Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 14

Глава 3. Студэнцкія гады
Навуковая дзейнасць Віктара Каліноўскага

Оглавление

Не атрымліваючы вестак ад сыноў, Сымон Каліноўскі звярнуўся па дапамогу да свайго колішняга сябра Міхала Фрычынскага, які ў маі 1857 года паведамляў яму: “Пан Віктар знайшоў сабе заняткі – і карысныя, і колькі-небудзь прыбытковыя; добры чалавек пан Палонскі, які не перастае апекавацца ім, здолеў яму памагчы ў гэтым – пазнаёміў з п. Іваноўскім, гродзенцам, які служыць у імператарскай бібліятэцы, і той забяспечвае яго работай. Дай бог, каб гэта было яму на карысць”.[140]

Віктар Каліноўскі, які першапачаткова марыў стаць урачом, цяпер самааддана займаўся ў публічнай бібліятэцы Пецярбурга пошукамі гістарычных крыніц па гісторыі былой Рэчы Паспалітай. Ён карыстаўся дапамогай Антона Дамінікавіча Іваноўскага (1823–1873), які ў 1857–1869 гадах працаваў малодшым бібліятэкарам у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы і быў членам-супрацоўнікам Віленскай археалагічнай камісіі. Сам жа Віктар “на службе ў ёй не знаходзіўся, але займаўся ў агульнай чытальнай зале бібліятэкі некалькі год запар і ў 1862 годзе, як значыцца ў алфавітнай кнізе чытачоў, меў жыхарства па Неўскім праспекце ў доме Красільнікава, былым Прынцыпа, насупраць Вялікай Канюшаннай вуліцы”.[141]

Імператарская публічная бібліятэка (сёння – Расійская нацыянальная бібліятэка імя М.Я. Салтыкова-Шчадрына) размяшчалася на перакрыжаванні Садовай вуліцы і Неўскага праспекта. Дзякуючы дырэктару графу Мадэсту Корфу, у ёй была ўдасканалена сістэма ацяплення за кошт пнеўматычных печаў у падвалах замест печаў у кнігасховішчах, з’явіўся паркет, дываны, прыгожая мэбля, высокія сцелажы з прыступкамі, мелася асвятленне. Шмат грошай выдзялялася на куплю кніг, у тым ліку тых, якія адносіліся да рэвалюцыйных падзей, а таксама выдаваліся Вольнай рускай тыпаграфіяй А. Герцэна ў Лондане.

Бібліятэку наведвалі шматлікія сталічныя літаратары не толькі каб бясплатна пачытаць пры святле, але і каб пагрэцца, паколькі пераважная большасць з іх здымала невялічкія пакойчыкі не самай лепшай якасці. Нездарма М. Дабралюбаў, які шмат часу праводзіў у адной чытальнай зале з Віктарам Каліноўскім, адзначаў: “Выкарыстанне бібліятэкі вельмі распаўсюдзілася ў апошні час”. Яна зрабілася адным з найпапулярнейшых і найвядомейшых месцаў, модным сярод вучнёўскага юнацтва і малазабяспечаных людзей: “Тысячы людзей прыходзяць сюды і сустракаюць тут рэдкія выгоды, якія напаўняюць іх сэрца пачуццямі ўдзячнасці і павагі да дзейнасці кіраўніцтва бібліятэкі, такога клапатлівага і прадбачлівага”.[142] Напрыклад, у 1856 годзе бібліятэку наведала 27866 чытачоў, у 1857 – 31151, у 1858 – 34275.

Віктар кожны дзень быў тут з 10 гадзін раніцы да 9 гадзін вечара, а па нядзелях і святочных днях – з 12 да 15 гадзін. Час, які Віктар прысвячаў працы ў бібліятэцы, быў настолькі вялікі, а яго веды матэрыялаў бібліятэкі настолькі значнымі, што нават для блізкіх сяброў ён стаў “супрацоўнікам” і нават “чыноўнікам”. Бібліятэка дазваляла Віктару, які супрацоўнічаў з Віленскай археалагічнай камісіяй, не толькі зарабляць грошы на жыццё, але і была сапраўднай базай для распаўсюджвання рэвалюцыйных ідэй.

Браты Каліноўскія паспяхова пераадолелі цяжкасці першых месяцаў жыцця ў Пецярбургу, нават без звароту па дапамогу да сям’і, з якой не падтрымлівалі ў гэты час ніякіх сувязяў. Канстанцін пачаў зарабляць грошы, займаючыся рэпетытарствам, Віктар – пошукам дакументаў для Віленскай камісіі, ад якой на 1 снежня 1857 года атрымаў 115 рублёў.[143]

Перад Віктарам Каліноўскім была пастаўлена задача знайсці ў Пецярбургскай публічнай бібліятэцы матэрыялы, якія датычыліся гісторыі Рэчы Паспалітай і пры гэтым раней не друкаваліся. Аднак паступова ў гэтым плане пачалі ўзнікаць праблемы, паколькі рукапісы для перапісвання, якія прапаноўваў Каліноўскі, у шматлікіх выпадках адмяняліся. 2 верасня 1857 года Віктар скончыў перапісваць “Дыярыуш” каралевіча Якуба Сабескага, аб чым неадкладна паведаміў Адаму Кіркору,[144] і прыступіў да працы па перапісванні твора аб апісанні межаў паміж Каронай Польскай і Вялікім Княствам Літоўскім. У сваёй працы Віктар кіраваўся тым прынцыпам, каб пры перапісванні не магла ўзнікнуць ніводная памылка. Пры гэтым у пошуках першакрыніцы замоўленага яму твора ён вышукваў усе магчымыя рукапісы, аналізуючы іх на прадмет хібаў і недакладнасцей, адрознай арфаграфіі асобных слоў, параўноўваючы рукапісы паміж сабою.

У сувязі з працай над апошняй замоваю, Каліноўскі звяртаўся да Кіркора з просьбай удакладнення таго, чым варта надалей займацца. Пасрэднікам у гэтых перамовах выступаў бібліятэкар Іваноўскі, які аплачваў паслугі Каліноўскага. У той жа час прыродная сціпласць Віктара не дазваляла яму дакладна акрэсліць кошт уласных паслуг, і ён зазначаў у лісце ад 19 верасня: “Ведаючы гэты род працы і бачачы, як мне яны ўдаюцца, вы можаце самі прызначыць суму”.[145] Аднак жыццёвыя складанасці вымушалі змяняць падыходы. Як вынік: за перапісаны для Віленскага музея старажытнасцей Акт Люблінскай уніі і каталог польскіх рукапісаў Віктар атрымаў 40 рублёў, з якіх толькі 15 рублёў ад самога Кіркора падчас яго наведвання Пецярбурга, за “Дыярыуш” Сабескага – яшчэ 35 рублёў. 27 кастрычніка за апісанне межаў Кароны і Княства Каліноўскі прасіў толькі 43 руб. У сярэднім за адзін перапісаны ліст Каліноўскі прасіў па 60 капеек срэбрам.[146] Аднак гэтыя грошы не каштавалі той працы, якую ўкладаў у сваю дзейнасць Віктар Каліноўскі. Так, адзначаючы перад Кіркорам вартасць аднаго з варыянтаў “Апісання граніц”, напісанага “на гаворцы Крывіцкай (беларускай)”, ён дадаваў: “Пасылаю Вам здымак першага ліста перапісанага рукапіса. Стараўся, і здаецца, мне гэта ўдалося, спісаць усё як мага сумленней, захоўваючы найдакладней арфаграфію, якая, на маю думку, можа быць цікавай для граматыстаў”.[147] Але, як падкрэслівае сам Каліноўскі, ён працаваў у публічнай бібліятэцы насамрэч “з зусім іншымі мэтамі”,[148] чым толькі перапісванне старых рукапісаў.

У той жа час выкананне прац для Археалагічнай камісіі, якія Віктару Каліноўскаму замаўляў таксама Мікалай Маліноўскі, з’яўлялася не адзінай крыніцай яго даходаў. Ён падтрымліваў актыўныя навуковыя сувязі са шматлікімі даследчыкамі, для якіх выконваў разнастайныя даручэнні. Да іх ліку належаў кіраўнік Народнай бібліятэкі імя Асалінскіх у Львове гісторык Аўгуст Бялёўскі. Цесныя сувязі наладзіліся вясною 1857 года,[149] калі Бялёўскі прыязджаў у Пецярбург для вывучэння магчымасцей рукапіснага аддзела Імператарсай публічнай бібліятэкі. Для яго Каліноўскі ў лютым 1859 года зрабіў выпісы разнастайных лістоў і дакументаў гетмана Жалкеўскага, якія ўвайшлі ў 1861 годзе ў выданне яго твораў, падрыхтаванае Бялёўскім.

У прадмове да кнігі асобна была адзначана дапамога Віктара Каліноўскага, а ў яго бібліятэку трапіў адзін з экзэмпляраў выдання. Сам Бялёўскі некалькі разоў звяртаўся па дапамогу да Каліноўскага, напрыклад, лістом ад 18 красавіка, у адказ на які 26 чэрвеня было адпраўлена 25 дакументаў, перапісаных Віктарам. 5 лістапада ён адзначаў, што знайшоў “у некалькіх рукапісах 36 новых дакументаў пра Жалкеўскага”.[150] 30 снежня 1859 года Бялёўскаму былі адпраўлены апошнія копіі сабраных дакументаў пра вялікага гетмана.

Сам жа Віктар Каліноўскі на кароткі час зацікавіўся пошукам інфармацыі пра Вінцэнта Кадлубка і прасіў аб дапамозе для прафесара Кастамарава, які займаўся казацтвам. Каліноўскі распытваў Бялёўскага пра вартасць львоўскіх бібліятэк у асвятленні гісторыі казакоў, асабліва Налівайкі, і эпохі, што папярэднічала выступленню Хмяльніцкага.

Кастамараў прыехаў у сталіцу вясной, па запрашэнні выкладаць у Пецярбургскім універсітэце і, чакаючы пачатку працы, бавіў час у публічнай бібліятэцы, дзе пазнаёміўся з Віктарам Каліноўскім. Пазней ён зазначаў: “Мне не здаралася ў жыцці бачыць чалавека, які так аддана захапляўся археаграфіяй і гісторыяй. Яго веды не ішлі далей Літвы і Польшчы, але затое яго можна было назваць хадзячым каталогам самых дробязных звестак пра мінулы побыт гэтых краёў. Чалавек гэты вылучаўся вялікай дабрадушнасцю і бясконцай паслужлівасцю. Помнікам знаёмства з ім астаўся ў мяне багаты збор выпісак з указаннем на нумары і фарматы тых рукапісаў, з якіх яны ўзяты. Родны брат яго папаўся пасля ў польскім мяцяжы як адзін з важнейшых дзеячаў у Літоўскім краі і быў павешаны; мой жа прыяцель быў чалавек іншага гатунку: ён увесь жыў мінулымі вякамі і амаль не цікавіўся сучаснымі падзеямі. Будучы знаёмы з гісторыяй сваёй бацькаўшчыны значна глыбей тых верхаглядных патрыётаў, якія, не вывучаючы грунтоўна мінулага, складалі сабе пра яго летуценныя вобразы, Каліноўскі ў асяроддзі сваіх суайчыннікаў выклікаў нават незадавальненне за тое, што смела прамаўляў рэчы, якія тагачасным польскім патрыётам былі не даспадобы. Заўсёды ў зацяганым плашчы, харчуючыся нішчымнаю ядою ў нейкай польскай кухмістаршы, Каліноўскі мала клапаціўся пра свой жыццёвы камфорт і, можна сказаць, ва ўсіх адносінах быў чалавек “не ад свету гэтага”.[151] Магчыма нават, што праз М. Кастамарава браты Каліноўскія былі знаёмыя з украінскім паэтам Тарасам Шаўчэнкам, які пасля ссылкі ў 1858–1859 гадах пражываў у Пецярбургу.

Віктар Каліноўскі быў таксама апантаным бібліяфілам, які значную частку грошай, якія зарабляў на генеалагічных даследаваннях шляхты, траціў на набыццё кніг, у чым яму актыўна дапамагаў малодшы брат Канстанцін. У 1864 годзе ў Пецярбургу быў складзены каталог сабраных Каліноўскім выданняў, які налічваў 230 адзінак.[152] Сярод іх толькі пяць кніг на рускай мове, кшталту “О Западной России” (Магілёў, 1793) С. Богуша-Сестранцэвіча, у якой праводзілася думка пра еднасць рускіх, беларусаў і ўкраінцаў. Астатнія ж выданні былі на лацінскай, старабеларускай, польскай, французскай і нямецкай мовах. Сярод іх былі як работы антычных аўтараў (Сенэка, Ціт Лукрэцый, Ціт Лівій, Карнэлій Непат), так і надрукаваныя ў XVI–XVIII стагоддзях у тыпаграфіях Гродна, Віцебска, Магілёва, Оршы, і асабліва шмат кніг, надрукаваных у Вільні і Полацку. Пераважная большасць выданняў прысвечана гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, што сведчыць пра сферу зацікаўленасці Віктара Каліноўскага, пад уплывам якога апынуўся і Канстанцін.

Перапісваючыся з львоўскім гісторыкам Бялёўскім, не забыўся Віктар Каліноўскі і пра сябе, звяртаючыся па дапамогу ў зборы матэрыялаў для манаграфіі “Уманская разня”, прысвечанай паўстанню ўкраінскіх сялян у 1768 годзе ў раёне горада Умань:[153] “Апрача звестак пра саму разню, мяне моцна цікавяць дакументы, якая даюць уяўленне пра тагачасны стан праваслаўнай царквы, асвету духавенства, яго залежнасць і г.д.”.[154]

Актыўна і “сумленна”[155] Віктар Каліноўскі прапрацаваў над выданнем на рускай мове “Уманскай разні” ўвесь 1859 год, спадзяваўся, што яна “паставіць мяне на ногі, даючы мне значную суму рублёў”[156] ва ўмовах тых прыкрых фінансавых непрыемнасцяў, у якіх ён апынуўся, паколькі вымушаны быў даглядаць трох іншых братоў, якія ў гэты час жылі ў Пецярбургу. Апошняй сцэнай задуманай Віктарам Каліноўскім невялікай манаграфіі павінны былі стаць звесткі пра галіцыйскую разню 1846 года, якая “магла б лічыцца апошняй сцэнай гэтай крывавай, гэтак жа працяглай, як і разлютаванай драмы сіл, што таранам б’юць у шляхецкія інстытуцыі”.[157] Падрыхтаванае да друку навуковае выданне так і не ўбачыла свет. Далейшы лёс рукапісу невядомы.

Віктар Каліноўскі таксама меў намер “рабіць беглы агляд рукапісаў, што знаходзяцца ў Імператарскай публічнай бібліятэцы ў Пецярбургу”.[158] Сэнс гэтай працы складаўся ў стварэнні кароткіх бібліяграфічных апісаннях кожнага рукапісу з пазначэннем яго зместу, разам з пералікам дакументаў, актаў, лістоў, калі дакумент не складае аднаго цэлага. Пры гэтым Каліноўскі планаваў зрабіць націск на зусім невядомых творах: “За пару гадоў працы ў бібліятэцы ўдалося мне адшукаць часам надзвычай важныя рэчы. Выпісваю для сябе, што мне здаецца цікавым і невядомым”.[159] Але Каліноўскі не спяшаўся з іх публікацыяй “у надзеі, што з часам пры бліжэйшым азнаямленні з невядомымі мне дагэтуль рукапісамі мае зборы лепш укамплектуюцца і будуць складаць больш стройнае, упарадкаванае цэлае”.[160] Каліноўскі нават падаў свой праект у рэдакцыю газеты “Слова”,[161] заключыў з імі вуснае пагадненне аб супрацоўніцтве і друкаванні на старонках выдання найбольш цікавых твораў. Нездарма Якуб Гейштар назваў Віктара[162] разам з Э. Жалігоўскім,[163] У. Спасовічам і З. Серакоўскім актыўнымі супрацоўнікамі газеты. Аднак гэтае перыядычнае выданне, не праіснаваўшы і трох месяцаў, пасля 15 нумароў было забаронена ўладамі. У якасці карэктара і літаратурнага супрацоўніка ў гэтай газеце паспеў папрацаваць і сябар Канстанціна Каліноўскага Эмануэль Юндзіл, досвед якога затым спатрэбіўся пры падрыхтоўцы “Мужыцкай праўды”.

Да сваёй даследчыцкай дзейнасці Віктар прыцягваў малодшага брата, аб чым сведчыць яго зварот да дырэктара публічнай бібліятэкі барона М. Корфа ад 6 снежня 1860 года. Гэта было прашэнне аб прадастаўленні магчымасці Канстанціну працягнуць яго справу па даследаванні старажытных рукапісаў пад кіраўніцтвам малодшага бібліятэкара Іваноўскага, паколькі ён сам атрымаў заданне на працу ў Маскоўскім галоўным архіве.[164] Такая просьба, хутчэй за ўсё, была выклікана неабходнасцю пошукаў крыніц для дысертацыі, якую ў гэты час дапісваў Канстанцін Каліноўскі, рыхтуючы яе да абароны.

140

Цыт. паводле: Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. – С. 121.

141

Цыт. паводле: Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. – С. 122.

142

Добролюбов,Н. А. Отчет Императорской Публичной библиотеки за 1858 год / Н.А. Добролюбов // Собр. соч. в 9 т. – М. – Л., 1962. – Том 4. Статьи и рецензии. Январь-июнь 1859. – С. 348.

143

Кісялёў, Г.В. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага / Г.В. Кісялёў // З думай пра Беларусь. – Мн.: Беларусь, 1966. – С. 115.

144

Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 245.

145

Там жа, с. 248.

146

Там жа, с. 249.

147

Там жа.

148

Там жа.

149

Там жа, с. 248.

150

Там жа, с. 254.

151

Цыт. паводле: Кісялёў, Г. Героі і музы: гіст. – літ. нарысы / Г. Кісялёў. – Мн., 1982. – С. 127.

152

“Каталог книг, оставшихся после блаженной памяти Виктора Калиновского в Петербурге” сёння захоўваецца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Асалінскіх у Вроцлаве. Шалькевич, В.Ф. Библиотека братьев Калиновских / В.Ф. Шалькевич // Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі / Нац. б-ка Беларусі; склад.: Л.Г. Кірухіна, Т.І. Рошчына. – Мн., 2004. – Вып. 6. – С. 216–229.

153

“Уманская разня” або “Калііўшчына” адбылася ў час гайдамацкага паўстання 1768 года на Украіне. Падставаю для яго паслужыла “дысідэнцкае пытанне” (рэлігійны прыгнёт). У г. Умані было забіта каля 15 тысяч чалавек (шляхта, уніяты, габрэі, а таксама каля 2 тысяч праваслаўных).

154

Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 256.

155

Там жа, с. 256.

156

Там жа.

157

Там жа.

158

Там жа, с. 251.

159

Там жа, с. 252.

160

Там жа.

161

Газета выдавалася 14.01 – 5.03.1859 г. Іасафатам Агрызкам.

162

Гейштар не ўказвае імя, пазначаючы толькі прозвішча “Каліноўскі”. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857–1865. – Wilno, 1913. – Т. 1. – S. 79.

163

Жалігоўскі Эдвард-Вітольд (1816–1864) нарадзіўся ў вёсцы Марыямпаль Вілейскага павета. У сваёй публіцыстычнай дзейнасці карыстаўся псеўданімам Антон Сава. Навучаўся ў Дэрпцкім універсітэце, дзе стаў лідарам студэнцкага кола. За ўдзел у таемных суполках, выкрытых па справе Канарскага, у 1839 годзе быў інтэрнаваны ў Дэрпце. Аўтар папулярнай у 1840-я гады драмы “Іардан”. Праз некалькі гадоў вярнуўся ў Вільню. У 1851 годзе арыштаваны і высланы ў Петразаводск, затым у Арэнбург і Уфу. Падчас ссылкі пасябраваў з украінскім паэтам Т. Шаўчэнкам. У 1858 годзе перабраўся ў Пецярбург. Меў вялікі ўплыў на студэнцкую моладзь. У 1860 годзе выехаў у Заходнюю Еўропу. Памёр у Жэневе. 20 верасня 2009 года ў вёсцы Карэкаўцы Вілейскага раёна адкрыты памятны знак у гонар сяброўства Жалігоўскага і Т. Шаўчэнкі.

164

Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 260.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх