Читать книгу Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы - Алесь Карлюкевiч - Страница 14

Мясціны
Горад пісьменнікаў і кветак

Оглавление

Некалькі гадоў назад пошта прынесла бандэроль з вёскі Хорск. Нават не распакоўваючы, я зразумеў, ад каго падарунак. Сваю кнігу даслаў настаўнік-пенсіянер і краязнавец Міхась Уладзіміравіч Шэлехаў. Мы з ім землякі – пухавіччане. А пасля заканчэння педагагічнага інстытута лёс закінуў яго, ураджэнца вёскі Бахаравічы на Міншчыне, у самы цэнтр беларускага Палесся – на Століншчыну. Настаўнічаў у сельскіх школах. Болын чым дваццаць гадоў быў дырэктарам сярэдняй школы ў Давыд-Гарадку. I ва ўсе гады свайго настаўніцтва, і пазней, ужо, займаўся краязнаўчай работай, збіраў памяткі пра край, які захапіў яго душу і сэрца.

А да кнігі “Давыд-Гарадок. Час і людзі” прадмову напісаў археолаг Пётр Лысенка, які назваў мясцовага даследчыка “Герадотам Палескага краю”. Чытаю з тае прадмовы: “Невялічкі Давыд-Гарадок падараваў беларускай культуры паэта Леаніда Дранько-Майсюка, пісьменнікаў Георгія Марчука і Уладзіміра Глушакова, пісьменніка, кінарэжысёра і сцэнарыста Міхаіла Шэлехава (дарэчы, сына Міхася Уладзіміравіча Шэлехава) і мастака Уладзіміра Уродніча, скульптара Аляксандра Дранца, народнага скульптара малых формаў Уладзіміра Казелку. Цяпер да ліку славутых землякоў давыдгарадчане з поўным правам могуць далучыць і свайго земляка – гісторыка Міхаіла Шэлехава, свайго, мясцовага Герадота і летапісца…” Падрабязна расказваючы пра гістарычныя вехі Давыд-Гарадка, Міхась Уладзіміравіч мала спыняецца на лёсах ураджэнцаў палескай старонкі. Гэта ўвогуле і зразумела, бо краязнавец мяркуе зрабіць працяг даследавання. I тады ўжо, спадзяёмся, чытач ад крые перад сабою многія цікавыя і адметныя біяграфіі землякоў. А людзі ж тут і сапраўды павінны нараджацца асаблівыя, да навук і мастацтва схільныя. Як жа іначай можа здарыцца ў горадзе, перапоўненым кветкамі? Вось і ў Міхася Шэлехава чытаем пра родную старонку: “Здавён пераходзіць з пакалення ў пакаленне ў Давыд-Гарадку нейкая дзіўная, паўднёвая любоў да гародніны, кветак, да раскошы зямлі. Ды і самі сядзібы ў гарадчукоў – узор практычнасці і высокай культуры.

Умельства ў гарадчукоў не тутэйшае. Адкуль яно? Першае, што прыходзіць у галаву – гэта ўплыў Захаду, ад рыцарскай культуры Еўропы, якая ў эпоху Рэнесансу засадзіла замкі і манастыры багатымі садамі і кветнікамі. Культ ружы быў у Еўропе выключна высокім, Рыцары Пунсовай і Белай Ружы біліся ў войнах не адно дзесяцігоддзе.

Але ж захапленне кветкамі ў Еўропе таксама не тутэйшае – вырошчваць сады і кветкі навучылі еўрапейцаў маўры (арабы): спачатку Іспанію, а потым і іншых. Давыд-Гарадок – адзіны кветкавы горад у рэспубліцы. Ад гарадчукоў і суседнія вёскі навучыліся кветкаваму «рамяству». Кветкі ў Гарадку – не тутэйшыя. Як і ў Іспаніі без маўраў, так і тут без уплыву гасцей не абышлося. Толькі ў Давыд-Гарадку ўсё было куды прасцей. Гэтаму ўмельству навучылі гараджан Давыд-Гарадка далёкія і нечаканыя госці – крымчакі з сонечнай Таўрыі, якія сталі для некаторых жыхароў і продкамі, даўшы ім сваю кроў, свой характар і сваё прозвішча. I той, хто, падчас жартуючы, назаве гарадчука татарынам, мае рацыю: нярэдка і сёння тут можна сустрэць смуглявую прыгажуню з паўднёвым абліччам…” I ў назвах твораў пісьменнікаў, якіх выпеставаў-выгадаваў Давыд-Гарадок, прысутнічае кветкавая біяграфія радзімы. Уладзімір Глушакоў напісаў аповесць “Насенне”. Георгій Марчук – раман “Кветкі правінцыі”. Учытаемся ў назвы вершаў Леаніда Дранько-Майсюка – “Я ведаю цябе ад хрызантэм…” “Да кветак не хінуўся я ў маленстве…”

Але Давыд-Гарадок – радзіма не толькі паэтаў і мастакоў. У Кіеве жыве і працуе кандыдат тэхнічных навук Анатоль Аляксеевіч Антанюк, які закончыў першую Давыд-Гарадоцкую сярэднюю школу. А ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце працуе ўраджэнец Давыд-Гарадка, кандыдат філасофскіх навук Мікалай Фёдаравіч Белавус. Між іншым, цікава, што і згаданы Анатоль Антанюк, і яго пазнейшы па выпуску са школы зямляк, таксама кандыдат навук Іван Грычык – абодва выпускнікі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута. У Маскоўскай лесатэхнічнай акадэміі працаваў давыдгарадчанін, кандыдат тэхнічных навук Мікалай Кандрацюк. Свой сур’ёзны след у гісторыі беларускай навукі пакінуў і доктар тэхнічных навук, спецыяліст у галіне парашковай металургіі Вячаслаў Капцэвіч. У Беларускім дзяржаўным універсітэце добра ведаюць доктара тэхнічных навук Аляксандра Ключнікава. Займаецца ён распрацоўкай вырабаў спецыяльнай электронікі. Цяпер, праўда, працуе ў Віцебскім тэхналагічным інстытуце. Калі з часам у Давыд-Гарадку будзе заснаваны музей, прысвечаны землякам-навукоўцам, то абавязкова асобнае месца ў яго экспазіцыі адвядуць біяграфіі кандыдата тэхнічных навук, вайсковага вучонага Мікалая Комара, а таксама доктара тэхнічных навук Мікалая Матусевіча (на вялікі жаль, ён ужо пакінуў гэты свет. Доўгі час рупіўся на навуковай ніве ва Украіне). 3 Давыд Гарадка – і кандыдат хімічных навук Павел Матусевіч, які пэўны час загадваў лабараторыяй хімічнага факультэта БДУ У Бялградзе жыве доктар ветэрынарных навук Васіль Румен, які закончыў першую Давы-Гарадоцкую школу. А ў Мінскім медуніверсітэце загадвае кафедрай доктар медыцынскіх навук

Рыгор Рычагоў. I пачынальнік тэарэтычных даследаванняў дынамікі лазернай генерацыі святла ў Беларусі, доктар навук Андрэй Самсон – таксама з палескага гарадка.

Проста нельга не згадаць родных братоў Міхаіла, Рыгора, Уладзіміра і Яўгена Шапецькаў, якія усе дружна пайшлі ў медыцынскую навуку. Абаранілі кандыдацкія дысертацыі. А Яўген Мікалаевіч стаў ужо і доктарам медыцынскіх навук, працуе ў Кіеўскім медуніверсітэце. Вось з каго браць прыклад сучаснай моладзі!

Мяркую, што з часам сапраўды ў знак добрай памяці пра сваіх слаўных землякоў зробяць у Давыд-Гарадку адмысловы музей. Ужо дзеля таго, каб ведаў свет, што ў гэтай старонцы выраслі людзі з багатымі на падзеі, здабыткі няўрымслівымі біяграфіямі.

Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы

Подняться наверх