Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 10
Алëна Беланожка
Хлопчык на лыжах
ОглавлениеЁлка была высокая, двухметровая, цёмна-зялёная, араматызаваная. Ната, цяжка дыхаючы з марозу, увайшла ў кватэру і нецярпліва парвала цэлафан, у якім, як у кокане, махнатая прыгажуня яшчэ нядаўна мірна спала – спачатку на складзе кітайскай фабрыкі, пасля ў грузавым вагоне цягніка, а затым – на іншым складзе, оптавым, вялікім, побач з плюшавымі авечкамі і бліскучымі «дожджыкамі».
Ната набыла ёлку выпадкова. Яна даўно не святкавала Каляды і, увогуле, не збіралася надаваць кватэры святочны выгляд, а проста ішла ў краму за малаком. Але гэта была апошняя ёлка ў прадаўца. Мужчына, які збываў яе з «калёс» каля крамы, проста здубеў на марозе. Ён так хацеў паехаць нарэшце дадому і сагрэцца, што знізіў цану на апошнюю адзінку тавару ажно ўдвая. Ната зжалілася над мужчынам і купіла незапланаваны калядны аксесуар.
– Шчаслівая ёлка! Такой прыгажуні дасталася! – сказаў прадавец, закрываючы дзверцы грузавічка на амбарны замок.
Прыгажуня ўхапіла шчаслівую ёлку за вярхушку і пацягнула яе па свежым снезе да сваёй шматпавярхоўкі.
Цэлафан апынуўся на падлозе, і вызваленая ёлка пачала святочнае наступленне на жыллё Наты. Па кватэры паплыў церпкі водар хвоі і мандарынаў – не такі мяккі, як у дзяцінстве, а рэзкі і сінтэтычны, вельмі настойлівы; ён не проста запрашаў, а катэгарычна рэкамендаваў стварыць у пакоі калядны настрой і неадкладна пачаць весяліцца.
Ната адкрыла балконныя дзверы, каб крыху выветрыць з пакоя святочны пах, расправіла ёлцы лапкі і паставіла яе па цэнтры залы.
– Кысь-кысь! Хадзі сюды, Рысечка, будзем ёлачку прыбіраць!
Са спальні выбегла маленькая котка Рыся, якая атрымала сваё імя з-за дзікай плямістай афарбоўкі і акуратных кістачак на вушах. Ната падабрала яе каля пад'езда зусім маленькім кацяняткам, лёгкім, як пёрка, а цяпер Рыся весела гойсала па кватэры, і ад яе скокаў звінеў крышталь у «сценцы».
Не разлічваючы заспець пасярод залы перашкоду, Рыся ўпісалася ў ёлку, зваліла яе і ад страху ўзвілася на шафу.
Ната крыху падумала і перацягнула ёлку ў кут. Пасля дзяўчына пачала ўспамінаць, дзе знаходзяцца ёлачныя цацкі і мішура.
На шафе чмыхнула Рыся: ёлачны пах дабраўся і да яе.
– Антрэсолькі! – прасвятлела Ната, збегала за зэдлікам і дастала з антрэсолей старую драўляную скрыню з-пад гуталіну.
