Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 2

Каліноўскі – двухаблічны Янус

Оглавление

Увечары 21 студзеня (2 лютага па новым стылі) 1838 года ў Мастаўлянах Гродзенскага павета (сёння – тэрыторыя Польшчы, на самай мяжы з Беларуссю) у сям’і Сымона і Веранікі Каліноўскіх нарадзіўся сын, названы ў гонар каталіцкага святога Вінцэнта Сарагоскага.[1] Аднак заведзеная ў даўнія часы звычка атрымання дзіцём імя святога ў залежнасці ад дня нараджэння не заўсёды падабалася бацькам. Таму малым часта надавалі другое і нават трэцяе імя, як, напрыклад, у выпадку Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. І пасля таго, як 6 лютага ў парафіяльным касцёле мястэчка Ялоўка немаўля ахрысцілі Вінцэнтам, 4 красавіка ксёндз Францішак Кажанеўскі ахрысціў яго яшчэ імем Канстанцін.[2] Гэтае апошняе імя Каліноўскі найперш выкарыстоўваў у адносінах са сваякамі і сябрамі. Вінцэнтам жа Канстанцін пазней стаў падпісваць афіцыйныя паперы, і, быццам старажытнарымскі бог Янус, меў два ўвасабленні – адно ў адносінах з дзяржавай, другое – для самых блізкіх людзей. Так ужо з маленства гартавалася асоба таленавітага канспіратара, кіраўніка паўстання ў Беларусі і Літве.

Пакінуты Каліноўскім след быў настолькі глыбокі, што на роднай Свіслаччыне памяць аб ім перарасла ў легенду, якая пераказвалася былымі ўдзельнікамі паўстання з ліку сялян: “З’яўляўся ён у апавяданнях у якасці быццам бы дабрачыннай сілы, якая несла сялянам дапамогу, прамаўляла ім праўду і здзяйсняла справядлівасць”.[3] Называўся ён “Кастусь” (Kastuś), які б так і застаўся фальклорным рэгіянальным героем, каб не час вялікіх зрухаў перыяду Першай сусветнай вайны, калі ў 1916 годзе Вацлаў Ластоўскі ўзгадаў пра “справядлівага”, назваўшы яго “Касцюк”.[4] Затым у 1919 годзе была спроба Івана Цвікевіча надаць яму імя “Констант”.[5] Пакуль, нарэшце, дзякуючы Максіму Гарэцкаму,[6] за ім не замацавалася менавіта “Кастусь”, якое прагучала ў лекцыях, чытаных Усеваладам Ігнатоўскім у 1922/1923 навучальным годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.[7] Аднак ні манаграфія М. Гарэцкага па гісторыі беларускай літаратуры, ні А. Луцкевіч з яго “Костусем”,[8] ні навукова-папулярныя артыкулы і лекцыі У. Ігнатоўскага не зрабілі найважнейшую справу па замацаванні за Каліноўскім імя Кастусь. У першую чаргу гэта дасягненне Беларускага дзяржаўнага тэатра, які толькі за сезон 1923 года 10 разоў паказаў спектакль “Кастусь Каліноўскі” рэжысёра Еўсцігнея Міровіча.[9] На яго падставе павінен быў выйсці першы беларускі фільм. Але ў тых умовах не знайшлося кампетэнтнага рэжысёра,[10] таму праект быў рэалізаваны толькі ў 1927 годзе рэжысёрам Уладзімірам Гардзіным, дзякуючы якому асоба Каліноўскага стала шырока вядомай і за ёй замацаваўся вобраз змагара, барацьбіта за інтарэсы простага народа. Актуальнасць тэмы ва ўмовах раз’яднанай Беларусі другой паловы 1920-х гадоў прадвызначыла поспех фільма.

Народнае імя Кастусь, з’яўляючыся варыянтам рускага Константин і польскага Konstanty, было простым у вымаўленні і зразумелым, перш за ўсё, беларускаму селяніну. Не дзіва, што польскі гісторык Віктар Кардовіч прыйшоў да наступнай высновы: гэтае імя, “зневажальнае ў шляхецкіх колах, абуджала надзею ў сялянскіх масах” і зрабілася “сімвалам барацьбы за агульнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа”.[11]

У пачатку 1990-х гадоў на хвалі пераасэнсавання беларускай гісторыі ў нацыянальным рэчышчы асабістае імя Каліноўскага з’явілася падставаю для крытыкі. Ужыванае Кастусь было названа “далёкімі вынікамі русіфікатарскай палітыкі царскіх улад на Беларусі”.[12] У якасці імя Каліноўскаму намагаліся прыпісаць толькі Вікенцій,[13] спасылаючыся на яго прашэнні да рэктара падчас навучання ў Пецярбургскім універсітэце. Але гэтыя спробы так і засталіся спробамі, паколькі, па трапнай заўвазе даследчыка жыцця Каліноўскага Генадзя Кісялёва, імя Кастусь ужо замацавалася ў традыцыях беларускага народа.[14]

Спрэчкі наконт імя працягнуліся ў канцы 2000-х гадоў. Толькі ў адрозненне ад пошукаў пачатку 1990-х гадоў, калі вобраз Каліноўскага праз яго імя імкнуліся ўзмацніць да вобразу беларускага нацыянальнага героя, на гэты раз асабістае імя выступіла паказчыкам таго, што ён “быў палякам і выкарыстоўваў менавіта польскую форму напісання”[15] – Вікенцій (Вінцэнт), у той час як Канстанцін, а “дакладней Канстанты”,[16] ён пачаў ужываць толькі падчас паўстання 1863–1864 гадоў. Насамрэч, нягледзячы на тое, што асноўную частку дакументаў на рускай мове Каліноўскі сапраўды падпісваў “Вікенцій” або “В.”, ён таксама распісваўся і “Вікенцій Канстанцін”, як на прашэнні на імя рэктара ад 1 жніўня 1856 года або пад паказаннямі Віленскай асобай следчай камісіі ад 30 студзеня 1864 года.

У афіцыйных дакументах ён, у адпаведнасці з уласнай метрыкай, называўся менавіта “Вікенцій-Канстанцін”, як пры прыёме ва ўніверсітэт 5 кастрычніка 1856 года, або “Вікенцій Канстанцін Сямёнаў сын”, як у дыпломе. У следчых жа дакументах паўстання 1863–1864 гадоў Каліноўскі ў пераважнай большасці момантаў названы “Канстанцін”.[17] У іншым выпадку, пры звароце следчых да сяброў Каліноўскага, адзначалася, што ён “не Вікенцій, а Канстанцін”.[18] Пад гэтым імем ён фігуруе ва ўспамінах і гістарычных працах сваіх сучаснікаў А.М. Масолава, В.Ф. Ратча, Я. Гейштара, А. Гілера, Ю. Яноўскага. Так жа яго называюць сёстры Казіміра-Ізабэла Багушэвіч і Марыя Плаўская ў лістах да краязнаўцы Людвіга Чарноўскага.[19] На падставе гэтай інфармацыі Чарноўскі склаў даведку пра Каліноўскага для выдадзеных у 1913 годзе ўспамінаў Якуба Гейштара, дзе той названы “Konstanty-Wincenty”,[20] пры гэтым у самім тэксце мемуараў ужываецца толькі першае імя. Але, што больш істотна, у гонар Канстанціна Каліноўскага назваў сына, народжанага 31 мая 1890 года,[21] яго брат Міхаіл.

Ці было ва ўжыванні ў афіцыйных паперах аднаго імя, а ў пабытовым жыцці – другога нешта большае, чым тое, што намагаюцца яму надаць, ажно да вызначэння “ідэнтычнасці” Каліноўскага? Наўрад ці. З такім жа разлікам за выкарыстаннем у справаводстве імя “Вікенцій” і “В.” можна ўбачыць прыхаваны выклік бацьку, бо подпіс “Сымонаў сын”, акрамя дыплома, не сустракаецца больш ні разу. Або можна разгледзець у гэтым сувязь са старэйшым братам Віктарам, да якога Канстанцін намагаўся быць падобны і жыццё якога фактычна працягнуў, як вынік – некаторыя сучаснікі бачылі ў Каліноўскіх абагульнены вобраз “апостала”.[22]

Імя Каліноўскага – адзін з самых яскравых паказальнікаў барацьбы, якая вядзецца вакол яго: “Разгарніце кнігі – гэта нават не спрэчка пра Каліноўскага, гэта сапраўдная бітва за Каліноўскага”.[23] У выніку змагання згубілася мяжа паміж Асобаю і Легендаю, у якую яна ператварылася за тыя паўтара стагоддзі, што прайшлі пасля яго смерці.

Абапіраючыся на навуковыя крыніцы, якія характарызуюць жыццё і дзейнасць Каліноўскага, у адносінах да яго варта ўжываць “Канстанцін” ці энцыклапедычнае “Вікенцій Канстанцін”. Пры гэтым не трэба забываць на меркаванне, выказанае гісторыкам Генадзем Кісялёвым: “Адных дакументаў пры ўсёй іх каштоўнасці для аднаўлення поўнай карціны мінулага недастаткова, гісторык карыстаецца так званымі “пазакрыніцавымі” ведамі, прасцей кажучы, жыццёвымі назіраннямі. Так ці ёсць падстава для спрэчак, калі ўсім вядома, што Канстанцін і Кастусь ва ўмовах Беларусі адно і тое ж. Кастусь – форма больш “прастамоўная”, так бы мовіць, “недакументальная”, але і ўся наша літаратурная мова абапіраецца на народныя гаворкі, як уся культура наша грунтуецца найперш на народных вытоках і традыцыях”.[24]

1

Раннехрысціянскі пакутнік. Падчас ганенняў хрысціян пры рымскім імператары Дыяклетыяне пасля жудасных катаванняў быў спалены 22 студзеня 304 года ў Валенсіі.

2

Янушкевіч, Я. Метрыкі хросту Вінцэся-Кастуся Каліноўскага / Я. Янушкевіч // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – Białystok, 2013. – S. 244–248.

3

Легенду пра “Кастуся” ў 1925 годзе падчас наведвання Свіслаччыны ад былога ўдзельніка паўстання 1863–1864 гадоў пачуў польскі гісторык В. Кардовіч. Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 5.

4

Swajak. Pamiaci Sprawiadliwaho / Swajak // Homan. – 15 lutaho 1916. – № 1. – S. 3.

5

Tołočka, U. Chto byu Konstant Kalinouski? / U. Tołočka // Biełaruskaje żyćcio. – 15 żniunia 1919. – № 10. – S. 2–3.

6

Адзін з фрагментаў тэксту М. Гарэцкага носіць назву “Рэвалюцыйная і проціўрэвалюцыйная літаратура 60-х гадоў. Кастусь Каліноўскі (1838–1864)”: Гарэцкі, М.І. Гісторыя беларускай літаратуры / М.І. Гарэцкі. – 1-е выд. – Вільня, 1920; 2-е выд., папраўленае. – Вільня, 1921; 3-е выд. (папраўленае). – Вільня, 1924. – С. 75–76.

7

Ігнатоўскі, У. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця. Лекцыі, чытаныя студэнтам Беларускага Дзяржаўнага універсітэту / У. Ігнатоўскі. – 2-е выд. – Мінск, 1926. – С. 125–126.

8

Навіна, А. Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры / А. Навіна // Наша думка. – 1921. – № 5. – С. 4.

9

Дыло, О. Сямімільнымі крокамі (Аб нашым дзяржаўным тэатры) / О. Дыло // Маладняк. – 1924. – № 2–3. – С. 118.

10

Праект “Кастусь Каліноўскі” пазначаны пад № 1 у складзеным кіраўніцтвам Белдзяржкіно ў пачатку 1925 года “Першым перспектыўным плане вытворчасці мастацкіх фільмаў”. Але ў выніку ў 1926 годзе быў зняты іншы фільм – “Лясная быль”.

11

Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 221, 278.

12

Грыцкевіч, А.П. Прадмова да 5-га выдання / А.П. Грыцкевіч // Кароткі нарыс гісторыі Беларусі / У.М. Ігнатоўскі. – 5-е выд. – Мн.: Беларусь, 1992. – С. 17.

13

Там жа, с. 16: “Тут таксама трэба заўважыць, што Ус. М. Ігнатоўскі, зыходзячы хіба з таго меркавання, што імя Вікенцій не беларускае, а польскае (а сапраўды – каталіцкае), вырашыў пасмяротна перайменаваць нацыянальнага героя Беларусі Вікенція Канстанціна Каліноўскага толькі ў Канстанціна, каб не быў палякам, бо ў той час, як ён пісаў сваю працу, Ус. М. Ігнатоўскі вёў барацьбу з палякамі. Таму ўпершыню ў гістарычнай літаратуры з’явілася новая форма найменавання Каліноўскага – Кастусь Каліноўскі (Кастусь – правадыр сялянскага паўстання), пра якую сам Вікенцій Каліноўскі так ніколі і не даведаўся, бо загінуў на шыбеніцы ў 1864 г.”.

14

Кісялёў, Г. Кастусь Каліноўскі, яго час і спадчына / Г. Кісялёў // За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Каліноўскі, К.; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 261–262. “Такога героя “Вікенція Каліноўскага” гісторыя (за выключэннем, можа, афіцыйнага выраку), проста не ведае. Таму няма ніякіх падстаў змяняць яго імя, якое замацавалася ў традыцыях беларускага народа. Іншая справа, што ва ўсіх біяграфіях, энцыклапедычных даведніках і г.д. павінна адзначацца, ды і цяпер ужо адзначаецца, наяўнасць у яго і другога імя”.

15

Гронский, А. Кастусь Калиновский: конструирование героя / А. Гронский // Беларуская думка. – 2008. – № 2. – С. 83.

16

Там жа.

17

Для прыкладу, урывак з паказанняў Эразма Заблоцкага пра наведванне ім у 1861 годзе Саколкі, куды той прыехаў па запрашэнні Валерыя Урублеўскага. НГАБ у г. Гродна. – Ф. 3. – Воп. 3. – Спр. 1. Материалы Виленской следственной комиссии о лицах, принадлежащих к Гродненской революционной организации. Начато 5 августа 1863. Окончено 24 октября 1864. На 569 листах. – Арк. 35: “…приехавши туда, я застал там следующее общество: питейно-акцизного надзирателя Сонгина, ксендза Козловского, из Царства Польского, и Константина Калиновского, с которым я тогда и познакомился. Разговор шел о варшавских происшествиях; Константин Калиновский и Врублевский сказали мне, что составляется организация Народного Польского правительства, которая скоро должна сформироваться по всей Литве…”.

18

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 3. – Воп. 3. – Спр. 6. Дело о революционной деятельности Кастуся Калиновского. Начато 27 октября 1862 г. Окончено 24 августа 1864 г. На 60 листах. – Арк. 7: “… прибыли в дом сказанного ксендза Козловского, который на спрос объявил, что ни Викентий, а Константин Калиновский будучи давно знаком, заехал в дом его ксендза 4 числа вечером…”.

19

LVIA. – F. 1135. – Ap. 4. – B. 381. – L. 1–3v. Лісты былі апублікаваны па-польску і ў перакладзе на беларускую мову: Смалянчук, А. Асоба Кастуся Каліноўскага як даследчая праблема / А. Смалянчук // Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі: матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі. – Мінск, 2011. – С. 9–25.

20

Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857–1865. 2 t. – Wilno, 1913. – T. 1. – S. 370–371.

21

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 1809. – Воп. 2. – Спр. 4. Метрическая книга родившихся с 1885 по 1893 год. На 200 листах. – Арк. 123 адв. – 124.

22

Limanowski, B. Historia powstania narodu polskiego w 1863 i 1864 r. / B. Limanowski – Lwów, 1882. – T. 2. – S. 213. Б. Ліманоўскі прыпісаў Канстанціну Каліноўскаму факты з жыцця яго брата Віктара. Іван Цвікевіч на гэтай падставе пісаў: “Віктар Каліноўскі – гэта той жа Кастусь Каліноўскі, а абмылка стварылася дзеля таго, што ў Каліноўскага было два імені – Кастусь і Віктар (Вінцэнты), як гэта часта бывае ў беларусаў-каталікоў”. Цьвікевіч, І. Кастусь Каліноўскі (к 60-годдзю яго сьмерці). Біяграфічна-гістарычны нарыс / І. Цьвікевіч // Arche. – Сакавік 2015. – № 3 (136). – С. 46.

23

Кісялёў, Г. Новае пра Кастуся Каліноўскага / Г. Кісялёў // Полымя. – № 7. – Ліпень 1959. – С. 139.

24

Кісялёў, Г. Кастусь Каліноўскі, яго час і спадчына / Г. Кісялёў // За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Каліноўскі, К.; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 262.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх