Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 18

2. Сустрэча з Ярасветам
2

Оглавление

Учарашнюю ноч ён таксама праседзеў на гэтай жа галіне. Крумкач пільнаваў надыход чалавечай смерці. Ён адчуваў яе набліжэнне за некалькі дзён. І ўчора, і сёння прылятаў сюды, уладкоўваўся на старой таполі і віжаваў за суседняй хатай, каб атрымаць асалоду ад набліжэння чаруючага подыху кашчавай, хоць даўно ўжо чалавечая смерць не прыносіла яму ніякай спажывы, але ён усё адно прагна чакаў. Прылятаў сюды, і сто, і дзвесце гадоў таму… Груган насычаўся памяццю.

* * *

Ён тады быў блізкі да самагубства. Уявілася: жыццё скончана, далей ён проста не зможа граць сваю ролю ў ганебным фарсе. Навошта жыць, калі тая, адзіная, якую кахаў да бяспамяцтва і да вар’ятва, з якой звязваліся ўсе ягоныя мары і спадзяванні, так бессаромна, пры людзях… І не плёткі: на свае вочы… Як прыкра гэта, балюча і брыдка. Пасля такога жыць нельга, і ён вырашыць проста: рассячэ заблытаны вузел раз і назаўсёды, каб потым не падманвацца ілюзіяй. Навошта быць нікчэмным баластам для чыёйсці самазадаволенасці? Досыць! Ён зможа! Толькі б вартаўнік не ўбачыў… І раптам сярод ночы – тэлефонны званок: рэзкі, пранізлівы і патрабавальны.

– Сынок, што з табою?! – пачуўся ў трубцы ўстрывожаны голас маці.

«Адкуль яна ведае, што я тут? Адкуль дазналася, што я рашыўся? Я ж ні з кім пра гэта не гаварыў», – ён зірнуў на гадзіннік: стрэлкі паказвалі чатыры гадзіны раніцы.

– Момо, як ты адчула? – толькі і змог выдыхнуць – і страсянуў са сваіх рук заціснутую ў кулаку вяроўчыну.

Тады маці аберагла яго, сама таго, мажліва, не ведаючы, уратавала: ён так і не адважыўся на апошні, адчайны крок. Званок прывязаў да жыцця, надарыўся, можа, адзінай нітачкай, якая стрымала на краі пагібелі, не дазволіла сарвацца ў бездань і вывела потым з тупіка. Праз дзень маці гаварыла, што ноччу прысніўся страшны сон – прачнулася: трывожна! Першая думка: штосці з табою! Супакоілася толькі тады, калі пачала круціць тэлефонны дыск.

Гэта было даўно. А сёння за акном крычала варона.

Трынаццаць дзён (зборнік)

Подняться наверх