Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 13

Глава 3. Студэнцкія гады
У Пецярбургскім універсітэце

Оглавление

Пасля паспяховай здачы іспытаў, Канстанцін Каліноўскі 15 кастрычніка 1856 года быў залічаны ў лік “своекоштных студентов” І курса разраду камеральных навук Пецярбургскага ўніверсітэта.[130] А на наступны дзень ён, на падставе прадстаўленага ім пасведчання аб цяжкім матэрыяльным становішчы, быў вызвалены ад платы за слуханне лекцый.

У гэты час у Пецярбургскім універсітэце, які вёў сваю гісторыю з 1819 года, навучалася 478 студэнтаў. 395 з іх з’яўляліся “своекоштнымі”. Каліноўскі быў адным са 141 студэнта разраду камеральных навук,[131] на якім рыхтавалі гаспадарчых і адміністрацыйных служачых.

Сусветную гісторыю Каліноўскаму чыталі Міхаіл Мацвеевіч Стасюлевіч (1826–1911) і Міхаіл Сямёнавіч Куторга (1809–1886); рускую гісторыю ён слухаў на лекцыях Мікалая Герасімавіча Устралава (1805–1870), вядомага сваёй зацікаўленасцю да асобы Пятра І, Мікалая Іванавіча Кастамарава (1817–1885), удзельніка колішняга Кірыла-Мефодзіеўскага таварыства і прыхільніка панславізму, даследчыка Украіны, які адзначаў, што “руская народнасць не адзіная”.[132] Вялікай папулярнасцю ў студэнтаў карыстаўся гісторык Іван Яфімавіч Андрэеўскі (1831–1891), які выкладаў паліцэйскае права і быў вядомы сваім красамоўствам, падтрымкай свабоды асобы і грамадскага самакіравання. У той жа час развіццю поглядаў Каліноўскага садзейнічалі і лекцыі рускага эканаміста Івана Якаўлевіча Горлава (1814–1890), які выступаў супраць умяшальніцтва дзяржавы ў справы сялян і памешчыкаў, лічыў, што ў выпадку адмены прыгону сяляне павінны выкупляць не толькі зямлю, але і зямельныя павіннасці. Рускі заолаг і мінералог Сцяпан Сямёнавіч Куторга (1805–1861) першы ў Расійскай Імперыі падчас сваіх лекцый знаёміў з тэорыяй Дарвіна. Прафесар грамадзянскага права і судаводства Канстанцін Дзмітрыевіч Кавелін (1818–1885) быў вядомым у студэнцкім асяродку сваімі публікацыямі, у прыватнасці “Запіскаю” з заклікам да вызвалення сялян з зямлёю, надрукаванай А. Герцэнам і М. Чарнышэўскім.

У 1858/1859 навучальным годзе Каліноўскі праслухаў курс лекцый крымінальнага права прафесара Уладзіміра Спасовіча.[133] Важнасць гэтых лекцый заключалася ў тым, што на іх упершыню пасля смерці Мікалая І студэнты знаёміліся з філасофіяй. Спасовіч, з’яўляючыся прыхільнікам Гегеля, распавядаў пра найбольш важныя філасофскія сістэмы – ад Бэкана і Дэкарта да Бентама.[134] Яго заняткі, якія вылучаліся красамоўствам і былі насычаны цытатамі, знаходзілі жывы водгук у студэнтаў. Так, распавядаючы пра тэорыю грамадскага дагавора, прапанаваную ў эпоху Асветніцтва і развітую Іаганам Готлібам Фіхтэ, Спасовіч адзначаў: “Дзяржава не ўзнікла з дагавора, але ёсць некаторыя падставы, каб гіпотэзу дагавора, якую Фіхтэ змяшчаў у мінулым, можна было прымяніць і да будучыні. З поспехамі цывілізацыі мы з кожным векам набліжаемся болей і болей да такой пабудовы дзяржавы, якая заснавана на зусім свабодных адносінах паміж дзяржавай і асобай. Дзяржава паходзіць з неабходнасці, узнікла амаль паўсюдна пры дапамозе заваявання, пры дапамозе гвалтоўнага падпарадкавання адных плямён іншымі; але ў рэшце рэшт асоба прыходзіць да ўсведамлення, што дзяржава існуе толькі для асобы і ёсць адзінае магчымае асяроддзе для яе развіцця”.[135] Менавіта гэтыя словы маглі знайсці адлюстраванне ў “Мужыцкай праўдзе”, у № 4 якой адзначана, што “не народ зроблены для ронду, а ронд для народу”.

