Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 18

Глава 3. Студэнцкія гады
Фарміраванне светапогляду Канстанціна Каліноўскага ў час навучання ў Пецярбургскім універсітэце

Оглавление

Асабісты жыццёвы досвед Канстанціна Каліноўскага прадвызначыў яго зварот да сацыяльнай тэматыкі, якую ён шматразова ўздымаў падчас таемных абмеркаванняў. У выніку за ім замацаваліся такія характарыстыкі, як “хлапаман”,[200] “мужык” (chłop),[201] “якабінец”,[202] “дэмакрат”,[203] выкліканыя не толькі яго ўласнымі поглядамі, але і абмежаванасцю шляхецкага выхавання яго апанентаў, закамплексаваных бацькоўскімі марамі аб аднаўленні Рэчы Паспалітай у форме, якая ўжо не адпавядала новым выклікам часу.

Чым відавочней гэта станавілася для Каліноўскага, тым радыкальней гучалі яго выказванні на фоне немагчымасці дастукацца да тых, хто не быў падрыхтаваны да дасягнення мэты любымі сродкамі. Адсюль вытокі яго ідэі аб патрэбе стварэння арганізацыі з ліку найбольш энергічных і здольных вясковых жыхароў – сялян і дробнай шляхты.[204] Менавіта на недахоп падобнай “Арганізацыі” як адзінай рэчы, якая бракуе “Дэмакратыі” для яе перамогі ў Еўропе, звярталі ўвагу найбольш радыкальныя прадстаўнікі сацыялістычных поглядаў сярэдзіны ХІХ стагоддзя.[205]

У той час, як шляхецкая моладзь з тэрыторыі Рэчы Паспалітай удзельнічала ў абмеркаваннях аб пошуку шляхоў яе незалежнасці, звязваючы гэта з вырашэннем так званага “польскага пытання”, Канстанцін Каліноўскі ўздымаў на першы план “сялянскае пытанне”, што, у сваю чаргу, разглядалася ім як асноўны спосаб дасягнення незалежнасці радзімы. Каліноўскі злучаў два гэтыя пытанні ў адно, але ў выніку атрымаў падтрымку толькі невялікай суполкі студэнтаў ды афіцэраў, каб урэшце быць абвінавачаным як “на словах крыважэрны дэмагог”,[206] нягледзячы на тое, што ў гэтым сэнсе ён меў папярэднікаў з ліку тых, каго на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай лічылі героямі, якія аддалі жыццё за ўласныя погляды. Гэта Міхаіл Валовіч, Шымон Канарскі і, перш за ўсё, лідар кракаўскага паўстання 1846 года Эдвард Дамбоўскі, які намагаўся па вёсках “тлумачыць сялянам, што рэвалюцыя ім уласнасці жадае і ў іх імя выступае”.[207] Нездарма ўзгадка пра “аграрную рэвалюцыю” як умову “нацыянальнага вызвалення” знайшла адлюстраванне нават у “Маніфесце камуністычнай партыі”.[208]

Яшчэ адразу пасля прыезду ў Маскву Канстанцін Каліноўскі адкрыў для сябе творы рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў, якія жадалі “каб Польшча была незалежная”.[209] Пацвярджэнне гэтаму ён знаходзіў падчас размоў з рускімі студэнтамі. У выніку гэтых адносін “Расія” для яго адкрывалася адначасова ў двух дыяметральна супрацьлеглых вобразах Масквы і Пецярбурга. З аднаго боку было “маскоўскае панаванне” і магутная Імперыя, з другога – тыя рускія, якія таксама расцэньвалі “царызм” як варожы лад і рыхтавалі выступленне супраць яго. Пры гэтым яны высока ацэньвалі ролю “Польшчы” (Рэчы Паспалітай), за аднаўленне якой выступалі: “І жадаем гэтага больш шчыра за многіх заходніх сяброў яе. Яны хочуць аднавіць Польшчу супраць Расіі, хочуць зрабіць з яе “лагер, а не форум”, як казаў Напалеон Нарбону, і абараніцца яе славянскімі грудзямі ад нас. Мы хочам Польшчу вольную і самабытную для таго, каб не было, нарэшце, ніякай прычыны разладу з Еўропай. Пакліканне Польшчы – гэта мір, а не гэта вайна; яна не памежная варта Еўропы, не плот паміж двума сем’ямі чалавецтва, а пасрэдніца іх. Яна, са славянскай крывёю ў жылах і з еўрапейскай адукацыяй у норавах, прызначана лёсам быць вялікім Camp du drap d’or[210] – гэтай сустрэчы. Яна злучыць сваімі мужнымі рукамі рукі адзінаборцаў, не абліваючы іх зноў сваёю ўласнай крывёю. Ёй не патрэбна больш ахвяраў; яе святыя могілкі павінны абрасіцца не яе крывёю, а нашымі слязамі”.[211]

Погляды Канстанціна Каліноўскага грунтаваліся на самых радыкальных тэорыях, якія ў гэты час распаўсюджваліся ў Пецярбургу дзякуючы “Полярной звезде”, герцэнаўскаму “Колоколу”, першы нумар якога пабачыў свет летам 1857 года, творам Бакуніна, Чарнышэўскага і Дабралюбава, нелегальным выданням польскай эміграцыі,[212] новым філасофскім трактатам, у тым ліку сацыялістаў-утапістаў, якія не столькі чыталіся, колькі пераказваліся, часам з дадаваннем ідэй, якія ў іх насамрэч адсутнічалі, а таксама чытаннем навін пра працэсы, што адбываліся ў свеце, як аўстра-французска-італьянская вайна 1859 года, дзейнасць Гарыбальдзі і ўдзел на баку італьянцаў добраахвотнікаў з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

Зрабілі ўплыў на Канстанціна Каліноўскага і ідэі польскіх дэмакратаў, у першую чаргу сацыяліста-ўтапіста Станіслава Ворцэля,[213] які выступаў за саюз рэвалюцыйных сіл Польшчы і Расіі і абвяшчаў “Братэрства роду людзкога!”[214] дагматам веры сацыялізму, які будзе грунтавацца на падставе дэмакратызму з яго вытокамі ў хрысціянстве. Дэмакратызм у сваю чаргу мае дзве дэфініцыі: “усяўладства ўсіх” і “дэмакратычная Рэч Паспалітая”[215] для ўсіх народаў.

Узаемаадносіны паміж рознымі часткамі былой Рэчы Паспалітай Каліноўскі разглядаў з пазіцый герцэнаўскай федэрацыі. Гэта было выклікана ў дадзены перыяд не імкненнем адасаблення былога Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы як незалежных складаючых, а звязвалася з неабходнасцю дасягнення поспеху за кошт “сацыяльнага перавароту”[216] ў адным рэгіёне і распаўсюджвання барацьбы на тых пачатках, да якіх шляхта з-за сваёй абмежаванасці не была падрыхтаваная, прычым не толькі на Русь (Украіну) і Карону (Польшчу), але і цэнтральную частку Расійскай Імперыі. І ўсё ж галоўнай мэтай з’яўлялася сацыяльная рэвалюцыя, у выніку якой царызм з яго іерархічнай будовай грамадства будзе знішчаны. Сялянскае паўстанне па прыкладзе Уманскай або Галіцыйскай разні магло стаць першым неабходным крокам да гэтага.

Віктар Каліноўскі аказваў на малодшага брата Канстанціна вялізарны ўплыў, дазволіўшы яму ў юнацкім узросце ўвайсці ў шматлікія абмежаваныя для звычайных студэнтаў таемныя суполкі, а таксама завязаць сувязі, якія мелі вырашальнае значэнне для яго поспехаў пасля вяртання на радзіму і разгортвання дзейнасці Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі. Канстанцін Каліноўскі не проста з’яўляўся ўдзельнікам салонных сустрэч, ён быў адным з найактыўнейшых выступоўцаў.

Агульнасць поглядаў на неабходнасць пашырэння сацыяльнай базы будучага паўстання, цікавасць да гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, актыўная дзейнасць у арганізацыі Серакоўскага-Дамброўскага ўрэшце прывяла да таго, што аўтарытэт старэйшага брата перайшоў на малодшага, які ўсё актыўней стаў браць на сябе функцыі, якія раней выконваў Віктар і што цяпер не мог рабіць з-за пагаршэння здароўя.

Такім чынам, Канстанцін Каліноўскі ў час навучання ў Пецярбургу, як і яго землякі, марыў пра аднаўленне Рэчы Паспалітай. Але ў адрозненне ад многіх іншых ён бачыў дасягненне мэты як вынік паўстання на радзіме, якое ўспрымалася як рэвалюцыя, паколькі ставіла мэтай змену сацыяльнага ладу грамадства. Каліноўскі бачыў гэтае паўстанне пажарам, з якога полымя змагання будзе пашырана на суседнія тэрыторыі, і перш за ўсё на Расію.

200

Революционный подъем 1861–1862 гг. в Литве и Белоруссии. – М., 1964. – С. 209.

201

Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857–1865. 2 t. – Wilno, 1913. – T. 1. – S. 220.

202

Драницын, С. Н. Польское восстание 1863 года и его классовая сущность / С.Н. Драницын. – Л., 1937. – С. 207.

203

Там жа, с. 177.

204

Ратч, В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России / В.Ф. Ратч. – Вильно, 1867. – Т. 1. – С. 183: “Ён заяўляў, што пакажа з дробнай шляхты і з сялян на здольныя асобы, якія здолеюць паноў прыняць у рукі…; Ён жадаў прыцягнуць да сябе народ, далёка выйшаўшы з межаў надзелаў, аддаць усю зямлю сялянам, і з асяроддзя сялян абраць асобы для выканання свайго плану”.

205

На гэтую важнейшую праблему звяртаў увагу Цэнтральны камітэт еўрапейскай дэмакратыі ў звароце ад 22 ліпеня 1850 года “Да народаў”, падпісаным французам Аляксандрам Ледру-Раленам, італьянцам Джузэпэ Мадзіні, немцам Арнольдам Ругэ і палякам Войцехам Дарашам. Do Ludów / Co przed nami? – Paryż, 1850. – S. 11: “Не хапае Дэмакратыі адной толькі рэчы; але гэтая рэч жыццёвая: назва ёй арганізацыя”.

206

Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857–1865. 2 t. – Wilno, 1913. – T. 1. – S. 222.

207

Stecka, M. Edward Dembowki / М. Stecka. – Lwów, 1911. – S. 49. Дамбоўскі быў схоплены сялянамі, за інтарэсы якіх змагаўся, і ледзь не быў перададзены ў рукі аўстрыйцаў. Затым таксама намагаўся выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах ксяндзоў для ўздзеяння на сялян і сам у белай сутане і крыжам у руцэ выправіўся па вёсках. Але ў адной з сутычак з аўстрыйскімі вайскоўцамі загінуў.

208

Маркс, К., Энгельс, Ф. Манифест коммунистической партии / К. Маркс и Ф. Энгельс. // Сочинения. – М., 1955. – Т. 4. – С. 458: “Сярод палякаў камуністы падтрымліваюць партыю, якая ставіць аграрную рэвалюцыю ўмовай нацыянальнага вызвалення, тую самую партыю, якая выклікала кракаўскае паўстанне 1846 года”.

209

Герцен, А. К нашим / А. Герцен // Полярная звезда. – Лондон: Вольная русская книгопечатня, 1855. – Книга первая. – С. 226: “Я веру ў магутнасць слова, я веру ў мірнае злучэнне на адну агульную справу. Народнасць – любоў да сваіх, не значць нянавіць да другіх. Што зрабілася са справядлівай нянавісцю Палякаў да Рускіх, пры першым адкрытым слове любові і прымірэння Палякі і Рускія ўказалі на агульнага ворага і абняліся. Вось як важна выказвацца; маўчанне знак прыхаванай думкі, значна больш, чым згоды.

Што ж выйшла з гэтага збліжэння польскіх выгнаннікаў з гнанымі Рускімі? Тое, што Палякі жадаюць, каб мы былі вольнымі, а мы – каб Польшча была незалежная”.

210

З фр. “Поле залатой парчы”. Герцэн мае на ўвазе месца сустрэчы англійскага караля Генрыха VIII і французскага караля Францыска І, якая праходзіла 7-23 чэрвеня 1520 года непадалёк ад Кале. Нягледзячы на маштаб сустрэчы, з-за якой скарбніцы Англіі і Францыі апынуліся ў дэфіцыце, яна не дасягнула сваёй мэты: замацаванне сяброўскіх адносін паміж двума манархіямі.

211

Герцен, А. К нашим / А. Герцен // Полярная звезда. – Лондон: Вольная русская книгопечатня, 1855. – Книга первая. – С. 227.

212

Ратч, В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России / В.Ф. Ратч. – Вильно, 1867. – Т. 1. – С. 181: “быў ён чысцейшым стварэннем камуністычнай літаратуры цэнтралізацыі з усёю федэратыўнаю лухтою Колокола”.

213

Станіслаў Ворцэль (1799–1857) – удзельнік лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў, дэпутат паўстанцкага сейму ад Валыні. Пасля задушэння паўстання эміграваў у Англію, дзе стаў ідэолагам часткі эміграцыі, якая вылучалася левымі поглядамі. У 1835 годзе садзейнічаў аддзяленню ад Польскага дэмакратычнага таварыства двух грамад эмігрантаў у Англіі, якія ўтварылі першае польскае рэвалюцыйна-дэмакратычнае таварыства “Люд польскі”. У 1840 годзе выйшаў са складу арганізацыі і разам з І. Лелявелем стварыў арганізацыю “Аб’яднанне”, якое пасля кракаўскага паўстання ў 1846 годзе ўвайшло ў склад Польскага дэмакратычнага таварыства. У 1847 годзе Ворцэль быў абраны ў склад кіруючага кола аб’яднання (“Цэнтралізацыя”. Блізкі сябар італьянскага палітыка Джузэпэ Мадзіні і рускага рэвалюцыянера А. Герцэна, якому дапамагаў у стварэнні Першай вольнай рускай тыпаграфіі).

214

Co przed nami? – Paryż, 1850. – S. 21.

215

Там жа, s. 23.

216

Przyborowski, W. Dzieje 1863 roku. Т. 3. / W. Przyborowski. – Kraków: W.L. Anczyc, –1902. – S. 4.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх