Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 39

МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
Танці і іншая «музика»

Оглавление

Я думаю, што ўкраінцы паўплывалі на мяне ня менш за «Мрою». І гаворка тут перш за ўсё пра дзьве незабыўныя каманды, запісы якіх гучалі ў мяне дома ледзьве не штодня:

«Воплі Відаплясава» і «Браты Гадзюкіны».

Ад другіх у памяці застаўся толькі адзін гіт, «Наркаманы на гародзе», а вось пра ВВ варта расказаць асобна.

Упершыню я пачуў іх на нейкім канцэрце па ЦТ (пэўне, у праграме «А»), і гэтыя чацьвёра фрыкаў скарылі мяне надоўга. Найперш песьняю «Танці» зь яе геніяльным панкавым гітарным пройгрышам, немудрагелістай партыяй басу, наўмысна тупаватым тэкстам і непаўторна-падступным голасам Алега Скрыпкі. А былі ж яшчэ расейскамоўная «Товарищ Майор» і адна з улюбёных, можна сказаць, гімн маіх дзевяностых: «Музика»:

«Що б таке зробити,

Коли нема роботи,

Чи то пляшку з друзями роспити,

Чи книжку почитати…»


Гэта была страшэнна цікавая эстэтыка, грымучая сумесь, якая не магла не выбухнуць і не зачапіць: зьедлівы і трапны зьдзек з саўка, атмасфэра вясковага клюбу, украінская мова плюс клаўнада. ВВ канчаткова ўпэўнілі мяне, што музыку, якую я любіў, цалкам можна рабіць па-беларуску – украінцы ж змаглі, чаму б і нам не паспрабаваць. І я вырашыў, што зьбяру свой гурт і грацьму беларускамоўны панк. Так яно і адбылося. Але пра гэта – у іншай частцы кнігі.

Мае дзевяностыя

Подняться наверх