Читать книгу Калі цвіла чаромха (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 13

Ганна Атрошчанка
Вандроўніца Роза

Оглавление

Лясная сцяжына шэрай стужкай вілася сярод стромкіх сасонак і кучаравых бярозак. Абапал расла высокая трава, дзе-нідзе калыхаліся зіхоткія кропелькі расы. Птушыны гоман звінеў на ўсё лясное наваколле, вітаў новы, сонечны дзень. Але чамусьці адчувалася: гэты дружны хор не надта весяліў незвычайных вандроўнікаў. Стройную, яшчэ даволі маладую, вельмі прыгожую жанчыну і яе трое дзетак. Дзяўчынка і хлопчык бадзёра крочылі побач, схапіўшыся тонкімі ручкамі за шырокую квяцістую спадніцу, з цікавасцю азіраліся навокал. А вось самы малодшы, пяцімесячны Міхаська, салодка спаў, прыціснуўшыся русявай галоўкай да высокіх матуліных грудзей.

Зірнуўшы на бесклапотны дзіцячы тварык, які на нейкі момант адлюстраваў аблічча каханага мужа, маладзіца цяжка ўздыхнула. Дзе цяпер Яша? Ці жывы, здаровы? Мінск ужо неаднаразова бамбілі, пад руінамі загінула шмат людзей…

Якаў Марцэвіч займаў адказную пасаду ў райвыканкаме, лічыўся паважаным партыйцам. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны яго адразу накіравалі на адказны сакрэтны ўчастак. Пры развітанні, пацалаваўшы жонку, дзетак, Якаў самотна паведаміў:

– Не сакрэт, пакуль фашысты маюць перавагу ў ваеннай тэхніцы, ды й напалі нечакана… Магчыма, вам, мае даражэнькія, давядзецца пакінуць горад. Дабірайцеся толькі глухімі сцежкамі на Гомельшчыну, да радні. Цётка Моця – мая хросная. Добразычлівая, лагодная. Яна вам будзе рада, бо адзінокая, сваёй сям’і няма. Толькі ж не забудзьце дакументы, розныя патрэбныя даведкі. Помніце: ваенная стратэгія ў ворага адна: актыўнае знішчэнне мірнага насельніцтва. Асабліва іх зараз «цікавяць» прадстаўнікі цыганскай і яўрэйскай нацыянальнасці…

Пры чарговым налёце варожай авіяцыі на Мінск, прыцэльным ударам быў знішчаны цагляны дом, дзе жыла Роза і яшчэ тры сям’і. Будынак быў размешчаны побач з чыгуначнай станцыяй, таму доўга не праіснаваў… Вярнуўшыся з бамбасховішча, жанчына ўволю наплакалася. Цётка Маруся, заўважыўшы суседку, хуценька падбегла, абняла за худзенькія плечы.

– Хопіць румзаць! – амаль загадала, але потым лагодна, са спагадай, дадала. – Не адны вы засталіся без жылля! Зірні! Бачыш, навокал адны руіны… Як-небудзь перазімуем у бамбасховішчы альбо ў гарадской лазні. Нам не прывыкаць да нязручнасцей, не тое яшчэ раней перажылі! Галоўнае, што самі жывыя засталіся і дзеткі таксама. Пакуль яшчэ цёпла і на вуліцы перакантуемся. Ды й, мажліва, вайна хутка закончыцца. А ты як аб гэтым мяркуеш?

Роза тады нічога не адказала, а толькі ў адказ паціснула плячыма. Меркавала: кожны праўду знае, ды не кожны яе любіць! Яна лічылася стараннай хатняй гаспадыняй, выхоўвала дзетак, мыла, гатавала абеды для сваёй сям’і… І ніколі не лезла ў чужыя размовы, дзе фігуравала «палітычнае» пытанне. Добра ведала: як жонцы партыйца неабходна быць вельмі асцярожнай, каб не нашкодзіць Якаву. І сабе таксама. Бо яшчэ квітнеў час сталінскага хапуна, калі за нейкую дробязь маглі надоўга пасадзіць за краты, выслаць немаведама куды. Ці нават пазбавіць жыцця! Нягледзячы на маладыя гады, мудрая жанчына лічыла так: што не ўтрымаеш на сваім языку – на чужым ужо ніколі не зловіш!

* * *

Літаральна на другі дзень Роза вырашыла накіравацца на Гомельшчыну. Развіталася са сваімі суседкамі, зноўку горка заплакала. Незнаёмы шлях не толькі палохаў, але ж і трывожыў душу, хваляваў сэрца. Перахрысціўшы на развітанне будучую вандроўніцу і яе дзетак, цётка сардэчна параіла:

– Глядзі ж, мая даражэнькая, не бяры накірунак па агульнаму шляху, які да самых краёў напоўнены бежанцамі, ваеннай тэхнікай і салдацкімі калонамі. Трымайся бліжэй да лесу! Там можна своечасава затаіцца сярод рознага кустоўя і дрэў. І ягадкі,і шчаўе знойдзеце, галадаць не давядзецца!

– Дзякуй, цётачка Маруся, за слушныя парады, за клопат і цеплыню! – стрымліваючы салёныя слязіны, амаль прашаптала сухімі вуснамі маладая жанчына.

Хуценька выцерла з вабнага хударлявага тварыка мокрую гаркоту. Пільна зірнула ў самотныя шэрыя вочы спагадлівай суседцы, адразу прапанавала:

– Цётачка, міленькая! Пайшлі разам, а? І вам весялей, і нам будзе добры дарадчык у доўгай дарозе.

– Не, дзеткі, нікуды адсюль не пайду! Тут – родная зямліца, мой горад! – амаль замахала напрацаванымі рукамі немаладая кабета. – Як кажуць: на сваім сметніку і певень гаспадар. Вось так і я! Старой бабцы добра і ў шапцы.

…Яны вандруюць амаль ужо тыдзень. З такой малечай хутка не разгонішся! Яшчэ ж цяжкая торба за плячом таксама дасылае напамінак пра сябе. А на руках – маленькі Міхаська спіць… Начавалі там, дзе давядзецца. У лесе, у лузе, нават у полі каля старой скірды. Дзеткі заўсёды спалі моцным сном, а Роза ўсё ніяк не магла заснуць. Усё дзівілася на высокае зорнае неба, шукала поглядам Вялікую і Малую Мядзведзіцу. Думкі беглі навыперадкі, пакідаючы прыемныя ўспамінкі.

Не так даўно яна разам з мужам любавалася на гэты дзіўны зарапад са свайго ўтульнага балкона. Цішком ад сваіх дзяцей абдымаліся, пяшчотна цалаваліся, быццам юныя закаханыя. Нават не думалі тады пра вайну, разлуку, смерць… Будучыня ўяўлялася светлай і бесклапотнай. А што ім яшчэ трэба?! Маладыя, прыгожыя, закаханыя… І трое дзетак у кватэры – самы лепшы падарунак ад Усявышняга!

На балконе заўсёды квітнелі да позняй восені розныя кветкі, радавалі вочы, уздымалі настрой. Сінелі там і валошкі, якія вельмі ўпадабаў Якаў. Неяк прывёз ён букецік з валошак, ласкава папрасіў жоначку:

– Розачка! Калі кветкі засохнуць, калі ласка, не выкідай іх на сметнік! А засушы, каб у нас яны зацвілі ўвесну.

Яна так тады і зрабіла. Валошкі да самых маразоў сінім агеньчыкам дасылалі прывітанне з балкона, цешылі і радавалі душу…

* * *

…З самотных жаночых думак вывела чатырохгадовая дачушка, якая настойліва тузала за доўгую спадніцу. Скрывіўшы маленькія вусны, Сонечка паўтарала адну толькі фразу:

– Мамка, ты мяне чуеш ці не? Я ўжо есці хачу!

Роза, пагладзіўшы маленькай далонькай русявую галоўку, адразу супакоіла:

– Патрымайся крышачку, донечка, родненькая! Вось за тым крутым паваротам мы знойдзем зялёную палянку, дзе мноства кветачак, ягадак. І крыху адпачнём.

А сама журботна падумала: «У торбе ляжыць усяго некалькі сухарыкаў. Не першы дзень у дарозе. Што чакае наперадзе? Добра, што хоць старэйшы, шасцігадовы Янік, маўчыць, толькі раз-пораз каўтае сліну. Адразу бачна: таксама галодны! Але ж, як сапраўдны маленькі мужчынка, цярпліва маўчыць. Нічога не патрабуе. Галоўнае цяпер – хутчэй дабрацца да родных! А там, у той Сасноўцы, спадзяюся на гэтае, што з голаду не памром! Бульбы, капусты, цыбулі хопіць на ўсіх».

