Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 6
Мясціны
Радзіма вайскоўцаў і вучоных
ОглавлениеГісторыя Быхава, Быхаўшчыны не можа не хваляваць. Ужо неаднойчы складвалася так, што горад, старонка гэтая станавіліся эпіцэнтрам падзей, ход, развіццё якіх уплывалі на лёс бязмежных тэрыторый. У 1648 годзе Быхаў асаджвала казацкае войска Гаркушы. У Паўночную вайну 1700—1721 гадоў горад – важны стратэгічны пункт. У 1917м Быхаў – у цэнтры рэвалюцыйных падзей. Тут былі зняволены царскія генералы, якія арганізавалі карнілаўскі мяцеж: Л. Карнілаў, А. Дзянікін, А. Лукомскі…
А хто, якія вучоныя, пісьменнікі, артысты, военачальнікі, высокія дзяржаўныя мужы – ураджэнцы Быхаўшчыны, праславілі свой край у свеце, у нашай Айчыне?.. Давайце пагартаем старонкі сучасных энцыклапедый, новых і старых даведнікаў, звернемся да матэрыялаў, сабраных у Быхаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а таксама да іншых крыніц інфармацыі.
Асобна ў музеі вылучаны экспанаты пра землякоў, якія засведчылі сябе ў Вялікай Айчыннай вайне. 14 (!) ураджэнцаў раёна атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза. У зале Перамогі ўстаноўлены бюсты кожнага з іх. Расказваецца ў музеі і пра маршала авіяцыі Героя Савецкага Саюза Сцапана Красоўскага. У свой час, памятаю пра гэта з уласнага дзяцінства, сапраўдным бестселерам для хлопчыкаў, юнакоў, якія марылі стаць лётчыкамі, была яго кніга “Жыццё ў авіяцыі”. А мне яна яшчэ і таму дарагая, што праслаўлены лётчык – адзін з нямногіх сведкаў гераічнага лёсу майго земляка пухавіччаніна Пятра Гучка. Пра яго расказвае і ў сваіх мемуарах. Нарадзіўся ж Сцяпан Акімавіч у вёсцы Глухі Быхаўскага раёна. Ваяваў яшчэ ў Першую сусветную. 3 1917га – у Чырвонай гвардыі, затым у Чырвонай Арміі. Ужо ў грамадзянскую вайну быў прызначаны камісарам авіяцыйнага атрада. У 1936 го дзе закончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага. У Вялікую Айчынную вайну камандаваў паветранымі арміямі. Званне маршала авіяцыі атрымаў у 1959 годзе. Доўгі час узначальваў Ваенна-паветраную акадэмію імя Юрыя Гага рына. Сярод узнагарод – 17 ордэнаў (!). 3 іх шэсць ордэнаў Леніна і чатыры Чырвонага Сцяга, а таксама ўсе тыя ордэны, якімі адзначаўся талент военачальніка: Суворава (першай і другой ступеняў), Кутузава, Багдана Хмяльніцкага. Выпадак далёка не радавы нават для военачальнікаў.
Быхаў. Замак Сапегі
Быхаў,Быхаўшчына – радзіма многіх зорак айчыннай і сусветнай навукі. У вёсцы Гарадзец у студзені 1907 года нарадзіўся славуты беларускі геолаг і геахімік Канстанцін Лукашоў. Першыя сур’ёзныя навуковыя ўніверсітэты прайшоў у Ленінградзе і Маскве. У 1953 годзе ён быў прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1956—1969 гады – віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусь Пасля ўзначальваў Інстытут геахіміі і геафізікі АН Беларусі.
