Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 13

Мясціны
У пошуках гарадзенскіх знакамітасцяў

Оглавление

Вандроўкі па старажытнай Гародні, нататкі пра ўраджэнцаў горада, якія пакінулі пасля зямнога быцця выразны, сапраўды зоркавы след, могуць быць вельмі доўгімі.

Пачнём са знаёмства з Іванам Данілавічам Жангаловічам, які ў Расіі вядомы як адзін з заснавальнікаў касмічнай геадэзіі. Ён нарадзіўся ў Гродне 20 лютага 1892 года. У 1946-м Івану Данілавічу прысуджана ступень доктара фізіка-матэматычных навук. З 1920 па 1966 год працаваў у Інстытуце тэарэтычнай астраноміі Акадэміі навук СССР. Удзельнічаў у палярных экспедыцыях. Пакінуў працы па вывучэнні фігуры Зямлі, касмічнай геадэзіі, геафізіцы. Некаторы час займаў пасаду дырэктара астранамічнага інстытута, у 1943— 1966 гадах – намесніка дырэктара. Аўтар манаграфіі “Знешняе гравітацыйнае поле Зямлі і фундаментальныя пастаянныя, звязаныя з ім”. У гонар Жангаловіча названа малая планета.

Гродзенцы ва ўсіх сваіх пакаленнях былі ўважлівымі да навукі, асветніцтва. І ў ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя, у часіны, да якіх найболей прывязаны выявы старых беларускіх паштовак, – таксама. Прыкладам, у 1846 годзе ў Гродне нарадзіўся беларускі і рускі мовазнавец-славіст Ігнат Ігнатавіч Казлоўскі. Сярод найболей яркіх яго работ – кніга “Лёс народнай мовы ў Літве і на Жмудзі”, выдадзеная ў Вільні ў 1870 годзе. У гісторыю айчыннага жывапісу як мастак-баталіст увайшоў Януар Сухадольскі (нарадзіўся ў 1797 годзе). Першыя ўрокі жывапісу будучы майстар браў у знакамітага польскага мастака А. Брадоўскага. Што цікава: наш зямляк у якасці баталіста ўдзельнічаў у руска-іранскай вайне ў 1826—1828 гадах. Знаходзіўся пры штабе фельдмаршала І. Паскевіча. На заказ военачальніка стварыў цыкл карцін. У 1830—1831 гадах Сухадольскі ўдзельнічаў у паўстанні. Затым быў вымушаны эмігрыраваць. Жыў у Рыме. Калі прыйшла амністыя, вярнуўся на радзіму, дзе жыла сям’я. Па запрашэнні імператара Мікалая I паехаў у Пецярбург. Там атрымаў заказ на цыкл карцін пра батальныя сцэны Айчыннай вайны 1812 года.


Гродна. Сінагога.


Цяпер частка карцін славутага гарадзенца захоўваецца ў Гомельскім краязнаўчым музеі – якраз тыя работы, што былі створаны на заказ фельдмаршала І. Паскевіча.

Калі будзеце аглядаць на паштоўках Дварцовую плошчу, Губернатарскі дом, то ведайце: гэтыя гістарычныя фрагменты памяці былі вядомы і мастаку Льву Баксту (сапраўднае прозвішча – Розенберг). Нарадзіўся ён у Гродне ў 1866 годзе. Праўда, яшчэ малым разам з бацькамі пераехаў у Пецярбург. Калі закончыў гімназію, па парадзе скульптара М. Антакольскага, які быў даволі вядомай фігурай у рускім мастацтве ХІХ стагоддзя, паступіў у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Праўда, доўга там не правучыўся. Некалькі гадоў працаваў кніжным ілюстратарам. Удзельнічаў у мастацкіх выставах.

Рэдка цяпер згадваецца імя Эміля Абрамавіча Абрамовіча, які нарадзіўся ў Гродне ў ліпені 1862 года. А між тым гэта – яркая асоба ў сацыял-дэмакратычным руху канца ХІХ стагоддзя. У 1884 годзе Эміль Абрамовіч стварыў гурток у Дэрпце, калі вучыўся там ва ўніверсітэце. Пасля пераязджае ў Вільню і актыўна займаецца рэвалюцыйнай прапагандай. Затым стварае гурток у Кіеве.

У 1892 годзе быў арыштаваны. Пасля турэмнага зняволення ў Кіеве, Санкт-Пецярбургу Абрамовіча выслалі ў Сібір, дзе ссыльны працаваў урачом. У 1912 годзе надрукаваны артыкул Абрамовіча ў “Правде” пра славуты Ленскі расстрэл рабочых. Памёр наш зямляк у Сібіры ў 1922 годзе.

У кагорце слаўных ураджэнцаў Гродна і тых, хто спрычыніўся да гісторыі горада, асаблівае месца займаюць рупліўцы на ніве прыгожага пісьменства. Згадаем некаторых з іх. У 1909 годзе нарадзілася празаік, дзіцячы пісьменнік Зінаіда Бандарына. I цяпер, праз паўвека пасля першага выдання, цікавасць у самага шырокага кола чытачоў, прынамсі, у тых, хто не раўнадушны да беларускага слова, выклікае яе аповесць “Ой, рана на Івана…” Ёмка, лаканічна і разам з тым па-майстэрску расказала пісьменніца пра маленства, юнацтва Янкі Купалы.

Васіль Быкаў пражыў у Гродне амаль трыццаць гадоў Многія свае вядомыя творы народны пісьменнік Беларусі напісаў менавіта тут. А Данута Бічэль-Загнетава, Міхась Васілёк, Юрка Голуб, Марыя Шаўчонак, Аляксей Пяткевіч, Вольга Іпатава, Аляксей Карпюк. .. У кожнага з іх – свая сувязь з Гродна. Не часта ў кантэксце гісторыі беларускай літаратуры згадваецца імя паэта Міхася Кар пенкі. Яно і зразумела: жыў у асноўным у Туркменіі, пісаў вершы на рускай мове, выдаваўся ў Ашхабадзе і Нукусе (Узбекістан). За журналісцкую руплівасць атрымаў званне заслужанага работніка культуры Туркменскай ССР. А вытокі, пачаткі яго літаратурнай работы – у Гродне. Першая паэтычная публікацыя – у Гродзенскай праўдзе”. Першыя ўрокі літаратурнага майстэрства браў у Міхася Васілька. I пісаць пачынаў на беларускай мове, калі яшчэ вучыўся ў Гродзенскім культурна-асветніцкім вучылішчы.

Не чужы для Гродна чалавек і паэтэса Аўгіння Кавалюк, якая сваё жыццё звязала з Расіяй: доўгі час жыла ў Санкт-Пецярбургу. А вучоны-кнігазнаўца Мікола Нікалаеў (ураджэнец Шчучына) часта наведваецца з Санкт-Пецярбурга ў Гродна, нават чытае лекцыі студэнтам мясцовага ўніверсітэта. Жаданне вяртання, жаданне жыць адным лёсам з Айчынай, роднай старонкай. I гэта ўпрыгожвае нашых землякоў. А цікавыя людзі, у сваю чаргу, упрыгожваюць сам горад.

Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы

Подняться наверх