Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 20

Мясціны
Сцежкамі Ігуменшчыны

Оглавление

Каб са сталіцы выправіцца ў вандроўку па даўнейшым Ігуменскім павеце, трэба набрацца цярпення і вызначыць, куды ж плануем дарогу. На Уздзеншчыну?.. Таксама частка яе належала колішняму Ігуменскаму павету. У Смалявічы – іншы зусім кірунак. Можна паехаць на Беразіно, зазірнуўшы спярша ў Чэрвень – колішні павятовы Ігумен… Але ж мы давайце зусім абмяжуем нашу вандроўку і, пакінуўшы тлумны Мінск, скіруем свой шлях на Пухавічы. Па дарозе зазірнём у Дукору. А назад будзем вяртацца праз Чэрвень. Не забудзем пры гэ тым заехаць у Смілавічы.

Чатыры старажытныя мястэчкі. Адно калісьці было павятовым горадам, цяпер – раённы цэнтр Чэрвеньшчыны. Два іншыя – Дукора і Пухавічы – звычайныя вёскі. Праўда, з прэтэнзіяй на першынства ў краі. Пухавічы нават напачатку 1920-х былі раённым цэнтрам. Але ўжо ў 1925м мясцовая раённая сталіца з адпаведнымі ўстановамі пераехала ў суседнюю Мар’іну Горку. Хіба што Смілавічы сталі гарадскім пасёлкам.

Дык з якімі імёнамі, прыналежнымі да гісторыі на многія вякі, звязаны згаданыя паселішчы?..

Дукора. Актрыса Таццяна Бандарчык, пісьменнік Васіль Гарбацэвіч, мовазнаўца Марыя Жыдовіч… Іх век спрычыніўся да маляўнічага і шматаблічнага жыцця, калі мястэчка было ў эпіцэнтры сацыяльных і грамадскіх падзей на Міншчыне. Калі палац і сядзіба Оштарпаў, а затым Гартынгаў прымалі ў сябе губернскую эліту. Цяпер відаць толькі некаторыя сляды той былой архітэктурна-ландшафтнай славы. Стаіць яшчэ адзінокая вежа каля ранейшага ўезду ў панскую сядзібу. Кажуць, што мясцовы прадпрымальнік Уладзіслаў Гумоўскі марыць узнавіць сядзібу, робіць першыя крокі па гэтым шляху. Ёсць і флігель з тых даўніх часоў. Некалькі гадоў у ім месціўся Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей, заснаваны Васілём Мікітавічам Свістуном, вядомым у краі збіральнікам гістарычнай памяці. Мо яшчэ вернуцца ў сцены флігеля экспанаты, якія раскажуць пра знакамітых ураджэнцаў хаця б аднае Дукоры. Як, прыкладам, пра Марыю Андрэеўну Жыдовіч.

Няпроста пачынаўся яе шлях у навуку. У 1938 г. скончыла Мінскі педінстытут, працавала ў БДУ, у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, абараніла доктарскую дысертацыю, і ў 1959м вярнулася ў родны ўніверсітэт, стала прафесарам. Вывучала гісторыю беларускай мовы. Марыя Андрэеўна – адна з укладальніц “Слоўніка гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі”. Асаблівыя заслуг! М. Жыдовіч – у збіранні дыялектных слоў. У 1970 годзе выдавецтва БДУ выпусціла першы “сшытак” мінска-маладзечанскіх гаворак. Марыя Андрэеўна – сярод укладальнікаў. Са ста шаснаццаці адрасоў, дзе ўпісаны словы і выразы, загадкі, фразеалагічныя спалучэнні, – восем пухавіцкіх паселішчаў. I, канешне ж, родная для даследчыцы Дукора, а таксама суседнія Харавічы. Ды і блізкія, недалёкія да Дукоры, да Пухавіч чыны паселішчы – Турэц, Рудня. Чытаю “дукорскія” фразе алагізмы – ёмкія, каларытныя, сакавітыя. Здаецца, словы праменяць, іскрацца, настолькі шматабсяжны ў іх змест: “Як пакорміш, так паедзяш”, “Шыць аўсяным штыхам”, “Хоць плач, хоць скач”, “Хто пытая, той ня блудзіць”…

Наслухаўшыся дукорскай гаворкі, выправімся ў Пухавічы. Цяпер паселішча абмінае дарога на Бабруйск і Гомель. А некалі тракт ішоў праз саменькае мястэчка, высцеленае брукаванкай. I нават я з 1970х гадоў памятаю тую брукаванку. Праўда, ужо не на цэнтральнай, а цяпер – Савецкай вуліцы, якая і тады была заасфальтавана. Каменне адбівала сонечныя восеньскія зайчыкі па вуліцы Кастрычніцкай, непадалёку ад месца, дзе ў XIX і на пачатку XX стагоддзя ладзіліся кірмашы. Адзін са здымкаў з калекцыі У. Ліхадзедава якраз і вяртае ў тыя часы.

Пухавічы, дзе школа працуе ажно з 1863 года, выправілі ў вялікае жыццё шмат цікавых людзей. Нагадаю імёны толькі некаторых з іх: акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук Арнольд Смеяновіч, генерал-лейтэнант Яўген Мікульчык, кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Матоха, кандыдат эканамічных навук Мікалай Свірыдаў, доктар палітычных і кандыдат філасофскіх навук прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсігэта Мікалай Лабуш, акцёр-купалавец Аляксандр Лабуш… 3 Пухавічамі звязаны імёны пісьменніка Алеся Пальчэўскага, военачальніка, двойчы Героя Савецкага Саюза Якава Смушкевіча, лётчыка Героя Савецкага Саюза Мікалая Шута, настаўніцы, чыя праца адзначана ордэнам Пашаны Алы Ралькевіч, і нават Міхаіла Турэцкага, заснавальніка легендарнага арт-гурта “Хор Турэцкага”.

3 Пухавіч вяртаемся на Блонь, а далей праз Турын – у Чэрвень, старажытны Ігумен. Тут да паслуг турыста – і краязнаўчы музей, і раённая бібліятэка, дзе працуюць цікаўныя да роднай гісторыі людзі, штогод ладзяцца краязнаўчыя чытанні, а пасля намаганнямі бібліятэкараў, аддзела культуры райвыканкама выдаюцца адмысловыя зборнікі матэрыялаў. Чэрвень – радзіма паэта-сатырыка Міколы Вяршыніна. Не дзе на старых Ігуменскіх могілках пахаваны рускі мемуарыст XIX стагоддзя Асінкрыт Ламачэўскі. У1865—1868 гадах ён быў мінскім губернскім паштмайстрам. У адстаўку па лініі штацкай выйшаў у званні сапраўднага стацкага саветніка. У 1869— 1870 гадах – міравы пасрэднік Ігуменскага павета.

3 Чэрвеня, калі ехаць па магілёўскай шашы, мы і патрапім у Смілавічы. Тут нас чакае сустрэча са старажытным паркам, палацам, які некалі належаў Манюшкам, затым Ваньковічам. Цяпер у Смілавічах працуе музей Хаіма Суціна, які з’яўляецца ўраджэнцам паселішча. Рэдка згадваецца ў дачыненні да Смілавіч імя славутай актрысы Фаіны Ранеўскай. А між тым яе родавыя карэнні – якраз на Ігуменшчыне, яе бацька, Гірш Хаімаў Фельдман, – мешчанін мястэчка Смілавічы Ігуменскага павета. На пачатку XX ст. Фельдманы валодалі многімі будынкамі, свірнамі, аптовай крамай і нават параходам “Святы Мікалай” у Екацярынаслаўлі, а затым у Екацярынадары. А спярша ўсё ж былі Смілавічы. 3 гістарычнай памяткі пра Смілавічы канца XIX ст.: “95 двароў, 500 жыхароў, дзейнічалі валасное праўленне, 3 праваслаўныя царквы, мусульманская мячэць, касцёл, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы”. Паводле перапісу 1877 года значыцца і “прыёмны пакой на 2 ложкі для хворых”. Сёння ў гарадскога пасёлка Смілавічы – зусім іншая гісторыя, зусім іншыя адметнасці. Але па-ранейшаму старыя жыхары мястэчка ўважлівыя да сваёй гісторыі, помняць і старыя вулачкі, і многія падзеі. Так што не здзіўлюся, калі поруч з музеем Суціна ў Смілавічах з’явіцца з часам і краязнаўчы музей. Тым болей што пачатак пакладзены: у Смілавіцкай СШ № 1 намаганнямі былога дырэктара Івана Паўлавіча Ярашэвіча вядзецца вялікая краяўзнаўчая, пошукавая праца. Дарэчы, Іван Ярашэвіч падрыхтаваў цікавую кнігу па тапаніміцы краю, якая пад назвай “Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах” выйшла ў РВУ “Літаратура і Мастацтва”.

Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы

Подняться наверх