Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 7
1. Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
5
Оглавление(1-га ці 2-га лістапада 1994 года – тады яшчэ ў кафэ журналісты ладзілі нейкі банкет, можаце спытаць пра гэта ў Трафімчука, Стрыжака, Жалязоўскага, Супрунчука…)
…І вось я ішоў у Дом літаратара, каб проста напіцца, забыцца на сваю сямейную драму, адагнаць дакучлівыя вобразы і хады недапісанай навелы, якія праследавалі мяне. Я шукаў Сыса. Увогуле, заўважыў даўно, калі ён ад’язджае на некалькі месяцаў у Гарошкаў, жыццё ў Саюзе пісьменнікаў застойваецца, нібы ў балоце, быццам усе пісакі, упадаючы ў анабіёз, зусім сканалі ў спячцы: пачынаеш фізічна адчуваць смурод. Сыс – нібы індыкатар на подласць, як лакмусавая паперка, што выяўляе гніласць і брыду чалавечых адносін. Пры ім, мне здаецца, ніхто не адважыцца двурушнічаць і шукаць свае карысці, прыкрываючыся любоўю да радзімы: што думае, тое і гаворыць.
З’явіўся ён нечакана, у светлым і, здаецца, цеснаватым касцюме, адразу падышоў да мяне. Я з радасцю павітаўся: моцна ціснуў і трос яго руку. За лета ён амаль не змяніўся, толькі крыху пакруглеў твар, ды на носе выскачыла бліскучая чырванаватая гуля ці свішч – так і карцела: прапароць яго голкаю і выпусціць гной, белы стрыжань якога віднеўся якраз пасярэдзіне балячкі. Праз хвілін пяць мы ўжо сядзім утрох за столікам кафэ: Андрэй Худзенькі, Анатоль і я. Гаворым пра новую «Крыніцу», часопіс, два нумары якога нядаўна выйшлі. Анатоль сказаў, што ноччу пасварыўся з-за часопіса з Някляевым.
– А чаго яны на кожнай старонцы: «Я», «Мы», «Ты» – што за мудрагелістасць такая? – спытаўся я. – Для чаго гэта?
– Ну, гэта нібы на «эўрапейскім» узроўні. Там яшчэ і «Яно» ёсць, – засмяяўся Худзенькі.
– Ай, сабраліся адны жыды, – сумна прагаварыў Сыс.
– Во, ты ж таксама назваў у сваім вершы Сыса жыдам, – звярнуўся да мяне Худзенькі, – няўжо ён не пакрыўдзіўся? А, Анатоль? – падскокваў Андрэй на табурэтцы, смыкаючы яго за рукаў.
Сыс маўчаў. Мне таксама было няёмка, што краналі балючае.
Праз нейкі час ён падняў на мяне мутнаватыя ад гарэлкі вочы: «Напішы абвяржэнне ў „ЛіМ“»…
– Як гэта?… Я думаў, хоць ты разумееш…
– О-о! – запляскаў у ладкі Худзенькі, – усё-такі пакрыўдзіўся! Малайчына! Гэта ж трэба, Сыса прабраў… А што, на самай справе, напішы. Надрукуюць… Калі дзеля рэкламы… во, тады яны пакруцяцца..
У той вечар мы напіліся. І гэта было апошняя ноч, у якую я спаў спакойна.