За паваротам убачылі жаданую зялёную палянку, дзе і прыселі адпачыць. Знайшлася і суніца, якую малыя адразу праглынулі, закусілі сухарамі. Падсілкаваўшыся, дзятва прылегла падрамаць у цяньку. Сон для кожнага чалавека, дарослага і маленькага, мілей салодкай цукеркі!

Роза вырашыла адкінуць убок дрымоту, бо ў лесе шмат чаго нечаканага здараецца. Таму сядзела адна на варце, чуйна прыслухоўвалася да лясных гукаў. Зусім побач спявалі сінічкі, як жоўта-зялёныя матылі лёталі паміж галінак. Грымеў на ўвесь лес доўгай дзюбай дзяцел. Нібыта вопытны лекар, усё нешта шукаў на старым дрэве пад карой… Нечакана трывожны голас падала дзесьці побач вёрткая сарока. Як пільны вартаўнік, яна заўсёды дасылае лясным насельнікам асаблівы і зразумелы знак трывогі. Відаць, дзесьці на сцежцы вастравокая птушка пабачыла чалавека, ці мо звера? Таму і гучна раскрычалася на ўвесь лес. Вось яна скокнула на галінку бярозы, заківала галавой. Відавочна, увагу прыцягнулі вандроўнікі, якія адпачывалі на паляне. На нейкі момант белабокая заціхла, вывучаючы дэталёва абставіны. Чорныя бліскучыя вочкі з цікавасцю бегалі туды-сюды. Вось яна пераскочыла ніжэй, на стары сук, ды зноўку затарахцела на ўсе лады. Мусіць, жадала папярэдзіць: «Людзі! Будзьце пільнымі і ўважлівымі. Зараз вас чакае непрыемны сюрпрыз!»

Роза міжволі здрыганулася, хутка намалявала сухой галінкай на траве вялізны крыж. Добра ведала: з сарокай звязана мноства народных прыкмет. Лічылася, што ў яе пад языком знаходзіцца кропля крыві цара пекла, таму людзі называлі яе птушкай д’ябла. Яшчэ, мажліва, крыху і пабойваліся. Бо птушка вяшчуе нават смерць, калі лётае над галавой чалавека, ці нават хатай! Цікава і тое, па біблейскіх паданнях, круцігалоўка была адзінай, якая не пажадала ўвайсці ў Ноеў каўчэг! Яна затаілася зверху, цішком насміхалася з гора спалоханых людзей…

Яшчэ старыя людзі казалі вось што: нельга махаць кіем, кідаць камень у гэтую птушку! Бо адразу адсохне рука. А вось цяжарная жанчына, калі пачуе стракаценне белабокай каля свайго двара, павінна перасядзець у хаце. У старажытныя часы лічылася, што ў вобраз сарокі можа пераўвасабляцца ведзьма…

Жанчына чула ад дасведчаных суседак яшчэ і такое: калі на дрэве, дзе зрабіла сабе гняздо шалахвостка, выразаць крыж, дык яна назаўсёды пакіне звыклае месца. Пры нечаканай сустрэчы неабходна плюнуць альбо скрыжаваць пальцы, каб непрыемнасці прайшлі бокам. А вось дзве птушкі, калі лятаюць разам, вяшчуюць чалавеку ўдачу. Калі сарока садзіцца на дрэва, альбо на нейкі дом – гэта добры знак! Яны ніколі не паваляцца.

* * *

Роза на нейкі момант пахаладзела ад страху. Не дай божа сустрэцца тут яшчэ з ваўком! Неяк чула, як Марцэла, таксама суседка-шчабятуха, паведаміла вось такую цікавую гісторыю пра сваю знаёмую. Працавала яна фельчарам ў сельскім ФАПе, а вечарамі тупала ў бок Мінску. Усяго нейкіх чатыры-пяць кіламетраў, але ж прыгод адбылося мноства. Аднойчы вярталася Вольгачка дадому. Здаецца, і не надта позна было. Але ўзімку вечаровы час уладарыў рана на вуліцы. Зімовы дзянёк – камаровы насок. Выйшла яна на знаёмую сцежку, абмінула вясковыя могілкі, шпарка пакрочыла далей. Раптам бачыць: зусім побач, збоку ад сцяжыны, бяжыць сабака. Прыпынілася, прыгледзелася. Не, не сабака. А сапраўдны воўк! Вочы блішчаць, нібы агеньчыкі ў печы. Спалоханая, маладзічка нават здранцвела. Перасіліўшы сябе, спакойна і ласкава павіталася з дзікім драпежнікам:

