Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 15
Глава 3. Студэнцкія гады
Удзел братоў Каліноўскіх у тайных арганізацыях
ОглавлениеВіктар Каліноўскі з пачатку свайго жыцця ў сталіцы Расійскай Імперыі становіцца адным з лідараў студэнцкіх таварыстваў, якія ў гэты час узнікаюць як грыбы пасля дажджу. У іх бяруць удзел жыхары шматэтнічнай Расійскай Імперыі, у тым ліку і адзін з кіраўнікоў часопіса “Современник” Мікалай Гаўрылавіч Чарнышэўскі (1828–1889), і Мікалай Аляксандравіч Дабралюбаў (1836–1861), які ў 1856 годзе заканчваў Галоўны педагагічны інстытут, размешчаны ў адным будынку з Пецярбургскім універсітэтам, дзе вучыўся Канстанцін Каліноўскі.
Нягледзячы на тое, што першакурснікаў у такія аб’яднанні дапускалі надзвычай рэдка, менавіта Віктар пасадзейнічаў далучэнню да іх свайго брата Канстанціна. Не апошняя яго роля і ў тым, што Канстанцін увайшоў у зямляцтва студэнтаў з былой Рэчы Паспалітай “Огул” і нават быў абраны яго бібліятэкарам, фактычна – кіраўніком. Згодна паказанням удзельніка аб’яднання Вітольда Гажыча,[165] “бібліятэкар карыстаўся асаблівай павагай таварыства і лічыўся як бы старэйшай асобай, на сходках меў права канчаткова вырашаць справы”.[166] Усяго гэтая арганізацыя аб’ядноўвала каля 500 сяброў-студэнтаў, якія за карыстанне таварыскай бібліятэкай плацілі па 40 капеек штомесячна.[167] Чытальня ж была месцам збору кіраўніцтва “Агулу”, да якога належылі, акрамя Каліноўскага, Эдмунд Вярыга, Ігнат Здановіч, Фелікс Зянковіч, Эмануэль Юндзіл, Іосіф Ямант.[168]
У ліпені 1856 года ў Пецярбург пасля васьмі гадоў ссылкі прыязджае Зыгмунт Серакоўскі. Радыкальна змяніўшы свае першапачатковыя погляды ў адносінах “усходніх братоў”,[169] ён восенню 1857 года арганізоўвае ў акадэміі Генеральнага штаба таемнае кола з ліку афіцэраў. Яно ўвайшло ў гісторыю як гурток Серакоўскага-Дамброўскага, паколькі на чале яго пасля завяршэння Серакоўскім навучання ў 1859–1861 гадах знаходзіўся Яраслаў Дамброўскі.
Паступова да аб’яднання далучыліся навучэнцы і афіцэры з іншых вайсковых навучальных устаноў сталіцы. Усяго высветлена 145 прозвішчаў удзельнікаў арганізацыі, з якіх у 109 выпадках вызначана іх месца нараджэння: 9 з Каралеўства Польскага, 16 з паўднёва-заходніх і 58 з паўночна-заходніх губерняў Расійскай Імперыі, 26 з іншых яе частак. Веравызнанне вызначана ў адносінах 116 удзельнікаў, з якіх 72 католікі, 40 праваслаўныя, і 4 пратэстанты.[170] У дзейнасць гуртка на чале з Серакоўскім былі заангажаваны таксама афіцэры сталічнага гарнізону, з улікам якіх колькасць таварыства дасягала каля 400 чалавек.[171]
У асноўным гэта былі маладыя амбіцыёзныя штабныя вайскоўцы, якія бліжэйшым часам спадзяваліся заняць ключавыя пасты ў ваеннай структуры імперыі, перш за ўсё на землях колішняй Рэчы Паспалітай. Выключэнне складалі толькі трое студэнтаў, якім дазвалялася прысутнічаць на сходах гуртка. У іх лік уваходзіў Канстанцін Каліноўскі,[172] для якога, дзякуючы брату Віктару, “правай руцэ”[173] Серакоўскага, былі адчынены дзверы ў любыя таемныя таварыствы Пецярбурга.
Да старэйшага з Каліноўскіх Серакоўскі і Агрызка[174] накіроўвалі адабраных імі студэнтаў, якіх неабходна было падрыхтаваць для далучэння да таемных таварыстваў. Фактычна Віктар займаўся іх псіхалагічнай апрацоўкай, праводзячы з імі размовы і падбіраючы для іх адпаведную літаратуру, нават з ліку забароненых твораў, якія “здымаліся з сакрэтных паліц публічнай бібліятэкі”.[175] Паколькі сам Каліноўскі не меў допуску да такой літаратуры, ён карыстаўся дапамагай біблятэкара Іваноўскага, што ў далейшым паслужыла падставай для яго звальнення. Затым прэтэндэнты на ўступленне ў арганізацыю накіроўваліся на літаратурныя вечары, на якіх падчас дыскусій праходзіў канчатковы адбор і сарціроўка ў адпаведнасці з асабістымі здольнасцямі неафіта.[176] Прычым для Віктара месца нараджэння або сацыяльнае паходжанне прэтэндэнта ігралі далёка не вырашальную ролю. Напрыклад, адным з тых, хто дзякуючы старэйшаму Каліноўскаму ўвайшоў у таемныя аб’яднанні, быў сын купца-мільянера Мікалай Ісакавіч Уцін (1841–1883),[177] адзін з кіраўнікоў рускай арганізацыі “Зямля і воля”.
Вядомасць Віктара Каліноўскага пайшла далёка за межы сталіцы і дайшла да радзімы. Гэтаму садзейнічала і яго праца па генеалагічным росшуку для разнастайных шляхецкіх і магнацкіх родаў, якая дазвалялі яму часам зарабляць вельмі добрыя грошы.[178]
Віктара Каліноўскага называлі “другім Томашам Занам”, які марыў пра стварэнне арганізацыі кшталту віленскіх прамяністых, ці філарэтаў, для чаго “бярэ пад сваю няпрошаную пратэкцыю маладых студэнтаў, уцягвае іх у сваё таварыства”.[179] Менавіта на гэта наракаў 18-гадоваму сыну Ігнату выкладчык Віленскага дваранскага інстытута Аляксандр Здановіч у жніўні 1858 года, пабачыўшы ў адным з лістоў прозвішча Каліноўскага: “Калі гэта той жа самы васпан, дык здзіўляюся і не разумею, як ты мог забыць пра тое, пра што цябе болей за ўсё прасілі, – каб ніякіх сувязей і знаёмстваў з падобнымі асобамі не заводзіў – хаця б яны мелі самыя высакародныя прынцыпы, самыя лепшыя пачуцці, усё ж такі гэта вар’яты і вядуць моладзь на пагібель. Заклінаю ў такім выпадку цябе, каб спыніў з ім знаёмства, калі ўжо яно пачалося, а калі яшчэ не, асцерагайся яго, як агню, як маравой заразы. Інакш мы ніколі не будзем спакойныя”.[180]
А турбавацца было чаму: Ігнат Здановіч пасябраваў з малодшым братам Віктара – Канстанцінам, “які пораху не выдумае і з’яўляецца, як кажуць, добрым хлопцам”.[181] Менавіта Канстанцін дапамог Ігнату Здановічу і яго сябру Дашкевічу знайсці кватэру для жыцця падчас паступлення ва ўніверсітэт.
Нягледзячы на словы бацькі, Здановіч у хуткім часе зрабіўся адным з паплечнікаў Канстанціна Каліноўскага, вакол якога ў 1857–1858 гадах склалася ўласнае кола. Да яго належалі Эдмунд Вярыга, Вітальд Гажыч, Фелікс Зянковіч, Яўстафій Чарноўскі, Эмануэль Юндзіл, Іосіф Ямант. Адным з лепшых сяброў Канстанціна Каліноўскага быў залаты медаліст Слуцкай гімназіі, студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Фелікс Вільчкоўскі, які ў верасні 1859 года перавёўся ў Кіеўскі ўніверсітэт Святога Уладзіміра, для чаго пры дапамозе Канстанціна атрымаў пасведчанне ад Пецярбургскага ўніверсітэта.[182]
Каліноўскі быў добра знаёмы з будучымі кіраўнікамі варшаўскага паўстанцкага ўрада, якія ў адзін час з ім навучаліся ў Пецярбургскім універсітэце: Стэфанам Баброўскім, Оскарам Авейдэ. Пазнаёміўся ён і з лідарамі “Зямлі і волі” Мікалаем Уціным і Лангінам Фёдаравічам Панцялеевым. У Пецярбургу Канстанцін таксама сустрэўся з інжынерам шляхоў зносін Уладзіславам Малахоўскім і служачым чыгункі Ільдэфонсам Мілевічам, якія сталі яго блізкімі сябрамі, і нават з бацькам Фелікса Дзяржынскага Эдмундам, які навучаўся ва ўніверсітэце ў 1858–1862 гадах на фізіка-матэматычным факультэце, а ў 1863 годзе наведаўся ў госці да Ігната Здановіча ў Вільню.
Акрамя таго, у адзін час з Каліноўскім у Пецярбургскім універсітэце вучыліся студэнты гісторыка-філалагічнага факультэта Дзмітрый Пісараў, будучы вядомы рускі публіцыст, і Усевалад Крастоўскі, які ў сваёй дылогіі “Кровавый Пуф” галоўным антаганістычным героем адлюстраваў менавіта Канстанціна Каліноўскага.[183]
165
Гажыч Вітольд Георгіевіч (каля 1843–1864) – праваслаўны шляхціч Брэсцкага павета. Вольны слухач Пецярбургскага ўніверсітэта, паспеў павучыцца і ў Парыжы. Падчас паўстання ў 1863 годзе грамадзянскі начальнік Лідскага павета. Арыштаваны ў жніўні 1863 года. Сасланы на катаргу ў Сібір, па дарозе захварэў на тыф і памёр.
166
Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 167.
167
Такая лічба прысутнічае ва ўспамінах В. Гажыча: Kieniewicz, S. Powstaniestyczniowe / S. Kieniewicz. – Warszawa, 2009. – S. 39. Але згодна падлікам В. Шалькевіча, гэтая лічба завышаная ў два разы: “У 1856 годзе ў С.-Пецярбургскім універсітэце, як мы адзначылі, навучалася на ўсіх факультэтах толькі 478 студэнтаў, у 1861 годзе – 1286. Калі ўлічыць, што члены “Огула” складалаі прыкладна пятую частку, то нават у 1861 годзе, калі В. Гажыч прыехаў у Пецярбург, іх не магло быць больш 257 чалавек”. Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич. – Мн.: Университетское, 1988. – С. 79.
168
Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич. – Мн.: Университетское, 1988. – С. 80.
169
У лісце да Уладзіміра Спасовіча Серакоўскі пісаў 9 верасня 1852 года: “Мы адродзімся. Бачыш, аб адным мару, з’яўляюся заўсёды вашым братам, але змяніліся станоўча мае паняцці пра шматлікія рэчы з 1848 года.
Ведаеш, што ва ўніверсітэце быў заўсёды праціўнікам адносін з усходнімі братамі, цяпер, менавіта пасля выпадкаў 2 снежня, стаю на тым меркаванні, што трэба канчаткова злучыцца з імі.
Мы адродзімся разам з усходнімі братамі. Фалангі падтрымае Македонія. Грэкі павінны духам апанаваць фалангі, і таму верыш, што перад 2 снежня хацеў быць у Парыжы. Цяпер на свеце бачу для сябе толькі два месцы, у Нью-Ёрку, альбо Пецярбурзе. Распавядаю гэта для таго, што хачу казаць усестаронне, а аднак калі б меў выбар, можа б абраў Пецярбург…”. Паводле: Kieniewicz, S. Powstanie styczniowe / S. Kieniewicz. – Warszawa, 2009. – S. 44.
170
Kieniewicz, S. Powstanie styczniowe / S. Kieniewicz. – Warszawa, 2009. – S. 46.
171
Там жа.
172
Аб гэтым сведчыў кіраўнік Навагрудскага паўстанцкага атрада Вітольд Міладоўскі ў сваіх паказаннях. Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 67.
173
Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 62.
174
Агрызка Іасафат (1826–1890) нарадзіўся ў Лепельскім павеце Віцебскай губерні. Пасля заканчэння ў 1844 годзе Мінскай губернскай гімназіі паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў у 1849 годзе. З 1850 года пачаў працу ў Міністэрстве фінансаў у Кадыфікацыйнай камісіі Царства Польскага, дзе зрабіў выдатную кар’еру. У 1859 годзе заснаваў друкарню, у якой выдаваў польскамоўную газету “Słowo”, тут жа з’явіўся на свет першы збор твораў яго сябра – М. Дабралюбава. Таксама сябраваў з М. Чарнышэўскім. У паўстанні 1863–1864 гадоў быў камісарам Нацыянальнага ўрада ў Санкт-Пецярбургу. Арыштаваны 14 лістапада 1864 года, асуджаны да смяротнага пакарання, замененага 20-гадовай катаргай у Сібіры. Вызвалены ў 1877 годзе, але без дазволу вярнуцца на радзіму. Памёр 30 сакавіка 1890 года ў Іркуцку.
175
Шалькевич, В.Ф. Кастусь Каліноўскі / В.Ф. Шалькевіч. – Мн.: Газ. “Голас Радзімы”, 1985. – С. 119.
176
Менавіта на такую функцыю Віктара Каліноўскага спасылаецца паўстанец Віктар-Казімір Баляслававіч Арэнт (1843–1929), удзельнік Парыжскай камуны 1871 года. Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. – С. 124.
177
У далейшым адзін з кіраўнікоў масавых студэнцкіх хваляванняў восенню 1861 года і лідараў у 1862–1863 гг. арганізацыі “Зямля і воля”, вымушаны эміграваць, завочна асуджаны ў лістападзе 1865 года да смяротнага пакарання, удзельнік Першага Інтэрнацыянала і сябар К. Маркса. У канцы жыцця атрымаў памілаванне ад Аляксандра ІІ і вярнуўся ў Расію.
178
Так супрацоўнік Віленскай камісіі па палітычных справах Гагель паведаляў, што “за выпіскі для князя Агінскага ён атрымаў 300 рублёў”. Гогель, Н.В. Иосафат Огрызко и Петербургский революционный ржонд в деле последнего мятежа / Н.В. Гогель. – 2-е изд. – Вильна, 1867. – С. 66.
179
Цыт. паводле: Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. —С. 125.
180
Там жа.
181
Там жа, с. 126.
182
Каліноўскі 17 верасня 1859 года звярнуўся на імя рэктара ўніверсітэта Пятра Аляксандравіча Плятнёва з прашэннем выдаць для Вільчкоўскага, які паступіў ва ўніверсітэт у 1857 годзе, пасведчанне з пазначэннем “якіх прадметаў ён слухаў і якія адзнакі атрымаў на працягу двух гадоў, для вызначэння на якім курсе можа слухаць лекцыі”. 25 верасня пасведчанне было накіравана ў Кіеў. Вільчкоўскі з’яўляўся адным з актыўных удзельнікаў падрыхтоўкі паўстання на Украіне. Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 83.
183
Першы раман сваёй дылогіі пад назваю “Панургово стадо” (1869) Крастоўскі пісаў у Свіслачы побач з бацькоўскім маёнткам Каліноўскіх у Якушоўцы, дзе служыў афіцэрам у кавалерыйскім палку.