Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 33
ШКОЛА
Пашпарт
ОглавлениеУ 1991-м мне споўнілася шаснаццаць і я атрымаў пашпарт грамадзяніна СССР. Усьведамленьне таго, што цяпер я – адзін зь мільёнаў чалавекападобных чарвячкоў, цалкам аддадзеных пад уладу монстра пад назвай «дзяржава», доўга напаўняла мяне трывогай. Дзяржава, якой бы яна ні была, гэта заўжды жудасьць і зло. «Убей в себе государство!» – як слушна сьпяваў Ягор Летаў. Я думаў пра незалежную Беларусь як пра ўратаваньне ад гэтага савецкага дзяржаўнага усёўладзьдзя, але разумеў: хутка школа скончыцца – і мне трэба будзе рабіцца дарослым. А дзяржава не даруе дарослым таго, што яна даравала мне ўсе гэтыя школьныя гады.
З савецкім пашпартам я пражыў да пачатку новага тысячагодзьдзя. Трохі шкадую, што не атрымаў пашпарт з «Пагоняй» – не хацелася ў той час ісьці да бюракратаў, а неўзабаве стала ўжо позна, прыйшлі цёмныя часы – надоўга. У 2001-м я атрымаў пашпарт грамадзяніна лукашэнкаўскай Беларусі: на даляглядзе зьявіліся замежныя пэрспэктывы, і я здаўся, купіў у дзяржавы яе сінюю графаманскую кніжачку з амаль тым самым, знаёмым зь дзяцінства гербам.