Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 24

Мясціны
На беразе Гайны

Оглавление

“Лагойск, Логожск або Логойско – старажытнае славянскае абарончае паселішча, спачатку ў Полацкім княстве, пазней – у Мінскім павеце Мінскага ваяводства; сёння – мястэчка і ўладанні ў Барысаўскім павеце, размешчаныя на правым беразе ракі Гайны і рачулкі Лапянец, што ўпадае ў яе. Спадчына ў 14м пакаленні здавён вядомай на Русі літоўскай сям’і Тышкаў, якія пазней сталі звацца Тышкевічамі герба Ляліва”.

Гісторыя ўзнікнення Лагойска гіне ў цемры дагістарычных часоў, а яго назва, відавочна, паходзіць ад слова “лог”, што абазначае даліну, у якой пабудаваны Лагойск. Пра тое, што тут адбывалася да XI стагоддзя, слядоў не захавалася, бо хронікі згадваюць Лагойск толькі пад 1084 годам, калі ў сутычцы кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха, сына Усеваладава, з князем полацкім Усяславам войска Уладзіміра захапіла гэтае месца разам з іншымі пасяленнямі на зямлі крывічоў. “Няма нічога болын жахлівага, чым гэтыя няспынныя братазабойчыя войны размножаных варажскіх дынастый, што рабавалі адна адну, а ў выніку пакутавалі няшчасныя аўтахтоны-славяне”, – пісаў даследчык напрыканцы XIX стагоддзя пра Лагойск.

…Бываючы раней у Лагойску, стараўся завітаць да журналіста-ветэрана Браніслава (ледзьве не напісаў – Барыса, але пра гэта крыху ніжэй) Сасноўскага. Па-першае, ён гатовы быў заўжды ўзнавіць у памяці нейкую драбнічку пра майго земляка паэта-сатырыка Захара Біралу. Чалавек шмат пакут нага лёсу, ён і для ўступлення ў пісьменніцкую арганізацыю павінен быў чаргу адстаяць. Прынялі, калі меў ужо за семдзесят гадоў. А першая кніга Біралы пабачыла свет у 1929 годзе – “Смех і радасць вёскі”. Адтуль, з лагойскай школы, у час урока і забралі Захара Якаўлевіча ў няпростую вандроўку па турмах і лагерах. 3 даваеннага часу Сасноўскі з Біралам – добрыя знаёмцы. А па-другое, абавязкова ўспамінаў журналіст Барыса Мікуліча, празаіка, сляды яко га шукаю яшчэ з туркменскіх сваіх часоў. Мог жа так лёс распарадзіцца, што паспытаў горкага і салодкага жыцця празаік Барыс Мікуліч і ў родным Бабруйску, і ў Мінску, і ў Лагойску, і ў Краснаярску, і ў Ашхабадзе.

Літаратурная біяграфія Лагойшчыны і Лагойска – гэта вершы, паэмы, апавяданні, аповесці і раманы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, празаіка і публіцыста Міколы Гіля, дзіцячага пісьменніка і журналіста Міхася Зарэмбы, паэта і мастака Сяргея Давідовіча, перакладчыка, крытыка Міколы Навіцкага, аўтара мастацкага летапісу Беларусі XX ста годдзя Івана Пташнікава, публіцыста Пятра Сабіны, аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры Змітрака Бядулі… Відаць, такую ўжо энергетыку заклалі Тышкевічы герба Ляліва, што і з сялян гадаванцы лагойскіх вёсак імкнуліся да мастацкіх літаратурных вяршынь. А яшчэ ж тут, на Лагойшчыне, пеставаўся талент Янкі Купалы. Нарадзіўся, праўда, будучы пясняр у фальварку Вязынка Мінскага павета Мінскай губерні (сёння Маладзечанскі раён).

Але ж зазірніце ў храналогію яго жыцця. У 1887 годзе Луцэвічы жывуць у вёсцы Косіна на Лагойшчыне. Бацька працуе ў маёнтку памешчыка Багдановіча. У Косіна будучы паэт і грамаце вучыцца ў сына служачага маёнтка. Пасля будуць два гады ў Сенніцы, у Мінскім раёне. Бацька Яся працуе аканомам у маёнтку памешчыка Турчынскага. А ў 1891м – вяртанне ізноў на Лагойшчыну. Прудзішча. Віталь Вольскі, ствараючы праз шмат гадоў мастацкі летапіс юнацкіх сцежак Купалы, напіша: “3 Прудзішча Дамінік Луцэвіч паслаў сына да сваіх знаёмых у Аўгустова і Слабодку, маёнткі графа Тышкевіча, каля мястэчка Лагойск Барысаўскага паве та. Там хлапчук вучыўся па чарзе на працягу адной зімы ў вандроўнага настаўніка, так званага «дарэктара». На другі год бацька паслаў яго ў маёнтак Гаяны да арандатаркі Шкоды, у доме якой таксама жыў «дарэктар». Ён вучыў дзяцей арандатаркі, а заадно Яся Луцэвіча…” 3 лагойскіх ваколіц у жыцці Купалы будзе яшчэ і Селішча – засценак Гайна Слабадской воласці, а затым і Бяларучы, у якіх двухкласнае народнае вучылішча Ясь скончыць за адзін год. Дарэчы, у Бяларуцкай сярэдняй школе, якая носіць імя Янкі Купалы, яшчэ ў кастрычніку 1947 года быў адкрыты музей народнага паэта. А ў 1972 годзе да юбілею песняра на будынку школы ўсталявалі мемарыяльную дошку.

– Музей Купалы, – расказвае лагойскі краязнавец Вік тар Несцяровіч, – працуе і ў сярэдняй школе ў вёсцы Косі на. Адкрыты ён быў, праўда, шмат пазней, чым у Бяларуцкай школе, – у 1980 годзе. Але навідавоку – стараннасць і руплівасць мясцовых настаўнікаў, школьнікаў у засваенні памятак жыцця Купалы…

Віктар Антонавіч—таксама з маіх лагойскіх суразмоўцаў. Родам ён з Бярэзіншчыны. Але як закончыў філалагічны факультэт БДУ ў 1956м, так і звязаў свой лёс з Лагойшчынай. Спярша працаваў настаўнікам, пасля – у аддзеле адукацыі райвыканкама. У 1980 годзе прыйшоў у раённую газету. Працаваў літсупрацоўнікам, адказным сакратаром. Заўжды цікавіўся краязнаўствам. Але найгалоўнейшае захапленне Віктара Несцяровіча – лагойскі фальклор. Напісаў на гэтую тэму два дапаможнікі для настаўнікаў. Падрыхтаваў зборнік “Песні Лагойшчыны”, куды ўключыў болын за 450 аўтэнтычных тэкстаў. Пагадзіцеся, не кожны раён можа дазволіць сабе такую “раскошу”. А вось ў Лагойску адважыліся і, канешне ж, не прагадалі. Несцяровіч вяртае да жыцця, першы дапамагае захаваць тую моўную, фальклорную, песенную прастору, якую праз дзесяцігоддзі ніводзін музей, ніводзін архіў не здолее сам па сабе ўзнавіць. Часта з вялікай асалодай Віктар Антонавіч праводзіць паралелі сённяшніх дзён з перыядам Купалавага маленства, шукае гучанне народных песень у неўміручай паэзіі класіка.

…Ламу ўсё ж, здараецца, так і цягне назваць Браніслава Уладзіміравіча Сасноўскага Барысам? Вучань настаўніка беларускай мовы і літаратуры Захара Біралы сам у 1937 годзе патрапіў пад падазрэнне як “вораг народа”. А як жа?!. Займаўся ў літаратурным гуртку Біралы, пісаў вершы. Прыпісалі распаўсюджванне недазволенай літаратуры. Выключылі з камсамола. Мо і пасадзілі б, але ўступіўся тагачасны рэдактар раёнкі: Сасноўскі як селькор стаяў на ўліку ў камсамольскай арганізацыі рэдакцыі. Не дазволілі затое паступіць у педінстытут. Толькі праз год аднавілі ў камсамоле. Пачалі друкаваць. Падтрымаў Аркадзь Куляшоў, “праціснуўшы” падборку вершаў у газеце “Літаратура і мастацтва”. Другая спроба стаць студэнтам аказалася ўдалай. У час вайны Сасноўскі – падпольшчык, арганізатар партызанскага друку. А як сувязны змяніў імя – таму і цяпер часам некаторыя людзі сталага веку завуць яго Барысам.

Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы

Подняться наверх