Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 15
Мясціны
3 магдэбургскай Дзісны
ОглавлениеНіяк не магу знайсці вядомую ў свой час кнігу польскага аўтара “Дзісна і Друя. Магдэбургскія гарады”, выдадзеную ў Вільні ў 1934 годзе. Мо з часам яшчэ патрапіць на вочы. I там, несумненна, знойдзецца шмат інфармацыі пра каталіцкія і праваслаўныя храмы Дзісны, старажытнага паселішча (вядомасць сваю горад, які цяпер схаваўся ў Мёрскім раёне, мае з XI стагоддзя).
Варта адзначыць, што ўпрыгожвалі Дзісну і Васкрасенская царква (XVI ст.), і Спаса-Праабражэнская (каля 1669 г.), Увядзенская і ўніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл (1581), францысканскі кляштар (1630)…
Дарэчы, пра месцазнаходжанне Дзісны. Горад раскінуў свае хаціны пры ўпадзенні ракі Дзісны ў Заходнюю Дзвіну, за 45 кіламетраў на ўсход ад Мёраў. Аўтамабільнымі дарогамі Дзісна злучана з Полацкам, Глыбокім, Мёрамі. За 12 кіламетраў ад паселішча – чыгуначная станцыя Боркавічы, гэта на лініі Полацк—Крулеўшчына.
Але ж мы пагаворым пра землякоў – ураджэнцаў Дзісны, блізкіх ваколіц. Пагадзіцеся, у дадатак да адметнай біяграфіі паселішча, напісанай і выдадзенай болын як тры чвэрці ста годдзя назад, не лішняй падасца і гэтая інфармацыя.
Невялікае паселішча вывела ў вялікі свет самых розных і цікавых сваімі біяграфіямі сыноў і дачок. У 1897 г. у Дзісне нарадзіўся Рыгор Іосіфавіч Каннер. У 1930я гады ён займаў адну з дастаткова высокіх пасад у савецкай наменклатуры – быў намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення металургічнай прамысловасці Наркамата цяжкай прамысловасці СССР. Лёсавызначальная, пагадзіцеся, пасада – і для кадра і для прадпрыемстваў. У 37м яго арыштавалі і абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Расстралялі ў жніўні 1938га. Праз дваццаць гадоў нашага дзісненскага земляка рэабілітавалі.
Рэдка цяпер згадваецца імя вучонага Ісаака Майсеевіча Разета, які нарадзіўся ў Дзісне 4 ліпеня 1927 г. Пасля Вялікай Айчыннай паступіў на аддзяленне логікі, псіхалогіі і рускай мовы Белдзяржуніверсігэта. Выкладаў логіку і псіхалогію ў адной з мінскіх школ. Але з часам прадмет выкраслілі са школьнай праграмы. 3 1964 г. Разет працуе ў навукова даследчым інстытуце педагогікі Міністэрства асветы БССР. Затым – у беларускім філіяле Усесаюзнага НДІ тэхнічнай эстэтыкі. Займаецца законамі эрганомікі і дызайна, псіхалагічнымі аспектамі павышэння прадукцыйнасці працы. Абараняе кандыдацкую дысертацыю. Шмат друкуецца ў спецыялізаваных выданнях у Мінску і Маскве. Паспеў напісаць больш за 130 навуковых прац. Напрыканцы жыцця Разет падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, абараніць яе не паспеў.
Асаблівы след у гісторыі Дзісненшчыны і ўвогуле Беларусі – лёс Вячаслава Васільевіча Багдановіча (нарадзіўся ў Дзісне ў 1878 г. у сям’і праваслаўнага святара). Закончыў Віцебскую духоўную семінарыю, затым – Кіеўскую духоўную акадэмію. Атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. Да 1907 г. служыў выкладчыкам у Віцебскай духоўнай семінарыі. Затым быў на пасадзе інспектара Віленскай духоўнай семінарыі, дзе і служыў да 1922 г. Удзельнічаў у святым Саборы Рускай Праваслаўнай царквы ў 1917—1918 гг. Па прапанове нашага земляка была выпрацавана працэдура выбараў Патрыярха. У 1922— 1930 гг. – сенатар II Рэчы Паспалітай. Дарэчы, пасля быў яшчэ і перавыбраны сенатарам – да 1939 года. Шмат зрабіў дзеля абароны Праваслаўнай царквы. Служыў у Вільні нават псаломшчыкам адзінага ў тагачаснай Полыпчы праваслаўнага прыхода, які падначальваўся Патрыярху Ціхану і не прызнаваў Польскай аўтакефаліі. Займаўся літаратурнай работай, выкладаў у Віленскай рускай гімназіі імя А. С. Пушкіна. За сваю прынцыповую пазіцыю супраць аўтакефаліі быў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1939 годзе. Багдановіча этапіравалі ў сумна вядомы лагер у Бярозе-Картузскай. 3 вызваленнем Заходняй Беларусі ахова лагера разбеглася. Багдановіч вярнуўся дахаты. Пры новай уладзе – і новы арышт. Дакладных звестак пра далейшы лёс праваслаўнага дзеяча не захавалася. Даследчыкі мяркуюць, што ён расстраляны недзе пад Вілейкай.
У пярэдадзень драматычных падзей – у лістападзе 1939 года – нарадзіўся ў Дзісне Пётр Аляксандравіч Шыман. Пройдуць гады – і ён стане вядомым у Расіі дзеячом праваслаўнай царквы. Паўплывала на выбар дзісенскага падлетка і тое, што паходзіў з сям’і святара. Праўда, спярша біяграфія складвалася звычайна. Паступіў пасля школы ў Гродзенскае медвучылішча. Але душа запатрабавала іншага. I ў 1962 годзе Пётр Шыман заканчвае Мінскую духоўную семінарыю. Пасля вучыцца ў Маскоўскай духоўнай акадэміі. У 1980—90я Пётр Шыман – Паладзій, епіскап Чыцінскі і Забайкальскі, епіскап Іжэўскі і Удмурцкі, епіскап Пераяслаў-Хмяльніцкі… У мяне, дарэчы, даўнія вочныя і завочныя стасункі з вядомым паэтам і празаікам, народным пісьменнікам Удмурціі Вячаславам Ар-Сяргі. Ён і расказвае пра нашага земляка: “Епіскап Паладзій зрабіў неверагодна шмат для таго, каб Праваслаўная царква ва Удмурціі займала належнае месца. За гэта яму ўдзячны многія вернікі!..”
Дзісна – з самых малых гарадоў Віцебшчыны, Беларусь Але ў паселішча шмат прывабнасцяў, якія маглі б прыцягнуць сюды турыстаў. Захаваліся старажытныя валы Верхняга замка. Яшчэ вабіць вока мост з векавой гісторыяй. Ёсць паром. Адмысловай можа атрымацца экскурсія па храмах Дзісны. Навідавоку – старажытныя забудовы горада. Па блізу ад паселішча – гідралагічны заказнік “Ельня”, створаны дзеля захавання ўнікальнага для Еўропы балота з рэшткамі пасляледніковай тундры. Горад становіцца месцам правядзення мастацкіх пленэраў. Карацей, збірайцеся ў Дзісну! Не пашкадуеце!..