Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 9
Мясціны
Ваўкавыскія зоркі
ОглавлениеВандруючы па цяперашняй Гродзеншчыне, заўжды ўспамінаю ашхабадскага радыёжурналіста Уладзіміра Грачова. Рускі па нацыянальнасці, нараджэннем з Ваўкавыска, ён не хварэў на штучную настальгію. Але і ён заўжды пра сваю радзіму расказваў з душэўным хваляваннем. Цяпер ужо і для мяне ашхабадскія расповеды Грачова ў большасці сваёй напаўзабытыя. Валодзя даўно ўжо пакінуў Туркменістан разам з сям’ёю і жыве ў Калінінградзе. А вось памятаецца той даўні настрой, тая эмацыянальная ўзвышанасць, што спадарожнічалі размовам пра Беларусь, пра Ваўкавыск…
Старэйшы з гарадоў Беларусі (летапісны Волковыескъ узнік у канцы Х стагоддзя, а ўпершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам як крэпасць) багаты на славутасці. Адсюль у вялікі свет выйшлі пісьменнікі, мастакі, вучоныя, асветнікі, генералы… Хтосьці год ад году вяртаўся. Некага чужая старонка прыквеціла назаўсёды. Як, напрыклад, рускага пісьменніка Усевалада Нікандравіча Іванова (быў яшчэ і Усевалад Чэслававіч Іваноў). Ён нарадзіўся ў Ваўкавыску ў 1888 годзе. Пражыў амаль 90 год. А колькі павандраваць паспеў па свеце! У 1922—1945 гадах жыў у Кітаі. З тых вандровак – і кнігі: “Тайфун над Янцзы”, “Шлях да Алмазнай гары”, “На ніжняй Дзебры” – ды і шмат іншых аповесцей, апавяданняў, якія выходзілі і ў Маскве, і ў Хабараўску, і ў Паўднёва-Сахалінску. Цікавы лёс у літаратара-земляка. Пачынаў з вершаў. Следам за белай гвардыяй эмігрыраваў у Кітай. Рэдагаваў эмігранцкую газету “Гунбао”. У Харбіне і Токіо на рускай мове пабачылі свет яго вершаваныя кнігі “Вогненная душа”, “Санеты”, “Бежанская паэма”, “Паэма яды”. Апошняя з іх выходзіла чатыры разы. Найбольшую вядомасць усё ж атрымаў як журналіст. Асобнымі выданнямі выйшлі яго кнігі “У грамадзянскай вайне” (1921), “Ленін” (1928), “Крах белага Прымор’я” (1921), “1905 год” (1929)… У 1931 годзе прыняў савецкае грамадзянства. Працаваў у Харбіне як карэспандэнт ТАСС. А вярнуўся ў Савецкі Саюз у 1945 годзе. І ўвесь час пасля жыў у Хабараўску. Паэт Аляксандр Дракаруст, які жыў у Мінску, быў знаёмы з Івановым па Хабараўску. І вось што ён занатаваў у сваіх успамінах пад уражаннем ад кнігі Усевалада Нікандравіча “Туман над Расіяй”, выдадзенай пасля смерці нашага ваўкавыскага земляка: “…Газетныя артыкулы і нарысы. Многія, відавочна, пісаліся ў нумар. Але да гэтага ж часу цікава і злабадзённа. І ў цэлым, які разумны погляд на ранейшую Расію, на яе гістарычныя лёсы, на грамадзянскую вайну, эміграцыю. Апошняе – у асаблівасці.
Не, для яго “Расія”, “радзіма” не былі пустымі словамі. Таму і вярнуўся, як толькі надарылася магчымасць, і, будучы досыць ужо вядомым пісьменнікам, знайшоў у сабе сілы пачаць усё з нуля (паступіў у КрайТАСС радавым супрацоўнікам).
У кнізе гэтай рэдкая эрудыцыя спалучаецца з магутным тэмпераментам, глыбінёй і самастойнасцю меркаванняў. Магу сабе ўявіць, што адчуваў Усевалад Нікандравіч, гледзячы на нас, зносячыся з намі – малаадукаванымі, выхаванымі ў духу “ўсепераможнага вучэння” газецірамі!
Ваўкавыск. Вакзальная вул. Пачатак XX ст.
Ён быў асцярожны: ведаў, з кім мае справу. Але заўсёды ўмеў знайсці спосаб выказаць свой – прынцыпова адрозны ад нашага – пункт гледжання па многіх пытаннях: ад гістарычнай ролі Пятра I да творчасці Гогаля і Шчадрына. Аднойчы, не помню цяпер з якой нагоды, мы з ім загаварылі пра рэвалюцыі. І раптам узляцела ўверх густое напалову сівое брыво. У. Н. па-змоўніцку нахіліўся да мяне і з усмешкай вымавіў: “А справа ж Хрыстова, Саша, не здзейснілася – не!”
У Ваўкавыску самы час адкрываць літаратурна-мастацкі музей. Пісьменнікаў і мастакоў, якія нарадзіліся ў горадзе і ваколіцах, – безліч. Адна толькі асоба Станіслава Жукоўскага (ён нарадзіўся ў маёнтку Ендрыхаўцы ў маі 1875 года) чаго вартая. У 1907-м трыццацідвухгадоваму жывапісцу было прысвоена званне акадэміка. Пейзажы “Нёман”, “Лес. Папаратнік. Захад”, “Месячная ноч”, “Крыгаход на Нёмане”, “Рэчка на Палессі”, “Рака Вілейка” і зараз лічацца ўзорамі жанру. З 1917 года Жукоўскі жыў у Польшчы. У 1944-м загінуў у фашысцкім канцлагеры Прушкаў.
Ваўкавыск – радзіма артысткі кіно, тэатра, эстрады Яніны Жэймо. Перажыўшы ленінградскую блакаду, іншыя перыпетыі Вялікай Айчыннай вайны, яна ў 1957 годзе эмігрыравала ў Варшаву. А ўважліваму кінагледачу старэйшых пакаленняў Яніна Баляславаўна павінна запомніцца па ролях у кінафільмах “Прыгоды Карзінкінай”, “Гарачыя дзянёчкі”, “Ворагі”, “Ішоў салдат з фронту”, “Сяброўкі”… У мяркуемым ваўкавыскім музеі гісторыі літаратуры і мастацтва, відавочна, знойдзецца месца і жыццяпісам пісьменнікаў-землякоў Эўгеніюша Кабаца, Тадэвуша Зянкевіча, Якава Рабіновіча, Лідзіі Ялоўчык, Герцаля Навагрудскага, артыста тэатра лялек і тэатразнаўца Міхаіла Каладзінскага, паэтэс Тамары Мазур, Людмілы Кебіч (яна зараз узначальвае Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі), публіцыста Івана Хлябцэвіча, мастакоў Вячкі Целеша (заўважым, і адметнага калекцыянера, філакартыста), Людмілы Пятруль, Паўла Урублеўскага, Мікалая Крукава, дызайнераў Аляксандра Крывенкі, Мікалая Пупко, балетмайстра Яўгена Штопа… За шматкроп’ем, паверце, можа паследаваць згадка яшчэ пра добры тузін асоб, чый след у мастацтве надоўга застанецца прыкметным. А музей такі мог бы паяднаць памкненні многіх ваўкавыскіх краязнаўцаў у даследаванні мінуўшчыны краю праз лёсы легендарных землякоў. Часам здараецца, што ведаем мы ці не ўсіх землякоў, ці не ўсіх вартых увагі суайчыннікаў. А веданне гэтае носіць характар павярхоўны, падарожнічае з адной энцыклапедыі ў другую. Зрабіўшы вялікую справу па аднаўленні гістарычнай памяці праз напісанне і выданне гісторыка-дакументальных хронік “Памяць”, мы павінны пайсці далей. Вось возьмем, напрыклад, лёс рускага пісьменніка Герцаля Навагрудскага. Яшчэ нядаўна яго дзіцячымі кнігамі зачытвалася малеча ўсяго Савецкага Саюза. Аповесці, апавяданні “На малень- кім востраве”, “Дзік з 12-й Ніжняй”, “Лісты дзядзькі Ягора”, “Індзейскае зярнятка”, “Маленькі Тыук едзе ў Маскву”, “Пячора Бацікава”, “Па слядах Тау”, “Вялікая жамчужына” мелі шырокі розгалас. А яшчэ адразу пасля вайны была напісана кніга пра Дзмітрыя Карбышава. У Вялікую Айчынную наш зямляк працаваў у газеце “Красный флот”. Мне падаецца, што любое з сённяшніх беларускіх выдавецтваў магло б узнавіць творчую спадчыну Герцаля Навагрудскага. Але ж, як ва ўсіх клопатах, патрэбна ініцыятыва. І землякоў з Ваўкавыска, мяркую, – у першую чаргу.