Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 9
Глава 2. Якушоўскі перыяд
Свіслацкая гімназія
ОглавлениеНа ўсю губерню была вядома Свіслацкая гімназія, якая першапачаткова насіла назву Гродзенскай губернскай гімназіі. Заснавана яна была ў 1804 годзе Вінцэнтам Тышкевічам – граф ахвяраваў пад навучальную ўстанову будынак і завяшчаў гімназіі 30 тысяч рублёў срэбрам.[91]
Дадзеная адукацыйная ўстанова ў час навучання ў ёй Каліноўскіх займала ў Свіслачы асобны квартал. У яго ўваходзілі як пабудаваны ў 1828 годзе сам будынак гімназіі ў стылі класіцызму, цэнтральную частку якога складаў дарычны порцік з чатырнаццацю калонамі, так і два бакавыя карпусы з кватэрамі настаўнікаў ды пабудаваная яшчэ раней касцельная капліца. Быў тут і сад з сажалкай. Гімназія мела багатую бібліятэку, фізічны і мінералагічны кабінеты. У лепшыя гады тут вучылася да 300 хлопчыкаў з Гродзенскага, Брэсцкага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага і Слонімскага паветаў.
Найбольш вядомымі выпускнікамі гімназіі былі самы пладавіты польскі пісьменнік – аўтар 223 раманаў і аповесцей Юзаф Ігнацы Крашэўскі (1812–1887); адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расійскай Імперыі Восіп Міхайлавіч Кавалеўскі (1800–1878); удзельнікі паўстання 1830–1831 гадоў: польскі літаратар Леон Зянковіч (1808–1870) – выдатны дзеяч Польскага дэмакратычнага таварыства на эміграцыі, якога А. Герцэн называў “маленькім ліцвінам”,[92] і Віктар Гельтман (1796–1878) – публіцыст і палітычны дзеяч, у 1836 годзе абраны ў першы склад Цэнтралізацыі,[93] што належаў да ліку аўтараў яго маніфеста, а ў час кракаўскай рэвалюцыі 1846 года выступаў за вызваленне сялян;[94] прафесар Станіслаў Батысь Горскі (1802–1864) – батанік, які ў 1849 годзе склаў на лацінскай мове каталог 1205 відаў раслін Літвы і Беларусі, дзе змясціў малюнкі 10 упершыню ім апісаных і вызначаных відаў;[95] мастак Напалеон Орда (1807–1883), які занатаваў на сваіх малюнках шматлікія помнікі культуры, што не захаваліся да нашага часу.
Менавіта ў Свіслацкай гімназіі, якая мела даўнія традыцыі яшчэ з часоў Адукацыйнай камісіі ВКЛ, з 1847/1848 па 1851/1852 навучальныя гады вучыўся Канстанцін Каліноўскі. У час паступлення ў гімназію Канстанціна яго брат Віктар вучыўся ўжо ў ІV класе і актыўна цікавіўся не толькі гісторыяй, але і палітыкай. Малодшы брат цягнуўся за старэйшым і паступова засвойваў тыя новыя ідэі, якімі было напоўнена паветра ў калідорах гімназіі ды на закрытых сустрэчах гімназістаў.
Моладзь цікавілі далёка не тыя погляды, якія прапаведаваліся ў часопісе “Rubon” віцебскага шляхціча Казіміра Буйніцкага з яго богабаязнасцю, патрыярхальнай прастатой, павагай да законаў і мясцовых улад, або “Athеnаеum” Юзафа Крашэўскага з яго імкненнем да распаўсюджвання каталіцызму як панацэі ад усіх бед.
Моладзь рыхтавалася выступіць з пачаткам агульнаеўрапейскай рэвалюцыі, жыла нацыянальна-рамантычнымі і ліберальнымі ідэямі, увасобленымі, з аднаго боку, у “польскім месіянізме” Адама Міцкевіча, з другога – у ідэях кіраўніка “Дэмакратычнага таварыства” Франца Савіча з яго “свабоднымі павінны быць усе”.[96]
Канец 1840-х гадоў – перыяд чарговага распаўсюджання таемных арганізацый, якія звярталіся як да прыкладу мясцовых філаматаў і філарэтаў (сярод іх былі і выпускнікі Свіслацкай гімназіі), так і да італьянскіх карбанарыяў, якія імкнуліся шляхам усеагульнай рэвалюцыі стварыць універсальную дэмакратычную рэспубліку. Сваім уплывам і значэннем вылучаліся заснаваны ў Вільні братамі Францішкам і Аляксандрам Далеўскімі “Братні саюз літоўскай моладзі” (1846–1849) і Мінскі тайны гурток (1848–1849), які знаходзіўся пад уплывам ідэй пецярбургскага студэнта, “апостала містычна-патрыятычнага руху” Зыгмунта Серакоўскага. Да таварыства належалі будучыя актыўныя дзеячы паўстання 1863–1864 гадоў Уладзіслаў Барзабагаты і Іасафат Агрызка, якія верылі ў магчымасць утаймавання варварскіх інстынктаў народу ўласным прыкладам і мелі дэвізам французскі выраз “Любоў у якасці прынцыпу, парадак у якасці асновы, прагрэс у якасці мэты”.[97]
Адсюль ішлі вытокі тых ідэй, якія былі распаўсюджаны сярод вучняў Свіслацкай гімназіі – адраджэнне колішняй Рэчы Паспалітай і неабходнасць адмены прыгоннага права. Таму кумірамі моладзі з’яўляліся павешаны ў 1833 годзе ў Гродне Міхаіл Валовіч і расстраляны ў 1839 годзе ў Вільні Шымон Канарскі, якія марылі пра адмену прыгону і вызваленне сялянства. Гэтае пытанне набыло новае гучанне ў асяродку шляхецкай моладзі пасля “Галіцыйскай разні” 1846 года, якая, згодна Якубу Гейштару, аказала “моцны ўплыў на наша ўсведамленне – настрой быў… дэмакратычны, калі не анархічны”.[98] Сведчанне таго – распаўсюджванне ў 1847 годзе дробным чыноўнікам Юльянам Бакшанскім звароту “Да смаргонскіх сялян”. Пракламацыі навялі вялікі страх на многіх памешчыкаў Ашмянскага, Віленскага і Дзісненскага паветаў, вымусіўшы іх у страху перад пагрозаю сялянскага бунту перабірацца ў Вільню. Сам Бакшанскі збіраўся даць сялянам грошы на набыццё зброі і падняць паўстанне, але быў схоплены і асуджаны на 12 гадоў катаргі.[99]
Цяжкае становішча сялянства, на якое закрывалі вочы ўлады, непакоіла адукаваныя слаі насельніцтва. Усё часцей з’яўляліся навіны пра бесчалавечнае стаўленне памешчыкаў да вяскоўцаў. Так, у 1847 годзе ў арыстакратычных салонах Расійскай Імперыі была папулярнай гісторыя пра “мазырскую салтычыху” Ганарату Стоцкую, якая была вядома схільнасцю да жудасных катаванняў уласных сялян і аднойчы нават загадала зварыць у катле цела забітай па яе загаду шаснаццацігадовай пакаёўкі.
Прыгонныя сяляне знаходзіліся ў становішчы рабоў, самаўпраўства ўладальнікаў у адносінах да якіх амаль нічым не абмяжоўвалася. Аб гэтым сведчыў шляхціч з Беластоцкай вобласці Адам Буцькевіч (1810–1895), які на 14 гадоў быў сасланы ў салдаты: “Кожнае спатканне з панам вымагала паклону, схіліўшы галаву амаль да зямлі. Нельга было вясковаму падданаму ані перасяліцца ў іншае месца, ані ажаніцца без дазволу двара. Пан быў суддзёй усіх спраў на вёсцы і вёскай выкліканых. Цялесныя пакаранні вызначалі пан альбо яго ўраднік ці аканом, і яны мелі на гэта нададзенае ім права. Адным словам, вясковец-падданы быў рэччу – уласнасцю для ўжытку пана”.[100] Катаванні, фізічныя пакаранні, сэксуальнае выкарыстанне сялянак, рэкрутчына з’яўляліся агіднымі старонкамі прыгонніцтва, супраць якога выступалі найбольш радыкальныя прадстаўнікі гімназічнай моладзі, у тым ліку і браты Каліноўскія ды будучыя ўдзельнікі паўстання Адольф Белакоз, Уладзіслаў Малахоўскі і Рамуальд Траўгут.
Аднак, нягледзячы на прагрэсіўныя погляды моладзі, якія ядналі яе з папярэднікамі – філаматамі і філарэтамі, – у адрозненне ад 1810–1820-х гадоў, якасць адукацыі ў гімназіі панізілася. Калі да часу паўстання 1830–1831 гадоў у Свіслацкай гімназіі выкладалі адныя з лепшых ва ўсім краі настаўнікаў (як, да прыкладу, браты Леон і Ігнацій Бароўскія), пасля адкрыцця гімназіі ў Гродна статус Свіслацкай вучэльні панізіўся да ардынарнай павятовай у лістападзе 1835 года. Мікалаеўская эпоха характарызавалася наступам на адукацыю. У Свіслачы такія прадметы, як філасофія, права, палітычная эканомія былі заменены “страявым уставам пяхотнай службы, ротнага і батальённага вучэння”, была ўведзена салдацка-казарменная дысцыпліна.
Прымяняліся фізічныя пакаранні ў выглядзе ўдараў розгамі, папулярным было так званае “даць лапу” – удары па далоні драўлянай лінейкай.[101] У выпадку сур’ёзных парушэнняў даходзіла да здачы вучняў у салдаты.
