Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 36
МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
Моцна, але недакладна
ОглавлениеНедзе ў самым канцы 1989 году бацька, які тады працаваў у Жодзіне і кожны дзень езьдзіў туды чыгункай, прынёс дахаты газэты, якія купіў у электрычцы. І сярод іх была газэта БНФ – ня памятаю ўжо, як яна называлася. Я ў той час прагна накідваўся на любое новае чытво, дык узяўся і за гэты баявы лісток, пачытаў – і мне спадабалася. Мне хацелася яшчэ – і я пачаў паляваць на нацыяналістычную літаратуру.
На дзіва, такая знайшлася – нібы толькі й чакала, калі я прачнуся.
Гэта быў зусім нечаканы погляд на краіну, у якой я жыў, і мне раптам зрабілася ясна, дзе я, хто я, у чым сэнс таго, што адбываецца навокал, і чаго можна чакаць ад найбліжэйшае будучыні. Вядома, усё гэта цудоўна зрэзаніравала і з маім падлеткава-юначым пратэстным настроем – падсьвядома я ўжо тады шукаў альтэрнатыву ўсяму, з чым сутыкаўся, мне было важна заўжды бачыць супрацьлегласьць заведзенаму парадку, і так яно і засталося на ўсё жыцьцё. Як толькі нешта робіцца мэйнстрымам, я станаўлюся на бок альтэрнатывы або сам імкнуся яе стварыць. Гэта ня лечыцца, гэта арганічная частка мяне – як і мая беларускасьць.
Вядома, у тых першых адраджэнскіх выданьнях я найперш шукаў адказаў. Дзе я? Хто я насамрэч? Што адбываецца там, дзе я жыву, – што тут было раней і што будзе?
Адказы былі ясныя, страшныя і нечаканыя.
Раней я думаў, што жыву ў Шабанах, у горадзе Мінску, у СССР, у краіне Чэхава, Талстога, Дастаеўскага, Пятра І, Леніна, Сталіна, Гарбачова… Усё навокал было ярка асьветленае расейскай культурай, а што там схавана ў ценю, ніхто не цікавіўся і не расказваў. БССР – усяго толькі адміністратыўная адзінка, як штат у ЗША. Ніхто навокал у маім асяродзьдзі па-беларуску не гаварыў, а калі б камусьці гэта і прыйшло ў галаву, яго б палічылі псыхічна хворым. Вядома, дзе-нідзе беларуская мова чулася: найперш яна асацыявалася з галасамі футбольных камэнтатараў, якіх парадыявалі шабаноўскія хлопцы, гуляючы на школьным стадыёне: «Мяч трапляе прама ў бэльку! Гы-гы-гы!» Гэта з тых часоў – неўміручае:
«Моцна, але недакладна!»
Камэнтатары: Новікаў і Навіцкі. Ад каго яшчэ можна было пачуць літаратурную беларускую? Ад напышлівых тэлевізійных дзядзькаў у барэтах… Гэта іх называлі інтэлігенцыяй. З экранаў яны вярзьлі розную лухту, якая ня мела нічога агульнага з навакольнай рэчаіснасьцю. Настаўніца беларускай мовы па-за ўрокамі гаварыла чыста па-расейску і нацыяналістаў не любіла. Самі нацыяналісты замільгалі ў тэлевізары ўжо пазьней. Ну вось, мабыць, і ўсё. Мова, якая існуе толькі як сымбаль чагосьці, але па-сапраўднаму не жыве – такой мы яе ўспрымалі.
Ясная рэч, мова маёй бабулі таксама была хутчэй беларуская (яна родам з Гіравічаў Валожынскага раёну, пераехала ў Менск у 1950-м, але так да канца жыцьця і гаварыла па-свойму, як і ўсе бабулькі ў Дражні). Зразумела, што, езьдзячы ў вёскі да яе сясьцёр, я чуў, ня мог ня чуць апошнія гукі жывой беларускай гаворкі. Аднак што дазволена бабулям, тое сорамна дазваляць сабе гарадзкому, культурнаму чалавеку.
І тут на табе!
Сьвет перакуліўся.