Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 23

Мясціны
…Пад музыку руплівай залатой пчалы

Оглавление

Клімавічы – паселішча ў 120 кіламетрах ад Магілёва, параўнальна маладое. Вядомасць мае з XVII стагоддзя ў звяз ку з гісторыяй Мсціслаўскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1626 годзе ў Клімавічах быў заснаваны кляштар дамініканцаў. У розныя дзесяцігоддзі XVIII стагоддзя Клімавічы належалі Бяляцкім, затым Галынскім. 3 1772 года – у складзе Расійскай імперыі. 3 1777 года – цэнтр аднайменнага павета. Пэўна, з таго часу і пачаўся некаторы росквіт паселішча…

Клімавічы, на гербе якіх у блакітным полі рупіцца зала тая пчала, – сапраўды горад, радзіма людзей руплівых, старанных. Адзін род Бонч-Асмалоўскіх чаго варты!.. Славутыя рэвалюцыянеры Бонч-Асмалоўскія – якраз карэннем, пра шчурамі сваімі адсюль. У Асмолавічах нарадзіўся бацька нарадавольца Анатоля Іосіфавіча – Іосіф Аляксандравіч Бонч-Асмалоўскі. Вось вытрымка з успамінаў сына, які прайшоў праз многія выпрабаванні ў рэвалюцыйных і палітычных змаганнях (машынапіс тэксту, які рыхтаваў да друку колішні гаспадар “рэвалюцыйнага гнязда” Блонь, знаходзіцца ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі): “…бацька мой беларус з абяднелых дваран-памешчыкаў Магілёўскай губерні Клімавіцкага павета… Ён са сваімі малодшымі братамі і сястрой застаўся вельмі рана сіратой, і бацька вымушаны быў пачаць служыць і зарабляць хлеб з 15—16-гадовага ўзросту. Паспеў толькі закончыць павятовае вучылішча ў мястэчку Асмолавічы…” Пачаўшы дзяржаўную службу ў 1847 годзе, Іосіф Аляксандравіч напры канцы 1860 – у пачатку 1870х дасягнуў высокіх чыноўніцкіх пасад. Апошняя з іх – член Губернскай прысутнасці па сялянскіх справах са званнем сапраўднага стацкага саветніка, што адпавядала генеральскаму званню. Прысутнасць па сялянскіх справах – адзін з важнейшых тагачасных інстытутаў царскай улады. Сваю самавітасць Бонч-Асмалоўскі пацвярджаў руплівасцю, энергічнай працай. Як ацэнка – высокія ўзнагароды. Іосіф Аляксандравіч быў узнагароджаны ордэнамі св. Анны II і III ступені, св. Станіслава II ступені з імператарскай каронай…

Ёсць у Беларусі і па свеце носьбіты гэтага прозвішча і цяпер, праўда, без прыстаўкі “Бонч”. У 1924 годзе ў легендарнай вёсцы Клімавіцкай старонкі Асмолавічах (пра яе мясцовы журналіст Іван Лапо нават цёплую і эмацыйную краязнаўчую кнігу напісаў) нарадзіўся Аляксандр Віктаравіч Асмалоўскі. Да вайны паспеў закончыць Магілёўскае педвучылішча. У час ліхалецця партызаніў на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна. Пасля вызвалення – у дзеючай арміі, сапёр 110й стралковай дывізіі. На шчасце, пагаворка “сапёр памыляецца адзін раз” толькі спрыяла нашаму земляку. Пасля Вялікай Айчыннай Аляксандр Асмалоўскі вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. Спярша працаваў настаўнікам. Затым – на партыйнай рабоце. Доўгі час узначальваў упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Узнагароджаны ордэнамі Славы II і III ступені, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені. Землякі прысвоілі Асмалоўскаму званне ганаровага грамадзяніна Клімавіч.

Яркая асоба ў расійскім мастацтве – і ўраджэнец Клімавіч Ігар Паўлавіч Рубінскі (нарадзіўся ў 1919 годзе). Так склаўся яго лёс, што вельмі рана вырваўся за межы радзі май старонкі. Мо таму ў стасунках з Беларуссю, Магілёўшчынай яго і не згадваюць амаль. Ігар Рубінскі ў 16 гадоў па рэкамендацыі прафесара і знакамітага па тым часе мастака Ісаака Бродскага паступіў у Акадэмію мастацтваў імя I. Рэпіна ў Ленінградзе. У 1936—1942 гадах вучыўся ў Маскоўскім мастацкім інстытуце імя Сурыкава. Першы сур’ёзны настаўнік – С. Герасімаў. Дыпломную працу “Захоп фашыстаў партызанамі” напісаў у Самаркандзе, куды быў эвакуіраваны інстытут. 3 1942 года Ігар Рубінскі – на фронце, ваенную рэчаіснасць спасцігаў сваімі вачамі. Спярша ваяваў у народным апалчэнні. Затым быў адкамандзіраваны ў рас параджэнне Галоўнага палітупраўлення Паўночнага флота. У 1943 годзе таленавітага маладога чалавека прынялі ў сябры Маскоўскага таварыства мастакоў Пачынаючы з 1946 года Ігар Паўлавіч да 1990х (памёр мастак у 1996м) удзельнічаў у болей як 60 выставах. Карціны нашага земляка вядомыя не толькі на ранейшай савецкай прасторы. Палотны Ігара Рубінскага выстаўляліся ў Англіі, Італіі, іншых краінах, дзе глядач не меней патрабавальны і чуйны да сапраўднага жывапісу. I цяпер, адкрываючы для сябе творчасць ураджэнца Клімавіч па рэпрадукцыях, адчуваеш асаблівыя сімпатыі да знойдзеных ім фарбаў. Прыкладам – на карцінах “Зіма ў вёсцы”, “Раніца туманная” “Вайна пачалася…” “Ранняя вясна”, “Ускраіна лесу”. Многія работы мастака захоўваюцца ў экспазіцыях музеяў і галерэй Масквы, Мурманска, Архангельска, Хівы, Бухары, Самарканда, Ташкента. Хацелася б дадаць у гэты пералік і Мінск, Магілёў, Клімавічы.

У 1955 годзе ў Клімавічах нарадзіўся вядомы расійскі военачальнік генерал-лейтэнант Міхаіл Кучаравы. У 1976 годзе ён закончыў Пушкінскае вышэйшае каманднае вучылішча радыёэлектронікі супрацьпаветранай абароны. А ў 1988м – Ваенную акадэмію. Яшчэ праз дзесяць гадоў – Акадэмію Генеральнага штаба, вучыцца ў якой лічылі і лічаць за гонар многія вайскоўцы. У 2007 годзе прэзідэнт Расійскай Федэрацыі прызначыў ураджэнца Клімавіч камандуючым Уральскім аб’яднаннем ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны.

Дадайце да ліку слаўных землякоў і нашага сучасніка Чэмісава, які жыве і працуе ў Маскве. Ён нарадзіўся ў вёсцы Звянчатка Клімавіцкага раёна. I, стаўшы чалавекам прадпрымальным, дзейным, вырашыў зрабіць падарунак сваім землякам: пабудаваў у родным паселішчы царкву. Яе назвалі ў гонар Васіля Вялікага. Раней жыхары вёскі вымушаны былі ездзіць у храм, размешчаны ў Клімавічах, а цяпер вось маюць царкву ў сваёй Звянчатцы…

Клімавічы – далёкая ад вялікіх дарог прастора. Але і яна багатая на знакавыя імёны ў гісторыі нашай Айчыны.

Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы

Подняться наверх