Ад Спасовіча студэнты даведваліся пра многія новыя ідэі, як, напрыклад, пра дзейнасць і погляды англійскага сацыяліста-ўтапіста Роберта Оўэна, пра вучэнні і ўтопіі Сэн-Сімона, Фур’е, Леру, адкрывалі свет Канта, Фіхтэ, Гегеля, Міля, Прудона, Шапенгаўэра. Як адзначае В. Шалькевіч, лекцыі У. Спасовіча не толькі знаёмілі Каліноўскага са шматлікімі філасофскімі думкамі, але і сталі для яго штуршком да паглыбленага вывучэння філасофіі.[136]

Сам жа Спасовіч быў сябрам І. Агрызкі, які выдаў яго падручнік па крымінальным праве. Пазней Міхаіл Мураўёў, разумеючы ўплыў прафесара на студэнтаў, што далучыліся да паўстання 1863–1864 гадоў, адзначаў: “Спасовіч больш яго [І. Агрызка] вінаваты, але застаўся цэлым, таму што не патрапіла ніводнай літары, напісанай яго рукой…”.[137]

Акрамя таго, Каліноўскі атрымліваў веды па палітычнай эканоміцы, статыстыцы, логіцы, псіхалогіі, батаніцы, сельскай гаспадарцы, тэхналогіі, архітэктуры, рускай і французскай мовах.

У 1857 годзе пасля прызначэння новым апекуном Пецярбургскага навучальнага корпуса князя Г. Шчарбатава замест мікалаеўскага М. Мусіна-Пушкіна ў Пецярбургскім універсітэце быў павялічаны набор да 600 студэнтаў. На лекцыі быў адкрыты свабодны доступ усім слухачам, нават жанчынам. Змянялася і студэнцкая мода: адзнакаю студэнта заставаліся студэнцкія сурдуты з сінімі каўнерамі, але трохвуголкі і шпагі выходзілі з ужытку. Моладзь пачала насіць доўгія валасы і вусы, нават была адменена забарона паліць тытунь у будынку ўніверсітэта. Дазваляліся сходы для абмеркавання спраў, стварэнне ўласнай бібліятэкі, выданне студэнцкіх зборнікаў навуковых артыкулаў.

У выбарах рэдкалегіі, якія праходзілі 23 лютага 1857 года, удзельнічалі ўсе студэнты, у тым ліку і Канстанцін Каліноўскі.[138] У 1858 годзе колькасць слухачоў Пецярбургскага ўніверсітэта павялічылася да тысячы: “Павелічэнне колькасці жадаючых паступіць ва ўніверсітэт дала магчымасць кіраўніцтву быць больш разборлівым і строгім пры ўступных экзаменах. Пры пачатку цяперашняга акадэмічнага года цэлая трэць з агульнай колькасці жадаючых паступіць ва ўніверсітэт не была прынята. Затое пры заканчэнні выпускных экзаменаў у 1858 годзе дзве трэці тых, хто скончыў курс, атрымалі ступень кандыдата”.[139] Аднак у гэты час перад Канстанцінам Каліноўскім паўстала праблема далейшага працягу адукацыі.

130

Кісялёў, Г. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага / Г. Кісялёў // З думай пра Беларусь. – Мн.: Беларусь, 1966. – С. 102.

131

Никитенко, А. Отчет о состоянии императорского Санкт-петербургского университета и деятельности его ученаго сословия в продолжение 1856 года / А. Никитенко. – Санкт-Петербург, в типографии Эдуарда Веймара, 1857. – С. 26.

132

Костомаров, Н.И. Две русские народности (Письмо редактору) / Н. И. Костомаров // Основа. – СПб., 1861. – № 3. – С. 33–80.

133

Спасовіч Уладзімір Данілавіч (1829–1906) нарадзіўся ў Рэчыцы, скончыў Мінскую гімназію, а ў 1849 годзе юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе ў 1857 годзе стаў прафесарам крымінальнага права. Карыстаўся вялікай папулярнасцю ў студэнтаў, пратэсты якіх падтрымаў у 1861 годзе. Разам з шэрагам прафесараў пакінуў універсітэт і заняўся адвакацкай дзейнасцю. Удзельнік найбольш значных палітычных працэсаў у Расійскай Імперыі, такіх як суд над Сяргеям Нячаевым і працэс 193-х. У 1885 годзе быў абаронцам па справе польскай партыі “Пралетарыят”, а ў 1887 годзе па справе першага перакладчыка “Капітала” К. Маркса на рускую мову Германа Лапаціна. Спасовіч стаў прататыпам Фецюковіча ў рамане Ф. Дастаеўскага “Браты Карамазавы”.

134

Шалькевіч, В.Ф. Кастусь Каліноўскі / В.Ф. Шалькевіч. – Мн.: Газ. “Голас Радзімы”, 1985. – С. 87.

135

Спасович, В. Учебник уголовного права / В. Спасович. – Санкт-Петербург: в типографии Иосафата Огризко, 1863. – Т. 1 (Выпуск первый). – С. 31–32.

136

Шалькевіч, В.Ф. Кастусь Каліноўскі / В.Ф. Шалькевіч. – Мн.: Газ. “Голас Радзімы”, 1985. – С. 92.

137

Цыт. паводле: Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич. – Мн.: Университетское, 1988. – С. 95.

138

Там жа, с. 75.

139

Добролюбов, Н.А. Отчет С.-Петербургского университета за 1858 год / Н.А. Добролюбов // Собр. соч. в 9 т. – М. – Л., 1962. – Том 4. Статьи и рецензии. – Январь-июнь 1859. – С. 276.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх