Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 6

Глава 1. Мастаўлянскі перыяд
Пачатак фарміравання светапогляду Канстанціна Каліноўскага

Оглавление

Канстанціну Каліноўскаму было ўсяго пяць гадоў, калі памерла яго маці. Які ўплыў аказала Вераніка на малодшага сына? Наўрад ці гэта былі ідэалістычныя ўяўленні кшталту “з малаком маці ўбіраў Каліноўскі таксама беларускія быліны і песні, легенды і паданні, прымаўкі і прыказкі, у якіх жылі народныя думкі і пачуцці, надзеі і трывогі, гнеў і любоў”.[59] У яе жыцці, штодня насычаным побытавымі турботамі і клопатамі пра шматлікіх дзяцей, проста не заставалася вольнай хвіліны. Аднак відавочна, што яе смерць наклала моцны адбітак на свядомасць малодшага сына.

Некалькі гадоў пасля смерці першай жонкі Сымону прыходзілася займацца арандаваным маёнткам і фабрыкай, таму дагляд дзяцей узяла на сябе іх бабуля Тэрэзія. Ці стала яна той асобай, якая пазнаёміла ўнукаў з народным фальклорам, або гэта адбылося непасрэдна праз жыхароў Мастаўлян? Незалежна ад гэтага, фактам застаецца, што абарона Канстанцінам Каліноўскім правоў сялян “павінна была грунтавацца на перажываннях часоў яго дзяцінства”.[60]

Вялізны ўплыў аказваў на Канстанціна яго брат Віктар, які, нягледзячы на дрэннае здароўе, заўсёды адрозніваўся сваімі разумовымі здольнасцямі. З ранняга дзяцінства ён зрабіўся абаронцам малодшага брата і адстойваў яго ў канфліктах з бацькам і мачыхай, якая, на фоне трагічных жыццёвых падзей, была празмерна рэлігійная.

Каліноўскія ніколі не вылучаліся і сваёй шляхетнасцю. Імкненне ж бацькі зацвердзіць усю сям’ю ў дваранскім званні было звязана больш з ільготамі, якія гэта магло даць для развіцця фабрыкі, і з’яўлялася яго асабістаю мараю. Тым больш абразлівае “ткач” у адносінах Сымона Каліноўскага абмяжоўвала прыманне яго родных у кола шляхетных сем’яў, што, у сваю чаргу, нараджала непрыязь да гэтага саслоўя ў свядомасці сына Канстанціна.

Нягледзячы на тое, што старэйшы Каліноўскі ўсяляк дыстанцыраваўся ад удзелу ў любых формах супраціву ў адносінах да ўлад Расійскай Імперыі, у яго сям’і звычайнымі былі тыя ж размовы, якія хвалявалі жыхароў усяго краю, – пра магчымасць аднаўлення Рэчы Паспалітай, пра яе спадчыну, герояў змагання Тадэвуша Касцюшку, Шымона Канарскага і Міхала Валовіча. Тут чыталіся тыя ж творы, што хвалявалі іншых, – Іахіма Лелявеля, Тэадора Нарбута, Адама Міцкевіча.

Дзякуючы наяўнасці ў Мастаўлянах фабрыкі, Канстанцін Каліноўскі з дзяцінства засвоіў розніцу паміж наёмнымі і прыгоннымі, пачаў адчуваць, у чым сэнс мужыцкай праўды.

У сям’і Каліноўскіх у звычайным маўленні карысталіся польскай мовай,[61] насычанай беларусізмамі, аднак стасункі з вясковым насельніцтвам, якое жыло і працавала на землях маёнтка Мастаўляны, вымагалі ад арандатараў ведання мясцовай гаворкі, якая ў выпадку Канстанціна Каліноўскага была засвоена ім дасканала з самага маленства. Гэты досвед стаў падставай для замацавання за ім мянушкі chłop (“мужык”)[62] у студэнцкія гады.

Канстанцін Каліноўскі з дзяцінства гартаваўся чуллівай, уражлівай асобай з моцным імкненнем да абароны справядлівасці і непрымання крыўды.

59

Шалькевіч, В.Ф. Кастусь Каліноўскі / В.Ф. Шалькевіч. – Мн.: Газ. “Голас Радзімы”, 1985. – С. 19.

60

Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 28.

61

Пра гэта сведчаць лісты сясцёр Канстанціна Каліноўскага – Казіміры Багушэвіч і Марыі Плаўскай. LVIA. – F. 1135. – Ap. 4. – B. 381. – L. 1–3v. Таксама свае паказанні следчай камісіі на польскай мове даваў Сымон Каліноўскі, у адрозненне ад Канстанціна, які даваў іх па-руску. НГАБ у г. Гродна. – Ф. 3. – Воп. 3. – Спр. 2. – Арк. 336–337.

62

Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857–1865. – T. 1. – Wilno, 1913. – S. 220.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх