Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 3

1. Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
1

Оглавление

– Хопіць, – сказала жонка, – маё цярпенне скончылася! Калі для цябе работа ўсё, а сям’я – толькі прыдатак, дык і жыві работай: забірай канапу ў кабінет, гатуй сабе ежу, мый бялізну, адзенне… А то, як я пагляджу, ты нядрэнна ўладкаваўся на ўсім гатовенькім…

Усё ж такі яна дапамагла мне перацягнуць канапу. Не ісці ж мне было прасіць аб гэтым суседа? Навошта выносіць смецце з хаты: мы калісьці ўблытвалі ў сямейныя праблемы родных і суседзяў – нічога добрага з гэтага не атрымлівалася. Ну і цудоўна, падумаў я, нарэшце вольны! Трэба прымаць жыццё такім, якім яно прыходзіць. Што будзе – таго не мінеш. Здолее, адважыцца, каб развесціся, хопіць у яе на гэта сілы – калі ласка. Трымаць не буду, але сам і пальцам не паварушу для разводу. А не – дык плынь жыцця некуды вынясе, знойдзе сабе рэчышча: не можа вада біцца ў адну і тую ж загату, каб урэшце не разбурыць яе дашчэнту!

Да нядаўняга часу я думаў, што работа, сапраўды, галоўная ў маім жыцці, і заўсёды гаварыў жонцы: «Зразумей, калі цябе яшчэ не было, то моё захапленне, мая творчасць жыла ўва мне, дакладней, я жыў ёю. Калі б не творчасць, па-першае, мы нават не сустрэліся б з табою, а па-другое, сядзець бы мне ў якой-небудзь псіхушцы да канца дзён маіх. Уратавала твочасць. Мяне няма без творчасці як чалавека, а ты яшчэ крыўдуеш: не магу ж я секчы сук, на якім сяджу? Калі мне дадзена, я павінен аддаць, гэта ж не маё, бо яшчэ прыйдзецца трымаць адказ перад Тым, ад Каго атрымаў дар, – гэта шлях майго выратавання.

Вядома, як усе грэшныя людзі, я шмат нарабіў памылак у жыцці, не ведаю, ці магчыма іх выправіць. Ну, скажыце, хто дадумаўся б да такога: «Любая, – гаварыў я адразу ж пасля прапановы, каб выходзіла за мяне замуж (трэба ж быць такім дурнем!), – любая, – кажу, – я хачу, каб ты ведала: я паэт, а потым ужо чалавек, муж, бацька…». (Чамусьці я часта размяжоўваў у сабе чалавека і паэта. Доўга вагаўся, што ж першаснае і галоўнае? Падумаў аднойчы: самае галоўнае – чалавек, а ўжо потым ён ці паэт, ці слесар, ці хто іншы… Але прыходзіць час і ўсё пераварочваецца з ног на галаву, пачынаеш разумець, што твой асноўны чалавек, – гэта паэт у табе. Паэзіяй ты апраўдаешся перад Усявышнім. Тады ўсё чалавечае становіцца такім нікчэмным і неабавязковым, а з пункту гледжання абывацеля: такой брыдой! Але хто такі звычайны чалавек? Чалавек, які жыве мудрасцю гэтага свету. А сказана было: той, хто для свету стане дурным, будзе разумным перад Богам, хто не адрыне «мудрасць» гэтага свету – не спазнае мудрасці Божай).

Падступіць іншы раз з усіх бакоў, і здаецца, калі не сядзеш зараз за пісьмовы стол, надыдзе канец свету, або выбухнеш вулканам, што клякоча ўнутры. Так я і жыў, разрываючы сябе паміж паэтам і чалавекам. Рэдка ўдавалася прымірыць гэтых двух ворагаў, хіба толькі як знаходзіў іх у гармоніі, і дапаўняў паэт чалавека, і толькі тады мог лічыць сябе шчаслівым.

Дык вось і кажу жонцы: калі добра ў мяне будзе складвацца ў творчасці – добра будзе і ўсёй сям’і, мала таго, як бы я ні любіў цябе, як бы ні любіў тых дзяцей, што народзяцца потым, хачу, каб ты ведала, калі аднойчы пытанне стане рубам: або сям’я, або работа – для мяне галоўнае апошняе. Вядома, не праца за хлеб штодзённы, а менавіта «магчымасць пісаць» і ўсё, што з гэтым звязана. Пачуўшы такія словы, жонка, напэўна, як і ўсякая жанчына, падумала: «Ты гавары-гавары, вось паставяць у пашпарце пячатку, надыдзе і мая чарга сказаць важкае слоўца, і тады па-іншаму заспяваеш: зробім з цябе чалавека!» – і па першым часе ніколі не ўспамінала той размовы. Хто ведае, можа жыццё пагоршала, можа што іншае, але за апошні год я не аднойчы чуў: «Канечне, у цябе ж сям’я на семнаццатым месцы», або: «Калі б ты павярнуўся да мяне тварам, то быў бы самым шчаслівым, я табе ўсе ўмовы стварыла б для працы, ты сам не ведаеш, колькі губляеш, заняўшы такую пазіцыю!» Што яна вярзе, думаў я, нібыта не клікаў яе ў сваю творчасць, нібыта не хацеў зацікавіць яе тым, што пішу? Ці мо не дапамагаю па хатняй гаспадарцы? І па крамах бегаю, і грошай не прапіваю, а пад добры настрой магу нават вячэру згатаваць ды бялізну памыць… Можа, праўду кажуць людзі, чым больш жанчыне аддаеш часу, тым хутчэй яна хоча зарабаваць цябе цалкам, каб дыхаў і жыў кожнай думкай толькі ёю адной? Я ж таксама мог бы выкласці на яе рахунак тысячы прэтэнзій, але ж маўчу. Няўжо яна думае, што ідэальная? І ці многа мне трэба? Толькі б не перашкаджала, не заходзіла ў кабінет, калі я за пісьмовым сталом, не клікала, адрываючы ад працы, глядзець «Вакол смеху» – і ўсяго толькі… Ну, прабачыла б іншы раз маю неахайнасць: не выгаворвала б, што не туды нешта паставіў ці не зачыніў дзвярэй, – вось і ўсё! Напэўна, я чагосьці не разумею, і вось вынік: яна прынесла прасцірадлы, коўдру і падушку – шпурнула ўсё гэта на канапу:

– Жыві тут! Гэта таксама будзеш мыць сам. – «Ці магу я да разводу карыстацца электрычнай плітой? – з’едліва спытаў я». – Пакуль дазваляю, а там пагляджу: калі не будзеш прыбіраць пасля сябе, купіш керагаз і будзеш гатаваць ежу ў кабінеце.

Нічога, падумаў я, паразводзіцца дый перастане. Колькі разоў я сам парываўся развесціся, колькі разоў яна пагражала разводам, аднак жывём жа да гэтага часу? Што «кумедзь ламаць», вырашыў я, добрая яна жонка, ідэальных няма зусім, ды і сын у мяне, якога люблю вельмі, грэх гэта вялікі, пакідаць дзяцей сіротамі, але калі ўжо ёй так няўсцерп – хай паспрабуе, я і пальцам не паварушу для разводу. А шчасце, на якое я раней спадзяваўся, сямейная гармонія – дык яе няма ў жыцці, цвёрда ў гэтым пераканаўся. Усё прыдумкі, не дзеля гэтага чалавек прыходзіць на зямлю. Для нечага большага. Галоўнае, з якімі рахункамі прыйдзем у вечнасць, як будзем трымаць адказ перад Госпадам?

Калі пасля авансу яна запатрабавала 25 працэнтаў на сына як аліменты, я зразумеў: на гэты раз усё сур’ёзна – развядзецца! Што ж, падлічыў я: заява, падзел маёмасці, суды – гэта можа цягнуцца гадамі, але на горшы выпадак у мяне ёсць два-тры месяцы, іх трэба скарыстаць…

Трынаццаць дзён (зборнік)

Подняться наверх