Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 16

Мясціны
Драгічыншчына – салаўіны куток

Оглавление

У адну з апошніх вандровак па Берасцейшчыне ў Драгічын завітаў зусім не ў пару. Горад рыхтаваўся да чарговага свята. I, зразумела, усе – і культасветработнікі, і музейшчыкі – былі заняты клопатамі, звязанымі з надыходзячым Днём горада. Свята, што ні кажы!.. А мне карцела паболей распытаць пра ўраджэнцаў, пра славутых землякоў, карцела завітаць у школы, паездзіць па раёне. Хацеў ужо заварочваць на суседняе Іванава. Ды не паспеў высветліць, чым і як дабірацца да чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі, што месціцца ў суседнім райцентры, як сустрэў на адной з галоўных вуліц вядомага на Берасцейшчыне літаратара Анатоля Крэйдзіча. Кіраўнік абласной пісьменніцкай арганізацыі. Паэт і празаік. Цяпер – рэдактар іванаўскай раёнкі “Чырвоная звязда”. Анатоль параіў не спяшацца, а запрасіў наведацца разам з ім у раённую бібліятэку.

Там адбылася нечаканая сустрэча з выставай мясцовага мастака Пятра Мысліўца. Звычайны рабочы-цясляр, ён і нарадзіўся ў Драгічыне, у 1938 годзе, 1 ліпеня. Атрымліваецца, што імпрэза да юбілею і прымеркавана. Палотны – найперш пра родную зямлю, пра горад, яго ваколіцы. Углядаюся ў фарбы карцін “У прадчуванні вясны”, “Апошні хутар”, “Меліяратары за работай”, “Асенні карагод”, “Драгічын будуецца”, “Мірная зямля” – і мне падаецца, што ўслед за мастаком крочу і ў прасторы, і ў часе. А бібліятэкары ў некалькі галасоў-расказваюць пра Пятра Сцяпанавіча, пра яго няпросты творчы і жыццёвы лёс. Пра тое, як настойліва ён ішоў да сваіх творчых вышынь. У бібліятэцы даведваюся, што Драгічыншчына – сапраўды салаўіны куточак. Тут нарадзілася шмат мастакоў, спевакоў, паэтаў і акцёраў…

Горад, заснаваны ў сярэдзіне пятнаццатага стагоддзя (як вёска Давячоравічы паселішча ўпершыню ўпамінаецца пад 1452 годам), – радзіма мастака Уладзіміра Кожуха. I мне гэты таленавіты творца, які нарадзіўся ў 1953 годзе, вядомы памінскіх выставах, па шматлікіх публікацыях у друку. У свой час славу яму прынесла карціна “Чэрвень. 1941 год”. Вучань Міхася Савіцкага, жывапісец быў уганараваны за гэтую работу першай прэміяй ЦК ВЛКСМ. Сярод работ драгічынскага мастака – серыя карцін, прысвечаная чарнобыльскай трагедыі. Уладзімір Кожух дастаткова самакрытычна ставіцца даўласных росшукаў. У прыватнасці, аднойчы ён заўважыў: “…Увесь час малюю. Малюю ўбачанае, думаю, калі малюю. Задума з’яўляецца нібы сама. Раптам на адным з малюнкаў нешта падасца цікавым, потым гэта развіваецца, паступова набываючы закончаную кампазіцыю. Часам з набору абстрактных рэчаў выспявае задума рэалістычнай карціны… Да сапраўднай карціны, той, якую сабе ўяўляю, я яшчэ не падышоў, мне здаецца, я ўвесь час рухаюся ёй насустрач. Не таму, што няма задумак, – яны ёсць, і нямала. Але не хочацца спяшацца, хочацца дачакацца, калі яна ўжо стане явай, калі буду дакладна ўпэўнены ў сабе, у сваіх магчымасцях увасобіць задуманае…”

У 1975 годзе ў Драгічыне нарадзіўся музыкант і кампазітар Юрый Уладзіміравіч Блінаў. Тут прайшло яго дзяцінства. У 1983 годзе паступіў у сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Белдзяржкансерваторыі, якую скончыў у 1993 годзе. Юны піяніст-удзельнічаўу конкурсе імя Сяргея Пракофева ў Санкт-Пецярбургу. Улетку 1993 года адбыліся першыя замежныя гастролі маладога музыканта – шэсць канцэртаў у Японіі. Сярод здабыткаў маладога кампазітара – санаты, п'есы для флейты, а таксама “Шахматная сюіта”.

Завяршыўшы свае справы ў бібліятэцы, Крэйдзіч прапаноўвае выправіцца ў вандроўку па раёне, які ён добра ве дае. Сам жа тут і нарадзіўся – у вёсцы Заверша. Зразумела, я пагаджаюся. А яшчэ прашу, каб дапамог мне наведацца ў легендарны Хомск, у вёскі Бездзеж, Закозель… Мясціны гэтыя звязаны з многімі і многімі славутымі імёнамі, з пісьменнікамі і вучонымі. А Анатоль Крэйдзіч, у сваю чаргу, расказвае пра тое, што з яго роднага Заверша ў вялікі свет выправіліся таксама многія славутасці. I найвядомейшы сярод іх – акадэмік Майсей Калінікавіч Юскавец. На радзіўся ў жніўні 1898 года. Скончыў Маскоўскі ветэрынарны інстытут. Ужо на пачатку работы зарэкамендаваў сябе як таленавіты вучоны-мікрабіёлаг, як дасведчаны імунолаг.

Доўгі час быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення жывёлагадоўлі і ветэрынарыі Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР і дырэктарам Беларускага навуковадаследча га ветэрынарнага інстытута. За навуковы плён адзначаны ордэнамі Леніна, “Знак Пашаны”. 3 Заверша – і кандидат тэхнічных навук Іван Ільіч Шпак (нарадзіўся ў ліпені 1947 года). Дарэчы, засведчыў сябе не толькі як вучоны, але яшчэ і як перакладчык мастацкай літратуры з чэшскай мовы на беларускую. У прыватнасці, пераклаў некалькі апавяданняў Яраслава Гашэка, аповесць Івы Герцыкавай “Цень сну”. Аўтар тэрміналагічнага руска-беларуска-англійскага слоўніка па радыёэлектроніцы.

Хомск – старажытнае паселішча, дзе быццам у люстэрку адбіваюцца многія старонкі з гісторыі Палесся. Паселішча ўпершыню згадваецца на пачатку XVI стагоддзя. Побач з вёскай у розныя гады праводзіліся археалагічныя раскопкі. Зробленыя знаходкі сведчаць: у гэтых мясцінах людзі жылі яшчэ ў X—VIII тысячагоддзях да нашай эры.

Хомск – радзіма контрадмірала Івана Даміянавіча Сніткі (нарадзіўся ў 1896 годзе). Яго баявы шлях у Ваенна-Марскім Флоце СССР адзначаны ордэнам Леніна, трыма – Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі. Пахаваны Іван Даміянавіч на Парахоўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу. Згадваючы гэтае імя, гаворым з Анатолем пра тое, што драгічынцам след было б і вуліцу назваць у гонар знакаміта га военачальніка. 3 Хомска – і вядомы на Берасцейшчыне журналіст, заслужаны работнік культуры Пётр Васільевіч Елец.

А я згадваю, што і Хомск, і драгічынскія Антопаль, Бездзеж – мясціны, апісаныя ў рамане “Сям’я Раскіных”. Аўтар – ураджэнец вёскі Бездзеж пісьменнік і журналіст Дзмітрый Стонаў (нарадзіўся ў 1893 годзе). Сапраўднае прозвішча пісьменніка – Уладоўскі. Яго біяграфія ўмясціла ў сябе і грамадзянскую вайну, і сталінскі лагер, і актыўную літаратурную работу. Праўда, многія творы Стонава друкаваліся пасля яго смерці, у 1990я, ды нават і пазней.

– А я асабіста пра Стонава чую ўпершыню, – заўважае Анатоль Крэйдзіч. I дадае: – Трэба і яго імя занесці на “Лі таратурную карту Берасцейшчыны”.

Сапраўды, і Стонава, і шмат каго яшчэ з драгічынцаў варта ўвесці ў болей шырокі кантэкст айчыннай гісторыі.

Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы

Подняться наверх