Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 38
МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
«Мроя»
ОглавлениеАднак мне ўсё роўна было мала. Урэшце, гэта была ўсяго толькі новая ідэалёгія – а я ў тыя часы ўжо быў чалавекам, які пакланяўся жудаснаму, вясёламу і прагнаму паганскаму богу, імя якому – мастацтва. Безь яго ўсё падавалася занадта простым і прэсным. Мастацтва было і застаецца самым важным апраўданьнем майго жыцьця.
І таму, відаць, значна больш за бээнэфаўскія газэты, улёткі і патрыятычныя кніжкі на мяне паўплывала «Мроя».
Упершыню я пачуў і пабачыў іх, напэўна, на тэлевізіі – і пляваць, што гук і карцінка былі жахлівай якасьці, галоўнае: гэта быў беларускі рок. І выконвалі яго стылёва апранутыя, нахабныя, маладыя, валасатыя і супэрталенавітыя хлопцы. Потым я знайшоў іхныя постэры і павесіў на сьцяну, проста над сваім ложкам. А на маім стале, за якім я рабіў урокі, зьявілася «плытка», або, па-нашаму, кружэлка пад назвай «Дваццаць восьмая зорка» – знакаміты альбом «Мроі», запісаны на «Мэлёдыі». У той час бацька аддаў мне свой стары прайгравальнік, і я без супынку круціў песьні з таго альбому: «Кастрычніцкі цягнік» і «Апошняга інспэктара», і «Аўстралійскую польку», і «Краіну крывавых дажджоў», і «Зямлю»… На «Мрою» я падсадзіў і Лёху – ён таксама ведаў шмат іхных песьняў на памяць. Я ставіў «Мрою» і майму зусім маленькаму тады брату: «Шмат вякоў продкаў шанавалі, а цяпер брудна лаемся… » – маркотна цягнулі мы зь ім усьлед за Вольскім і ўглядаліся ў цемру за акном, чакаючы, пакуль вернуцца з працы бацькі.
«Мроя» – ідэальны прыклад таго, як супалі час, месца і талент. Па скуры прабягалі дрыжыкі, калі Лявон усклікваў злавесным голасам:
«А сыны яе незьлічоныя,
Бесклапотныя, нехрышчоныя,
Не турбуюцца, не хвалююцца,
Толькі піць і спаць не лянуюцца!»
Амаль 30 гадоў мінула! – а тыя дрыжыкі прабягаюць зноў і зноў. І хоць у тыя часы хрысьціцца мне зусім не хацелася, а хацелася быць бесклапотным, лянівым, піць і спаць, патас мроеўскіх песьняў быў мне блізкі і зразумелы. Бо як ты не запомніш і не адчуеш сваім такое:
«Зьзяюць сваёй чысьцінёю платныя прыбіральні,
Храмы мінулых стагодзьдзяў
Зьзяюць дзіркаю чорнай…
Месяц халодным сьвятлом
Шчодра нам сьвеціць уночы,
Нам няма дзе падзецца
Ад надакучлівых думак…»
Праз чвэрць стагодзьдзя я нарэшце задумаўся, прасьпяваўшы зь Юляй дома пад гітару гэтую настальгічную песьню: вось жа, даліся ім тады гэтыя платныя прыбіральні… Знайшлі сабе ворагаў. І што нас у гэтым так дратавала? Платныя прыбіральні – гэта ж добра і правільна. Лепш спраўляць патрэбы ў чысьціні і цеплыні, чым пад кустом, дзе цябе ў любы момант могуць схапіць мянты. Але я разумею, разумею: на зары капіталізму плаціць грошы за тое, каб адліць ці пакакаць, успрымалася як пошласьць, мяшчанства, буржуйства. А мы вельмі не хацелі быць буржуямі. Мы хацелі быць анархістамі. Так я і пражыў свае дзевяностыя: разрываючыся паміж нацыяналізмам і анархізмам, ВКЛ і панкам, высокай літаратурай і грубай музыкай, захапленьнем заходняй культурай і дэмакратыяй і неабходнасьцю жыць тут, дзе неўзабаве ня стала ні свабоды, ні культуры. Вечна паміж. Паміж расейскамоўнымі сябрамі і беларускай мовай. Паміж жаданьнем уцячы і патрэбай нешта зрабіць тут і цяпер. Паміж «no future for you» і «Беларусь у Эўропу!»
І выбраць нешта адно было немагчыма. Тады я яшчэ ня ведаў, што выбіраць трэба сябе. Заўжды трэба выбіраць сябе. Сябе і тых, каго любіш.
Канцлер, то бок Лявон, быў для мяне, як кажуць, іконаю стылю. І калі ў 1993-м я ўпершыню ў жыцьці чытаў свае вершы на сапраўднай літаратурнай імпрэзе – у кампаніі менскіх авангардыстаў і самога Лявона, – я хваляваўся так, што ў мяне дрыжалі рукі. Мне падабалася ўсё: ягоная манера трымацца на сцэне і размаўляць, вопратка, іронія, тэксты, малюнкі… Ішла ад яго нейкая сіла – вясёлая сіла і абаяльнасьць. Так, іронія, упэўненасьць і абаяльнасьць – гэта пра Вольскага. І мне вельмі хацелася навучыцца гэтым загадкавым і, як я зразумеў пазьней, самым неабходным у жыцьці мастака рэчам.
Трэба сказаць, што Макс, Слава і Лаўрэнцій майго захапленьня «Мрояй» не падзялялі. Для іх увесь гэты малады беларускамоўны рок быў занадта патасны, занадта плякатны і прымітыўны, а тэмы песьняў дык і наогул чужыя. Не, супраць беларускай мовы мае сябры нічога ня мелі – але лічылі, што на ёй можна рабіць нешта значна больш цікавае і арыгінальнае. І зрабіць гэта мусілі мы. Рафінаваны «Уліс», які я тады таксама апантана слухаў, успрымаўся імі крыху лепей – але расейскі рок быў для іх эталёнам. І тады, каб памірыцца, мы ставілі ўкраінскі.