Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 11
Глава 3. Студэнцкія гады
Віктар Каліноўскі ў Маскве
ОглавлениеВіктар Каліноўскі пасля заканчэння Гродзенскай гімназіі месяц пражыў у Якушоўцы, дзе рыхтаваўся да паступлення ва ўніверсітэт. У гэты час, правучыўшыся пяць гадоў, скончыў Свіслацкую гімназію і Канстанцін, які стаў апорай бацькі ў кіраванні сямейнай гаспадаркай. У адрозненне ад Віктара, які ўжо 22 ліпеня 1852 года падаў прашэнне аб здачы іспытаў у Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт. І гэта нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, у якім апынулася сям’я Каліноўскіх, у сувязі з чым ужо падчас навучання ў VI класе Свіслацкай гімназіі імя Віктара трапіла ў спіс вучняў, “якія з прычыны поўнай беднасці не могуць уносіць устаноўленай за навучанне платы”.[110] Таму да прашэння на імя рэктара Віктар прыклаў пасведчанне аб беднасці.
Таксама ў якасці дадатку ён змясціў копію дэкрэта аб “шляхецкай радавітасці фаміліі высакародных Каліноўскіх”, якая была складзена на імя старэйшага роднага брата Віктара – Іосіфа. Але гэтага аказалася недастаткова, паколькі да 1855 года Каліноўскія не былі канчаткова зацверджаны сенатам у дваранстве. Віктар вымушаны быў звяртацца яшчэ за пацвярджэннем аб праве карыстацца перавагамі дваранства да Гродзенскай дваранскай дэпутацкай зборні, ад якой і атрымаў адпаведны дакумент ад 13 жніўня 1852 года.[111]
Пасля паспяховай здачы іспытаў Віктар стаў студэнтам медыцынскага факультэта: “…яго большасць складалася з семінарыстаў і немцаў. Немцы трымалі сябе некалькі ў баку і былі вельмі прапітаныя заходнемяшчанскім духам. Усё выхаванне няшчасных семінарыстаў, усе іх паняцці былі зусім іншыя, чым у нас, мы размаўлялі рознымі мовамі; яны, якія выраслі пад прыгнётам манаскага дэспатызму, забітыя сваёй рыторыкай і тэалогіяй, зайздросцілі нашай развязнасці; мы крыўдавалі на іх хрысціянскую пакору”.[112]
У такіх абставінах важнай з’яўлялася падтрымка і дапамога, якую аказвалі адзін аднаму выхадцы з тэрыторыі Беларусі і Літвы. Збліжалі іх і думкі пра цяжкі стан Бацькаўшчыны, які яны марылі змяніць да лепшага. Нездарма многія выпускнікі медыцынскага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта затым прынялі ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў. Сярод іх з 1853 года з Віктарам Каліноўскім вучыўся Цэлясцін Цеханоўскі, якога Канстанцін у 1863 годзе прызначыў паўстанцкім кіраўніком горада Гродна.[113] І нездарма, таму што, як успамінаў адзін з паўстанцаў, той быў “ідэалістам без матэрыяльных інтарэсаў, чалавекам вялікай працаздольнасці і сумленнасці”.[114] Таксама бліжэйшымі паплечнікамі Канстаніца Каліноўскага падчас паўстання сталі і іншыя выпускнікі медыцынскага факультэта, на якім вучыўся яго брат Віктар: Баляслаў Длускі,[115] Міхал Аскерка, Баляслаў Заблоцкі, Уладзіслаў Барзабагаты,[116] Юльян Бірфрэйнд, Антон Трусаў.
Але, на жаль, падрабязных звестак пра наступныя чатыры гады навучання Віктара ў Маскве і побыту яго брата Канстанціна ў Якушоўцы не захавалася. Яны выклікаюць шмат пытанняў, што асабліва ўскладняецца тым фактам, што ў 1856 годзе Віктар заставаўся вольным слухачом І курса Маскоўскага ўніверсітэта.[117] Адсюль можна зрабіць выснову, што, не давучыўшыся і першага курса, у 1853 годзе ён вымушаны быў спыніць навучанне. Магчыма, гэта адбылося па прычыне цяжкага становішча сям’і, але, хутчэй за ўсё, падставаю да таго з’явілася пагаршэнне стану здароўя і развіццё сухотаў.
Аднак фактам застаецца, што менавіта ў прамежак часу паміж 1852 і 1855 гадамі Віктар набывае шматлікія знаёмствы з прадстаўнікамі самых радыкальных рухаў сталіцы Расійскай Імперыі і знаходзіцца ў Маскве ў той час, калі ва ўніверсітэце паўстае зямляцтва студэнтаў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.
У асяродку студэнцкай моладзі панавалі дэмакратычныя ідэі, штуршком для актывізацыі развіцця якіх паслужылі падзеі Крымскай вайны, смерць Мікалая ІІ у 1855 годзе і прыход да ўлады імператара Аляксандра ІІ, на якога ўскладалі вялікія спадзяванні: “стракатая моладзь, якая прыйшла зверху, знізу, з поўдня і поўначы, хутка сплаўлялася ў кампактную масу таварыства. Грамадскія адрозненні не мелі ў нас таго абразлівага ўплыву, які мы сустракаем у англійскіх школах і жаўнернях; пра англійскія ўніверсітэты я не кажу: яны існуюць вылучна для арыстакратыі і для багатых. Студэнт, які б замануўся ў нас выхваляцца сваёй белай косткай ці багаццем, быў бы адлучаны ад “вады і агню”, замучаны таварышамі”.[118]
У гэты час у галоўных універсітэтах імперыі – у Пецярбургу, Маскве і Кіеве – навучалася амаль 1400 студэнтаў з зямель былой Рэчы Паспалітай, пры гэтым сярод іх выхадцамі з Каралеўства Польскага быў толькі 201 студэнт.[119] Яны аб’ядноўваліся ў студэнцкія зямляцтвы ці “гміны” па прынцыпе скончанай імі гімназіі, якія ўтваралі так званы “огул” – таварыства ўсіх студэнтаў з зямель былой Рэчы Паспалітай у пэўным інстытуце. Мэтай дадзенай арганізацыі была дапамога тым, хто не меў сродкаў на навучанне. Таксама пры таварыстве дзейнічала бібліятэка. У ёй мелася як легальная, так і забароненая цэнзурай літаратура, да набыцця якой прыклаў руку і Віктар Каліноўскі.
110
Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. – С. 121.
111
Там жа, с. 120.
112
Герцен, А.И. Былое и думы / А.И. Герцен. – М.: ГИХЛ, 1958. – Часть 1. – С. 119.
113
Игнатович, Ф. Врач Целестин Михайлович Цехановский: повстанческий начальник Гродно и общественно-медицинский деятель Сибири / Ф. Игнатович. // Горад Святога Губерта: альманах лакальнай гісторыі. – Гродна, 2014. – Выпуск 8. – С. 108.
114
Швед, В.В. Рэквіем паўстанцам 1863–1864 гг. Гродзенская губерня / В.В. Швед. – Мінск: Альфа-кніга, 2017. – С. 49.
115
Баляслаў Длускі (1826–1905) падчас навучання ў гімназіі стаў удзельнікам таварыства, якое ўзначальваў Шымон Канарскі, расстраляны царскімі ўладамі ў 1839 годзе. Длускі быў сасланы на Каўказ у войска, дзе даслужыўся да звання капітана, пасля чаго выйшаў у адстаўку. У 1857–1861 гадах вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, дзе прымаў актыўны ўдзел у студэнцкім руху. Падчас паўстання стаў вайсковым камісарам Ковенскага ваяводства. Кіраваў паўстанцкім атрадам (мянушка – Ябланоўскі). Эміграваў у Парыж, затым Лондан. У 1873 годзе перасяліўся ў Галіцыю. Выпусціў атлас і ілюстрацыйныя табліцы “Выявы ласосевых рыб у польскай і еўрапейскай навуковай кнізе XVIII і XIX стагоддзяў” (Wizerunki ryb łososiowatych w polskiej i europejskiej książce naukowej XVIII i XIX wieku).
116
Уладзіслаў Барзабагаты (1831–1886) пасля заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта працаваў урачом у Навагрудку. У 1863 годзе прызначаны паўстанцкім камісарам у Навагрудскім павеце. Эміграваў у Францыю. Удзельнік Парыжскай камуны. У 1874 годзе вярнуўся на Радзіму і быў адпраўлены ў ссылку. Ігнатовіч, Ф.І. Уладзіслаў Барзабагаты. / Ф.І. Ігнатовіч – Мінск: Полымя, 1993.
117
Лушчыцкі, І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне ХІХ ст. / І. Лушчыцкі. – Мн., 1958. – С. 177–178.
118
Герцен, А.И. Былое и думы / А.И. Герцен. – М.: ГИХЛ, 1958. – Часть 1. – С. 119.
119
Снытко, Т.Г. Студенческое движение в русских университетах в начале 60-х годов и восстание 1863 г. / Т.Г. Снытко // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х годов. Сборник статей и материалов / Под ред. В.Д. Королюка. – М.: Изд-во АН СССР, 1960. – С. 204.