Гэта была чароўная скрыня. Калі Ната была маленькай дзяўчынкай, яны з татам і мамай ездзілі да бабулі ў вёску. Дзве гадзіны ў мяккім крэсле вялікага аўтобуса, які так роўна і хутка едзе па трасе, нібыта ляціць над ёй. Пасля гадзіна чакання ў халоднай зале аўтастанцыі раённага цэнтра, кукурузныя палачкі ў цукровай пудры, ад якіх пальцы робяцца ліпкімі і, аблізаныя-пералізаныя, настываюць на холадзе. Следам яшчэ гадзіна язды ў маленькім рэйсавым аўтобусіку, што падскоквае на кожнай яміне, як жабка. Потым пешшу, два кіламетры па гравійцы, занесенай снегам – тату снегу па калена, Наце па пояс! І, нарэшце, маленькая бабуліна хата, гарачая печ, марозныя ўзоры на шкле. Тата пойдзе ў лес і вернецца з ёлкай – сапраўднай, жывой, калючай! І тады бабуля дастане з падполу тую самую скрыню і паставіць на падлогу, пакрытую даматканай посцілкай. І Ната з мамай асцярожна будуць вымаць шкляныя цацкі з ваты, якой яны перакладзены з мінулага года, каб не пабіліся, і вешаць іх на ёлку – Ната на ніжнія лапкі, мама на верхнія. Шкляныя зайчыкі, вавёрачкі, залачоныя шышкі, пасыпаныя, як сняжком, белым шкляным парашком, снегавік, сімпатычныя мухаморчыкі, бліскучыя шары са сняжынкамі і рамонкамі, пацеркі і самаробныя папяровыя рознакаляровыя сцяжкі. Потым тата возьме Нату на рукі, і яна надзене на ёлку ружовую вярхушку, бо якая ж ёлка без вярхушкі? Пад ёлку без вярхушкі Дзед Мароз не пакладзе падарунак!
І вось скрыня амаль пустая, і застаецца самае галоўнае! Не дыхаючы, выняць з ваты вялікі празрысты шар на чырвонай тасёмцы, у якім схаваны маленькі домік, ёлачка і хлопчык на лыжах. Як яны туды патрапілі? Гэта дзіва! Ната павесіць гэты шар на самае віднае месца, на самую прыгожую лапку, і будзе цэлы вечар глядзець на таго хлопчыка, на яго сінюю шапачку і ружовыя шчокі, і ёй будзе здавацца, што хлопчык усміхаецца. Вось каб ён выбраўся з шара! Тады яна б пайшла з ім гуляць і катацца на лыжах!
– Калі будзеш вельмі жадаць, ён абавязкова прыйдзе да цябе! – казала бабуля. – Толькі не разбівай шар, каб яго вызваліць. Проста чакай.
І Ната кожны год пісала лісты Дзеду Марозу, каб ён вызваліў Дзяніску – бабуля сказала, што хлопчыка завуць Дзяніска – са шклянога шара, і клала лісты пад ёлку. Але Дзед Мароз дарыў Наце калі шапку, калі ляльку, а калі – набор цукерак, а Дзяніска так і заставаўся ў шары.
Аднойчы тата прывёз з вёскі скрыню з цацкамі.
– Натка, бабуля прасіла перадаць іх табе! – сказаў ён і заплакаў.
Так Ната даведалася, што бабулі не стала. Мама схавала скрыню на антрэсолі, і больш Каляды сям я не святкавала.
А пасля Ната вырасла. Бацькі вырашылі, што дачка павінна сама будаваць сваё шчасце, і з ехалі жыць у вёску. Так Ната засталася адна ў вялікім горадзе.
Ната адкрыла скрыню і прыўзняла верхні слой ваты, шэры ад пылу. У электрычным святле бліснулі шклянымі бакамі знаёмыя цацкі. Тут былі і снегавік, і зайчыкі, і пацеркі, і нават сцяжкі: яны выцвілі, але пахлі фарбамі гэтак жа салодка, як і раней.
Ната пачала вешаць цацкі на ёлку. Яна не спяшалася: сагравала кожную ў далонях, шукала ёй належнае месца: унізе – гірлянды з фольгі, а цацкі – вышэй і глыбей, каб Рыся не дацягнулася да іх, – і толькі пасля гэтага моцна прывязвала цацку да лапкі на акуратны банцік.
Скрыня паволі пусцела. Нарэшце, Ната павесіла на галінку апошні мухамор і заплюшчыла вочы. Вось ён, той салодкі момант, зусім як у дзяцінстве!
Ната апусціла руку ў мяккую вату і намацала на самым дне скрыні вялікі шар на чырвонай тасёмцы. Не адкрываючы вачэй, яна дастала яго і паднесла да твару.
– Прывітанне, Дзяніска!
Ната адкрыла вочы і ўбачыла знаёмы домік, ёлачку і хлопчыка на лыжах.
– Ты ўсё яшчэ тут, Дзяніска! – усміхнулася Ната. – Калядны палоннік. Ніяк не вызвалішся! Зараз я знайду для цябе самае лепшае месца на навагодняй прыгажуні…
Тым часам святочны водар ёлачкі раздражніў нос і вусы Рысі, і яна чмыхнула зноў – так гучна, як толькі можа чмыхаць маладая котка. Ад нечаканасці Ната выпусціла шар з рук, і ён упаў на дыван. Ната закрыла вочы рукамі:
– Толькі не разбіся! Не разбіся!
Шар ляжаў на дыване цэлым-цалёханькім і пагойдваўся з боку ў бок, як неваляшка.
Рыся вельмі любіла круглыя, бліскучыя рэчы. Яна імгненна саскочыла з шафы, апынулася каля шара, падчапіла яго лапай і пагнала па пакоі, узняўшы хвост трубой.
– Рыся, стой! Рыся, куды?! – Ната пагналася за коткай, але дзе там! У два скокі Рыся дагнала шар, ухапіла яго за чырвоную тасёмку і нырнула ў прыадчыненыя балконныя дзверы. Там котка ўскочыла на бетонны парапет незашклёнага балкона, села і, не выпускаючы з пашчы тасёмку, пачала драпаць шар і ганяць яго па крузе.
– Божа мой, Рыся, вярніся! – заплакала Ната і выбегла на балкон.
Рыся моцна штурхнула шар лапай і, згубіўшы раўнавагу, паляцела ўніз. Ната схапілася за сэрца, а пасля асцярожна перагнулася праз парапет.
З вышыні трэцяга паверха ёй адкрылася дзівосная карціна.
У высокім сумёце ляжаў незнаёмец у лыжах – тварам уніз, а на яго спіне сядзела перапуджаная Рыся.
– Божухна! – Пляснула ў ладкі Ната, кінулася ў прыхожую, навярцела на сябе шарф і як была, у тапачках, пабегла ратаваць Рысю, шар ды лыжніка.
Калі Ната, губляючы ў снезе тапачкі, дабегла да месца сустрэчы сваёй дамашняй пітоміцы і яе выпадковай ахвяры, яна заспела незнаёмца седзячым у сумёце з Рысяй у руках. Рыся жмурылася і мурчэла.
– Як добра, усе жывыя! – шчасліва ўскрыкнула Ната. З вамі ўсё ў парадку?
– Так, дзякуй. Снег у гэтым годзе надзвычай мяккі. Ваша лятучая котка таксама ў норме! – адказаў незнаёмец і ўсміхнуўся.
Ната прыгледзелася да яго. Сіняя шапачка, ружовыя шчокі… знаёмая ўсмешка…
– Дзяніска? – вырвалася ў яе.
– Мы знаёмыя? – спытаўся хлопец.
– Вы не паверыце: вы там, у шары! – адказала Ната.
– У якім шары? – не зразумеў хлопец і на ўсякі выпадак устаў з сумёта.
– У шары! Шкляны, вялікі шар, ён падаў разам з Рысяй! Ён павінен быць недзе тут!
Ната пачала шукаць шар у сумёце, але снег быў сапраўдны, а таму вельмі халодны. Хутка рукі Наты зусім заледзянелі.
– Вой, гэта ваша! – сказала яна, выцягнуўшы са снегу лыжную палку.
– Дзякуй! адказаў Дзяніс. – Ведаеце, наўрад ці вы знойдзеце што-небудзь у гэтым снезе. Давядзецца чакаць вясны. Дарэчы, як вас завуць?
– Ната, – адказала дзяўчына і працягнула хлопцу руку.
– І чым жа вы займаецеся, Ната, што ў вас коткі з вокнаў вылятаюць? – спытаўся Дзяніс.
– Мы… мы ёлку прыбіралі. А ведаеце, Дзяніс… у мяне ёсць малако і цукеркі. Давайце я пачастую вас кавай! – прапанавала Ната.
– Давайце! – пагадзіўся Дзяніс, а Рыся элегантна скокнула з яго рук і выцягнула са снегу шкляны шар з домікам, ёлачкай і хлопчыкам на лыжах.