– Добры вечар! Вырашыў мяне правесці! Калі ласка, я не супраць. Ведаеш, сумна адной у полі, бывае часам і боязна. Зараз толькі зірну ў торбу, там ёсць для цябе пачастунак. Застаўся ад майго абеду і вячэры.

Знайшла ў пакеціку два бутэрброды з катлеткамі, добры акраец хлеба, ды й паклала каля сцяжыны, прама на снег. А сама – хуценька накіравалася далей. Спадзявалася: нежаданы спадарожнік, падсілкаваўшыся, знікне з поля зроку. Зусім. Воўк смела падышоў, абнюхаў пачастунак. У адзін момант імгненна праглынуў. І зноўку пашпацыраваў услед, толькі на адпаведнай ужо адлегласці.

Спалоханы медыцынскі работнік разважала: «Што рабіць? Калі пабегчы, драпежнік адразу скокне на плечы, перагрызе, як тую саломіну, яе тонкую шыю. Трэба нешта прыдумаць. Толькі вось што?»

Азірнуўшыся на ваўка, ласкава яму сказала:

– Відаць, бутэрброды табе, дружа, вельмі спадабаліся. Шкада, у партфелі болей нічога ўжо няма, адна касметычка, кніжкі… Не верыш? Зірні сам.

Вольгачка адчыніла партфельчык, прадэманстравала. І пайшла далей. Але ж не маўчала, гаварыла і гаварыла, быццам радыёпрыёмнік. Дружалюбна азіралася на свайго вячэрняга спадарожніка, адкрыта, шчыра ўсміхалася. Расказала ваўку пра хворых, пра іх характары, здольнасці. Нават успомніла сваю першую настаўніцу, студэнцкія гады… І недарэмна кажуць: прыемнае слова – вясенні дзень. Нават для таго ж драпежніка.

Вось так і дайшлі яны разам да самай ускраіны горада, які вабіў вочы і цешыў сэрца запаветнымі вулічнымі ліхтарамі. Прыпынілася Вольгачка, зірнула на ваўка, нізка яму пакланілася. Падзякавала за сустрэчу, за давер. Той, пастаяўшы крыху на адным месцы, моўчкі пасунуўся ў адваротным накірунку. А жанчына амаль подбегам кінулася на першую вуліцу, з палёгкай уздыхнула. У чарговы раз уславіла Усявышняга за тое, што збярог, даў надзею на жыццё…

* * *

З-за кудлатага куста вынырнуў высокі, барадаты мужчына. Моцны, крутаплечы, з сівізной на скронях, якая выбівалася з-пад саламянага брыля. У руках ён трымаў кошык з грыбамі. Заўважыўшы вандроўнікаў, падышоў бліжэй, паздароўкаўся, ды запытаўся:

– Бежанка?

Маладзічка толькі кіўнула ў адказ, спалохана азірнулася на дзетак, якія, адчуўшы стан маці, адразу прачнуліся.

– Ад вайны ўцякаеце? – цікавіўся незнаёмец і працягваў.– Будзьце асцярожнымі на адкрытай мясцовасці! Учора варожыя самалёты ўжо і тут уладарылі, калгасную вадакачку ўшчэнт разбамбілі.

Ён зняў саламяны брыль, вялікай насоўкай старанна працёр узмакрэлы лоб, больш пільна зірнуў на Розу. Тая аж сцялася, але выгляду не падавала. Хоць бы не запытаўся пра яе нацыянальную прыналежнасць! Хоць і баяцца няма чаго. Аблічча ў яе тыпова славянскае, а вочы – васільковыя. І валасы русявыя, крышачку нават кучаравыя, якія схаваліся пад белай хусцінкай. Малыя таксама русявыя, сінявокія. Зусім не падобныя на яўрэйскую сям’ю! Дакументы таксама станоўча аформлены. Каханы муж, Якаў, пастараўся. Акурат нядаўна зрабіў ёй новы пашпарт. З чужым прозвішчам… І «перахрысціў» жонку, назваў Наталляй. Растлумачыў: гэта – канспірацыя. Каб ніхто не здагадаўся, што яна – жонка партыйнага чалавека!

Але ж напалоханы верабейка і цёмнага кустоўя ўвечары баіцца. Так і яна. Ведала: вайна не шкадуе ні малых, ні старых. Вогненная хваля з грукатам паціху аддалялася, імкліва кацілася на ўсход. А ў лесе можна сустрэць не толькі ваўка, але і ворага, бандыта…

– Дзе ж твой гаспадар, а? І не забаяўся ён адпускаць у далёкую дарогу такую красуню з маленькімі дзеткамі? – з усмешкай пацікавіўся барадач. – Жанчына без мужчыны, як гарох пры дарозе! Кожны імкнецца нечым паласавацца…

– Пад руінамі загінуў у Мінску, – ціха адказала і апусціла вочы. Бо хлусіла. Не казаць жа праўду гэтаму «лесавіку», што муж – партыйны чалавек. Пры любых абставінах неабходна моцна сябраваць з розумам, трымацца прыстойна. Беражонага і сам Гасподзь зберагае!

Дзядзька заклапочана зірнуў на дзяцей, на маленькага Міхаську, нечакана параіў:

– Трымайся вось гэтага шляху! Выведзе да ціхай і маленькай вёсачкі. Там можна крыху адпачыць, падсілкавацца. У першую хату зазірні. Запомні: брама блакітнага колеру. Скажы, што, маўляў, Пятро Мох да вас прыслаў. Сваячка там мая жыве, Мар’яша. Добрая кабета. Упэўнены, не адмовіць, прывеціць. І паліцаі туды рэдка зазіраюць!

Потым мужчына палез у кішэню, дастаў адтуль ладны кусок цукру, з усмешкай працягнуў Розе:

– Вось, вазьмі дзятве салодкі пачастунак. Выбачай, больш нічога ў мяне сёння няма. А я патупаю далей, вунь у той сасоннік. Людцы кажуць, там мноства грыбоў. Шчаслівай дарогі. Беражы дзетак. Яны – найлепшае нашае багацце ў жыцці! Бывайце!

Узмахнуўшы моцнай рукой, Пятро хутка знік за алешнікам.

* * *

Як і казаў Пятро Мох, Мар’яша прыветліва сустрэла нечаканых гасцей. Гэта была яшчэ не старая кабета, гадоў за сорак. Невысокая, хударлявая. Апранута была па-сялянску проста, але чыста. Але самае галоўнае, не лезла ў душу з рознымі роспытамі, нічым не цікавілася. Толькі запыталася:

– Вы гараджане? Ад вайны ўцякаеце?

Роза кіўнула ў адказ. Цень трывогі хмаркай зноўку прабег па яе мілавідным абліччы, затаіўся ў вачах. Гападыня больш нічым не цікавілася. Яна запрасіла падсілкавацца тым, што бог даў. Вандроўнікі адразу памылі рукі, прыселі за абедзенны стол. Духмяная бульбачка з агуркамі былі ў той вечар самымі цудоўнымі пачастункамі на свеце!

Спаць паклалі прама на падлозе, на духмяным сене. Вольнага месца ў хаціне не знайшлося. Сямейка Мар’яшы налічвала пяцёра чалавек. Дзеціпадлеткі, свякроўка са свёкрам уклаліся на ложках, на драўлянай канапе. Сама гаспадыня залезла на шырокую печ. Доўга там варочалася, ўздыхала і нарэшце заснула. Толькі маладой вандроўніцы не спалася! Занепакоеная, яна ўсё думала пра свайго мужа, трывожылася. Хоць бы жывым застаўся Яшка! У дваццаць чатыры гады лічыцца ўдавой, з маленькімі дзеткамі, ды яшчэ без жылля і матэрыяльнай падтрымкі – не надта прыемнае становішча! І як яшчэ іх сустрэнуць у той далёкай вёсцы, дзе чакае адна невядомасць…

Пад раніцу разбудзіў моцны стук у акно. Гаспадыня, наспех апрануўшыся, выбегла ў сенцы. Праз хвіліну ў хаце з’явіліся паліцаі, а з імі – чалавек у чорным мундзіры. Адзін з іх – нахабны, самаўпэўнены, з шырокім, як засланка, тварам, тыцнуў кручкаватым пракураным пальцам у бок Розы і яе дзяцей:

– Хто такія? – запытаўся грозна.

