Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 16
Глава 3. Студэнцкія гады
Дапамога ад універсітэта
ОглавлениеНа працягу 1858 года Канстанцін Каліноўскі вымушаны быў думаць зусім не пра салонныя сустрэчы таемных студэнцкіх арганізацый і нават не пра навучанне, а пра самую элементарную патрэбу знайсці сродкі для існавання ў Пецярбургу. Нягледзячы на рэкамендацыі з боку ўдзельнікаў таемных сустрэч “як добры выкладчык урокаў”,[184] у тым ліку і для рускай моладзі, нерэгулярных падпрацовак не хапала. Таму 1 сакавіка 1858 года Каліноўскі, які вучыўся на 2-м курсе, звярнуўся да рэктара Пецярбургскага ўніверсітэта з прашэннем аб прызначэнні яму стыпендыі ці выдачы аднаразовай дапамогі. Пры гэтым у дакуменце ён адно са слоў напісаў з характэрным акцэнтам.[185] Інспектар універсітэта А.І. Фіцтум фон Экстэдт пасля вывучэння матэрыялаў адзначыў, што “Каліноўскі сапраўды жыве ў вялікай нястачы”, у сувязі з чым яму з дазволу тагачаснага папячыцеля Пецярбургскай навучальнай акругі Р.А. Шчарбатава было выдадзена 15 рублёў.[186]
З-за недахопу сродкаў для існавання і патрэбы іх зарабляць у Каліноўскага зусім няшмат часу заставалася на навучанне. Наступствам сталі нізкія адзнакі па выніках экзаменаў за другі курс: па дзяржаўным праве, знешняй гісторыі расійскага заканадаўства, сістэме жывёльнага царства – тройкі, па старажытнай гісторыі і расійскай гісторыі – чатыры. Толькі пры здачы пераходных экзаменаў на трэці курс адзнакі Каліноўскага палепшыліся: па тэхналогіі, батаніцы, рускай гісторыі ён меў ужо пяцёркі, па грамадзянскіх законах і псіхалогіі – чатыры. Па гісторыі Сярэдніх вякоў і, што даволі дзіўна, па земляробстве ён меў толькі тры.
Вылучанай універсітэтам дапамогі хапіла ненадоўга, і, каб вырашыць сітуацыю, ужо з’яўляючыся студэнтам 3-га курса, Канстанцін 28 жніўня зноў звярнуўся да рэктара з прашэннем аб прызначэнні стыпендыі: “Пазбаўлены ўсіх сродкаў утрымання, я вымушаны ўвесь вольны час затрачваць на іх набыццё і таму не магу з сапраўднай карысцю займацца навукаю”.[187] Каліноўскі падкрэсліваў, што стыпендыя “даставіць мне магчымасць цалкам аддацца вучоным заняткам і рабіць поспехі на абранай мною ніве”.[188]
23 кастрычніка яго просьба была разгледжана і вырашана станоўча, і пачынаючы з верасня яму была прызначана стыпендыя на год у памеры 7 рублёў на месяц. І нават пры гэтым 12 снежня Каліноўскі зноў вымушаны быў звяртацца па дапамогу да ўніверсітэта, напісаўшы слова “семъ” на беларускі лад: “Акрамя стыпендыі гэтай не маючы сродкаў, я знаходжуся не ў стане задаволіць самым неад’емным умовам для прыстойнага падтрымання жыцця як адзінай магчымасці заняцца з карысцю абранымі мною навукамі, таму гонар маю пакорліва прасіць Ваша правасхадзіцельства забяспечыць мяне адзіначасовай дапамогай, калі гэта згодна з правіламі ўніверсітэта”.[189]
У студзені 1859 года ад новага папячыцеля Пецярбургскай навучальнай акругі І.Д. Дзялянава Каліноўскаму было выдаткавана яшчэ 10 рублёў. Цяжкае матэрыяльнае становішча суправаджала Канстанціна праз увесь час яго навучання. У сакавіку 1859 года па яго просьбе ўніверсітэт выплаціў яму адначасова стыпендыю за красавік, май і чэрвень, што складала разам 21 рубель. У ліпені ён зноў паспрабаваў атрымаць дапамогу, але з-за таго, што яшчэ не здаў экзамен, грошай яму не выдалі.
У дадатак увесь час навучання ва ўніверсітэце Канстанціна Каліноўскага суправаджалі прыступы цяжкай нервовай хваробы, “падобнай падучцы”.[190] Старажытныя грэкі і рымляне называлі яе “боскай хваробаю”. Падучкай, або эпілепсіяй, хварэлі Гай Юлій Цэзар, Напалеон, Байран, Дастаеўскі, Ван Гог. Падставы яе ўзнікнення да сённяшняга часу пакідаюць пытанні, аднак вядома, што яна можа карэнным чынам уплываць на працэсы мыслення чалавека, успрымання ім рэчаіснасці. Чым была выклікана гэтая хвароба ў Каліноўскага? Відавочна, што яна звязана з пецярбургскім перыядам яго жыцця, паколькі ні раней, ні пазней узгадак пра яе ў дачыненні Каліноўскага не маецца? Верагодна, цяжкія пабытовыя ўмовы, праблемы псіхалагічнага характару, звязаныя фактычна з разрывам адносін з сям’ёю і назіранне развіцця сухотаў у брата Віктара рабілі сваю справу.
Наведванне шматлікіх знаёмых дактароў, звязаных з рэвалюцыйнай арганізацыяй, было беспаспяховым. Нарэшце, Каліноўскаму ўдалося патрапіць на прыём да вядомага пецярбургскага медыка Мікалая Фёдаравіча Здэкаўэра,[191] парады якога пачалі дапамагаць. Аднак выкананне ўсіх іх было немагчымым, паколькі для гэтага патрэбныя былі фінансавыя сродкі. У Каліноўскага працягвалі здарацца прыпадкі, асабліва моцны з іх адбыўся 5 кастрычніка 1859 года. У сувязі з гэтым ён 14 кастрычніка звярнуўся да рэктара з просьбай аб дапамозе. Стан Каліноўскага быў настолькі цяжкі, што ён здолеў толькі падпісаць прашэнне. Астатні тэкст напісаны не яго рукой. У адрозненне ад іншых лістоў аб дапамозе на імя рэктара, у гэтым упершыню пазначана дакладная сума – 30 рублёў, якія, хутчэй за ўсё, патрэбны былі на аплату паслуг медыка. На наступны ж дзень папера пры пасрэдніцтве Фіцтума фон Экстэдта была дастаўлена папячыцелю і ўжо 24 кастрычніка быў атрыманы дазвол выдаткаваць Каліноўскаму такія неабходныя яму грошы. На іх была знята кватэра на Неўскім праспекце, галоўнай вуліцы Імперыі, у доме № 21 купца Красільнікава насупраць пабудаванага Растрэлі Строганаўскага палаца. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца знакаміты дом Мертэнса, узведзены ў 1911–1912 гадах з маналітным жалезабетонным каркасам.
5 студзеня 1860 года Каліноўскі, які быў ужо студэнтам 4 курса, чарговы раз просіць грашовай дапамогі ў універсітэта і чарговы раз яе атрымлівае: у лютым яму было выдзелена 10 рублёў.
У гэты час разам з Віктарам і Канстанцінам у Пецярбургу жылі яшчэ два іх браты. Імі маглі быць стрыечныя браты – сыны дзядзькі Юрыя Сцяпанавіча Каліноўскага, напрыклад, Іван Юр’евіч Каліноўскі, які вясной 1863 года скончыў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але замест ад’езду ў Стаўрапаль у якасці палкавога лекара выправіўся на родную Гродзеншчыну, каб далучыцца да паўстанцаў.[192]
184
Гогель, Н.В. Иосафат Огрызко и Петербургский революционный ржонд в деле последнего мятежа / Н.В. Гогель. – 2-е изд. – Вильна, 1867. – С. 66.
185
“потеравъ” замест “потерявъ” Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 317.
186
Кісялёў, Г. Летапіс жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага / Г. Кісялёў // З думай пра Беларусь. – Мн.: Беларусь, 1966. – С. 108.
187
Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 81.
188
Там жа.
189
Там жа.
190
Там жа, с. 83.
191
Здэкауэр Мікалай Фёдаравіч (1815–1897) з 1848 па 1860 год заведаваў у Пецярбургу дыягнастычнай клінікай. Аўтар шматлікіх медыцынскіх даследаванняў, заснавальнік у 1878 годзе Рускага таварыства аховы народнага здароўя.
192
Каліноўскі, К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / К. Каліноўскі; уклад., прадм., паслясл. і камент. Г. Кісялёва – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 1999. – С. 392.