Моладзь Свіслацкай гімназіі, якая адчувала моцную духоўную повязь з папярэднімі пакаленнямі навучэнцаў гэтай слыннай установы, базавай для закрытага ў 1832 годзе Віленскага ўніверсітэта, задавалася пытаннем наконт далейшага лёсу Бацькаўшчыны. Кіраўніцтва Гродзенскай губерні гэта добра разумела, таму не дзіўна, што 2 студзеня 1845 года з’явіўся загад аб пераводзе павятовай гімназіі ў горад Шаўлі Ковенскай губерні. Але рэвалюцыйная сітуацыя 1846–1848 гадоў адклала гэты крок да 1 верасня 1851 года, калі гімназія была ператворана ў пяцікласнае павятовае вучылішча. Таму навучэнцы старэйшых класаў вымушаны былі шукаць працягу навучання ў іншых месцах. Так здарылася і ў выпадку Віктара Каліноўскага, які пакінуў у Свіслачы свайго брата Канстанціна і перайшоў у Гродзенскую губернскую гімназію. Тут ён вучыўся ў сёмым класе з 16 жніўня 1851 года па 20 чэрвеня 1852 года і нарэшце 23 чэрвеня атрымаў атэстат.[102] Гэты дакумент дае нам уяўленне пра прадметы, па якіх атрымлівалі веды браты Каліноўскія: расійская, лацінская, нямецкая і французская мовы, руская славеснасць, Закон Божы і Свяшчэнная гісторыя, а таксама геаграфія, фізіка, чарчэнне і маляванне.
Па ўсіх прадметах Віктар Каліноўскі меў адзнаку “добра”,[103] і таму пакінуў гімназію з правамі і перавагамі, якія даюцца вучням, што скончылі поўны гімназічны курс, але без праў на чын ХIV класа.
Канстанцін Каліноўскі ў выніку змены статусу ўстановы адукацыі ў Свіслачы скончыў у 1852 годзе пяцікласнае павятовае вучылішча, узровень якога значна саступаў сямікласнай гімназіі. Для паступлення ва ўніверсітэт неабходна была дадатковая падрыхтоўка.
А былую Свіслацкую гімназію чакаў лёс прагімназіі, зачыненай у 1864 годзе за ўдзел яе навучэнцаў у паўстанні. З 1875 года тут размяшчалася семінарыя, дзе рыхтавалі настаўнікаў для царскіх пачатковых школ – народных вучылішчаў.[104] Са сцен гэтай, здавалася б, прасякнутай манархічным духам установы выйшлі дзясяткі актыўных беларускіх дзеячаў міжваеннай пары: Іосіф Баліцкі, Аляксандр Грыкоўскі, Мікола Дзямідаў, які лічыў сябе сваяком Канстанціна Каліноўскага, Стафан Жабінскі, Макар Касцевіч (Макар Краўцоў), Аляксандр Коўш і многія іншыя. У час Першай сусветнай вайны тут распачала дзейнасць беларуская настаўніцкая семінарыя, замененая ў 1923 годзе на польскую, якая ў 1935 годзе была названа ў гонар Рамуальда Траўгута.
У час Вялікай Айчыннай вайны галоўны буднак гімназіі быў пашкоджаны і разабраны на цэглу. На яго месцы з’явілася раённая бальніца, якой належыць захаваны правы флігель некалі вядомай навучальнай установы.
91
Самусік, А. Свіслацкая гімназія / А. Самусік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мн, 2001. – Т. 6, кн. 1. – С. 262.
92
Л. Зянковіч сумесна з Ворцэлем дапамог А. Герцэну ў заснаванні Вольнай рускай тыпаграфіі ў Лондане.
93
Цэнтралізацыя – выбарны орган Польскага дэмакратычнага таварыства, утворанага 17 сакавіка 1832 года ў Парыжы ў асяродку эмігрантаў з зямель былой Рэчы Паспалітай. Абвінавачвалі ў паражэнні Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў шляхту, якая не здолела вырашыць сялянскае пытанне. Таварыства лічыла неабходным надзяліць сялян зямлёй без кампенсацыі абшарнікам.
94
Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 30.
95
Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич. – Мн.: Университетское, 1988. – С. 60.
96
Смірноў, А. Франц Савіч. З гісторыі беларуска-польскіх рэвалюцыйных сувязей 30–40-х гадоў ХІХ стагоддзя / А. Смірноў. – Мінск, 1961. – С. 14.
97
Pamęci Józefata Ohryzki // Biblioteka Warszawska. – Warszawa, 1907. – T. 2. – S. 225.
98
Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857–1865. – Wilno, 1913. – T. 1. – S. 89.
99
У 1863 годзе Юльян Бакшанскі вярнуўся на радзіму і стварыў паўстанцкі атрад. Загінуў 4 красавіка ў бітве каля вёсак Свечкі і Плябань цяперашняга Маладзечанскага раёна.
100
Цыт. паводле: Токць, С. Беларуская прыгонная вёска і панскі двор ХІХ ст. у святле мемуарнай літаратуры / С. Токць // Arсhe. – студзень-люты 2014. – № 1–2 (122–123). – С. 214–215.
101
Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич. – Мн.: Университетское, 1988. – С. 63.
102
Кісялёў, Г. Новае пра Кастуся Каліноўскага / Г. Кісялёў // Полымя. – № 7. – ліпень 1959. – С. 146.
103
Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. – С. 119.
104
Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI. – Warszawa, 1890. – S. 720.