У вёсцы Новы Свет у чэрвені 1901 года нарадзіўся доктар гістарычных навук Аркадзь Самсонавіч Ерусалімскі. Чамусьці “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” памылкова называў месцам нараджэння сусветна вядомага вучонага горад Быхаў. У1948 годзе наш зямляк абараніў доктарскую дысертацыю. Яшчэ ў 1920я вызначылася кола навуковых зацікаўленняў Ерусалімскага. У 1928м пабачыла свет яго кніга “Германія, Антанта і СССР”. А ў 1942м – “Палітыка фашыстаў у акупіраваных раёнах”. Шырокі рэзананс у навуковым свеце займелі такія кнігі Аркадзя Самсонавіча, як “Германскі імперыялізм. Гісторыя і сучаснасць” (1964), “Бісмарк. Дыпламатыя і мілітарызм” (1968). У1965 годзе Ерусалімскага абралі членам-карэспандэнтам Германскай Акадэміі навук у Берліне.
Родам з вёскі Чачэвіцы доктар біялагічных навук Аляксей Фядосавіч Іваноў (нарадзіўся ў сакавіку 1913 года). Між іншым, адзін са складальніка ў грунтоўнага даведачнага выдання “Інтрадукаваныя дрэвы і кусты Беларускай ССР”. За свае навуковыя росшукі адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Пасёлак Гадылёва – радзіма доктара фізіка-матэматычных навук (нарадзіўся ў 1959 годзе) Міхаіла Якаўлевіча Кавалёва. У вёсцы Красная Слабада (раней яна называлася Узнікі) у 1908 годзе нарадзіўся доктар філасофскіх навук Емяльян Кліментавіч Азаранка. Цяпер імя вучонага амаль нідзе не згадваецца. А менавіта ж ён уклаў шмат намаганняў у даследаванне ў Беларусі гісторыі замежнай філасофіі. Вёска Патапаўка – радзіма доктара медыцынскіх навук Анатоля Піліпавіча Жлобы. У вёсцы Вотня нарадзіўся матэматык і педагог, доктар педагагічных навук, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў.
3 забытых імёнаў, калі гаварыць пра навукоўцаў-ураджэнцаў Быхава, – браты Самуіл і Леў Закі. Першы – нараджэннем з 1868 года. Журналіст і эканаміст. Супрацоўнічаў з часопісамі і газетамі “Одесские новости”, “Русское богатство”, “Заветы”, іншымі выданнямі. Аўтар навукова-публіцыстычных кніг “Зямля і капіталізм” “Прамысловы капіталізм у Расіі”, “Сацыяльна-эканамічныя табліцы ўсіх краін свету” (выпускі 1—3), іншых даследчыцкіх прац. Прапагандай эканамічных, фінансавых ведаў займаўся і Леў Зак, які нарадзіў ся ў 1869 годзе. Найболей вядомыя яго працы – “Рэгуляванне заработнай платы”, “Умоўныя ўклады”.
Быхаўскі край багаты і на спевакоў, акцёраў, пісьменнікаў, зоркавых асоб, чуйных да розных мастацтваў. У Быхаве нарадзілася напаўзабытая цяпер спявачка Вольга Мікалаеўна Бутама-Названава. Спевам навучалася ў Пецярбургскай кансерваторыі ў 1910—1915 гады ў класе прафесара Наталлі Аляксандраўны Ірэцкай, сяброўкі Паліны Віардо і Івана Тургенева, спявачкі, якая была знаёмая з Флабэрам, Мапасанам, іншымі французскімі знакамітасцямі. 3 вялікім поспехам ураджэнка Быхава выступала з сольнымі канцэртамі ў Маскве, Кіеве, Петраградзе, гастралявала ў Берліне і Парыжы. У 1940я гады Вольга Мікалаеўна займалася педагагічнай дзейнасцю ў Кыргызстане, у Фрунзе (цяперашні Бішкек).
Сярод даследчыкаў гісторыі беларускай літаратуры велізарным аўтарыгэтам карыстаецца член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Іосіфавіч Мушынскі. Прызнаны даследчык творчасці Якуба Коласа, Янкі Купалы, Міхася Гарэцкага, вучоны з’яўляецца аўтарам многіх грунтоўных літаратуразнаўчых манаграфій. Нарадзіўся Міхась Іосіфавіч у быхаўскай вёсачцы Мокрае. Непадалёку, у вёсцы Заброддзе, – радзіма паэта, празаіка, аўтара добрага тузіна кніг, адрасаваных дзецям, Міхася Пазнякова.