Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 10

Глава 2. Якушоўскі перыяд
Фарміраванне светапогляду Канстанціна Каліноўскага ў час навучання ў Свіслацкай гімназіі

Оглавление

Мяжа 1840–1850-х гадоў у свеце з’яўлялася перыядам, калі пульс гісторыі моцна паскорыўся. Прамысловы пераварот з яго станкамі і паравымі машынамі на прадпрыемствах, новымі галінамі прамысловасці; навуковыя вынаходніцтвы, кшталту фатаграфіі, тэлеграфа або чыгункі, якія перасталі быць здабыткам эліты і знаходзілі адлюстраванне ў жыцці вялізнай колькасці людзей.

Гады навучання Канстанціна Каліноўскага ў Свіслацкай гімназіі сваім пачаткам супалі з агульнаеўрапейскай “Вясной народаў”, а завяршыліся на фоне Крымскай вайны.

У Еўропе адбываліся неймаверныя сацыяльныя зрухі, якія выліліся ў рэвалюцыі ў Францыі, Аўстрыйскай імперыі, Швецыі, на землях Германіі, італьянскіх дзяржаў, і нават закранулі Бразілію ў Лацінскай Амерыцы. З мэтаю прадухілення іх распаўсюджвання, у Венгрыю былі накіраваны рускія войскі. Выступленні ўрэшце пацярпелі паражэнне, але іх уплыў на свядомасць новага пакалення прадвызначыў пашырэнне левых сацыялістычных ідэй.[105]

Усяго праз чатыры гады пасля “Вясны народаў” Еўропа чарговы раз ускаланулася. Падставаю да гэтага стала Крымская вайна, у якую супраць Расіі на баку Асманскай імперыі выступілі Францыя і Англія. На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай вайна ўспрымалася з вялікай надзеяй як магчымасць дапамогі з боку замежных дзяржаў. Узгадкі пра яе пазней знайшлі адлюстраванне і ў “Мужыцкай праўдзе”, якую выдаваў Каліноўскі.[106]

Да таго ж у Свіслацкай гімназіі, некалі базавай для Віленскага ўніверсітэта, як нідзе ў іншай навучальнай установе краю заставалася моцная памяць пра пакаленне таемных арганізацый філаматаў і філарэтаў,[107] якія марылі пра адраджэнне Рэчы Паспалітай. Але ў адрозненне ад папярэднікаў, сярод новага пакалення, таксама выхаванага ў межах “польскай культуры”, назіраецца новая з’ява – у 1840-я гады ў літаратуры пашыраюцца тэрміны “Беларусь”, “беларусы”,[108] пацвярджэннем чаго з’яўляецца выдадзены ў 1837 годзе ў Пецярбургу трохтомнік на польскай мове “Вершаваныя творы трох братоў, Валяр’яна, Клеменса, Юльяна Грымалоўскіх, беларусаў”. У дадатак да “ліцвінскай” ідэнтычнасці жыхароў колішняга Вялікага Княства Літоўскага сярод шляхты пашыраецца “беларуская”, што не магло застацца па-за ўвагай Канстанціна Каліноўскага, выхаванага ў цесных стасунках з сялянскім асяродкам вёскі Мастаўляны.

Моладзь Беларусі і Літвы ў дадатак да твораў Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, У. Сыракомлі чытае забароненыя ананімныя вершаваныя сачыненні на беларускай мове, такія як “Энеіда навыварат”. Папулярнымі становяцца фальклорныя творы, якія перакладаюцца таксама на польскую мову, выступаюць прыкладам для аўтарскіх прац, як паэма “Марына” або аповесць “Нечаканы госць” Аляксандра Грозы (1807–1875), выдаўца альманаха “Rusałka”. У іх прысутнічае моцны антыпрыгонніцкі пасыл, аб чым сведчылі папулярныя для свайго часу вершы і эпіграмы былога выкладчыка лацінскай мовы Мінскай гімназіі, які страціў зрок, Ігната Легатовіча (1796–1867). Адзін з іх быў прысвечаны памерламу Леану Оштарпу, маршалку Мінскай губерні, які вылучаўся жорсткім стаўленнем да прыгонных сялян:

“Са смерцю Оштарпа

Усё інакшым стане:

Панове кінуць піць,

Пачнуць есці сяляне”.[109]


Аднак магістральнай ідэяй сярод моладзі, у тым ліку вучняў Свіслацкай гімназіі, усё ж выступала не думка пра адмену прыгоннага права, а аднаўленне колішняй Рэчы Паспалітай. Канстанцін Каліноўскі наўрад ці ў гэтым плане моцна адрозніваўся ад сваіх сучаснікаў. Але яго з агульнай масы вылучалі ўласны досвед знаёмства з сялянскім жыццём, дасканалае веданне беларускай мовы і паходжанне “сына ткача”, што магло выступаць падставаю для зараджэння тых ідэй, якія пазней знайшлі адлюстраванне ў яго дзейнасці.

Пасля набыцця Сымонам Каліноўскім маёнтка Якушоўка яго пасталеўшы сын Канстанцін сутыкнуўся і з агіднасцю прыгонніцкай сістэмы, якая заставалася па-за яго дзіцячай увагай у Мастаўлянах. Адмоўнае стаўленне да яе яшчэ больш узмацнілася падчас навучання ў гімназіі, дзякуючы ўплыву брата Віктара, чытанню нелегальнай літаратуры і абмеркаванням на таемных сходах гімназістаў. Аднак нішто не магло паўплываць на свядомасць падлетка так істотна, як трохгадовы перыяд (1852–1855), напрацягу якога ён вымушаны быў дапамагаць у сямейным кіраванні маёнткам.

105

У 1848 годзе Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс напісалі “Маніфест камуністычнай партыі”.

106

Згадкі пра дапамогу “пранцуза” маюцца ў № 2, 3, 5 і 7 “Мужыцкай праўды”. У № 3 пазначана: “Калі Пранцуз пад Свістаполем заўсім пабіў маскаля, то для таго, каб маскаль не меў сілы і грошы, прыказаў народаві даці вольнасць, не браць рэкрутаў і вялікіх падаткаў. Маскаль згадзіўся на гэта, бо думаў, што народ дурны і патрапіць яго ашукаці!”.

107

Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 31.

108

Хаўстовіч, М.В. Гісторыя беларускай літаратуры 30–40-х гг. ХХ ст. / М.В. Хаўстовіч – Мн.: БДУ, 2001. – С. 8.

109

Хаўстовіч, М.В. Гісторыя беларускай літаратуры 30–40-х гг. ХХ ст. / М.В. Хаўстовіч – Мн.: БДУ, 2001. – С. 50.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх