Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 11

1. Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
9

Оглавление

(Дзень і вечар 5 лістапада 1994 года)

I не хлусіў, я так і думаў: калі не сустрэну нікога – вярнуся назад. Няхай будзе не мая воля: чалавек адчувае, калі падманвае, – схаджу да Дома літаратара, а там – будзе бачна. Мне трэба было падзяліцца з кім-небудзь страшнай тайнай, якая апякала мяне, была ўпэўненасць, што я абавязаны сказаць камусьці.

«А раптам гэта не набытак бяссоннай ночы, а мой непасрэдны доўг, ускладзены на плечы, і некалі потым мяне спытаюць: што ж гэта – Я прыадкрыў табе таямніцу, каб ты пераканаў іншых, Я выбраў цябе для гэтай ролі, а ты не адчуў волі маёй, збаяўся… Збаяўся быць асмяяным, ці ты не чытаў, як Мяне лічылі за вар’ята?» – думаў я. Ну хоць бы якога паэта сустрэць і сказаць ні то жартам, ні то ўсур’ёз: «Давай уваскрэсім памерлых?!» – не зразумеў бы, можна было б ляпнуць для апраўдання, маўляў, шыза зайшла, суперідэя: мне стала б лягчэй… Паэт зразумеў бы, магчыма… Аблягчыў бы маю ношу – але ўжо адказнасць была б раздзелена на дваіх.

Як на тое, нікога не сустрэў па дарозе. У Доме літаратара таксама – не знайшоў нікога са знаёмых. Я шукаў Сыса. Пазваніў з дзяжурнага тэлефона яго суседцы, што жыла паверхам ніжэй, яшчэ званіў камусьці, але адказам – толькі доўгія гудкі…

Падняўся на другі паверх у кафэ. Спытаўся: ці не бачылі Сыса?

– Ён казаў, каб ты да яго прыехаў!

– Сур’ёзна? – уразіўся я. – Адкуль ён ведаў, што я буду яго шукаць? Дакладна? Ён нікуды не з’ехаў?

– Ну, казаў жа, што будзе дома, калі хто будзе пытацца.

Ах вось яно што? Я выскачыў на вуліцу. Не стаў тлуміць галавы, чым лепш даехаць да Чарвякова, а пайшоў пешкі (добра, што прыхапіў нататнік з адрасамі, з маёй дзіравай памяццю не знайшоў бы яго кватэры). Да «Белай вежы», думаў я, а там ужо патраплю. Падумалася: не блага было б узяць бутэльку гарэлкі – і ўсміхнуўся гэтай думцы: «Эх, вы, паэты?» Куды я іду? – уваскрашаць чалавецтва! Як жа можна так легкадумна рабіць сур’ёзную справу на п’яную галаву. Вось наша галоўная немач і памылка: усё добрае замочваем і абмываем і ўсё вялікае пачынаем у час п’янкі або пасля перапою.

Гарэлкі я, праўда, не ўзяў. Сур’ёзныя справы робяцца нацвяроза, нават калі яны ўяўныя і прывідныя.

Сыс сапраўды аказаўся дома.

– Ты?! – здзівіўся ён, адчыняючы дзверы. – Вось ужо каго не чакаў сёння, дык гэта цябе… Усё-такі ты мяне любіш! Праходзь!

– У мяне тут ідэя…

– Што такое?

– Разумееш… Як бы гэта табе сказаць… Ну, словам… Бачыш, ішоў да цябе – усё было ясна, а цяпер баюся, што не зразумееш… Ты толькі не смейся, я можа буду гарадзіць дурноту…

– Ды гавары ты і не стой у парозе. Праходзь. Я зараз чайнік пастаўлю. – Я распрануўся, сабраўся з духам і, калі ён вярнуўся з кухні, выклаў яму: – Давай уваскрэсім чалавецтва! Ты толькі не смейся, гэта гучна сказана, але я сур’ёзна, усё сходзіцца… Я пралічыў, не ведаю праўда, што для гэтага трэба канкрэтна рабіць?.. Не, піць не буду! Не налівай. Разумееш, трэба дапамагчы, – я паказаў рукою ўверх, – без нас не атрымаецца ўваскрашэння! Ты не ведаеш, што рабіць? Нешта трэба… Можа спытацца ў каго?… Тут у мяне вершы, паглядзі, ці не праясніцца што…

– Пакладзі іх куды-небудзь, я потым пагляджу.

