Читать книгу Трынаццаць дзён (зборнік) - Анатоль Кудласевіч - Страница 17
2. Сустрэча з Ярасветам
1
ОглавлениеЧорны, як ноч, і стары, як жыццё, крумкач прашумеў цяжкімі крыламі і важка апусціўся на каржакаватую таполю. Пад яго цяжарам галіна пругка пахілілася долу. Калі ён перамінаўся і падстаўляў пад кручкаватую глюгу то адну, то другую шурпатую лапу, цярэбячы дзюбай паміж кіпцюроў, адрываў шматкі заскарузлай скуры ці варушыў крыламі, якія спаўзалі ўніз, уладкоўваючы іх на спіне, – галіна гойдалася, хістаючы ў цемрыве змрочны абрыс вешчай птушкі.
«Кар-р», – выцягваў сваю шыю груган, і розгалас крумкачовага крыку разлятаўся па наваколлі: «Ка-арр! Кар-рр-р!» – і, здавалася, сама цемра адгукаецца на гэты крык.
* * *
Другую ноч чалавек не мог заснуць: правальваўся ў нейкае забыццё – яно межавалася з мроівам, – і зноў расплюшчваў вочы. Было прадчуванне чагосьці значнага, вось-вось нешта павінна здарыцца, ён быццам чакаў нечага вельмі важнага для сябе, да чаго даўно ўжо рыхтаваўся. Як кажуць, корпаўся ў пражытым і перажытым. Вось і сёння – даўно пераваліла за поўнач, але сон не ішоў. Успамінаўся ўчарашні жах. «Мусіць, я крычаў учора? – падумаў чалавек, – пэўна крычаў! Інакш маці не прыбегла б з суседняга пакоя… А раптам яна пачула сэрцам? Здарася ж так раней, што за дзясяткі кіламетраў адчувала, што робіцца ў маёй душы…».
Цемра сціснулася, вязка згрудзілася на падлозе, стаілася цішынёю, быццам у яе пераняло дыханне, і напружана затрымцела чаканнем, нібы звер, зрыхтаваўшыся да рыўка…
Нешта прашамацела на вуліцы, і неспадзявана бліз акна закрычала варона.