Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 41

МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
Тутэйшыя

Оглавление

Мне ня надта хочацца гэта прызнаваць – але мушу: на тое, як я пражыў свае дзевяностыя, неверагодна паўплывала адна культавая кніжка, якую я прачытаў яшчэ ў школе.

Зборнік пад назвай «Тутэйшыя. Творчасьць сяброў таварыства».

У ім я, апантаны чытач і паэт-пачатковец, знайшоў якраз тое, што шукаў: выразную і жывую альтэрнатыву ўсёй той нуднай і шэрай школьнай беларускай літаратуры.

Зборнік адкрываўся файным чатырохрадкоўем Сержука Сыса – я запомніў гэты верш адразу ж і паўтараў як нейкі заклён:

Ноч. Павуціньне сноў.

Дзень. Павуціньне спраў.

Скажаш, нібыта ўкраў

Некалькі нечых слоў…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .


Шмат вершаў з гэтай кніжкі я вывучыў на памяць: Глобуса, Сьцяпана, Сапач, іншых… Неяк на ўроку беларускай літаратуры нам задалі знайсьці самім нешта сучаснае і прадэклямаваць наступным разам. Лаўрэнцій выпрасіў у мяне кніжку і прачытаў «Каляндар» Сьцяпана, а я – «Зімовы лес» Глобуса, які дагэтуль не забыўся і ўспамінаю часам, выбіраючыся сьнежным днём зь Юляй за горад або ў парк:

«Што ні раблю – адны памылкі спрэс,

Я сам сабе ствараю перашкоды,

Працуючы, калі патрэбны продых,

І праца ў рэшце рэшт губляе сэнс.

Зьбяруся і паеду ў зімні лес,

Дзе існуе гармонія і згода,

Спакойна сьпіць зьнямелая прырода,

У белай форме – самы чысты зьмест».


Зборнік «Тутэйшыя. Творчасьць сяброў таварыства» я купіў досыць выпадкова – зайшоў у кнігарню, пабачыў кніжку, якая нічым, здаецца, ня вабіла… пагартаў… і аддаў усе грошы, якія бацька даў мне ў той дзень на дробныя выдаткі. Гэтаксама здарыцца пазьней з «Шляхціцам Завальням», яшчэ адной кніжкай, якая вельмі на мяне паўплывала. І са зборнікам іранічных эсэ Ўладзімера Арлова «Мой радавод да пятага калена», якую я перачытаў разоў дзесяць…

Але спачатку былі «Тутэйшыя» – дзякуючы ім я пачаў пісаць сур’ёзна і мэтанакіравана і зразумеў, што ад беларускай літаратуры мне ўжо нікуды не падзецца.

Я даваў яе чытаць самым розным людзям – аднаклясьнікам, музыкам, сваякам, і нязьменна патрабаваў вярнуць. Але аднойчы забыўся – акурат тады, калі «Тутэйшыя» ўжо перасталі ўспрымацца мной як недасяжныя літаратурныя велічыні.

Тады, на пачатку 90-х, гэтая кніжка дапамагла мне зрабіць калясальны прарыў у вывучэньні мовы – мой лексыкон узбагаціўся на пару сотняў адметных і патрэбных словаў, а галоўнае: я адчуў, што гэта мая, гарадзкая беларуская мова, што гэта мова, створаная для чагосьці большага, чым вёска і партызаны, я пачаў адчуваць «гармонію і згоду». А яшчэ ацаніў… Як бы лепш гэта апісаць? Напэўна, вось так, рызыкоўна: ацаніў стылёвую эўрапейскасьць іх беларушчыны. Тое, што я заўжды лічыў важным у ёй падтрымліваць і разьвіваць.

Я бяру ў рукі кнігу і гляджу на сьпіс аўтараў. У тыя гады некаторыя зь іх былі для мяне вялікімі недасяжнымі аўтарытэтамі. Некаторыя, ня ўсе. Але я дзякую ім за той зборнік: навокал мяне не было ніводнага беларускамоўнага чалавека, і гэтыя паэты, пісьменьнікі, перакладчыкі былі адзінымі, з кім я мог гаварыць па-беларуску пра новую літаратуру, пра сябе, пра сьвет: у думках, нячутным шэптам; мае самыя змрочныя дні запаўняліся іхнымі галасамі, і рабілася лягчэй, і хацелася жыць, чытаць, пісаць. Шмат з кім я пазьней пазнаёміўся асабіста – беларуская літаратура малая, задушлівая, як цесны, пракураны рэдакцыйны пакой, і калі ты пішаш, дык рана ці позна з усімі сустрэнешся: з вартымі і ня вартымі, зь сярэднімі, пасрэднымі, вялікімі, маладымі, старымі…

Гэтыя мае знаёмствы з колішнімі «Тутэйшымі» атрымаюцца вельмі рознымі. З кімсьці і цяпер цікава сустрэцца, выпіць кавы ці віна і пагаварыць пра людзей і літаратуру, з кімсьці мы выступаем на адных сцэнах і нашыя прозьвішчы можна пабачыць разам на сайтах і ў сьпісах самых вядомых літаратараў, з кімсьці мы даўно не вітаемся, хтосьці страціў маю павагу, хтосьці даўно памёр. Хтосьці працягвае пісаць – а хтосьці кінуў, а хтосьці яшчэ піша, а лепш не пісаў бы. Хтосьці мог напісаць больш і лепш, але ўжо ніколі не напіша. Хтосьці жывы клясык – а хтосьці проста літаратурны чыноўнік, пагарджаная мной разнавіднасьць чалавека… Хтосьці абвесьціць сябе гуру, пакутуючы ад недастатковага прызнаньня, – а пра кагосьці і гаварыць ня хочацца. І непазьбежна думаеш пра сябе: а ты кім зробішся праз трыццаць гадоў? Хочацца – або мёртвым, або вольным. Але толькі не начальнікам, не чыноўнікам і ня гуру. Хочацца застацца зь літаратурай – а не каля яе.

Мае дзевяностыя

Подняться наверх