Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 16

1. Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
Пастскрыптум

Оглавление

Вось мой адказ таму чалавеку, які сказаў: не пішы, можа, гэта цябе д’ябал спакушае? Вось не мой адказ – за мяне сказалі Апосталы: «Служыце адзін аднаму кожны тым дарам, які атрымаў», – прачытаў я ў Першьім пасланні Пятра, вось мой адказ служыцелю Гасподняму. «Умілаваныя! Не цурайцеся вогненнай спакусы, дзеля выпрабавання вам пасыланае, хоць бы дзіўнае здарылася вам», – прачытаў я ў тым жа Пасланні. Дзякую Вам, айцец Уладзімір, гэта Ваш цёзка тысячу гадоў назад ахрысціў паганскую Русь, але ж можаце прачытаць і гэтае ў Пасланні Паўла да Рымлянаў: «Калі ж па дадзенай нам ласцы маем розныя здольнасці, дык калі прароцтва, прароч па меры веры; калі служэнне, служы; калі навучаеш, вучы…».

Але ніхто не мае права сказаць паэту: не пішы! Гэта тое ж, што сказаць чалавеку: не дыхай! Паэт не можа не пісаць! Калі Бог забярэ дар – ён і без вашай падказкі перастане і ніколі, паверце, не вымавіць ні слова – не ад сябе ён піша. Калі піша – значыць, Бог дае і патрабуе ад яго.

Чым паэт розніцца ад звычайнага чалавека? – ды нічым! Ён такі ж, як і ўсе астатнія, толькі Бог азначыў яго, і даў яму цяжар крыжа, і падараваў талент і сказаў: «Не закопвай яго ў зямлю!» – а толькі тым адметны, што двойчы перажывае сваю радасць, і гэтым шчаслівы; тым ён інакшы ад іншых, што яму трэба адважыцца і другі, і трэці раз ступіць на крывавыя сляды свае, але ступае ён, як і ў першы раз: зноў можа праваліцца ў прадонне і не ведае, ці вернецца назад жывы і здаровы!

Хто даў мне права ўслаўляць Імя Госпада? А Той даў права, Хто даў і жыццё. I за гэта з мяне спытаецца, а не з вас. А хто вам даў права гаварыць, калі не вы давалі мне?.. Я ўспомніў, успомніў, што падумаў у першае імгненне, калі мяне ўратаваў «Спас Нерукатворны», успомніў, якую клятву даў тады, зірнуўшы на пісьмовы стол, – і цяпер не забуду ніколі.

Ладуючы рукапіс для часопіса, я зноў пусціўся ў невядомае і неспазнанае. Быў такі момант, калі хацелася скончыць так:

Я распнуў сваю ісціну на крыжы,

Загнаў Сатану ў клетку і замкнуў яго там,

А потым вярнуўся і доўга ганяўся за д’яблам па чортавым коле, Пакуль не скруціўся розум, —

I Люцыпар, збіўшы замкі, выскачыў з клеткі і злавіў мяне Ў апошні раз, і тады ісціна мая паблякла…

Але калі даверыў гэтыя словы паперы, раптам з жахам заўважыў, што гэта не проста верш, а – акраверш, першыя літары радкоў якога складваліся ў здзеклівае папярэджванне: Я – З-А-П-І-Ў…

Гэта быў яшчэ адзін, і, відаць, не апошні ўрок. Зарана я ўявіў сябе пераможцам, і таму перад тым, як пастаўлю кропку, кажу вам свой запавет, здабыты і зразуметы на краі бездані: бойцеся зачараваных кругоў і не ганяйцеся за Сатаною па чортавым коле, не рабіце яму клеткі і не намагайцеся смяяцца з яго, а то пасмяецца ён з вас, як пасмяяўся некалі з Гогаля, які спаліўвае рукапісы…

Той, Хто даў жыццё, даў права казаць гэтыя словы, даў сілы і абарону, таму скончу так, як і было задумана раней.

Слава Яму! Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і ўвесь час, і на векі вякоў. Амін.

(Часопіс «Крыніца», 11, № 6-1995 г.)

Трынаццаць дзён (зборнік)

Подняться наверх