– Ну і Бог з імі, – кінуў я вершы на стол, адразу страціўшы цікавасць да іх, – потым. Жонка ў цырк пайшла, а я збег, не мог жа я адразу ў цырк пасля ўсяго… Можа, першы раз у жыцці падмануў, ха-ха-ха! Хаця не… Разумееш, трынаццаць гадоў таму, у такі ж самы час, восенню, я гэтак жа хадзіў у цырк… А сёння не змог, пасля царквы… I добра, што так. У цябе. Разумееш? Скажаш, супадзенне? Не, хлопчык, ці не зашмат? У мяне запісана ўсё… Хопіць! Колькі можна круціцца ў д’яблавым коле? Трэба штосьці рабіць! Во, глядзі, пашпарт, бачыш, трынаццаць, трыццаць адзін, зноў трынаццаць… дваццаць тры… Ты не крыўдуеш за верш той? Не… Малайчына, значыць усё разумееш. Дык вось, трынаццаць… Ну, гэта не так важна, хоць і гэта, усё да аднаго. Адкуль мы знаем, што важна, а што не? Бог ведае. У Давыд-Гарадку я жыў у трыццаць першым пакоі, на Ваўпшасава дом быў 31, на Гамарніка пакойчык таксама N 23, а цяпер, успомні, якая мая кватэра?

– Адкуль я ведаю.

– Ты ж дапамагаў пераязджаць? Мэблю насілі. Тройка, адзінка і двойка заўсёды прысутнічаюць. Які нумар, ну?

– Што я кампутар: усё запамінаць? Будзе трэба – знайду. Ну і што, калі ў цябе кватэра пад трынаццатым нумарам, што з таго зменіцца?

– Анічога! У мяне кватэра N 231, але гэта мала што гаворыць, хоць можа і гэта нейкую ролю іграе, разумееш? Мне трыццаць тры гады! Бачыш, бачыш, які ў мяне быў квіток у цырк? – дэманстраваў я білеты, як нейкі неабвяргальны доказ. – 13-ы рад, 31-е месца. Разумееш, гэта ўсё знакі, той чытае, хто бачыць, разумееш? Трэба штосьці рабіць!

– Ты не крыўдуй, – вяла прагаварыў ён, – але я нічога не разабраў з таго, што ты нагарадзіў…

– Сур’ёзна? – я прыгледзеўся да яго: «Не, здаецца, не падманвае». – Ты што, не верыш у Бога?

Ён маўчаў.

– Я думаў, ты… Гэта нельга сказаць у лоб, павінна заставацца недаказанасць, каб кожны чалавек узрастаў самастойна, даходзячы, высільваўся сваім розумам і душой…

– Давай лепш вып’ем! Прыбег, разбудзіў тут…

– Не, не, не!.. Я не буду піць, а то страха паедзе… Разбудзіў? Я вунь трое сутак не сплю, і нармальна…

…I ўсё ж мы выпілі…

– Дык ты што, уцёк ад жонкі? – спытаўся ён як даўмеўшыся.

– Канечне! Надакучыла ўсё. Не разумее яна…

– Вы ўсё роўна як дзеці, наробіце дзялоў, а мне за вас аддувайся.

– Яна ў цырк пайшла… Не мог жа я пасля споведзі… Ну, дык «падымем» памерлых?! Дапаможам? Учора ж былі Дзяды…

– Сур’ёзна? А я і не ведаў… Дзяды.

– Не даюць Дзяды заснуць! Хочуць Дзяды ўваскрэсення! А колькі можна не спаць, ты ведаеш? Што ж маўчыш?

– Ты што, шызануўся ці прыкідваешся? – Ён схадзіў на кухню і прынёс чайнік, які даўно ўжо свістаў там. – Ты быў у бальніцы?

– А ты што, хіба не быў? Калі не быў, значыць, вар’ят!

– Бляха! Да мяне адны шызанутыя ліпнуць, як мёдам для вас намазана, – з крыўдай і адчаем прагаварыў ён.

– Не хвалюйся, я – нармальны! Што дрэннага ў тым, што я хацеў, каб усім было добра? Людзі злыя былі… Ці ты ў Бога не верыш? – тады іншая справа і другія меркі… Проста мяне не зразумелі тады… I ты быў, я ведаю, іначай не прыйшоў бы да цябе. А дурных увогуле няма, Толя! Ёсць шалёныя, «беснаватыя» па-руску. Гэта жахліва! Яны ўсе вар’яты і ненармальныя, гэта ім нічога не трэба, абы жывот набіць! Ці можа ты іхняю меркаю хочаш мераць нас? Вочы разуй, Толя! I кінь піць!

– Сынок, хопіць мяне вучыць! Ты з сабой разбярыся спачатку. Давай лепш вып’ем яшчэ, зараз Галубовіч павінен прыйсці.

Мы дапілі гарэлку. Курылі і пілі гарбату. Праз паўгадзіны прыйшоў Галубовіч. Дапілі астачу. Гаварылі пра жыццё, паэзію і пра Бога. Анатоль даў мне яшчэ грошай на бутэльку, доўга і нудна тлумачыў, як знайсці гастраном: «Пойдзеш прама, потым направа, сто метраў убок і праз дворык…».

– Не тлумі галавы, што я – малы? Спытаюся. Язык да Кіева давядзе, а як вельмі доўгі, то і да Калымы, галоўнае – запісную не забыцца з тваім адрасам.

Я ішоў і радаваўся, які малайчына Сыс, як ён усё талкова разумее, а толькі прыкідваецца недалёкім, і як мне патрэбна зараз, каб не глядзелі на мяне сямікапеечнымі вачыма… Успомнілася, як у час «улазін-наваселля» пасля двухдзённага банкетавання скончылася гарэлка, кінулі жэрабя: выпала ісці Сысу. I як усе разгубіліся, кожны шкадаваў, напэўна, што жэрабя выпала не яму, баяліся за Сыса: тлумачылі, як не заблудзіцца. I пасля таго, як ён выйшаў, жонка мая сказала: «Не трэба з ім насіцца, як дурні з пісанаю торбаю, ён такі ж чалавек, як і мы…» (Усётакі, якая яна ў мяне разумніца!). I як мы радаваліся, калі ён прыйшоў з цыгарэтамі і гарэлкай, жывы і здаровы.

Я таксама не заблудзіўся. Мы выпілі яшчэ і за Дзядоў… У хуткім часе заснуў моцным сном, упершыню за апошнія трое сутак. Прачнуўся, ужо было позна: гарэла святло, за вокнамі стаяла глыбокая ноч – разбудзіў гучны голас Грышановіча. Потым яны павезлі мяне дахаты. І так затлумілі галаву таксісту, што той спыніўся пасярод горада, разгублены, не ведаючы, куды далей ехаць і дзе ён увогуле знаходзіцца. Мне прыйшла думка: «Калі сабраць трынаццаць аднадумцаў, аб’яднаць іх Святой ідэяй – можна перавярнуць свет, калі трынаццаць душ зліваюцца ў адну – прыходзіць тайна. Апосталаў з Хрыстом было менавіта столькі. Нас толькі трое, і то – якімі вачамі глядзіць на нас шафёр, як на нейкі цуд». Мне здалося, што ў яго душы распачалася вялікая работа.

Жонка сустрэла ветліва. Непаразумення і разводаў як і не было. Я пачуваў сябе шчаслівым: іграў на гітары; Грышановіч голасна чытаў свае доўгія вершы; шафёр быў збіты з панталыку незвычайнай кампаніяй; а Сыс, як заўсёды, сядзеў у сваім сховішчы, цікаваў за тым, што адбываецца, і час ад часу кідаў нейкія фразы. Здаецца, яму таксама было добра, ён радаваўся, напэўна, што зрабіў нас шчаслівымі. Праз гадзіну яны паехалі, і мы засталіся з жонкай.

Як добра, што я прымірыўся з Верай. Ціхая, спакойная радасць ахінула мяне сваёй пяшчотай. Лагодна і ўтульна. Я прыгрэўся і прытуліўся да сваёй жонкі: усім сэрцам верыў – усё будзе добра.

Я быў паміж сном і рэальнасцю ў дрымотным стане. Велічныя і высокія думкі. Упэўненасць у заўтрашнім дні. Супярэчлівы заціснуты вузел паволі пачынаў разблытвацца, так мне падалося. Чаму такі спакой і упэўненасць? Нешта стаіць за мною, моцнае і магутнае, вялікая сіла, што не дасць аступіцца і сарвацца ў прадонне. Як добра, калі не пакутуеш сумленнем, калі прымірыўся з усімі, пакаяўся. Як цудоўна, што ёсць у небе Вялікае і Святое… Дзякую Табе за ўсё: за жонку, за сына, за гэтае жыццё, якім Ты адарыў мяне, за сяброў, што не падвялі ў цяжкую хвіліну, не пасмяяліся і зразумелі: што і як трэба рабіць; за ўсіх людзей, з якімі жыву на гэтай зямлі… Якія ж яны добрыя, людзі!

Трынаццаць дзён (зборнік)

Подняться наверх