Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 40

МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
Партрэт муляра ў юнацтве

Оглавление

Мая асабістая моўная рэвалюцыя перамагла ў 1991-м. Я пачаў адказваць па-беларуску ля дошкі, найперш на ўроках гісторыі – дзелячыся з настаўнікам і клясаю ўсім тым, што вычытаў у «Кароткай гісторыі Беларусі» Ластоўскага. Школа, нагадаю, была абсалютна і безнадзейна расейскамоўная, як і ўсе без выключэньня менскія школы. Так што фармальна такога права – адказваць па-беларуску – я ня меў, гэта дазвалялася адно на белмове і белліце. Але ніхто мяне спыніць ужо ня мог – настаўнік толькі разводзіў рукамі: ён таксама глядзеў тэлевізар і разумеў, куды дзьме вецер.

І ўсё ж самы сьмелы і сьмешны рэвалюцыйны ўчынак я зьдзейсьніў на іспыце ў УПК у 1992-м.

УПК (Учебно-производственный, то бок, комбинат) – такая форма школьнага навучаньня ў старэйшых клясах, калі пасьля заняткаў або замест іх ты мусіў атрымліваць навыкі нейкай «нармальнай», «пралетарскай» прафэсіі. Высакалобых марнатраўцаў дзяржаве было зашмат, калі ўсе пойдуць у студэнты – хто працаваць будзе? Так што кожны школьнік мусіў авалодаць якой-небудзь карыснай спэцыяльнасьцю. Сыстэма працавала чыста па-савецку: хто меў блат або пяцёркі па ўсіх прадметах – атрымліваў найлепшыя месцы ў тым УПК. Такія школьнікі маглі, скажам, вучыцца на кіроўцу – і потым здаць на правы. Найгоршых пасылалі на самую чорную работу. Большасьці даставаліся абсалютна звычайныя спэцыяльнасьці. Мяне, Славу і Макса выправілі вучыцца на муляраў.

Некалькі разоў на тыдзень мы езьдзілі ў раён Аўтазаводу і займаліся там тэорыяй мулярскай справы ў маладога вясёлага майстра. Той быў пафігістам і хутка скеміў, што ні яму, ні нам гэтыя заняткі ня надта патрэбныя, – таму далей за тэорыю ў нас справы ня йшлі; часьцяком ён, адзначыўшы ў журнале, наогул адпускаў нас дамоў. Але прыйшоў момант іспыту – мы добрасумленна вывучылі пару старонак падручніка і жвавенька расказалі іх зьмест перад камісіяй. Свой адказ я загадзя пераклаў на беларускую – і мой выступ зрабіўся поўным трыюмфам: агаломшаная камісія, якая не зразумела ні слова, толькі раты разявіла і прысудзіла мне нейкі там разрад. Як і маім сябрам. Так што першай прафэсіяй у нашым жыцьці зрабілася мулярства – пра якое я дагэтуль ня маю аніякага ўяўленьня.

Мае дзевяностыя

Подняться наверх