Читать книгу Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда - Васіль Герасімчык - Страница 19

Глава 4. 1861: год карэннага пералому

Оглавление

Пачатак маніфестацыйнага руху

Нягледзячы на дэклараваную пасля смерці бацькі арыентацыю на нязменнасць усталяванага тым парадку, імператар Аляксандр ІІ вымушаны быў ісці на паслабленне рэжыму і пачаць падрыхтоўку рэформ. Таго патрабавалі паражэнне ў Крымскай вайне, кепская эканамічная сітуацыя ўнутры краіны і ўзмацненне сялянскага руху. З новым імператарам звязвалі вялікія чаканні. І ён іх першапачаткова апраўдваў. Гэта несла карысць і тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Імператар дазволіў вярнуцца з Сібіры ўдзельнікам Лістападаўскага паўстання (1830–1831).

Прыезд былых паўстанцаў прывёў да зрухаў у настроях грамадства. Тыя падзеі, асобы і пачуцці, з імі звязаныя, якія так доўга былі пад забаронаю, выліліся спачатку ў салонныя і карчмовыя размовы, затым у стварэнне разнастайных суполак, аб’яднаных успамінамі аб мінулым. Цэнзура слабела, часцей сталі з’яўляцца разнастайныя выданні, у тым ліку і на беларускай мове, да прыкладу “Песні набожныя”, што выконваліся ў касцёлах.

У верасні 1858 года Варшаву наведаў Аляксандр ІІ, якога віталі з вялікім энтузіязмам. Яшчэ большую прыхільнасць выклікаў французскі імператар Напалеон ІІІ, які прыехаў у сталіцу Каралеўства Польскага на сустрэчу з расійскім імператарам для абмеркавання італьянскага пытання. У выніку Расія заняла нейтральную пазіцыю ў французска-аўстрыйскім канфлікце на Апенінскім паўвостраве, ствараючы, такім чынам, спрыяльныя ўмовы для адраджэння італьянскай дзяржавы. Гэты ж крок адначасова вёў да росту чаканняў на станоўчае вырашэнне і “польскага пытання” як сярод вышэйшых колаў грамадства былой Рэчы Паспалітай, так і сярод адукаваных грамадзян, асабліва моладзі, частка якой у якасці добраахвотнікаў улілася ў італьянскі міжнародны легіён на чале з Джузэпэ Гарыбальдзі: “Польская дэмакратыя ўсім сэрцам была заангажавана на баку Італіі і звязвала з ёю найвялікшыя надзеі”.[217]

Паведамленні пра поспехі тысячы добраахвотнікаў Гарыбальдзі, апранутых у чырвоныя кашулі, у маі-чэрвені 1860 года супалі са смерцю ў Варшаве 85-гадовай жонкі генерала Юзафа Савінскага, героя паўстання 1830–1831 гадоў. 9 чэрвеня на яе пахаванне сабраўся вялізны натоп. Менавіта з гэтай акцыі бярэ пачатак развіццё маніфестацыйнага руху, які заняў больш года і падрыхтаваў глебу для будучага паўстання 1863–1864 гадоў. Паказальна, што падчас гэтай першай у шэрагу шматлікіх акцый “студэнты не толькі не ўмешваліся да гэтай імпрэзы, але адкрыта забаранілі ўдзел у пахаванні і пабілі некалькі калег, якія на пахаванне прыйшлі”.[218]

У кастрычніку 1860 года ў Варшаве адбыўся з’езд трох манархаў – імператара Франца Іосіфа, прадстаўнікі якога распаўсюджвалі на вуліцах сталіцы Каралеўства Польскага экзэмпляры толькі што выдадзенай новай аўстрыйскай канстытуцыі, Напалеона ІІІ і Аляксандра ІІ, які разлічваў на падтрымку Францыі ў вырашэнні балканскага пытання. Аднак мясцовыя патрыёты сарвалі ўрачыстыя мерапрыемствы. Гэта звярнула на сябе ўвагу не толькі еўрапейскай супольнасці, але і імператара Алясандра ІІ, які 26 кастрычніка нечакана для ўсіх выехаў у Пецярбург.

Ужо праз месяц, 29 лістапада, у гонар трыццатых угодкаў Лістападаўскага паўстання ў Варшаве адбылася шматтысячная маніфестацыя, дзе ўпершыню вялікая колькасць людзей выконвала патрыятычныя польскія песні. У спевах удзельнічалі пераважна жыхары Варшавы. Простыя сяляне, якіх вельмі шмат збіралася на набажэнствах, як паказала далейшае пашырэнне маніфестацый, не ведалі ні словаў, ні мелодыі нават такіх, здавалася б, папулярных песень, як “Boże coś Polskę”.[219] Расійскі цар аддаў загад: у выпадку больш значных выступленняў адкрываць па дэманстрантах агонь з гармат Варшаўскай цытадэлі.

Польская эміграцыя, якая атрымлівала паведамленні з радзімы, ускладала вялікія надзеі на французскага імператара Напалеона ІІІ, спадзеючыся, што сумесная вайна Францыі і Сардзінскага каралеўства супраць Аўстрыі за вяртанне Італіі паўночных зямель перарасце ў далейшае вызваленне Балкан, Венгрыі, а затым і польскіх зямель, у тым ліку ў складзе Расійскай Імперыі.

Будучы ж дыктатар паўстання Людвік Мераслаўскі ў якасці плана прапанаваў, выкарыстоўваючы распачаты маніфестацыйны рух, захапіць у Варшаве цытадэль са зброяй і імператарскага намесніка Міхаіла Гарчакова, каб прымусіць рускі гарнізон пакінуць горад, а затым ахапіць паўстаннем усю былую Рэч Паспалітую. Аднак уплыў польскай эміграцыі і колькасць прыхільнікаў Мераслаўскага былі нязначнымі ў Каралеўстве Польскім.

На месцах пачыналі складвацца так званыя “рэвалюцыйныя арганізацыі”, якія часта дзейнічалі незалежна адна ад адной. Наладжванне сувязей паміж імі станавілася адной з найважнейшых задач.

217

Kieniewicz, S. Powstanie styczniowe / S. Kieniewicz. – Warszawa, 2009. – S. 71.

218

Там жа, s. 75.

219

Там жа, s. 105.

Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда

Подняться наверх