Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 32
ШКОЛА
«Корабль, летящий вдаль»
ОглавлениеМая кляса… Як і ва ўсіх клясах усіх школаў, у ёй вучыліся розныя людзі: свае нармальныя пацаны, шчырыя хлопцы, адмарозкі, пасрэднасьці, кар’ерысты, шэрыя мышкі, рана сасьпелыя прыгажуні, дубаломы, летуценьніцы і летуценьнікі. Дзяўчаты ў аднолькавых карычневых сукенках зь белымі карункамі, банты, касмэтыка – і мы, хлопцы, у сініх касьцюмах і гальштуках-селядцах. Дзіўна, што юначы школьны дрэс-код дазваляў больш за дзявочы: касьцюмы, прынамсі, можна было насіць рознага пакрою, розных фабрык, рознага адценьня сіняга або шэрага, а бедныя дзеўкі мусілі надзяваць аднатыповыя сукні. Больш за ўсё ў сваіх апранахах мы нагадвалі каманду афіцыянтаў, якая абслугоўвала чужое сьвята. Падручнікі і сшыткі ў той час было прынята насіць у «дыпляматах» з мэталічнымі бліскучымі зашчэпкамі – прэстыжная была рэч, а партфэлі мелі вучні найменш заможных бацькоў. Дзявочы сьвет у старэйшых клясах рашуча перайшоў на сумкі. А потым зьявіліся пакеты – з надпісамі на «інастраннам», мода на іх была павальнай, пакет з лацінскімі літарамі зрабіўся сьцягам школьніцтва і студэнцтва, сымбалем новага чалавека – Кліента і Спажыўца.
Жорсткасьць была ў школе законам. Я памятаю ўрокі, на якіх гулялі ў квача кавалкам акрываўленай ваты – выхапленай завадатаркамі клясы ў нейкай слабой ахвяры ў жаночым туалеце і кінутай на пацеху хлопцам, з гучным абвяшчэньнем імя: у яе месячныя, ах…ць! Памятаю, як моцныя даводзілі слабых, на кожным уроку, кожным перапынку, памятаю калектыўнае зьбіцьцё, байкоты, двубоі да крыві, абыякавасьць, цынізм і поўную адсутнасьць эмпатыі, выбітыя зубы, скрадзеныя рэчы, памятаю гнюснае жаданьне на кожным лапіку калідора і ў кожнай сытуацыі ўсталяваць цьвёрдую герархію, я памятаю пот і страх статку. І на ўсё гэта настаўнікі глядзелі скрозь пальцы, бо ўся сыстэма была пабудаваная на гэтым: страху, сіле, уладзе тупасьці і ўбоства, я памятаю альфа-самцоў і самак, і амэгаў, і калі ўсе на аднаго…
«Школа як школа», – пацісьне плячыма практычна любы дарослы чалавек, які прайшоў празь пекла ўсеагульнай адукацыі. Не. Ніхто не прымусіць мяне лічыць такі расклад прымальным і неабходным (нібыта для загартоўкі характару). Пабудаванае на прыніжэньні і гвалце апрыёры ня можа быць правільным, ня можа мець права на існаваньне. І вось гэта для мяне сапраўды – закон.
Школа прывучыла мяне ненавідзець калектывы і бегчы ад іх, а калі трэба – паўставаць супраць, быць аднаму супраць усіх – мой улюбёны стан. І пры гэтым я не магу сказаць, што належаў у клясе да пагарджаных ахвяраў – маё месца ў герархіі было недзе збоку, сярод фрыкаў, да якіх бессэнсоўна прымяняць «пацанскія» законы, фрык існуе сам па сабе, зь ім можна гуляць у футбол, сьпісваць, абмеркаваць сёе-тое, зь яго можна і трэба ржаць і зьдзекавацца, але лепш за ўсё пакінуць яго ў ягоным уласным сьвеце, бо зачапіць яго па законах гэтага, рэальнага, цяжкавата. Сэнс і асалода тэрору ў рэакцыі на яго ахвяры – і правільнай рэакцыяй мусіць быць плач і просьба пра літасьць. А фрык на тое і фрык: хто яго ведае, што ў яго ў галаве – і дзе межы яго чульлівасьці…
Пасьля заканчэньня школы я ні разу не наведаў славутыя сустрэчы выпускнікоў. З тымі, з кім я сябраваў, сувязі захоўваліся вельмі доўга. А астатнія… Я проста ня ведаю, пра што мне зь імі размаўляць. Што нас яднае – акрамя карычневага будынку-сфінкса, акрамя дзесяці гадоў зьняволеньня ў адным, выпадковым і злучаным падлеткавым гвалтам і дзяржаўнай бюракратыяй труме карабля, «летящего вдаль». Карабля зь нявольнікамі, якім сказалі, што яны ўсе мусяць ацалець, вырасьці і працаваць на гаспадара, бо ў гэтым і ёсьць сэнс жыцьця, бо так пабудаваны сьвет і так загадаў бог.