Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 27
ШКОЛА
Алежка ўступае ў партыю
ОглавлениеА гісторыя была такая. 20 жніўня я паехаў на 98-м на плошчу перад Домам ураду, каб далучыцца да першай у сваім жыцьці дэманстрацыі пратэсту. У Маскве быў путч, беларускія камунякі вырашылі яго падтрымаць – 19 жніўня парлямэнцкая апазыцыя БНФ абвясьціла путчыстаў па-за законам, заклікала дзяржаўных службоўцаў не выконваць іхныя загады, запатрабавала скліканьня пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету і падрыхтавала законапраекты аб забароне КПСС, наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце канстытуцыйнай сілы і іншыя вельмі правільныя паперы. БНФ заклікаў людзей пратэставаць супраць хунты – і я адразу ж рвануў у цэнтар гораду. Уся плошча была запоўненая змрочнымі і незадаволенымі людзьмі – настроенымі дужа рашуча. Дух рэвалюцыі лунаў над Менскам. Я пастаяў у натоўпе, некалькі разоў крыкнуў «Жыве Беларусь!», я быў поўны нянавісьці і пагарды да тых, хто спрабаваў спыніць гісторыю, – час, у які я жыў, мне падабаўся, і будучыня таксама. Я ўжо звыкся з тым, што буду жыць у незалежнай і дэмакратычнай краіне, да гэтага ўсё і ішло, ад Савецкага Саюзу патыхала трупным смуродам – а тут нейкія пердуны, у якіх трэсьліся рукі, а вочы сьлязіліся ад жаху, сабраліся раптам забраць у нас свабоду. Вядома, я мусіў быць на Плошчы! Паўсюль нешта прадавалі і раздавалі: кніжачкі «Што трэба ведаць сапраўднаму беларусу», гістарычныя брашуры, улёткі, паэзію, значкі, сьцяжкі, плякаты. За столікам сядзелі дзядзька зь цёткай і запісвалі ўсіх у БНФ. «А школьнікам можна?» – спытаў я. Яны паглядзелі на мяне зьнізу ўверх. «У такі вырашальны для радзімы момант, хлопча, ня проста можна, а трэба! Пашпарт ёсьць?» – «Не». – «Ну нічога, запішам і так». Увечары я расказаў пра сваю партыйнасьць бацькам. Мама пабялела, тата засьмяяўся.
Так я зрабіўся сябрам Беларускага Народнага Фронту задоўга да ягонага расколу. Праўда, спадзяюся, зрабіўся не насамрэч. Бо ўжо даўно любая палітычная партыя, дый наогул аб’яднаньне людзей па нейкай прыкмеце выклікаюць у мяне шчырую агіду. Але галоўнае тое, што мы тады перамаглі – і хай я ня знаў анікога на плошчы (толькі здалёк бачыў і чуў Пазьняка і іншых лідэраў БНФ, твары якіх ведала ўся Беларусь), анікога з тысяч гэтых суворых людзей, усё роўна я адчуваў сваю прыналежнасьць да гісторыі, якую мы пісалі ў тыя дні, хто як мог. Хаця б і так, як я: прысутнасьцю, крыкам, недарэчным памкненьнем сказаць сваё «не» тупасьці і няволі, проста – унутранай нязгодай з усімі свалачамі і цемрашаламі, якія вырашылі скрасьці ў мяне будучыню. Употай, вядома, я спадзяваўся, што траплю ў тэлевізар – але дзе там, я нават ня памятаю, ці паказвалі па БТ нашу Плошчу…