– Гэта – бежанцы, Мікіта Макаравіч! – спакойна адказала Мар’яша. – Вось папрасіліся ўчора ўвечары да нас пераначаваць. Дазволіла. А што такое, чаму так рана прыляцелі ў нашу вёску? Штосьці здарылася на чыгунцы?

– Не, нічога асаблівага не адбылося, чарговы агляд вясковых хат, – супакоіў знаёмец.

«Чорны мундзір», затрымаўшы цяжкі позірк на спалоханай Розе, паправіў фуражку. Глуха гыркнуў паслугачу:

– Юда, кіндар…

Той адразу кінуўся да Яніка, сцягнуў уніз штонікі… Дзеці заплакалі.

– Не, пан афіцэр, не абразаны. Беларускі хлопчык! – амаль весела адказаў Мікіта.

А сам запытаўся ў збялелай маладзіцы:

– Дзе дакументы? Давай сюды, хутчэй пакажы! Чаго так спалохалася, прыгажуня? Няўжо я такі страшэнны на выгляд, а? Ха-ха-ха! Многія маладзіцы ад мяне ў захапленні, бо мужыкоў няма…

Роза спакойна, нетаропка падала дакуметы. Адчувала: галоўнае зараз – заціснуць сваё хваляванне ў зубах. Вытрымаць, не выдаваць сябе, каб не нарадзілася падазронасць у ворагаў. Няхай дзівяцца! Прозвішча ў пашпарце значыцца іншае, чым на самай справе.

– Так, значыць, Лямкова Наталля Мікітаўна! Нацыянальнасць – беларуска. Куды трымаем накірунак? – пытаецца шустры паліцай, міргнуўшы Розе-Наталлі.

– Да родных, на Гомельшчыну! Дом у Мінску ператварыўся ў руіны, а жыць нам няма дзе. У мяне ж маленькія дзеткі, а лецейка хутка пралятае. Не заставацца ж на вуліцы, у нейкім будане ўзімку! – спакойна адказала жанчына, зірнуўшы прама на паліцая.

– А муж твой, прыгажуня, дзе забарыўся? – цікавіцца далей фашысцкі прыслужнік, хітра прымружыўшы нахабна-пажадлівыя вочы.

– Сабакам сена косіць! – літаральна выдавіла з сябе ўсмешлівая вандроўніца.

Раздаўся дружны рогат у хаце. Смяяліся паліцаі бадзёра і гучна. Было бачна: весяліліся ад усёй душы.

Атрымаўшы ад гаспадыні ладны кавалак сала, бутэльку «вогненнай вадзіцы», задаволеныя пакінулі хату. Адчувалася, «ганарары» ворагам спадабаліся.

Мар’яша, зірнуўшы на вокны, толькі ціха прамовіла:

– Роза! Паслухайце, калі ласка, маю параду! Вам трэба сягоння тэрмінова знікаць! Абавязкова! Гэты сыты Адась-лавелас, добра адчуваецца, вока на вас паклаў, як на вабную жанчыну! Спакою не будзе, пакуль не атрымае сваё! Гэты гад ужо шмат падмяў пад сябе жанчын, да дзяўчат нават дабраўся! Умывайце хутчэй дзетак, будзем усе снедаць. А потым – падрыхтую для вас маленькія пачастункі: хлеб, агуркі, яблыкі… А вось сала перакладу крапівай, каб не сапсавалася ў дарозе.

Роза добра ведала: Мар’яша мае рацыю. Трэба ўцякаць з лясной вёсачкі! І тэрмінова браць накірунак да цёткі Моці. Мажліва, засталося ўсяго нейкіх пятнаццаць кіламетраў да той Сасноўкі, дзе яна жыве. Не надта доўгі шлях. Можна ўжо смела лічыць: усё горшае засталося ў мінулым. А наперадзе – новыя клопаты і сустрэчы…

Калі цвіла чаромха (зборнік)

Подняться наверх