголенае плячо. Дзяўчына, да грудзей захінутая лёгкай паходнай коўдрай, таксама ўжо не спала. Позірк ейных задуменных воч адсутна прабягаў па шэраму шоўку шатра.

– Ну і што цяпер са мной будзе, слаўны кунігас? – ціха мовіла яна, адчуўшы далікатны рух мускулістай рукі ваяра. – Я парушыла зарок, які давала нябесным багам. Цяпер мяне засунуць у мяшок разам з сабакамі і катамі і скінуць з высокага абрыву ў мора.

– Ты ніколі ўжо не вернешся ў сваё пасяленне. Па прыездзе ў Трокі будзеш вялікай княгіняй. І потым, не па ўласнай волі ты апынулася ў мяне – я ж выкраў цябе, – мякка дакрануўся пальцамі Светавар да аголеных дзявочых плеч.

– Выкраў бы ты мяне, светлы кунігас, каб гэтага я сама тайна ў сэрцы не жадала, – ціха запярэчыла Мірута. – Мы, вайдэлоткі, калі што, здольныя сябе абараніць…

Шолах ля шатра прымусіў маладых людзей спыніць размову.

– Светлы князь! Дазволь увайсці! – З’явілася ў прыадкрытым праёме шатра каранастая фігура сотніка Міхайлы.

– Слухаю цябе, – падаў голас Светавар.

– Прабач, добры князь, што вымушаны патрывожыць твой спакойны сон, – таропка прамовіў воін. – Але варта змеціла бліз нашага стана крыжакоў!

– Падымай, сотнік, стан. Усім воям – неадкладны збор! – гучна загадаў князь Светавар і, па адыходзе памочніка, узняўся з подсцілу.

Ледзь ранішнія залацістыя промні сонца асвяцілі лог, ліцвінская сотня пры поўным узбраенні выстраілася ланцугом на пагорку. Князь Светавар пільна азірнуў наваколле. Усе бліжэйшыя подступы да іх стана займала ашчаціненая дзідамі і мячамі шматлікая крыжацкая конніца. Ліцвіны былі ўзятыя ў шчыльнае кальцо.

– Добрыя тры харугвы будзе, – прыкінуў на вока сілы праціўніка сотнік Міхайла, што сядзеў на рослым кані побач з правадыром. – Не вырвацца нам з іх моцных ціскоў!

– Схітрыў крыжацкі камандор, – мовіў у роздуме князь Светавар. – Ля пасялення ўцёкі толькі паказаў. На самай жа справе пайшоў лісой за намі, выследзіў і акружыў у зручным месцы.

– Што ж рабіць будзем? – занепакоена спытаўся ў князя сотнік. – У адкрытым баі доўга нам не пратрымацца. Амаль у дзесяць разоў перавага ў мячах у крыжакоў. Накінуцца з усіх бакоў, змяшаюць нашы рады. Мо папросіш сваю госцю, – хітнуў ён галавой у бок вайдэлоткі, якая сядзела на белым кані непадалёк ад Светавара – Няхай сваімі заклёнамі яшчэ раз паспрабуе наслаць з неба на ворага вогненныя стрэлы.

Дзяўчына, падобна, пачула словы сотніка, бо спрытна саскочыла з каня.

– Я паспрабую, – нягучна мовіла яна і, ступіўшы наперад, працягнула да неба свае вытанчаныя рукі.

З дзявочых вуснаў паляцелі ўжо знаёмыя князю Светавару ўмольныя словы да нябеснай багіні Аўштры і ейнага мужа Перуна. Вайдэлотка паўтарыла сваю шчырую просьбу двойчы, але нябёсы заставаліся раўнадушнымі да ейных гарачых прызываў. Аніякіх чорных хмараў, толькі рэдкія белыя аблокі паволі праплывалі па блакітнай нябеснай тканіне.

– Нябесныя багі больш не адклікаюцца на мае ўмольныя просьбы. – Павярнуўшыся да знатных ваяроў, сумна апусціла рукі вайдэлотка. – Я парушыла зарок нявіннасці і, як відаць, найсвятлейшая Аўштра за гэта пакрыўдзілася на мяне.

– Што ж, – уздыхнуў князь Светавар, – будзем тады стаяць тут на пагорку і біцца з ворагам да апошняга воя. У палон да крыжакоў не пойдзем! Лепш смерць у баі, чым ганебнае рабства ў ворага! – рашуча дадаў ён і раптам убачыў, як, выхапіўшы меч з ножан воя, што дапамагаў Міруце сесці ў сядло, дзяўчына віхурай панеслася на крыжакоў.

– Hexe! Hexe! Sehen Sie, die Hexe![10] – данёсся з нізіны перапалох нямецкіх райтараў.

– Усе за мной! – рашуча ўзняў меч князь Светавар і падсцябнуў наперад каня.

Ліцвінская сотня ўдарыла ў самое сэрца варожых радоў – туды, дзе стаяў пад значкамі і сцягамі сам доблесны крыжацкі камандор. Вораг не чакаў падобнага спрыту ад нешматлікага праціўніка. Ягоныя рады дрыгнулі, змяшаліся, падаліся ў бакі. І ліцвінам пасля кароткай жорсткай сутычкі з лівонцамі ўдалося прабіць сабе дарогу да выратавальнага лесу, што цямнеўся зялёнай паласой на даляглядзе. Сотнік Міхайла да таго ж заарканіў і паланіў варожага правадыра.

На мяжы пералеску Светавар прыпыніў злёгку каня, у хваляванні агледзеўся. Воі веерам услед за ім дасягалі выратавальнай зацені дрэваў. Страт сярод іх амаль не было. Але дзе ж Мірута? Апошні раз ён бачыў дзяўчыну, калі яна, дасягнуўшы крыжакоў, бы той віхор, уторкнулася ў цёмную варожую сцяну. Потым у гарачцы бою ён страціў вайдэлотку з поля зроку. Няўжо не ацалела? У сэрцы мужнага ваяра варухнуліся трывожныя струны.

– Глянь, светлы князь! Ці не твая чараўніца?! – Падскакаўшы да правадыра, хітнуў галавой сотнік на прагал сярод высокіх соснаў, што раслі наперадзе. – Агонь, а не дзяўчына! Так адважна рынулася ў варожую гушчу, што тая проста здранцвела!

Князь Светавар зірнуў у падказаным напрамку, і з душы яго нібы ўпаў цяжкі камень. На залітай сонечнымі промнямі паляне бялеў лёгкі сарафан Міруты. Прытрымліваючы белую кабылу, вайдэлотка задорна махала яму захопленым у крыжакоў палотнішчам сцяга.

«Сапраўдная вядзьмарка!» – весела падумаў знатны ваяр і гарэзліва паскакаў насустрач сваёй новай дзівоснай, чароўнай абранніцы…

Ад аўтара

Праз колькі летаў былая вайдэлотка падаравала князю аж дзесяць спадчыннікаў! У тым ліку і сына, які ў сталым узросце зрабіўся вялікім ваяром Літвы…

1

Літоўцы! Сябры!.. Прывітанне, храбрыя воі! Прывітанне, сябры!..

2

Добры дзень!

3

З прыездам!

4

Ох, вялікая слаўная багіня ранішняя Аўштра! Панна зорная наша! Праяві сваю літасць! Не пакінь дзяцей тваіх верных адных у бядзе і самоце. Пашлі ім сваё цяпло і святло! Няхай напаўняюцца іх дамы хлебам і любоўю!..

5

Ох, вялікая ранішняя Аўштра!

6

– Хвала і слава вам, вялікія багі!

7

– Ведзьма! Ведзьма!.. (ням.)

8

Шчаслівага шляху!

9

– Нябесныя багі!

10

Ведзьма! Ведзьма! Глядзіце, ведзьма! (ням.)

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх