Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 12

Глава 3. Студэнцкія гады
Канстанцін Каліноўскі ў Маскве. Прычыны пераезду ў Пецярбург

Оглавление

Пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі Канстанцін Каліноўскі тры гады жыў у Якушоўцы, дзе дапамагаў бацьку ў вядзенні гаспадаркі. Усе грошы сям’і пайшлі на набыццё маёнтка, для далейшага развіцця якога патрэбныя былі новыя сродкі. Арандаваць і валодаць – вялікая розніца, якую новыя гаспадары адчулі адразу. Пясчаная зямля давала дрэнны ўраджай, у дадатак пачаліся праблемы з фабрыкай, паколькі канкурэнцыя не дазваляла мець высокіх прыбыткаў, як было ў першай палове 1840-х гадоў. Гэтыя праблемы з’яўляліся якраз тым, што дапамагаў вырашаць Канстанцін Каліноўскі, арганізоўваючы гаспадарку, працуючы на зямлі і вывучаючы сялянскае жыццё падчас вандровак па ваколіцах. Як бы склалася яго далейшае жыццё, каб не канфлікт з мачыхай? З-за яго на пачатку 1856 года Канстанцін вымушаны быў перабрацца ў Маскву да старэйшага брата і вырашыў, нарэшце, паступіць ва ўніверсітэт ды працягнуць навучанне.

Папярэдне, 16 студзеня 1856 года, ён атрымаў пасведчанне аб беднасці ад Гродзенскага прадвадзіцеля дваранства,[120] каб мець магчымасць паступіць па выніках экзаменаў без платы за навучанне. Паўгода Канстанцін актыўна рыхтаваўся да здачы іспытаў – якраз тады, калі ў Парыжы адбываліся перамовы аб завяршэнні Крымскай вайны.

Мірная дамова была падпісана 18 (30) сакавіка 1856 года, засведчыўшы паражэнне Расійскай Імперыі ў барацьбе з Асманскай імперыяй і, перш за ўсё, Англіяй і Францыяй. Навіна сярод большасці студэнтаў з былой Рэчы Паспалітай была сустрэта спадзяваннем, якое цяпер ператварылася ў веру, на замежную дапамогу ў магчымай барацьбе з захопнікам. Але ў той жа час найбольш радыкальныя студэнты сачылі за іншай навіной, якая, нягледзячы на ўсе намаганні жандараў, у сярэдзіне красавіка актыўна абмяркоўвалася ў розных кутках Расійскай Імперыі: 30 сакавіка ў Маскве адбылася сустрэча з прадвадзіцелямі дваранства яшчэ некаранаванага імператара Аляксандра. На ёй малады цар заявіў: “Чуткі носяцца, што я хачу зрабіць вызваленне прыгоннага стану. Гэта несправядліва, і ад гэтага было некалькі выпадкаў непадпарадкавання сялян памешчыкам. Вы можаце сказаць гэта ўсім направа і налева: я казаў тое ж самае прадвадзіцелям, якія былі ў мяне ў Пецярбургу; я не скажу вам, каб я быў зусім супраць гэтага, мы жывём у такім стагоддзі, што з часам гэта павінна здарыцца. Я думаю, што і вы аднаго меркавання са мною, адпаведна, значна лепш, каб гэта адбылося зверху, чым знізу”.[121] Такая думка пацвярджала ідэі, выкладзеныя ў “Полярной звезде”, якая ў 1855 годзе пачала выдавацца А. Герцэнам і М. Агаровым у Лондане і папярэднічала “Колоколу”: “Дайце зямлю сялянам. Яна і так ім належыць; змыйце з Расіі ганебную пляміну прыгоннага стану, залячыце сінія рубцы на спіне нашых братоў – гэта страшэнныя сляды пагарды да чалавека”.[122]

12 ліпеня Віктар Каліноўскі звольніўся з Маскоўскага ўніверсітэта і разам з братам Канстанцінам выехаў у паўночную сталіцу імперыі – Пецярбург.

Пасля з’яўлення яго, гатовага апошнім кавалкам хлеба падзяліцца з землякамі,[123] у Пецярбургу пачалі хадзіць чуткі, што Віктар быў выключаны з Маскоўскага ўніверсітэта за распаўсюджванне забароненых кніг – чужую віну, якую ўзяў на сябе.[124] У далейшым гэтая плётка замацавалася як факт, які ў выніку прыпісалі яго малодшаму брату Канстанціну. Усевалад Ігнатоўскі ўвогуле ў спробе патлумачыць пераезд з Масквы ў Пецярбург убачыў “удзел у студэнцкіх непарадках”,[125] за якія быццам бы Канстанцін, а не яго брат Віктар, быў выключаны. Насамрэч да пераезду прывялі некалькі зусім іншых прычын.

Па-першае, пасля смерці Мікалая І ў Вільні археограф Яўстафій Тышкевіч атрымаў дазвол стварыць Музей старажытнасцей, пры якім пачала дзейнічаць Археалагічная камісія. У ліку яе дзеячаў акрамя братоў Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Тэадора Нарбута, Уладзіслава Сыракомлі, Юзэфа Крашэўскага і Міхала Балінскага быў Адам Кіркор (1818–1886), з якім пазнаёміўся Віктар Каліноўскі.

Кіркор, якога Арцём Вярыга-Дарэўскі ў сваім вядомым альбоме называе “Адаська” і “Мурашка працавіты”, актыўна займаўся навуковай дзейнасцю, асабліва археалогіяй і этнаграфіяй, паспеў выдаць шэраг альманахаў, перш чым у 1859 годзе заснаваў уласную друкарню і заняўся сумесна з Мікалаем Маліноўскім (1799–1865), былым філаматам і сябрам Адама Міцкевіча і Томаша Зана, рэдагаваннем газеты “Віленскі веснік” (1859–1865). Кіркор вялікую ўвагу надаваў вывучэнню славянскіх народаў, у тым ліку беларусаў. Ён нават звяртаўся да ўрада з прашэннем увесці навучанне ў школах Беларусі на роднай мове. Пад яго ўплывам мінскі маршалак Аляксандр Аскерка выдаў у 1862 годзе ў Варшаве беларускі буквар (“Элементаж”).[126] Менавіта Кіркор прапанаваў Каліноўскаму заняцца зборам матэрыялаў для Археалагічнай камісіі, для чаго неабходна было перабрацца ў Пецярбург.

Па-другое, пасля ўзыходжання на прастол новага імператара Аляксандра ІІ пачалася шырокая амністыя ў дачыненні да патрыятычнай моладзі з былой Рэчы Паспалітай. Адным з першых у іх ліку быў Зыгмунт Серакоўскі, на ўсталяванне сувязі з якім і выправіўся Віктар Каліноўскі.[127]

Браты Каліноўскія пасяліліся ў Выбаргскай часці па Другой Госпітальнай вуліцы ў доме Маслава,[128] дзе жылі служачыя Ваенна-сухапутнага шпіталя, размешчанага на суседняй Клінічнай вуліцы. Побач быў Самсоніеўскі мост праз раку Няву і два буйныя цукровыя заводы – далёка не лепшы раён для жыцця.

Пакуль старэйшы брат вышукваў гістарычныя дакументы ў публічнай бібліятэцы, паралельна наладжваючы сувязі з рэвалюцыйнымі гурткамі, Канстанцін 1 жніўня падаў прашэнне на імя выконваючага абавязкі рэктара Пецярбургскага ўніверсітэта вядомага фізіка Эмілія Хрысціянавіча Ленца аб дапушчэнні да прыёмных экзаменаў.[129]

120

Кісялёў, Г. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага / Г.В. Кісялёў // З думай пра Беларусь. – Мн.: Беларусь, 1966. – С. 101.

121

Речь Александра ІІ, сказанная 30-го марта 1856 г. московским предводителям дворянства // Голос минувшаго. – Май-июнь 1916. – № 5–6. – С. 393.

122

Письмо к императору Александру Второму // Полярная звезда. – Лондон: Вольная русская книгопечатня, 1855. – Книжка первая. – С. 13.

123

Limanowski, B. Historia powstania narodu polskiego w 1863 i 1864 r. / B. Limanowski. – Lwów, 1882. – T. 2. – S. 213.

124

Там жа.

125

Ігнатоўскі, У. Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця. Лекцыі, чытаныя студэнтам Беларускага Дзяржаўнага універсітэту / У. Ігнатоўскі. – 2-е выд. – Мінск, 1926. – C. 125.

126

Шалькевіч, В.Ф. Кастусь Каліноўскі. / В.Ф. Шалькевіч – Мн.: Газ. “Голас Радзімы”, 1985. – C. 110.

127

Зыгмунт Серакоўскі (1826–1863) – капітан расійскага Генштаба, супрацоўнік часопісаў “Колокол” і “Современник”, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у падпольных патрыятычных гуртках быў высланы салдатам у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Тарасам Шаўчэнкам. Вярнуўшыся па амністыі ў сталіцу імперыі, скончыў акадэмію Генштаба. Зблізіўся з М. Дабралюбавым, М. Чарнышэўскім. У 1857 стварыў у Санкт-Пецярбургу рэвалюцыйную суполку афіцэраў, сябрамі якой былі і браты Каліноўскія.

128

Кісялёў, Г.В. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага / Г.В. Кісялёў // З думай пра Беларусь. – Мн.: Беларусь, 1966. – С. 102.

129

Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 79.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх