Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 26
Мясціны
…Асобы, важкія па справах і здзяйсненнях сваіх
ОглавлениеЯшчэ на пачатку 1980-х у мяне склалася некаторае сяброўства з лідскай раённай газетай. Жыў тады ў Львове. Па-украінску, зразумела, пісаць не мог, а душа прагнула роднага слова. Вось і пісаў абразкі, нейкія спробы ў жанры апавядання і дасылаў у тым ліку ў лідскую газету “Уперад”. Там працаваў у аддзеле пісьмаў, як аказалася, чулы і спагадлівы да мяне чалавек – паэт Уладзімір Васько. Нешта з дасланага было і надрукавана. А праз гады стасункі з Лідай, Лідчынай станавіліся ўсё мацнейшымі. Пачаў ліставацца з краязнаўцамі Аляксандрам Жалкоўскім, Анатолем Куляшом. Пасябраваў з паэтам і журналістам Станіславам Суднікам. Пра іх і пісаў, і часта сустракаўся з імі. Яшчэ адно лідскае знаёмства – з мастаком і скульптарам Рышардам Грушам. А ў сярэдзіне 1990-х з прафесарам Федаруком зрабіў краязнаўчую вандроўку па славутых сядзібах краю. Яшчэ пазней адкрыў для сябе Бярозаўку з яе гісторыяй шкларобства, пазнаёміўся там з многімі мастакамі шкляной справы. На шчасце, завод дзейнічае і цяпер, развіваецца, набывае новыя магутнасці.
З гадамі склаўся і архіў матэрыялаў пра тых ураджэнцаў Лідчыны, з якімі сустрэчы ніколі не адбудуцца па адной зразумелай прычыне: мы размінуліся ў часе. А так хацелася б, бо асобы ўсе як на падбор – важкія па справах і здзяйсненнях сваіх! Мяркуйце самі…
У маёнтку Крупава ў красавіку 1738 года нарадзіўся доктар права Казімір Нарбут. Мясцінка на поўнач ад Ліды, за нейкі дзясятак кіламетраў. Знаходзіцца на рацэ Крупка – прытоку Дзітвы. Казімір скончыў піярскую школу ў Шчучыне. Далейшыя гады вучобы правёў ва Украіне. А з 1759 года – у Вільні, філасофію і матэматыку вывучаў у піярскім калегіуме. А ў Рыме авалодваў ведамі па тэалогіі. У 1770-м цяга да навукі прывяла Нарбута ў Кракаўскую акадэмію. Пазней вучыў дзяцей Антонія Тызенгаўза. У 1784—1786 гадах служыў пробашчам у роднай Лідзе. А з 1795 года жыў у Радзівонішках. Гэтае паселішча размешчана ўжо на паўднёвым захадзе ад Ліды, бліжэй да легендарнага Мажэйкава. У 1769 годзе ў Вільні выйшаў падручнік Казіміра Нарбута “Логіка, або Навука аб роздумах і развагах…” Яшчэ пры жыцці нашага суайчынніка кніга вытрымала чатыры выданні – чацвёртае пабачыла свет у 1791 годзе. І хто ведае, калі б не падзеі, звязаныя з канчатковым падзелам Рэчы Паспалітай, мо ў адметнага падручніка было б яшчэ доўгае жыццё і ў дзевятнаццатым стагоддзі. У рукапісе засталася праца Нарбута “Геаграфічны слоўнік антычнага свету”.
Ліда. Прывакзальная плошча. Пачатак XX ст.
Пэўна, яшчэ прыйдзе час, калі ўважліва будзе перагледжана навуковая спадчына заолага і батаніка Станіслава Юндзіла (нарадзіўся ў вёсцы Ясянец Лідскага павета ў 1761 годзе, цяпер – тэрыторыя Воранаўскага раёна). Будучы доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар батанікі і заалогіі тры класы навучаўся ў піярскім калегіуме ў Лідзе. Нашага суайчынніка можна лічыць вучнем славутага французскага біёлага Жана Эмануэля Жылібера, лекцыі якога Юндзіл слухаў у Віленскім універсітэце. Жылібер – першы, хто пачаў сістэматычнае даследаванне лоры і фауны Беларусі, у 1781—1782 гадах выдаў пяцітомную працу “Флора Літвы”. Вучань аказаўся вартым свайго настаўніка. У 1811 годзе ў Вільні выходзіць “Апісанне літоўскіх раслін паводле сістэмы Лінэя”, за што кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адзначае Юндзіла залатым медалём “Merentibus”. Гэта было першае ўзнагароджванне толькі што ўведзенай адзнакай. Другі медаль “Merentibus” наш зямляк атрымлівае за працу “Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках”, з якой ён пазнаёміў караля, ілюструючы яму пробы солі, атрыманай вымарожваннем з вады. У 1799 годзе Юндзіл выдае “Прыкладную батаніку, ці Звесткі аб уласцівасцях і ўжытку раслін у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі, аб іх радзіме, размнажэнні і доглядзе”. Наступныя падручнікі віленскага прафесара – “Асновы батанікі”, “Кароткі курс заалогіі” ў чатырох частках. А яшчэ ж вучоны цікавіўся мінералогіяй, ветэрынарыяй, заклаў у Вене сад лекавых раслін. Такая навуковая шматграннасць – у традыцыях мінулых стагоддзяў. І ўсё ж ад гэтага працаздольнасць, памкненні Юндзіла да развіцця прагрэсу не меней уражваюць.
З лідскага Восава – усходазнавец Уладзіслаў Котвіч. Нарадзіўся ён у 1872 годзе. Закончыў факультэт усходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта. У 1900-я гады выкладаў там жа мангольскую і маньчжурскую мовы. Супрацоўнічаў з Азіяцкім музеем Расійскай акадэміі навук. Быў першым рэктарам Петраградскага інстытута жывых усходніх моў (у 1920—1922 гадах). У 1923 годзе Котвіча абіраюць членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР. Гэта былі гады станаўлення савецкага ўсходазнаўства. У інстытуце жывых моў выкладалі знакамітыя ў будучым вучоныя. Сярод іх – і аўтар папулярнай сярод рускай інтэлігенцыі ў 1960—1970-я гады канцэпцыі “ўсходняга Рэнесансу” Мікалай Восіпавіч Конрад. Вучыліся, авалодвалі ўсходнімі мовамі перакладчыца з японскай Ганна Глускіна, пісьменнік Веніямін Каверын, вядомы савецкі ўсходазнавец Аляксандр Гальперын… Але ў 1923 годзе Котвіч пакідае Петраград, пераязджае ў Польшчу. Можа быць, і на шчасце. Бо рэпрэсій 1930-х гадоў, хутчэй за ўсё, і яму б не мінуць. Рэдагуе польскі “Усходні штогоднік”. Працуе прафесарам кафедры філалогіі Старажытнага Усходу Львоўскага ўніверсітэта. У 1923—1936 гады ўзначальвае польскае ўсходазнаўчае таварыства. У 1927 годзе лідчаніна абіраюць акадэмікам Польскай акадэміі навук. Ужо пасля смерці Уладзіслава Людвікавіча (а не стала Котвіча ў кастрычніку 1944 года) выйшлі яго працы “Юзаф Кавалеўскі – арыенталіст” і “Даследаванні па алтайскіх мовах”. Першая – у Варшаве, а другая – у Маскве.
Ліда – радзіма рускага літаратуразнаўца і тэатральнага крытыка Пятра Когана (нарадзіўся ў чэрвені 1872 года). У 1921—1929 гадах – прэзідэнт Акадэміі мастацкіх навук. Працаваў у Наркамасветы РСФСР. Сем (!) выданняў займела яго кніга “Нарысы па гісторыі старажытных літаратур. Т. 1. Грэчаская літаратура”. Аўтар грунтоўных манаграфій пра М. Горкага, А. Чэхава, У. Шэкспіра, А. Грыбаедава. Шырокі розгалас у навуковым свеце атрымала яго праца “Бялінскі і яго час”, выдадзеная ў 1923 годзе.
…Расповед пра даўно забытых знакамітых ураджэнцаў Ліды можна доўжыць і доўжыць. Імёнаў, вартых увагі, сапраўды дзясяткі… Шкада, што ў стварэнні шырокай выхаваўчай прасторы для школьнікаў, падлеткаў так рэдка яны згадваюцца. Мясцовыя, блізкія, родныя прыклады служэння Айчыне і развіццю грамадства – хіба ж гэта не ўражлівы вопыт для руху наперад?