Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 8

Глава 2. Якушоўскі перыяд
Свіслач у першай палове ХІХ стагоддзя

Оглавление

Якушоўка знаходзілася побач са Свіслаччу Ваўкавыскага павета. Упершыню ўзгаданае яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256 годам, мястэчка за час свайго існавання неаднойчы мяняла ўладальнікаў. Заслаўскія, Хадкевічы, Пакашавы, Крышпіны, Ромеры і, нарэшце, Тышкевічы, пры якіх Свіслач перажыла “залаты век”. Прадстаўнік знакамітага роду Вінцэнт Тышкевіч (1757–1816) цалкам перабудаваў мястэчка па ўсіх правілах сіметрыі, размясціўшы ў яго цэнтры рынак з высокай калонай пасярэдзіне. Ад рынка вялі шэсць вуліц, кожная з якіх завяршалася каменнай брамай. Самая шырокая і доўгая з іх, вуліца Брэсцкая, цягнулася ў паўднёвым накірунку да Белавежскай пушчы, завяршаючыся капліцай Анёлаў-Ахоўнікаў з дзвюма брамамі паабапал яе. Ва ўсходнім кірунку ад рынку вялі вуліцы Мсцібаўская і Рудаўская з царквой, населеная пераважна вучнёўскай моладдзю. На поўнач ішла Гродзенская вуліца, за брамаю якой былі могілкі, абсаджаныя соснамі. На захад вяла Варшаўская вуліца.[84]

У Свіслачы дзейнічалі адразу пяць заезных двароў: пад Арлом, Аленем, Валом, Адзінарогам і Лебедзем, – а таксама карчма і аптэка.[85]

Былі тут царква, касцёл, сінагога і два яўрэйскія малітоўныя дамы. Драўляны парафіяльны касцёл Святой Тройцы быў уфундаваны яшчэ ў 1668 годзе літоўскім падскарбіем Геранімам Крышпінам, адноўлены ў 1742 на сродкі Тэрэзы Крышпін і яшчэ раз перабудаваны ў 1782 годзе. Ён меў пяць алтароў і па баках дзве капліцы.[86] Менавіта гэты касцёл наведвала сям’я Каліноўскіх пасля пераезду, а яе прадстаўнікі былі пахаваны на мясцовых парафіяльных могілках. Касцёл Святой Тройцы адлюстраваў на адным са сваіх малюнкаў Напалеон Орда.

Аднак найбольшую вядомасць Свіслачы надавалі гімназія і Успенскі кірмаш.[87] Яго патрэбы ў першай палове ХІХ ст. забяспечваў гандлёвы двор з 40 лаўкамі, кожная з якіх мела па тры пакоі. Лаўкі размяшчаліся прамавугольнікам па 14 лавак у даўжыню і па 6 у шырыню. З абодвух бакоў двара былі брамы, а ў сярэдзіне – пляц.

Свіслацкі Успенскі кірмаш, другі па памерах ва ўсёй Гродзенскай губерні пасля Анненскага ў Зэльве, быў заснаваны яшчэ ўладальнікам мястэчка Тышкевічам, які атрымаў прывілей ад караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста 16 студзеня 1783 года. На час кірмаша Тышкевіч нават запрашаў у мястэчка тэатральныя калектывы з Гродна, Вільні і Варшавы.

Таму ў Свіслач прыязджалі не толькі жыхары вакольных вёсак ды суседніх губерняў, але і гандляры з Каралеўства Польскага, Цэнтральнай Расіі, Украіны, а таксама з Аўстрыі, Прусіі, Францыі, Італіі, Даніі, Турцыі. Усяго збіралася да 3–4 тысяч чалавек. Гандлявалі тымі ж таварамі, што і на Анненскім кірмашы. Пераважнае значэнне мелі расійскія вырабы: у 1830 г., напрыклад, іх прывезлі на 172220 руб. (84 % агульнай сумы), а ў 1850 г. – на 31960 руб. З еўрапейскіх тавараў можна было купіць сукно, фарбы, інструменты, напоі, кнігі і інш. З “усходніх” вырабаў меліся кітайская гарбата, бухарскія і персідскія хусткі. Таксама гандлявалі коньмі, авечкамі, буйной рагатай жывёлай.

Спачатку кірмаш праводзіўся як двухтыднёвы, пазней ужо як месяцовы – з 25 жніўня да 25 верасня. Але паступова яго значэнне памяншалася, на што паўплывала канфіскацыя Свіслачы царскімі ўладамі за ўдзел Тадэвуша Тышкевіча ў паўстанні 1830–1831 гадоў. Калі ў 1829 годзе на кірмаш прывозілі тавараў коштам больш за 200 тысяч рублёў, у 1845 годзе – да 135 тысяч рублёў, то ў 1857 годзе – толькі на суму 15 тысяч рублёў.[88]

Яшчэ ў верасні 1850 года ваўкавыскі спраўнік даносіў губернатару пра цяжкасці, якія меліся ў Свіслачы: “Каменныя казённыя лаўкі па сваім трывалым, з усімі выгодамі для купецтва, папярэднім уладкаванні цяпер прыведзены ў такі стан старасці, што ў папярэдніх і цяперашнім годзе некаторыя гандляры пацярпелі страты ад намакання тавараў, бо дах на лаўках зусім стары, у выпадку дажджу лаўкі вадою залівае”.[89] У выніку перад паўстаннем 1863 года кірмаш у Свіслачы амаль перастаў існаваць.

Вялікае значэнне для развіцця мястэчка мелі шляхі зносін, якія ахарактарызаваў Л. Патоцкі: “Хто добра натросся і не раз перакуліўся на самых горшых дарогах у нашым краі, хто пазнаёміўся з мясцінамі, дзе развальваюцца дамы, якія так мала адрозніваюцца ад мужыцкіх халупаў… той будзе вельмі здзіўлены, апынуўшыся на Свіслацкай зямлі. А едучы па роўным гасцінцы, абсаджаным дрэвамі, забяспечаным бар’ерамі, і ўязджаючы ў акуратна і прыгожа збудаваны горад, які ўтрымліваюць чыста і ахайна, забудзе на хвіліну, дзе знаходзіцца, і перанясецца ў думках на берагі Эльбы альбо Рэйна…”.[90]

84

Swisłocz. Kilka wspomnień // Kłosy. – 2 pażdziernika 1879. – № 744. Tom XXIX. – S. 221.

85

Wasilenko, М. Świsłocz: dziejowe blaski i cienie / М. Wasilenko // Magazyn Polski na Uchodźstwie. – 2015. – № 5 (113). – S. 11.

86

Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI. – Warszawa, 1890. – S. 720.

87

Швед, В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830–1850-е годы) / В.В. Швед – Гродно: ПКФ “Орбикс”, 1995. – С. 23.

88

Бобровский, П. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Гродненская губерния / П. Бобровский. – Санкт-Петербург, 1863. – Часть 2. – С. 1071.

89

Цыт. паводле: Соркіна, І. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. / І. Соркіна. – Вільня, 2010. – С. 117.

90

Там жа, с. 105.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх