Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 5
Глава 1. Мастаўлянскі перыяд
Маёнтак Мастаўляны
ОглавлениеНа 1845 год маёнтак складаўся з карчмы, вадзянога млына, двух фальваркаў і дзвюх вёсак, пры якіх мелася 111 валок і 27 моргаў зямлі (каля 2210 дзесяцін), і налічвалася 172 душы мужчынскага ды столькі ж жаночага полу.[51] Цэнтр гэтых уладанняў размяшчаўся на поўдзень ад вёскі Мастаўляны пасярод палёў і лясоў, побач з ракою Свіслач. Згодна гісторыку Юзафу Марошаку, дадзеная мясцовасць першапачаткова называлася Крулёвы мост – ад пабудаванага побач яшчэ ў XVI стагоддзі шляха паміж вёскаю Волпа і Гарадком на рэчцы Супраслі.[52]
Да гаспадарскай сядзібы Каліноўскіх вяла асобная дарога, па якой таксама праходзіў тракт з Гарадка на Супраслі і Крынак у Ялоўку. На перакрыжаванні прытулілася старая ўніяцкая царква. Каліноўскія наведвалі службу не толькі ў Ялоўскім рымска-каталіцкім касцёле, але і ў Мастаўлянскай грэка-каталіцкай царкве і моцна сябравалі з сям’ёй святара Сымона Крукоўскага.[53] Менавіта ў Мастаўлянах былі ахрышчаны тры сыны Каліноўскія: Стэфан-Юзаф, Норберт і Фелікс-Ян. На хрышчэнні яшчэ дваіх Каліноўскіх – Конрада і Віктара-Атона – Сымон Крукоўскі прысутнічаў у Ялоўскім касцёле. Яго ж сын Канстанцін Крукоўскі разам з жонкай Петранеляй прысутнічалі 4 красавіка на паўторным хрышчэнні Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага.[54] Хутчэй за ўсё менавіта ў яго гонар немаўля атрымала імя, якое затым выкарыстоўвалася ў паўсядзённым жыцці.[55]
Канстанцін Каліноўскі быў ахрышчаны ксяндзом Францішкам Каранеўскім у драўляным Ялоўскім парафіяльным касцёле Міхаіла Архангела, пабудаваным у 1747 годзе на сродкі старасты Казіміра Сапегі.[56]
Паабапал дарогі ў маёнтак Мастаўляны размясціўся стары сад, большую частку якога складалі ліпы і грабы, разбаўленыя плямінамі клёнаў, ясеняў, бяроз ды асін. Сам маёнтак з садам меў форму трапецыі, блізкай да прамавугольніка, які на захадзе абапіраўся на ўзгорак, а больш шырокім бокам злучаўся з лугам каля ракі. Побач са Свіслаччу мелася выкапаная сажалка, што напаўнялася яе вадою.
Сядзіба была пабудавана на мяжы сада і гаспадарчага двара, сярод пабудоў якога вылучаўся драўляны будынак фабрыкі. З вокнаў дома, абсаджанага белымі конскімі каштанамі, адкрываўся маляўнічы краявід ракі Свіслач.
Аднак сямейнае шчасце Каліноўскіх у Мастаўлянах было нядоўгім. Вялікай бядой для сям’і стала заўчасная смерць дзяцей, якія згасалі адзін за адным. Першымі сярод іх сталі Норберт і Юрый, якія, не пражыўшы і двух гадоў, памерлі ў 1830 і 1832 гадах. Вераніка нараджала дзяцей амаль штогод, сярод іх акрамя Канстанціна былі яшчэ Марыяна-Тэрэза (1836 г.н.), Уладзіслаў-Мечыслаў (1840 г.н.), Ануфры Баляслаў (1842 г.н.). Але 29 красавіка 1843 года, праз 10 дзён пасля апошніх родаў, 37-гадовая Вераніка Каліноўская памерла. Яе апошняя дачка Эва Разалія пражыла ўсяго 1 год і 1 дзень. Страта жонкі стала моцным ударам для Сымона, які цяпер павінен быў увесь час і сілы прысвяціць сям’і.
Дапамогу яму павінна была аказаць другая жонка – Ізабэла Лазарэвіч, якая была маладзейшая за мужа на 25 гадоў. Менш чым праз 15 месяцаў пасля смерці Веранікі, 11 ліпеня 1844 года ў Сымона і Ізабэлы нарадзілася першая дачка – Марыяна Іаана (па мужу Плаўская), нашчадкі якой і сёння жывуць у Камянецкім раёне, нават не ведаючы пра тое, што яны сваякі Канстанціна Каліноўскага. Пры гэтым немаўля было настолькі слабое, што гэта знайшло адлюстраванне ў метрычным запісе аб яе хрышчэнні.[57]
Пасля з’яўлення ў доме мачыхі адносіны бацькі з сынамі імкліва пагаршаліся, асабліва з Віктарам, які з 1841 года вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, куды ў 1847 годзе паступіў і малодшы – Канстанцін.[58] Выхаваннем дзяцей ад першага шлюбу пэўны час актыўна займалася маці Сымона – Тэрэзія, якая жыла разам з сынам і яго сям’ёй.
Спадзяванні Сымона на тое, што мачыха здолее замяніць дзецям памерлую маці, не спраўдзіліся – тая была больш занята ўласнымі дзецьмі, якія з’яўляліся на свет кожны год: праз 10 месяцаў пасля Марыяны Іааны ў 1845 годзе нарадзілася Багуміла Пелагія, у 1846 годзе – Ядвіга, у 1847 – Ганна Клара. І, нарэшце, пасля пяці дачок у 1848 годзе нарадзіўся першы сын – Фелікс. Якраз у гэты час у Каліноўскіх з’яўляецца новы клопат – набыццё маёнтка ў Якушоўцы.
51
Сачек, М.Н. Документы ЦГИА БССР в Гродно о жизни и деятельности Кастуся Калиновского / М.Н. Сачек // Кастусь Каліноўскі (1838–1864): материалы республиканской научной конференции, посвященной 150-летию со дня рождения выдающегося белорусского революционера-демократа и мыслителя К. Калиновского. – Гродно, 1988. – С. 63.
52
Марошек, Ю. Дворянское имение в Мостовлянах – место рождения К. Калиновского / Ю. Марошек // Кастусь Каліноўскі (1838–1864): материалы республиканской научной конференции, посвященной 150-летию со дня рождения выдающегося белорусского революционера-демократа и мыслителя К. Калиновского. – Гродно, 1988. – С. 69.
53
На 1832 год святар Сымон Іваноў сын Крукоўскі меў 58 гадоў. Ён нарадзіўся ў маёнтку Страёўка Магілёўскага павета. У 1811 годзе паступіў у мастаўлянскія святары. Жонкай меў Ганну з Мацкевічаў, сын Канстанцін (34 гады) служыў у маёнтку Рось Ваўкавыскага павета, дачка замужняя, 29 гадоў, пры бацьку. Служка пры храме Іван Пятроў сын Пятроўскі (38 гадоў), халасты, з дзяржаўнай вёскі Плоскі Беластоцкай вобласці, які ў 1816 годзе прыбыў у Мастаўляны. НГАБ у г. Гродна. – Ф. 92. – Воп. 1. – Спр. 258. – Арк. 337 адв. – 338 адв.
54
LVIA. – F. 604. – Ap. 45. – B. 58. – L. 13.
55
Думку пра магчымасць атрымання Канстанцінам свайго другога імя ў гонар Крукоўскага выказаў таксама Язэп Янушкевіч, які ўпершыню цалкам апублікаваў метрыкі пра нараджэнне і хрост Каліноўскага. Праўда, ён яшчэ не ведаў, у якім становішчы да сям’і Каліноўскіх быў Канстанцін Крукоўскі, таму пазначае яго як “сваяк?”. Янушкевіч, Я. Метрыкі хросту Вінцэся-Кастуся Каліноўскага / Я. Янушкевіч // Białoruskie Zeszyty Historyczne. – Białystok, 2013. – S. 244–248.
56
Да сённяшняга часу не захаваўся. Ён знаходзіўся праз дарогу насупраць сённяшняга мураванага касцёла Божага Ператварэння, які пачаў будавацца ў 1859 годзе. Таксама ў Ялоўцы захаваліся рэшткі касцёла Св. Антонія, які ўзводзіўся ў 1910–1915 гадах. Кузменка, З. Ялоўская “Хроніка”, або У якім касцёле быў ахрышчаны Каліноўскі / З. Кузменка, В. Сямашка // Наша ніва. – 2017. – № 5. – С. 21, 23.
57
LVIA. – F. 604. – Ap. 45. – B. 66. – L. 31v.
58
LVIA. – F. 567. – Ap. 2. – B. 66. Дело об учениках, поступивших в учебные заведения Белорусского учебного округа на 1847/1848 учебный год. – L. 78. Пад № 28 сярод вучняў 1-га класа Свіслацкай гімназіі значыцца: “Калиновский Константин Семенов сын”. – L. 78v. Сярод вучняў IV класа пад № 184 пазачаны “Калиновский Виктор Семенов сын”.