Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 4

Глава 1. Мастаўлянскі перыяд
Шляхецкі прадпрымальнік і фабрыкант Сымон Каліноўскі

Оглавление

Мастаўляны сталі для Каліноўскіх не проста часовым прытулкам. Сымон і Вераніка знайшлі тут сяброўскую грамаду. У 1832 годзе яна складалася з мясцовага эканома Фаўстына Немчыновіча (38 гадоў) з Лахава Пружанскага павета, які жыў тут разам з жонкаю Ізабэлай з Валанцэвічаў, трохгадовым сынам Іосіфам і чатырохгадоваю дачкою Ганнаю; 18-гадовага прыказчыка Франца Шаняўскага; 30-гадовага стражніка Сымона Гарашэвіча з Мірашава Навагрудскага павета, які меў жонку Ганну Дрангоўскую і трохгадовага сына Кіпрыяна. Наяўнасць сяброў была тым больш важная, што з-за частых раз’ездаў галавы сям’і Вераніцы неабходна была дапамога ў вядзенні гаспадаркі. Сам жа Сымон вырашыў зрабіцца фабрыкантам і прадпрымальнікам.

Кампаньёнам Сымона выступіў уладальнік фабрыкі льняных, баваўняных і шаўковых вырабаў у горадзе Астраленка Каралеўства Польскага Ігнацый Бонда. Пад яго кіраўніцтвам Каліноўскі паўтара гады навучаўся ткацкаму майстэрству і таму нават у дакументах часам называўся ткачом.[34]

У час паўстання 1863–1864 гадоў палітычныя ворагі Канстанціна Каліноўскага мэтанакіравана падкрэслівалі прафесійны занятак бацькі, каб прынізіць яго сацыяльнае становішча і паходжанне, імкнучыся ўсяляк адасобіць яго ад шляхты. Менавіта таму Канстанцін называўся не інакш, як “сын ткача з-пад Свіслачы”,[35] што замацавалася ў гістарычных працах сучаснікаў. У міжваенны ж час азначэнне “сын ткача”[36] зрабілася адным з аргументаў на карысць беларускіх каранёў Каліноўскага.

Нягледзячы на тое, што ў справаздачах аб дзейнасці фабрыкі годам яе заснавання пазначаны 1835,[37] Сымон Каліноўскі ўжо ў 1832 годзе валодаў “палатняным заводам”,[38] на якім працавалі тры чалавекі: 15-гадовы Ігнат Зублевіч з мястэчка Мсцібава Ваўкавыскага павета, браты Адам (12 гадоў) і Іван (13 гадоў) Наміткевічы з калоніі Бароўшчына Беластоцкай вобласці. Дапамагаў Сымону ў наладжванні прадпрыемства і 26-гадовы брат Юрый, які пазней пераехаў у маёнтак Відомль Брэсцкага павета.

Гэта быў час прамысловага перавароту ў Беларусі – ручная праца паступова выцяснялася машынамі. Першапачаткова механізмы былі хутчэй цікавымі забаўкамі. Дазволіць сабе іх маглі толькі самыя багатыя памешчыкі. Да прыкладу, у 1824 годзе на рацэ Сож з’явіўся першы ў Беларусі параход “Мікалай”, названы ў гонар Мікалая Пятровіча Румянцава, які выдаткаваў на яго 20 тысяч рублёў. Паступова машыны і механізмы набывалі ўсё большае значэнне, дзякучы станоўчым прыкладам кшталту хомскай фабрыкі памешчыка Пуслоўскага ў Кобрынскім павеце, дзе быў уведзены першы ў Беларусі паравы рухавік і працавала амаль пяць соцень прыгонных сялян.

У той час, калі ў Беларусі актыўна развівалася суконная прамысловасць, якая падтрымлівалася дзяржаўнымі замовамі на карысць арміі,[39] ды адбывалася “цукровая гарачка”,[40] Сымон Каліноўскі звярнуўся да новай, адпаведна, больш рызыкоўнай галіны прамысловасці – адкрыў фабрыку льняных вырабаў. Аднак ён меў прадпрымальніцкую жылку, ператварыўшы фабрыку ў прыбытковую справу.

Гэтаму садзейнічала і пратэкцыянісцкая палітыка Расійскай Імперыі. Для яе прамысловасці канкурэнцыю складалі прадпрыемствы з Каралеўства Польскага,[41] вялікая колькасць якіх была знішчана падчас паўстання 1830–1831 гг. 13 лістапада 1834 года высокім мытам улады закрылі вываз тавараў з Каралеўства ў Імперыю.[42] Таму многія польскія фабрыканты пачалі пераносіць свае прадпрыемствы ў Беластоцкую вобласць. У такіх абставінах Сымону Каліноўскаму ўдалося набыць станкі для фабрыкі, магчыма, нават па зніжаных коштах, і пры падтрымцы Ігнацыя Бонды ўстанавіць іх у Мастаўлянах.

Пасля вывучэння ткацкага майстэрства пад кіраўніцтвам астраленцкага фабрыканта Каліноўскі яшчэ два гады ўдасканальваў яго самастойна. І калі Ігнацый Бонда наведаў Мастаўляны ў другі раз, то з задавальненнем адзначыў, што Сымон, “дзякуючы асабліваму свайму старанню і намаганням дасягнуў у ім такой дасканаласці”,[43] што вырабы яго фабрыкі ні ў чым не саступаюць замежным. Аб гэтым 19 лістапада 1840 года Бонда склаў у Астраленцы пасведчанне, замацаваў яго ўласнай пячаткай і даслаў у Мастаўляны.

Незадоўга да гэтага, 30 верасня 1840 года, у Пецярбургу дэпартамент мануфактур і ўнутранага гандлю зацвердзіў кляймо прадпрыемства Каліноўскага, якое цяпер наносілася на яго прадукцыю.[44] Згодна 56-му артыкулу “Аб таўраванні вырабаў расійскіх мануфактур, фабрык і заводаў” трэцяй главы ХІ тома “Зводу законаў Расійскай Імперыі”, таўро павінна было ўтрымліваць у сабе пазнаку імя і прозвішча ўладальніка прадпрыемства, а таксама месца, дзе яно знаходзіцца. Пры гэтым надпіс абавязкова павінен быць кірылічным, аднак не забаранялася і наяўнасць лацінскіх літар. У выніку на таўры мастаўлянскай фабрыкі з’явіўся наступны надпіс: “ФАБРИКА ХОЛСТЕВАЯ ГРОД. ГУБ. И УЕЗДА ВЪ ИМЕНІИ МОСТОВЛЯНАХ С. КАЛИНОВСКАГО”.[45]

Сымон не меў ні гучнага імя продкаў, ні радавага маёнтку, ні поўных кішэняў грошай і мог разлічваць толькі на ўласны розум. Ён належаў да пакалення, якое імкнулася не выслужыць, а стварыць свой дабрабыт, з чым і звязвала дасягненне вышэйшых ступеняў сацыяльнай лесвіцы ў Расійскай Імперыі.

Прадстаўнік узнікаючага дваранскага прадпрымальніцтва, Сымон разумеў недахопы прыгонных прадпрыемстваў, дзе прадукцыйнасць была нізкай, што прыводзіла да высокага сабекошту прадукцыі і нізкай рэнтабельнасці. Таму на фабрыцы ў Мастаўлянах яшчэ задоўга да адмены прыгоннага права працавалі вольнанаёмныя, зацікаўленыя ў выніках працы і здольныя абслугоўваць складаныя варштаты. Гэта падкрэслівала капіталістычны характар вытворчасці. У 1840 годзе на фабрыцы мелася 12 ткацкіх варштатаў, працавала 20 вольнанаёмных супрацоўнікаў на чале з адным майстрам і было выраблена прадукцыі на 2693 рублі срэбрам.[46] У 1842 годзе ўжо было 13 варштатаў, на якіх пад кіраўніцтвам аднаго майстра працавала 16 вольнанаёмных і было выраблена 200 розных гарнітур на агульную суму 4000 рублёў срэбрам.[47] Штогод для прадпрыемства неабходна было 250 пудоў мясцовага льну, патрэбу ў якім цалкам задавальняў памешчык А. Радавіцкі.

На фабрыцы вырабляліся абрусы, сурвэткі і бялізна дзевяці гатункаў. Мастаўлянскую бялізну закуплялі гандляры з Віленскай і Мінскай губерняў, а сурвэткі і абрусы сам Сымон прадаваў у крамах Гродзенскай губерні і Беластоцкай вобласці. Кошт набора з аднаго абруса і дванаццаці сурвэтак каштаваў 22 рублі срэбрам, а прыгажосць іх узораў адзначалі нават эксперты.[48]

Каліноўскі выношваў планы адкрыць яшчэ адну фабрыку – каля Вільні, у Каралінцы. Побач, у Замэчку, знаходзілася мануфактурная фабрыка па адбельванні тканін, куды Каліноўскі дасылаў частку матэрыялу на апрацоўку[49] і з уладальнікам якой, былым выкладчыкам Віленскага ўніверсітэта, прафесарам аграноміі Міхалам Фрычынскім[50] ён актыўна супрацоўнічаў.

Прадзіва для будучага сумеснага прадпрыемства намерваліся купляць у Вільні ды іншых бліжэйшых гарадах і мястэчках, дзе яго вырабам займаліся жанчыны-яўрэйкі. Аднак планы ў 1848 годзе перакрэсліла “вясна народаў”, якая ахапіла Еўропу. Гэтая справа цяпер не мела перспектыў на ранейшую прыбытковасць. Замест прадпрымальніцкай дзейнасці Сымон Каліноўскі вымушаны быў усё больш часу аддаваць маёнтку Мастаўляны, арэндным утрымальнікам якога ён з’яўляўся.

34

Там жа.

35

Ратч, В.Ф. Сведения о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западной России / В.Ф. Ратч – Вильно, 1867. – Т. 1. – С. 181; Limanowski, B. Historia powstania narodu polskiego w 1863 i 1864 r. / В. Limanowski. – Lwów, 1882. – T. 2. – S. 213; Przyborowski, W. Dzieje 1863.Т. 3. / W. Przyborowski. – Kraków: W. L. Anczyc, 1902. – S. 4.

36

Гарэцкі, М.І. Гісторыя беларускай літаратуры / М.І. Гарэцкі. – 3-е выд. – Вільня, 1924. – С. 75.; Трызна, І. Кастантын Каліноўскі (гістарычны нарыс) / І. Трызна // Беларускі сьцяг. – Жнівень-верасень 1922. – № 4. – С. 11.

37

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 1. – Воп. 20. – Спр. 679. – Арк. 120.

38

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 92. – Воп. 1. – Спр. 258. Список жителей Гродненского уезда 1832 год. На 358 листах. – Арк. 339 адв.

39

У дарэформенны перыяд у Беларусі найбольшых поспехаў дасягнула суконная прамысловасць. Суконныя прадпрыемствы былі пастаўшчыкамі сукна для арміі, урад быў зацікаўлены ў іх развіцці, для чаго выдаваў дзяржаўныя пазыкі: Гісторыя Беларусі. Курс лекцый: у 2 ч. – Ч. 2. ХІХ—ХХ стагоддзі. – Мн., 2002. – С. 34.

40

У 30-я гады ХІХ ст. у Беларусі актыўна адкрываюцца цукровыя прадпрыемствы, галоўным чынам у Мінскай і Магілёўскай губернях. У 1833 г. цукровы завод са 150 рабочымі пачаў таксама працаваць у Карэлічах. Аднак “цукровая гарачка” працягвалася нядоўга. Невялікія цукровыя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнцыі буйных прадпрыемстваў Расіі.

41

З канца 1830 г. па 28 студзеня 1832 года ў сувязі з паўстаннем у Польшчы гандаль з гэтай краінай быў спынены. Кіраўнік Гродзенскай мытнай акругі атрымаў прадпісанне, “чтобы с подданными Царства Польского никакие сношения допускаемы вовсе не были, исключая впуска иностранных курьеров”. Адноўлены абмен таварамі праходзіў па іншых правілах. Пошліна на польскія шарсцяныя вырабы падымалася да 15 % ад кошту тавара (прыкладна з 3 да 40 кап. срэбра за аршын), на бронзавыя і галантарэйныя рэчы, пальчаткі, памаду – у 5 разоў, на большасць механічных вырабаў, посуд, абоі і інш. – у 3 разы, бяспошлінна прапускалася толькі сыравіна.

У 1836 г. некаторыя пошліны на гатовыя вырабы і “материалы, к рукоделию служащие”, былі зніжаны на 10–12 %, адменена мноства забаронных артыкулаў, вызвалены ад спагнання дадатковай пошліны (12,5 %) гарбата, кава, свінец, волава, ртуць.

Па новым тарыфе ў 1850 г. мытная мяжа паміж Каралеўствам Польскім і Расійскай Імперыяй была ліквідавана, для абодвух устанаўліваліся адзіныя гандлёвыя правілы. Гродзенскую гандлёвую акругу скасавалі, а памежную стражу (865 чал.) перавялі на знешнюю мяжу Каралеўства. Швед, В.В. Торговля в Беларуси в период кризиса феодализма (1830–1850-е годы) / В.В. Швед – Гродно: ПКФ «Орбикс», 1995. – С. 77.

42

Kordowicz, W. Konstanty Kalinowski / W. Kordowicz. – Warszawa, 1955. – S. 25.

43

Шалькевич, В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии / В.Ф. Шалькевич – Мн.: Университетское, 1988. – С. 47.

44

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 1. – Воп. 20. – Спр. 224. Дело об утверждении за дворянином Калиновским фабрики, построенной им в им. Мостовляны Гродненского у. для выделки льняного полотна и др. Начато 24 июля 1840. Окончено 23 февраля 1841. На 11 листах. – Арк. 7.

45

Пасведчанне ўпершыню змешчана ў кнізе В. Шалькевіча “Кастусь Калиновский. Страницы биографии”.

46

Киштымов, А. Отец и сын: семейная биохроника Калиновских / А. Киштымов // Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі: матэрыялы міжнар. навук. канф., Менск, 25 верасня 2009 г. – Мн., 2011. – С. 36.

47

НГАБ у г. Гродна. – Ф. 1. – Воп. 20. – Спр. 679. – Арк. 121.

48

Исследования о состоянии льняной промышленности в России. Изданы от департамента сельского хозяйства Министерства государственных имуществ. – Санкт-Петербург, 1847. – С. 51.

49

Там жа: “Однако же и упомянутый фабрикант Калиновский присылал туда для беления свои товары из Гродненской губернии. В числе этих товаров находился кусок (55 арш.), который был продан за 46 р. сер.”.

50

Міхал Фрычынскі (Michał Fryczynski, 1794 – 24 верасня 1859) – прафесар аграноміі, дырэктар гаспадаркі для практычных заняткаў студэнтаў Віленскага ўніверсітэта ў Пілайце (Zameczek).

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх