Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 12

1. Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
10

Оглавление

(Ноч з 5 на 6 лістапада 1994 года)

Я не ведаю, спаў я ці мроіў наяве – але мне было добра, супакойна і сціхотна.

Я адчуваў, што Нехта думае пра мяне, Нехта клапоціцца і аберагае. Напэўна, людзі завуць Яго Богам. Ён Нябачны, Неспасцігальны і Вечны, Ён Нязменны, Бязмежны, Бясконцы і Ўсюдыісны; Усёведны, Звышмудры і Ўсемагутны, Добры, Святы і Праведны, Ён Сапраўдны і Справядлівы, Ён Творца гэтага свету, Ахоўнік яго і Вышэйшая Сіла і Воля, Ён Доўгацярплівы і Літасцівы – усё гэта Бог. Ён ненавідзіць зло і карае няпраўду, але Ён хоча ратунку для ўсіх, таму што Ён ёсць Любоў, і Сына Свайго аддаў на ахвяру за нашы грахі, Ён Святло, – Бессмяротны, Нятленны і Вечны. За ім тайна і неразгаданасць, бясконцасць і ўсёабдымнасць. Куды падзелася мая заўсёдная хваравітая цікаўнасць? Я ведаю цяпер: не ахапіць мне Яго ўсяіснасці. Як з ім добра і ўпэўнена. Жыццё стварае новыя законы. Зямля, зоры, сусвет – усё падуладна і ўпарадкавана Яго гарманічным законам. Маленькая зёлачка – і яна цягнецца да сонца. Сусвет. Вечнасць. Любоў. «Мир движим любовью». Яна пранікае ўсюды. Усім кіруе. Нешта і я значу ў гэтым вялізным сусвеце? I я патрэбен. Дзякую Табе за ўсё.

«Жыццё стварае новыя законы», творыць… жыццё стварае… Жыццё куе… Жыццё куе свае законы, жыццё куе свае законы…

Жыццё, жы-ц-цё-ё – цягучае, цякучае і салодкае, нібы мёд. Жыццё куе свае законы! Што за гэтымі рукамі? Тайна… Вечнасць… Быццё… Якія яны далікатныя, плывучыя і цякучыя, як само жыццё. «Жыццё куе свае законы» – гэта яны пішуць. Для мяне? Навошта? Запомніць гэта? Жыццё куе свае законы. Жы-ццё ку-е-е сва-е-е за-ко-о-ны. «Итак, не заботьтесь о дне завтрашнем, ибо завтрашний день сам позаботится о своем, довольно у каждого дня своей заботы». Жыццё куе свае законы. Што заўтра будзе… «Не рассуждай, не хлопочи». Што заўтра будзе… «Дневные раны сном лечи». Што заўтра будзе – невядома. «А завтра быть чему-то…». Спазнаеш заўтра. Запомніць гэта? «Запомні». Запаведзь? Першая? Не. Не! Першая: возлюби Бога… Кожнаму свая? Жыццё куе свае законы. Жыццё… А колькі іх павінна быць, запавядзей? Дзесяць. А дзе ж астатнія? «Усяму свой час». Майсею дзесяць давалі? «Не спяшайся». Жыццё куе свае законы.

«Запомні хоць гэтую». Жыццё… «Дай руку, калі хочаш. Лічы. Загінай пальцы». На. «Жыццё куе свае законы» – адзін. «Любі Бога» – два. «Любі бліжняга» – тры. «Не забі» – чатыры. «Не крадзь» – пяць. «Не чужалож» – шэсць. Сем.

«Колькі налічыў?». Сем, але ж павінна быць дзесяць? Я добра помню: десяць, гэта грахоў сем, а запаведзяў дзесяць! «Добра, добра, дзесяць, але ўспомні хоць гэтыя сем». Хмг. «Чаму рука сціснутая?». Лічыў. «Што лічыў?». Запаведзі. «Колькі там?». Сем. «Успомні!». Не магу. «Ну, бач ты які? Давай спачатку: жыццё куе свае законы…». Адзін. Але ж першая не гэтая? – любі Бога! «Мне лепш знаць, што для цябе павінна быць першым». Добра, буду, як скажаце. «Для цябе важней зараз гэта – жыццё куе свае законы – жыві кожны дзень па-новаму. Прыслухвайся да жыцця. Яно дасць на ўсё адказ. Прыслухвайся да свайго сэрца – яно не падмане. Бачыў тайну? Круціў? Круціў! Што зразумеў? «Нічога». Што ведаеш? «Нічога». А вось глядзі, ты кажаш – круціў, удумайся ў слова. «Ну, што ёсць у гэтым слове: слова як слова, нічога цікавага». Эх ты! Глядзі, слухай: круціў, круціў, круціў… Чуеш, як варочаюцца жорны вечнасці? Мелюць хлеб: кру-крукру – рыпяць яны, зямныя жорны, трушчаць зерне… «Ага-ага! Чую». А потым: ціў – гэта вось ціўкнула, на якой жорны круцяцца, чуеш, як ціўкнула вось? Круціў, ціў… Зразумеў? Кру-ціў, кру-ціў! Бачыш тайну? «Ага!». Нават тут, у простым слове, а колькі слоў ведаеш? Колькі ўсіх? I ў кожным – тайна. Глядзі, колькі слоў, як пяску марскога, як зорак на небе. Бачыш у кожным тайну? Бачыш рэчышча мовы сваёй? Глыбей, глыбей. Бачыш? Яшчэ глыбей. Вось тры ракі зліваюцца ў адну. Бачыш рэчышча славянскіх моў? Зразумеў? Яшчэ глыбей! Бачыш, усе словы цякуць з аднаго вытоку? Чуеш сэнс? Бачыш, адкуль выплываюць словы? I куды плывуць? I дзеля чаго? Чуеш вялікае рэчышча моў? Бачыш яго? Жыччэ. Жыццё. Жизнь.

Лібэн. Любіць. Кохаць. Кахаць… Мутэр. Мать. Матка. Матуля. Маці. Дитя. Дытына. Дзіця. Дзецко. Отец, Ойцец. Бацька. Ойча. Яхве… Бачыш, у кожным слове тайна. А табе запаведзі падавай, як напісана. За-па-ве-дзі. Букі, ведзі. Вядзі! Ведаць. ВЕды. ВясцІ Вясці зА… Запаведзі. Дух дыхае, дзе хоча. Літара забівае – Дух жыватворыць. Даю – бяры, і не пытайся. Падай руку: адзін, два, тры, чатыры, пяць… Што ў кулаку? Колькі? «Пяць». Успомні – не магу… Хоць адну? Нічога не помню! Зусім тупы я. «Вось бачыш? Запомні першую: жыццё куе свае законы». Я іх у кабінеце павешу, як лозунгі, добра? «Як будзе трэба, так і зробіш. Жыццё…». Але, Госпадзе, можа я лепш вершам запомню? «Як хочаш». Я назваў Цябе гэтым іменем? Гэта і ёсць Ты? «Ну давай вершам, як лягчэй».

Жыццё куЕ свае законы – бачыш, як яно куе? Бачыш, якія законы? Якія яны далікатныя? Цякучыя. Як мяняюцца…

На кожны дзень, на кожны дзень – чуеш, як ляскаціць? Нібы ў кузні: на кожны дзень, на кожны дзень – ляскаціць: дзень, дзень, дзень… Як не падобны адзін дзень на другі! Дзінь! Дзень – дзінь, дзень – дзінь – бяжыць час.

Што заўтра будзе, невядома – адчувае тайну заўтра? Ты думаеш, будзе снег, а ідзе дождж, ты збіраешся ісці ў госці, а захварэў і сядзіш дома. Заўтра – гэта маё, я ведаю, ты – не; заўтра ў цябе будзе выпрабаванне, не забудзься ўспомніць Імя маё. Няма іншага Імені пад сонцам, якім чалавек уратуецца… няма імені іншага… няма імені… не забудзься…

А час цячэ, а час ідзе – адчуваеш, як цячэ час? Які ён плынны і цякучы, нібы мёд жыцця. Чуеш, як ён ідзе? Ці-кі-тА, ці-кі-тА, ці-кі-тА! ДзІнь! Цікае гадзіннік вечнасці. Ці-кі-так, ці-кі-так! Толькі так. Час ідзЕ, час цячЭ, як жыццЁ. Я – жыццё! Я – законы жыцця. Я – кую законы на кожны дзень. Я – кожны дзень. Я – заўтра. Заўтра, якое не вядома табе. Заўтра не забудзься ўспомніць. Я – час, які цячэ. Я – час, той, што ідзе, набліжаецца… Я вечнасць… Я зА… Я пА… Я вЕ… дзІ… … …».

Прачнуўшыся раніцай, я доўга думаў: што было са мною ноччу? Дзівосныя рукі нешта пісалі. Гэта я сніў? Але ж добра помню, як расплюшчваў вочы, помню, мацаў руку сваю – яна была сціснутая: у ёй нешта было… Я спрабаваў успомніць: што там? – і не мог. Нібы я раскручваў сусвет, нібы мне дазволілі зазірнуць у таямніцу. Нехта пісаў для мяне вершы: далікатна, неназойліва. Якія дзівосныя рукі! Як я любіў гэтыя Рукі: неадрыўна глядзеў бы ўсё жыццё, як яны пішуць вершы. Яны тварылі ўсё ад пачатку? Прыйшоў на памяць радок маёй аднакурсніцы: «В руцы Господа попросясь…». В руцы Господа…

Трынаццаць дзён (зборнік)

Подняться наверх