Читать книгу Мае дзевяностыя - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 37
МОВА: ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
Адчуй сябе Калюмбам
ОглавлениеВысьветлілася, што я жыву ў краіне пад назвай Беларусь, паняволенай некалі магутнай усходняй імпэрыяй. Краіне з багатай і цікавай гісторыяй – і гэтую гісторыю, нашу гісторыю, імпэрыя імкнулася ад нас схаваць. Высьветлілася, што я жыву на нязьведаным затанулым кантынэнце, поўным таямніцаў і скарбаў, – і ёсьць надзея, што гэты чароўны кантынэнт можа ўсплыць, што ён зноў зробіцца рэальнасьцю і мы акажамся на ім гаспадарамі. Свае на сваім, свае за сваё. Гэта быў шок. Гэта было шчасьце першаадкрывальніка. Гэта была гордасьць паўсталага раба.
Высьветлілася, што тая сьмешная, вясковая і ўбогая мова савецкіх графаманаў, якой нас неахвотна і з садысцкай асалодай, нібы наўмысна, толькі каб лішні раз памучыць, вучылі ў школе, – гэта адзін са скарбаў, якія належаць усім беларусам. У тым ліку і мне. І гэта было вельмі крута – мець сваю мову, не такую, як ва ўсіх. Гэта таксама напаўняла гордасьцю і вымагала нейкіх учынкаў.
Высьветлілася, што нехта мае сьмеласьць прамовіць уголас тое, што мы ўсе пачыналі пакрысе разумець і так: сыстэма, у якой жылі мы і нашыя бацькі, была прагнілая, крывадушная, яна вучыла нас фальшу і падману. Захад быў яркі, справядлівы і вольны – Масква была турмой народаў і магілай дэмакратыі. Я пра гэта здагадваўся, але савок ува мне ўпарта казаў, што варта маўчаць, каб не было бяды. І баяўся я не за сябе – за тату і маму. Да чаго ж глыбока сядзеў у нас гэты паскудны жах… Каб вытруціць яго, мне спатрэбілася дзесяцігодзьдзе ўпартай барацьбы з сабой – што ўжо казаць пра старэйшае пакаленьне, якое так і не пазбавілася ад савецкіх страхаў. Лукашэнкаўская сыстэма вярнула іх людзям – страхі гарантавалі ёй перамогу. Я думаю, што гэта цяжкая і балючая праца – забіваць у сабе саўка. Яна вымагае штодзённай практыкі, вымагае ўчынкаў насуперак сабе, вымагае нейкага безагляднага культу свабоды – інакш нічога ня выйдзе. Кожны кампраміс з гэтай дзяржавай дае твайму ўнутранаму саўку шанец пачаць усё спачатку. Але тады я яшчэ ня ведаў, што кампрамісы непазьбежныя. Я рабіў адкрыцьцё за адкрыцьцём.
Высьветлілася, што імпэрыя памірае – яшчэ трошкі, і мы будзем вольныя. Трэба толькі дапамагчы дарослым наблізіць яе канец. Натхніўшыся, я пачаў пісаць у сваім школьным дзёньніку: «Сьмерць савецкай імпэрыі!», «Жыве Беларусь!» і ўсё такое іншае – пісаць проста на вокладцы, так, каб бачылі ўсе настаўнікі. І яны бачылі – і падціскалі хвасты. І гэтая беспакаранасьць толькі дадавала ўпэўненасьці ды нахабства.
Высьветлілася, што ёсьць верагоднасьць, у якую цяжка паверыць: мая маладосьць пройдзе ў незалежнай эўрапейскай краіне, такой, як Швэцыя, Францыя, Італія, як любая майму сэрцу ФРГ… Ад такой пэрспэктывы займала дух. Гэта цяпер беларуская незалежнасьць – нешта рэальнае, нешта такое, што ўспрымаецца само сабой. А тады сама мара ўжо ўспрымалася як учынак, ад самога ўяўленьня пра такую будучыню можна было звар’яцець. Бо ў гэта верылася і ня верылася адначасова.
Высьветлілася, што ёсьць «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг. Прыгожыя, сьмелыя знакі нонканфармізму – і яны: нашы! То бок я маю поўнае права іх насіць і ганарыцца.
Усё гэта страшэнна мяне захапіла, узрушыла, зацягнула ў свае віры – у маім жыцьці раптам зьявіўся новы сэнс.