Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 24

3. Ад Крыжыка да крыжа

Оглавление

1

За паўгода да таго, як споўнілася трыццаць тры гады, ён згубіў свой нацельны крыжык. Звычайная дробязь, але абставіны, пры якіх не стала крыжыка, стрэмкай заселі ў душы. Крыжык быў Віктаравым равеснікам і доўгі час ляжаў, загорнуты ў анучку, на дне абабітай каванымі арнаментамі скрыні разам з яго метрыкамі, са шлюбным пасведчаннем бацькоў і з матчыным медалём «За трудовую доблесть». І вось аднойчы (яму было тады гадоў 26) Віктар звярнуўся да маці.

– Ці ёсць той крыжык, з якім мяне хрысцілі?

– Не ведаю… Трэба паглядзець. Павінен быць дзесьці, – прыпамінала яна. – А навошта ён табе раптам спатрэбіўся?

– Хачу насіць! – адказаў Віктар.

Маці не стала распытваць, чаму гэта раптам сыну захацелася насіць крыжык.

«Ці мала якая мода прыходзіць, вунь і артысты на сябе паначаплялі, не тое што раней хаваліся, каб пахрысціць дзіця», – а ўслых сказала толькі:

– Глядзі ж, не згубі, дрэнная прыкмета. На ўсё жыццё памятка. – І палезла ў скрыню.

Доўга перакладала прапахлыя нафталінам сувоі палатна, задаволена перабірала «амерыканскія» хусткі, разгортваючы, пераглядала вышываныя сурвэткі, ручнікі ды адрэзы матэрыі і, нарэшце, выцягнула спадыспаду невялікі пудэлак, сцягнула гумку, якой ён быў перахоплены, і зняла накрыўку.

– Тут іх два, адзін Святланін, другі твой, – муляла яна зашкарузлымі пальцамі белы і жаўтаваты крыжыкі, нібы правяраючы іх на сапраўднасць. – Не ведаю нават, каторы чый? Далібог, не магу спомніць.

Віктар выбраў сабе медны і адразу паверыў, што менавіта гэты павінен быць ягоным. Пачапіў крыжык на сярэбраны ланцужок, куплены загадзя ў горадзе, і павесіў на шыю. Колькі помніць, з таго часу ніколі не здымаў яго, хіба што аднойчы парваўся ланцужок: перапаяў нанова звяно і зноў адзеў.

2

Не скажаш, што Віктар быў набожным чалавекам, у царкву хадзіў зрэдку, маліўся калі ўспомніцца, але рэлігія цікавіла яго заўсёды. Ледзь не кожны дзень дадумваўся ён да вечных пытанняў: для чаго даецца жыццё? Што такое ўвогуле чалавек? Ці можна ведаць будучыню? Апошняе турбавала больш за ўсё, і дакладней было б сказаць так: «Ці можна ЗМЯНІЦЬ будучыню, нейкім чынам паўплываць на яе?» Ці мае чалавек уладу над часам? З гэтай прычыны Віктар перачытаў усе прароцтвы, якія мог знайсці: паштудзіраваў цэнтурыі Настрадамуса, дакапаўся нават да звестак дэльфійскіх аракулаў, пачаў захапляцца гараскопамі, варажбой і шмат якой іншай чартаўшчынай, спрабуючы зазірнуць у заўтрашні дзень. Аднойчы выпадкова натыкнуўся на цікавы гістарычны факт, уразіўся страшэнна, хоць гэта і магло быць простым супадзеннем: аказалася, што Аляксандр Македонскі гэтак жа, як Ісус Хрыстос, памёр у трыццаць тры гады – раптоўна захварэў на ліхаманку і сканаў, а праз год пасля яго смерці памёр Арыстоцель, які з маленства выхоўваў палкаводца. Абодва, і Сын Божы і Аляксандр Вялікі, распачалі, так бы мовіць, сусветную вайну – адзін заваяваў зямлю мячом, другі паланіў духоўна, і абодва памерлі ў трыццаць тры. Пазней яму трапіў у рукі аркуш з параўнальнымі біяграфіямі Напалеона і Гітлера, Вашынгтона і Кенэдзі: параўнальны акцэнт ставіўся на ўзросце палітыкаў, калі яны прыйшлі да ўлады або здзейснілі штосьці значнае – супадзенняў было шмат. Пагадзіўся ён і з Хлебнікавым, што існуе «закон пакаленняў», «законы імперый і войнаў» і што людзей з аднолькавымі задачамі ў розныя гістарычныя часы спасцігае падобная ж доля. Усё паўтараецца праз аднолькавыя прамежкі часу ў гісторыі, а ўзрост 33 гады, у любым выпадку, – ракавы, нават былінны Ілля Мурамец і той мусіў «трыццаць тры гады сіднем сядзець на печы», пакуль калікі перахожыя не папрасілі падаць вады.

Трынаццаць дзён (зборнік)

Подняться наверх