Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 15

1. Трынаццаць дзён з дзённіка Антона Кудлатага
13

Оглавление

(Ноч з 6 на 7 лістапада 94 года)

Пасля вячэры селі перад тэлевізарам. Ішла кінакамедыя, знятая яшчэ да вайны: рэвалюцыйны час, энтузіязм працоўных, пераацэнка ўсіх каштоўнасцяў – але звярнуў увагу я, што ні мне, ні жонцы не смешна: твары сур’ёзныя і застылыя, нібы высечаныя з каменю. «Хто ж так глядзіць камедыю?» – падумалася мне, нейкія ненармальныя мы, гатовыя ледзь не заплакаць.

– Пераключы на другую праграму, – папрасіла жонка, пэўна, адчуўшы маю заклапочанасць.

– Таму так успрымаецца, – паспрабаваў растлумачыць я, – што фільм антырэлігійны, тады з гэтага смяяліся, а зараз трэба плакаць і жахацца свайго вар’яцтва.

Па другой праграме паказвалі канцэрт. Маладая спявачка выводзіла сакавітым голасам лірычна-тужлівую песню. Я патануў у мяккім крэсле. Сын валтузіўся каля маіх ног з цацкамі, побач сядзела жонка – і ў той момант, калі я прыўзняў рукі, каб сашчапіць іх за галавою, – убачыў: тое ж самае адначасова са мною робіць на экране спявачка! Гэты жэст мы рабілі адначасова. «Як Крышна», – падумалася мне міжволі. Гэткая ж поза была ў Крышны, калі ён ствараў сусветы – я бачыў гэта калісьці на малюнку «Бхагавадгіты» ў той час, як чытаў яе. Мой сын неўзабаве пачаў пяшчотна туліцца да мяне, быццам баючыся, што я хутка знікну. І тут я адчуў у сабе нейкую чужасную прысутнасць. Пазней, успамінаючы гэты момант, мне часта прыходзіла ў галаву фраза «и бес вошел в него» – здаецца, яна з Бібліі, па-іншаму я не магу ахарактарызаваць гэты момант. «Што ж будзе далей?» – цікавасць засмактала мяне ў небяспечнае і невядомае. Я бязвольна падпаў пад валадарства нейкай варагавітай сілы, расслабіўся і, вывучаючы яе, праводзіў эксперымент на сабе: пільна прыслухоўваўся, што ж адбываецца са мною? Сын валтузіўся і поўзаў па мне – і праз яго мне бачылася ўсё, дакладней, нейкая іншая сіла паказвала мне праз яго. Я бачыў, як зарадзілася жыццё, як выходзілі з вады жывыя істоты, як па часе яны самаўдасканальваліся і дарасталі да чалавека. Вось сын бегае перада мною, як малпачка, вось узяў палку і збівае арэхі… А вось проста і гаворыць: «Я абіз’янка, бачыш?» (Але ж гэта тэорыя эвалюцыі па Дарвіну, якую я адхіліў у свой час?!). Што гэта, зноў пастка, што ўмела расставілі для мяне? – я не знайшоў адказу. Але што ж будзе далей? Мне здаецца, я бачыў бездапаможнага і кволага чалавека, што спрабуе вырвацца ў космас. Жонка таксама адчула: са мною адбываецца нешта нядобрае. «Антон, што з табою?» – устрывожылася яна, тузала за рукаў, але я маўчаў. Ляжаў на падлозе пад валадарствам невядомага і прыслухоўваўся да сябе. Сын поўзаў па мне і гэтым, як мне падавалася, паказваў узаемаадносіны паміж людзьмі: вось ён сеў на галаву, і я пачаў задыхацца, ён стаў на мяне нагамі – і я зрабіў выснову: калі сын падрасце і стане на ногі, мне будзе цяжка дыхаць – вечная праблема бацькоў і дзяцей.

– Антон, што з табою!

Я заплюшчыў вочы і ўбачыў святло: «И увидел свет великнй, и воссиял свет», – міжволі наплылі словы Дабравесця.

– Антон, што з табой?!! – крычала яна, схіліўшыся нада мной. – Кінь гэта!!! Зараз жа выкінь!!! (Пазней, успамінаючы гэты момант, яна гаварыла, што ёй здалося, быццам у мяне гараць мазгі, галава ахопленая жарам і палае). А я адчуваў бессэнсоўнасць існавання ўсяго жывога, спустошанасць і выхаладжанасць усякага сэнсу і мэты – тугу і самоту сусветна-планетарных абдымкаў, нечалавечую журботу, якую нельга ўявіць у звычайным стане.

Я лёг на спіну, раскінуўшы рукі. Часта такія малюнкі ёсць на вокладках папулярных часопісаў: зямны шар або космас з арбітамі спадарожнікаў і сузор’яў, на фоне якога чалавек з раскінутымі рукамі і шырока разведзенымі нагамі. Я нічога не рабіў, але раптам сама сабою паднялася рука, і гэтак жа бязвольна ўпала (я не варушыў ніводным мускулам!), тое ж здарылася з нагою. Мне стала вусцішна, было прадчуванне, што зараз мяне могуць забраць кудысьці навекі, проста ў целе.

– Антон! Антон!! Ты чуеш мяне?!! – крычала зверху жонка.

Я ўстаў – і тут быццам з мяне дасталі душу. Я прыставіў палец да сваіх вуснаў, ведаў, што калі паспрабую нешта сказаць, усё парушыцца, ды і што я мог сказаць, калі сам яшчэ не разабраўся: што гэта? Яна абхапіла мяне ззаду рукамі, потым забегла наперад, пачала трэсці. Самі сабою зрабіліся некалькі фрыкцыйных рухаў: «Што гэта значыць? Мне паказалі, з кім я павінен жыць па закону?» Раптам падкасіліся ногі, і я асеў на падлогу. Трэба шукаць ратунку! Мне зрабілася невыносна, я кідаўся туды-сюды па кватэры і помню, калі зірнуў у люстра – адбіўся ад яго, як сонечны прамень. Напэўна, тое, Нешта, што апанавала мяне, не хацела бачыць сябе ў люстэрку ці баялася, каб я не ўбачыў яго. У такім стане чалавек не можа доўга быць, мне стала зразумела, чаму людзі іншы раз кідаюцца ў акно: калі не знаходзіш выйсця – выхад можа заставацца адзін… Я кідаўся з пакоя ў пакой, не ведаючы, што рабіць. З жахам заўважыў, што маёй уласнай волі з кожным імгненнем застаецца ўсё менш і менш: калі спачатку я сам не хацеў гаварыць, каб не спалохаць Нешта, то цяпер адчуў – яшчэ трохі і не змагу вымавіць слова ніколі. Застануся навечна ў турме. Ніколі не растлумачу, што было са мною, ніхто не зразумее: я страчу сувязь з гэтым светам назаўсёды, буду толькі прысутнічаць целам, як звар’яцелы. Як жонцы даць знак, каб яна дапамагла мне?

Ухапіў чысты аркуш паперы і пачаў маляваць алоўкам праваслаўны крыжык («Так становяцца мастакамі!» – міжволі падумалася мне), – гэта было выйсце: нешта адступілася ад мяне на імгненне, хто ведае, можа адзінае, таму што душа пачала як бы вяртацца: я адчуў у час малявання крыжа – у грудзях цяплее. Жонка стаяла за спіною, потым схілілася і заглянула мне ў вочы, потым на крыж. Папера парвалася. Паміж маляваным крыжам і маёй душой была жывая сувязь.

«А як жа кропка?» – нібы «кодам» падумаў я, спрабуючы разабрацца з медытацыямі і выхадамі ў астрал. Пачаў ставіць кропку ў крыж, пратыкаў алоўкам, нібы дзідай, і адчуў, што, калі я праколваю крыж, адначасова адчуваю боль пад рэбрамі, быццам хтосьці коле туды. Я ўстаў. Погляд каўзануўся па сценах.

– Што з табою? – яшчэ раз спыталася жонка.

Я хацеў нешта паказаць на мігі. Але пачала пабольваць галава, зразумеў: мне нагадалі, пагразілі, што ёсць яшчэ і фізічны боль.

I тут міжволі прагаварылася: «КРЫ!!!…» – я спалохаўся і задушыў апошні склад намаганкем волі, якая яшчэ засталася, упэўнены, што ён быў бы: «ШНА», а потым з мяне паліліся б словы, я стаў бы чаёйсьці магутнай зброяй, аракулам цёмных сіл. Не ведаю, што было б на самай справе, але знаю, што гэта была мяжа, да якой мяне падпіхнулі, дапамогшы зрабіць першы крок, потым быў бы другі, трэці, сёмы… – мяжа, за якой я страціў бы сваю душу навечна.

У пошуках падмогі я зноў мітусліва пачаў глядзець па баках, і вочы спыніліся на выяве Спаса Нерукатворнага, які ў свой час быў на праваслаўным календары і, калі год скончыўся, я акуратна абрэзаў лічбы і прыклеіў вобраз на шпалеры. Я глядзеў на Спаса – такі ж самы, толькі аздоблены па краёх перлінамі, вісеў на выхадзе царквы «Усіх тужлівых радасць». Упіваўся вачыма ў ікону. Сілы і воля пачалі аднаўляцца. Душа адтайвала, у грудзях цяплела.

– Маліся!!! – нарэшце змог выкрыкнуць я.

І з усёй моцы бразнуўся лбом перад іконаю – яшчэ раз!!! Яшчэ!!!

Спешна маліўся і хрысціўся. Жонка забылася нават, як кладзецца каталіцкі крыж, і, разгубленая, стаяла пасярод пакоя, не ведаючы, што рабіць… Душа паступова вярталася… Увесь гэты час сын глядзеў на мяне спалоханымі, шырока адкрытымі вачыма і маўчаў. (Потым, праз колькі дзён, ён часта падыходзіў да іконы, гразліва патрасаў пальчыкам і гаварыў: «Божанька сварыцца…», а ў вачах была такая глыбіня і не дзіцячая дасведчанасць, што халадок закрадаўся ў маю душу).

– Ой, я нічога не зразумела, – спахапілася жонка, – што гэта было?

– Ух, гэта жах! – ускочыў я з каленяў, спрабуючы растлумачыць, – я быў на самым дне пекла, гэта не перадаць, я бачыў яго, гэта сатана, мы паказалі яму дулю – вось яму, хай выкусіць! Маліся, чаго ты стаіш, маліся!..

I мы ўпалі на калені перад Спасам Нерукатворным.

…Цяжка выказаць, што было са мною. Думкі і пачуцці вярталіся, і, нібыта нядаўна народжаны, я вучыўся думаць і адчуваць. Як толькі расшалопаў, якой небяспецы падвяргаўся, як толькі спасцігнуў, Хто выцягнуў мяне з гэтага пекла і ўратаваў, – я адразу глянуў на свой пісьмовы стол і даў клятву… Да канца дзён маіх…

Прачытаў малітвы і заснуў.

Раніцай балела шыя, так моцна гваздануўся галавою аб падлогу. Яшчэ не пакінула прадчуванне, што мае думкі ведаюць недзе наверсе, чытаюць іх, адсочваюць і чакаюць ад мяне нечага. Што я павінен рабіць? Калі мяне выбралі для той місіі, пра якую нават страшна падумаць, няхай запаляцца вунь тыя тры акны. Няхай пададуць знак. Я чакаў цэлых пятнаццаць хвілін, паглядаючы на гадзіннік, – запалілася толькі адно…

Я стаяў ля акна і глядзеў на прыцішаны Божы свет. Вымытае, як крышталь, неба. Горад толькі пачынаў прачынацца: запальваліся вокны ў суседнім доме, сёй-той ужо спяшаўся на працу. Расчынаўся новы дзень. Як доўга не вяртаўся я да людзей. Як моцна спаў, нібы ў летаргічным сне.

Я зразумеў, што такое творчасць. Узяў гітару і заспяваў сваю любімую песню: пра восень і пра сына… Пра свой лёс.

Я зноў плакаў, як некалі тады, два гады назад, калі пісалася песня, але слёзы ўжо былі інакшымі: чыстымі, радаснымі і, напэўна, салодкімі, як шчасце.

Я зразумеў, што такое творчасць. Мяне ратавалі і рыхтавалі да гэтай восені яшчэ два гады таму назад, я плакаў за два гады да гэтага дня аб сённяшніх сваіх пакутах. Мне далі песню, каб я ўратаваўся ёю.

Я ўзяў чысцюткі, белы-белы аркуш паперы і запісаў чатырохрадкоўе:

I быў ранак, і мне было добра: я зразумеў, што такое творчасць. I яшчэ я зразумеў, што ў нас страляюць на ўзлёце, калі мы чыстыя і прасветленыя рвёмся ў нябёсы. Брудныя мы нікому не патрэбны, нават тым, што палююць за душамі: брудныя мы і так іхнія.

I быў ранак…

А днём на працу пазваніў айцец Уладзімір. Аказалася, што я няправільна назваў на споведзі свой хатні адрас, калі дамаўляўся з ім. Вечарам ён прыехаў і асвяціў кватэру. Мы пілі віно «Монастырская изба» і доўга гаварылі. Зайшоўшы ў мой кабінет і глянуўшы на пярэстыя паліцы з кнігамі, айцец Уладзімір спачувальна пахітаў галавою і мякка прамовіў: «Ой-ёй! Што тут у вас робіцца… У агонь іх, у агонь». Позна вечарам я праводзіў яго да аўтобуснага прыпынку. I ўжо, калі ён быў у аўтобусе, заўважыў, як бацюшка праз шкло перахрысціў мяне на дарогу.

I было жыццё… I праз колькі дзён раніцай я доўга перабіраў у кабінеце свае кніжкі, іх назбіралася добрага паўмеха. «А можа… – падумалася мне, – у нас жа нават на хлеб не засталося?..». Не, як жа гэта я буду смяротнай атрутай гандляваць… Яны ж амаль не загубілі мяне. Толькі туды! Я ўзваліў мех на плечы, а потым нёс цяжкую ношу далёка ад людскіх вачэй, ад жылых пабудоваў… I доўга гарэў ачышчальны агонь… «Дрэва, што не дае плода добрага, сякуць і ў агонь кідаюць», – успомніліся мне словы Дабравесця. «Праўду, праўду кажу вам, яны ўжо цяпер атрымліваюць тое, што заслужылі, – гаварыў некалі Хрыстос, – па пладах і ўведаеце іх». Доўга гарэла цалючае полымя… «Вось вам, «исчадне ада», вот вам, – прыгаворваў я, – гарыце! Вы хацелі загубіць маю душу? Вось мая плата!» – падграбаў я палкаю кнігі ў вогнішча, – вось вам, Іса, Муса, Сын Майрам, як жа ты добра гарыш, Каран, – гэта вам за тое, што пісалі, быццам нам прымроілася, што ўваскрос Хрыстос, што ўкралі Яго, што Ён быў усяго толькі прарокам…» А вось і табе: «Бхагавадгіта», «Жамчужына ўпанішад», «Навука пра самасвядомасць» – харэ-харэ! Гары гарам! Вось вам – «Агні-Ёга», вось твой агонь, «Правазвесніца агню» і «Абшчына»… А гэта ты, вялікі тэасоф, Штэйнэр? Давай-давай, прагарай! Я рваў гараскопы Вронскага, адрываў тоўстыя вокладкі тамоў Ніцшэ і Блавацкай ды іншых аўтараў, якія пасягалі на Святыню, якія пасеялі ў маёй душы злое і ганарлівае насенне, сумненне ў той Праўдзе, якую я чуў сэрцам з маленства. Скручваліся старонкі, гарэлі словы, некалі падкрэсленыя мною, усыпаныя маімі знакамі зачаравання і пакланення, чытаныя і перачытаныя ў часы бяссонных начэй. Вы зрабілі сваю справу, дапамаглі разабрацца, што ўся ваша пісаніна – трызненне і хлусня, вы скіравалі да сапраўднай Ісціны – болей вы не патрэбныя, цяпер вы – вяроўка, якая аблытвае ногі. Доўга гарэў агонь…

«Праўду кажу вам, яны ўжо атрымліваюць сваё» – няхай спраўдзіцца яшчэ раз Тваё Слова, Госпадзе Ісусе Хрысце, прымі маю пасільную ахвяру на алтар славы Тваёй. О, як яны гараць, як кідаюцца попелам у вочы! Не падабаецца, ага? Ідзіце туды, адкуль прыйшлі! У агонь вечны! Там ваша бібліятэка. Гары агонь у славу Тваю, Госпадзе!

Старонкі скручваліся спачатку ў трубачкі, дымелі, пасля нахопліваліся вясёлым агеньчыкам, і полымя з’ядала літары, малюнкі, розныя дэманічныя знакі і сімвалы. Праз палову гадзіны засталася гурбачка шэрага попелу. Наляцеў вецер, расшкамутаў шматкі згарэлай паперы. Я дапамог яму: разгроб попел палкаю, праверыў, каб не засталося ніводнай літары, насычанай атрутай пагібелі.

«Якім судом судзіце, такім і вас будуць судзіць!» – няхай паляць мае кніжкі, усе да адной, калі яны зробяць камусьці дрэннае! Кніга – пацяруха, парахня, попел… «Таму што полымем выпрабоўваюцца благія і добрыя справы». Тое слова не згарыць, якое засталося ў сэрцы, тое СЛОВА ад Бога, што не баіцца агню.

Так, я дзікун! Затое я, магчыма, уратую сваю душу, я зрабіў для гэтага першы крок, я ўжо ХАЧУ ўратаваць – а гэта не мала. А вы, культурныя, чытайце, чытайце… Дачытаецеся! Займайцеся медытацыямі і выхадамі ў астрал – бокам усё гэта выйдзе вам, практыкуйцеся, вы яшчэ не ведаеце, што гэта! Да каго шчэміцеся? Спахопіцеся, ды позна будзе! «Се гряду!» Я дзікун, а вы, цывілізаваныя, прылеплівайце вочы свае да блакітнага д’ябла: «галава ў хаце, хвост на страсе»… Раскашуйце – не за гарамі, хутка, хутка ўжо прыйдзе!

…Не, усё ж я спалю свае дзённікі і кіну курыць цыгарэтны фіміям д’яблу, яны пакуль яшчэ трымаюць мяне гэтым – хай пацешацца, але вельмі хутка і гэтая ўлада нада мной скончыцца.

Холадна, холадна! Які пранізлівы вецер на гэтай зямлі. Холадна на зямлі, не сагрэцца… Але – якое сіняе неба!

Я ішоў назад лёгкі, светлы і чысты, як у дзяцінстве, калі мама сілай вымывала мне твар з мылам. Свяціла халоднае сонца, але было сіняе-сіняе неба над галавою. Я ішоў і чытаў пра сябе немаведама адкуль нахлынуўшыя словы: І свяціла сонца… І было жыццё………………………………….

…………………………………………………………………………………………………………………………………………………… ………………………………

Трынаццаць дзён (зборнік)

Подняться наверх