Читать книгу Мой дзень пачынаецца (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 19

Алесь Емельянаў

Оглавление

[1987 г. н.]

Цягнік

ты мой цягнік, які не ведае ні станцый, ні вакзалаў,

ні семафораў, ні гудкоў, ні машыністаў. правадніца,

нібы падлетак, у якога адбіраюць плытку Muse…


выходжу на перон,

іду, і штосьці занатоўваю ў сшытку, і не бачу,

як апынаюся на рэйках,

а ты насустрач рушыш

на хуткасці – амаль другой касмічнай —

і сапраўды, на тваім ложку, нібы ў стратасферы,

глытаю й выдыхаю пругкія аблокі,

хапаюся за промні сонца – рукі,

і жарсна прыпадаю да Шляху Млечнага! —

і тут – халера – правадніца торгае стоп-кран!!!

але цягнік губляе колы й над чыгункаю ляціць! —


і толькі матылямі белымі кружляюць

шматкі ад сшытку…


Злодзей

о, мой злодзей кішэнны,

ты запусціла тонкія спрытныя пальчыкі ў

маю сардэчную сумку,

але анічога не скрала,—

падарыла мне талеры эрытрацытаў,

аднавіла дыханне,

цеплыню разагнала па жылах,

адагрэла рукі і ногі…


я ў параўнанні з табою —

бандзюга з вялікай дарогі…


Яблыкі

падаць яблыку

з яблыні

з кошыку

з рук дзіцячых на брук

падаць яблыку

сарванаму

збітаму

стралою працятаму

падаць яблыку

у гной

у траву

Еве ў руку

падаць яблыку


ты хочаш яблык

каб пах зямлёю

травой і дажджом

і я знайшоў такі

румянашчокі

і даўганогі

толькі з яблыні

падаць яблыку


Адам

Адам не мог падумаць

але нешта падазраваў

бо меў выдатную інтуіцыю


дык вось

ён адчуваў

што пра яго напішуць

калі не аповесць

то прынамсі артыкул

але аніяк не мог спадзявацца

што дзякуючы сваёй жонцы

трапіць у Біблію


Мой дождж

мой дождж пачынаецца з…

водару волкага дрэва,

крыкаў палёгкі шэрай травы,

якую вада вызваляе ад пыльнай лускі.

мой дождж працягваецца

і робіцца ўсё мацнейшым,

калі ты далёка —

нават будучы поруч,

бываеш далёка —

і тады мяне не ратуе

чаропіна парасона;

нібы сухую сцябліну,

кроплі-цапы абмалочваюць цела

мой дождж перапыняецца

вясёлкай тваёй усмешкі.


Алустон

раніцай

жыццё пачынаецца

раніцай,

і дзіця, якое ўнутры цябе,

таксама народзіцца раніцай,

а пакуль Алустон намагаецца

скінуць соннае марыва,

што так марудна цягнецца

з вяршынь Бабугана…


тут

мора гораў

і горы мора,

тут

котак на метры квадратным

больш чым курортнікаў,

тут

нас адшукала сталасць,

тут

пачалася восень…

заўтра раніцай

гэты горад на нас забудзецца,

і ўспаміны паразлятаюцца,

нібы чаіцы.

мы калісьці прыедзем сюды.

таксама ўвосень.

і натуральна

раніцай!


Фікус Бенджаміна

малятка Бэнджы

гжэчны фікус Бенджаміна

жыве на нашым падваконні

прачынаецца а палове на пятую раніцы

калі сонца цалуе ягоныя рукі

і поіць смачным цёплым малаком

малятка Бэнджы

расце па гадзінах

чым шторазу ўражвае гаспадыню

калі сонца заходзіць

малятка Бэнджы

нягучна плача ў калысцы-вазоне

чуеш дачушка

шшшшшшш

цішэй і цішэй

шшшшш

зусім перастаў

малятка Бэнджы

болей не плача

ён заснуў

і ты малюска

бяры прыклад з Бэнджы


Рrah[1]

яшчэ нядаўна мы былі дзецьмі

а неўзабаве ты будзеш маці

час частуе нас хлебнымі крышкамі

за бяседным сталом

седзімо бліжэй да дзвярэй

праз якія бачна дарогу

і ўсім вядома

што чакае наперадзе

але мы яшчэ

на парозе


Прысады

дзе ў прысадах з каштанаў падаюць,

нібы перапаленыя агромністай плойкай,

скурчаныя цынамонавыя кудзеры;

двухпавярховыя дамы з пячным ацяпленнем

і паедзенымі моллю ўспамінамі на гарышчы;

выспы прыватнага сектару,

дзе здані свабодна блукаюць

між ценяў гаспадароў,

ажывае мой дзіцячы сусвецік.

невялічкі раённы цэнтр

ужо выцер з памяці рысы твару,

а дарожны пыл не памятае маіх ступакоў.

я даўно ўзяў за правіла:

не шкадаваць учора.

а ўласна і не шкадую;

толькі счэсваю голкі з каштана аб крайку,

і, зрабіўшы мячык, б’ю аб асфальт.

ён цмыгае па дарожцы і знікае з вачэй.

без найноўшых тэхнічных прыладаў,

тэлепортаў, машыны часу

кожны вяртаецца да сваіх падворкаў,

садоў, узбярэжжаў, прыстанкаў.

мае каштанавыя прысады

таксама застануцца са мной.


07.01.2012 ад р. х

…і апоўначы ў вокнах тваіх не патухне святло

дзесь на ўсходзе сталіцы, на сёмым паверсе

трое ў белых адзеннях збяруцца ў цябе за сталом,

як сказана ў адной з распаўсюджаных версій


звяжуць рукі за спінаю, і, невядома чаму,

на пытанне імя ты адкажаш: Марыся

дадасі, што Язэп сышоў яшчэ год таму —

не паверыў, што сын ад святога з’явіўся;


і цябе забяруць на малочна-чырвоным аўто,

бо такую адну пакідаць небяспечна…

па-ранейшаму ў вокнах тваіх не патухне святло

будзе лялька ў калысцы спяваць: «Святы вечар…»


Калядны

снег

пухнаты-пухнаты

на хвільку забег дадому

і ведаеш зразумеў

няведанне заўтра

кватэра ў наём

недахоп матэр’яльных сродкаў

і кран што цячэ

толькі кварц у пясочным гадзінніку


ён ні разу няварты

пяшчотнага мяккага снегу

які растае у куточках воч

і слязінкаю шчасця

па твары сцякае


пухнаты-пухнаты снег


Вакно

глядзець у вакно

калі запытаюць

чым хачу займацца

глядзець у вакно

назіраць як неба

па-рэнуараўску

спалучае фарбы

пераходзячы са спектру

ў спектр невядомыя Photoshop’у

мне нават пашанцавала

у нашым спаснулым мікрараёне

можна глядзець у вакно

бачыць неба і сонца ў 3D фармаце

але

у нас нават ёсць зялёная зона

шкада з вакна яе не відно

толькі я ўсё адно

люблю

глядзець у вакно


Свабода

дзіцятка

ты любіш свабоду

з пялюшак

хаця пачакай

менавіта іх ты й не любіш

а яшчэ ты не любіш

нагавічкі

пінеткі

шкарпэткі

драпкі

і каптуркі

ты ведаеш што такое свабода

гэта вада

якая адкрыла табе

дарогу ў свет

вада

у якой ты штодня любіш пялёскацца

і прывабны водар матулінага малака

ад якога соладка ў роце

бацькавы рукі

што баюкаюць і саграваюць

бразготка ў вазку

што так прыемна дзумкае

твае віскат і плач і пасопванне ўва сне —

гэта ўсё ты

наша Свабода


Парасонечнасць

Л. Рублеўскай

парасон

пакінуты гаспадаром

у вітальні чужой кватэры

падчас святочнае вечарыны

жадае быць скарыстаным

належным чынам

раскрывацца ад дотыкаў

дажджу і ўбіраць празрысты атрамант

якім піша вершы

непаслухмяны вецер

а потым сядзець на падлозе

выпраўляць памылкі

дапушчаныя нябачным аўтарам

рабіць найнатуральнейшую рэдактуру


Eρηkα

Майму любаму Анёлку Настассі

Ange plein de gaieté.

Charles Baudelaire[2]

сярод фарысейства, вар’яцтва і тлуму,

сляпы ад паўночных часовых агнёў,

працягваю думаць, і думаць, і думаць

адно пра цябе, мой вясёлы Анёл;


пра тое, што знікнуць і людзі,

і дзверы, а вечар раптоўна запросіць на чай,

без лішніх размоў і высокіх матэрый

твой пальчык на вуснах папросіць маўчаць,


бо вочы ў вачох знойдуць лепш разуменне —

п’ем сонца заход, як з Фалерны віно.

…у цемры знікаю ссамочаным ценем,—

ізноў паміж намі бяздонная ноч.


Арменія [паэтычны трыпціх]

Орущих камней государство —

Армения, Армения.


В. Мандэльштам

I

Караундж[3] глядзеў на калядныя зоры

вачыма галодных каменных адтулін,

нібыта цыклопы ў пярэстай прасторы

з дазволу суворага часу паснулі.

Бадзяцца па зорным чужым лабірынце

я ў мроях сваіх нечакана паехаў

туды, дзе мацней арыяднінай ніці

камення спрадвечнага зычнае рэха,

дзе вецер салоны бядзе спачувае,

зямля пад нагамі паэта спявае:

«Каб музыка шчырага сэрца не ўмёрла,

крычы, не шкадуючы хворае горла…»

І – крыкнуў!

Шалёная воўчая зграя

жахлівыя іклы свае агаляе…


II

Крышыцца грыфель, трывае папера,

крычма крычыць у паэта душа.

Муза-пакутніца моўчкі сышла,

каб нарадзіцца ў наступную эру.

Чуеш, вібрыруе гучна струна? —

гэта ад сну ачуняла яна.


III

І зноў у срэбры год знікае,

нібы ў трызненні прамаўляе:

«Краіна, дзе крычыць каменне,—

Арменія, Арменія…»


1

Prah (чэш.) – парог.

2

Анёл весялосці. Шарль Бадлер. (фр.)

3

Караундж – найстаражытнейшая абсерваторыя на тэрыторыі Арменіі.

Мой дзень пачынаецца (зборнік)

Подняться наверх